Я жыву, пакуль ствараю ляльку

- 11:37Прафесіяналы

Калі дзіця пачынае першыя крокі ў творчасць, яно наўрад ці бачыць сваю мэту, прафесійны алімп. Зрэшты, гэтую планку мала хто ставіць і, адпаведна, мала хто імкнецца яе дасягнуць. Для многіх маляванне, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, выраб цацак, сувеніраў, лялек і г.д. так і застаецца па жыцці толькі прыемным хобі, спосабам адпачыць ад асноўнай справы. Але і хобі можна зрабіць прафесіяй. Сяргей Драздоў, майстар лялек, прайшоў гэты шлях, за лічаныя гады зрабіўшы сабе імя, якое цяпер ведаюць далёка за межамі Беларусі, а яго лялек немагчыма пераблытаць з іншымі.

Мужчынскі погляд

Сяргей родам з Санкт-Пецярбурга, але 16 гадоў назад ён пераехаў у Жлобін, дзе і пачалося яго новае творчае жыццё. Дакладней, працягнулася, бо з дзяцінства Сяргей не выпускае з рук аловак, паяльнік, іголкі для шыцця і г.д. Усё дзяцінства ён правёў у музеях, на выставах, куды яго вадзіла мама. Ужо ў гадоў шэсць бацькі ўбачылі ў хлопчыку талент і адправілі вучыцца ў мастацкую школу. Праўда, паслухмянага вучня з Сяргея не атрымалася. З залікамі і паспяховасцю ніколі праблем не было, а вось на занятках ён быў рэдкім госцем: тата яго сябра быў дырэктарам кінатэатра, таму выбар паміж вучэбным класам і кіназалай Сяргей вырашаў на карысць апошняй, не прапускаючы ніводнага кінасеанса. Як вынік — хлопчыка выгналі з мастацкай школы за прагулы, але адзначылі, што яго прымуць зноў, калі той паразумнее. Але потым у яго жыцці з’явіўся футбол, які таксама не пакідаў вольнага часу. Ленін­градскі горны інстытут хлопец абраў выключна таму, што ведаў: колькі ні прапускай заняткі, усё роўна атрымаеш дыплом. Аднак з творчасцю Сяргей не развітваўся.

— Творчасць прысутнічала ў маім жыцці з маленства. Дзіцем я выразаў гравюры, у тым ліку лінагравюры. Асабліва любіў працаваць з металам. Адным з першых маіх вырабаў была падводная лодка, якую я яшчэ школьнікам зрабіў са знойдзенай на дачы ацынкаванай бляхі. Потым былі іншыя інжынерныя канструкцыі: паравая машына, апараты на механічных нагах. Свае дызайнерскія ідэі я рэалізоўваў і ў дарослым узросце, шыючы скураныя курткі і нават джынсы (мая жонка — дызайнер адзення), а потым ва ўласным архітэктурным бюро. Але, якой бы справа ні была, прыходзіць момант, калі становіцца сумна, бо там, дзе пачынаюцца сур’ёзныя заказы і вялікія грошы, заканчваецца творчасць. Таму я зноў вярнуўся да металу. Ужо тады я ведаў: тое, што ў мяне атрымліваецца з падручных матэрыялаў, мае свае назвы: стымпанк, парапанк, гіперпанк і інш. Натхніў на эксперыменты і стары фільм “Шукальнікі прыгод” з Аленам Дэлонам, дзе гераіня шукала на аўтазвалцы кавалкі металу, рэзала іх, зварвала, паяла — і атрымліваліся арт-аб’екты. Я таксама паспрабаваў, зрабіў некалькі розных механізмаў. Аднойчы мне захацелася іх ажывіць, таму стварыў ляльку. Потым другую, трэцюю, чацвёртую… Так і пайшло. Гады тры ратаваўся ад нуды ў майстэрні, ствараючы калекцыю за калекцыяй.

