Я знаю — горад будзе!

- 11:14Культура

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўжо у чацвёрты раз разгарнулася выстава лепшых работ Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”.

На паўтара месяца выставачная зала НЦМТ ДіМ ператварылася ў сапраўды казачны горад са сваёй унікальнай архітэктурнай семіётыкай і безапеляцыйнай дзіцячай канстатацыяй: “Я хачу тут жыць!” Больш за 1500 навучэнцаў ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў з устаноў адукацыі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны сёлета прынялі ўдзел у конкурсе дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, арганізаваным Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Лепшыя 300 конкурсных работ можна ўбачыць сёння па адрасе Мінск, вул.Кірава, 16. Дзецям было прапанавана выказацца на такія тэмы, як “Архітэктурныя фантазіі”, “Архітэктурная спадчына” і “Храмы памяці”. Пераможцы размеркаваліся па наступных намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Мастацкая фатаграфія”, “Відэаролік”, “Архітэктурнае макетаванне”. Апошняя, мабыць, найбольш і ўражвае на сённяшняй выставе сваімі аб’ёмамі і фантазійнасцю. Грандыёзныя макеты-кампазіцыі “Шалёнае заўтра” (аб’яднанне па інтарэсах “Натхненне” сярэдняй школы № 15 Гомеля) і “Горад будучыні” (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Гомеля) утвараюць як бы два сэнсавыя цэнтры экспазіцыі, а паміж імі і побач з імі — усё тое, што бачыць і чым захапляецца дзіцячае вока ў рэальнасці і ў марах: маладзёжны цэнтр у выглядзе шахматных ладдзі і ферзя, дом-смоўж з нейкіх 3000 гадоў, касмічны яслі-сад, адміністрацыйны будынак 2080 года ў выглядзе трох кукурузін… І тут жа яны, да болю пазнавальныя касцёл Прасвятой Тройцы ў Гервятах, капліца ў мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле”, рамантычны “Астролаг” з пешаходнай вуліцы Магілёва… Вылоўліваю з гурта дзяцей, якія сабраліся на вернісажы, самых маленькіх. Уладальнік 1-га месца ў намінацыі “Жывапіс” сямігадовы Антон Візгін (народная студыя “Востраў” НЦМТДіМ) з гордасцю расказвае пра свой малюнак “Храм Афіны Палады”: “Мяне вельмі вабіць гісторыя! Я дома бясконца гляджу фільмы па каналах Discovery, National Geographic пра егіпецкія піраміды, старажытнагрэчаскія храмы. Вось і вырашыў намаляваць храм багіні Артэміды. “А чаму ён у цябе блакітны?” — пытаюся. “Дык гэта ж мармур…” — адказвае. Таксама сямігадовы Саша Кудрашоў (аб’яднанне па інтарэсах “Першацвет” НЦМТ ДіМ) падводзіць мяне да свайго “Начнога горада”. Тлумачыць: “Самыя вялікія святы здараюцца ноччу!” Ну, і хіба паспрачаешся тут з дзіцячай логікай…
І міжволі прыйшлі на памяць класічныя радкі савецкага паэта:
Я знаю — город будет,
Я знаю — саду цвесть,
Когда такие люди
В стране советской есть.
Усё геніяльнае вечнае. Толькі з невялікай папраўкай на сучаснасць:
Калі такія дзеці
Ў краіне нашай ёсць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.