Рабіць лялек Сяргей нідзе не вучыўся, на майстар-класы ні да каго не хадзіў. Відаць, гэтая ўнікальнасць, непаўторнасць лялек і захапіла людзей. Аднойчы яго дачка зрабіла фота некалькіх бацькавых работ і размясціла іх ў сетцы. Так пра аўтара даведаліся арганізатары кірмашу рамеснікаў “Млын” і запрасілі яго выставіць свае работы. Прычым заўсёды за выставу трэба плаціць, а з Сяргея  Драздова нават грошы не бралі — толькі прыедзь і пакажы лялек. З Мінска запрасілі экспанавацца ў Маскве. Былі і дабрачынныя выставы для падтрымкі дзіцячага фонду і хворых дзяцей. Потым майстру прапанавалі паказаць свае лялечныя калекцыі ў Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах. Так і пайшло. Гады тры Сяргей амаль не быў дома, па запрашэннях вандруючы з выставы на выставу ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Германіі, Нідэрландах, Чэхіі і інш. Адтуль ён прывозіў шматлікія ўзнагароды і парадзелыя калекцыі (большасць лялек раскуплялася для прыватных калекцый), таму дадому ён вяртаўся, каб ствараць новых лялек, каб зноў і зноў у сваёй майстэрні ажыўляць персанажаў з эпохі Жуля Верна і Герберта Уэлса.

Міні-свет родам з майстэрні

— Рабіць ляльку стала для мяне ўжо жыццёвай патрэбай. Пакуль я яе ствараю, я ёй жыву. А не паспеў зрабіць адну ляльку, ужо ведаю, якой будзе наступная, яна ўжо бударажыць маю свядомасць. Ма­быць, лялька для мяне — гэта і ёсць жыццё, — прызнаецца Сяргей.

Пакуль за дзвярыма майстэрні стукае малаток, награваецца горан, куюцца міні-дэталькі для зброі, усе сваякі, сябры і знаёмыя майстра збіраюць у сваіх гаражах і на дачах матэрыялы для творчасці (чытай — для жыцця). Па просьбе Сяргея хлопцы, якія працуюць на смеццявозах, гаспадарскім вокам акідваюць тое, што вывозяць на звалкі, каб ні адзін стары механізм, прыбор не патрапіў туды разам са смеццем. За мяжой, куды Сяргей вязе свае выставы, ён у першую чаргу спяшаецца на блышыны рынак або ў крамы старызнікаў, дзе можна купіць унікальныя рэчы. Не столькі з пошукам, колькі з перакладам апісання антыкварных лотаў на аўкцыёнах дапамагаюць яго сваякі, якія жывуць у Германіі. А вось натхненне майстар шукае ў першую чаргу ў кіно.

— Шмат натхнення мне даюць фільмы, але вобразы ў кіно я не шукаю. Зараз кінематограф знаходзіцца на неверагодным узроўні прапрацоўкі свету, касцюмаў і вобразаў, прычым усё сапраўднае, ніякай бутафорыі. Таму я гляджу фільм, а ў галаве ўжо ўзнікае ідэя, вобраз. У мяне часам пытаюцца, чаму я не раблю таго ж Джэка Вераб’я. А навошта? Гэты вобраз цудоўна прапрацаваны ў кіно, а паўтараць яго мне нецікава. Усе мае лялькі — з галавы. А кінематограф толькі падштурхоўвае, дакідвае ідэі, — гаворыць Сяргей.

Так, пасля прагляду кінафільмаў з’явіліся цэлыя серыі: “Steampunk у Брытаніі”, “Рыцарскія забавы”, “Піраты”, “Смак пораху”, “Дзікі Захад”, а ў іх — героі казак, рыцары, піраты, воіны, узброеныя істоты, якія жывуць у свеце суровых фантазій аўтара. Яны спалучаюць у сабе механіку, пластыку і выраблены выключна з натуральных матэрыялаў: скуры, дрэва, металу і інш. Машыны майстра маюць рухавікі і шпарка ездзяць, пістолі яго лялек зараджаюцца патронамі і стра­ляюць, імкліва вылятаюць стрэлы з арбалетаў, іх шаблі добра завостраны. Напрыклад, у адной лялькі быў макет аўтамата Томпсана, на выраб якога пайшло шмат часу, утрая больш, чым на саму ляльку. Сяргей знайшоў у інтэрнэце чарцяжы аўтамата, разлічыў памеры ў маштабе і зрабіў сапраўдную міні-мадэль гэтай зброі. Калі для фону патрэбна цагляная сцяна, майстар робіць яе з гліны і абпальвае маленькія цаглінкі, потым замешвае раствор і робіць кладку. У адной лялькі на выставе выпаў нож і ўткнуўся лязом у паліцу. Так, усе рэчы лялек, іх адзенне і галаўныя ўборы сапраўдныя, проста паменшаныя. Такі міні-свет.

На прапрацоўку і выраб лялькі ў Сяргея ідзе ад месяца да трох — ён уважліва падыходзіць да кожнага персанажа, прыдумляе яму імя і кароткую біяграфію, у адпаведнасці з якімі стварае вопратку і аксесуары.

Сяргей прызнаецца, што гуляе з лялькамі ў момант іх стварэння, і ўсе яны ў адзінкавым экзэмпляры, таму што яму нецікава зноў гуляць у адно і тое ж:

— Я эгаіст, і раблю лялек у першую чаргу для сябе, а калі яны яшчэ і падабаюцца людзям — гэта наогул выдатна. Я тады рады. Асабліва мне прыемна, калі мае лялькі падабаюцца дзецям, падлеткам. Для іх у мяне нават ёсць пэўныя калекцыі. Напрыклад, “Новы год пад пагрозай”, дзе нават Дзед Мароз створаны ў стылі стымпанк.

Што тычыцца лялек на заказ, то тут Сяргей вельмі асцярожны, бо, лічыць, у імкненні дагадзіць пакупніку важна не згубіць свой стыль, задуму, а наадварот, пастарацца абыграць новую ідэю.

— Аднойчы адзін мужчына па­прасіў мяне зрабіць ляльку-доктара для яго сябра-педыятра — заяд­лага калекцыянера фігурак у белых халатах. Ну, думаю, паспрабую. Але як? У Віктарыянскую эпоху гэта быў не такі пазнавальны вобраз — доктар таго часу ўсяго толькі здымаў сурдут, закасваў рукавы і прымаўся за лячэнне. Калі хірург, то яшчэ апранаў фартух. Зрабіў свайму доктару сакваяж, інструменты і нават склаў яму паходны дзённік з апісаннем прыгод. Потым у мяне з’явіліся і прадстаўнікі іншых прафесій: архітэктар, алхімік, металург і інш.

Развітваючыся, я папрасіла ў майстра параду для тых, хто хоча, як і ён, прысвяціць жыццё творчасці, зарабляць гэтым, потым утрымліваць сябе і сваю сям’ю, але баіцца. Ён адказаў:

— Я параіў бы не думаць пра грошы, не рабіць іх самамэтай. Вы займайцеся справай, засяроджвайцеся на якасці, на вырабе, спявайце, іграйце на інструменце, малюйце, рабіце лялек і інш. Толькі калі вы зможаце цалкам паглыбляцца ў творчасць, у вас абавязкова будзе і прызнанне, і грошы.

Дарэчы, ёсць шмат лю­дзей, якія вучацца майстэрству ў Сяр гея. Праўда, майстар-класаў ён не дае, бо фізічна гэта складана. Яго калегам-лялечнікам, магчыма, прасцей, таму што яны мо­гуць узя ць гліну, салому, шматкі лёну ці іншы матэрыял, з якога ствараюць сваіх лялек, і адправіцца ў іншы горад, каб правесці майстар-клас, а Сяр гею цяжэй перавезці ўсе свае інструменты і прылады. Адно кавадла з яго вагой чаго вартае. Хаця, па просьбах калег па цэху, лялечнікаў і стваральнікаў міні-зброі (сёння гэты кірунак становіцца асабліва папулярным) з розных гарадоў Беларусі, Расіі і не толькі, ён запісвае відэаўрокі са сваёй майстэрні. А з другога боку, хіба такія вырабы рэальна паўтарыць?

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Сяргея Драздова.