Яблыкі да яблыні

- 9:57Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

“Нават зяці майго дзядулі, спачатку далёкія ад педагагічнай прафесіі, сталі выкладчыкамі. Што ўжо тады гаварыць пра яго дзяцей!” Гісторыя дынастыі Таццяны СЦЕПАНЦОВАЙ, настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 205 Мінска.

Шчаслівая зорка Франца Паўлавіча

Таццяна Сцепанцова з дачкой Нінай.

— У яго было рэдкае імя для тых мясцін, дзе ён нарадзіўся. І сёння мы не ведаем, чаму ў простай сялянскай сям’і з невялікай вёскі пад Слуцкам пятае дзіця назвалі Францам. Наўрад ці яго баць­кі задумваліся тады, ці стане такім жа адметным жыццё іх сына ў хуткім часе. Наўрад ці маглі марыць пра тое, што ён стане настаўнікам і заснавальнікам дынастыі. Маці і тата Франца Паўлавіча рана пакінулі гэты свет, гадаваў дзяцей старэйшы брат. Менавіта ён вырашыў адправіць самага малодшага Лешчанку вучыцца ў пачатковую школу. А далей Франц пачаў рухацца наперад да адукацыі самастойна. Скончыў настаўніцкія курсы, працаваў у вясковай малодшай школе ў Тураўскім раёне і адначасова паступіў у Гомельскі настаўніцкі інстытут. Пасля яго заканчэння быў прызначаны дырэктарам школы ў вёсцы Азяраны, выкладаў там таксама матэматыку і фізіку, — расказвае Таццяна Аляксееўна.

У 1932 годзе Франц Паўлавіч ажаніўся з маладой выхавальніцай дзіцячага сада Надзеяй Пракопаўнай Кузьміч, якая на доўгія гады стала яго надзейнай спадарожніцай. Да вайны ў іх нарадзілася чац­вёра дзяцей, якія спазналі на сабе пакуты ваеннага часу. 

— Валасы дыбам становяцца ад тых успамінаў, якімі дзялілася мая маці. Дзеці, малодшаму ўсяго год, разам з маці двойчы перахо­дзілі лінію фронту. Старэйшая сястра вяла карову, немаўля — на руках у маці. Пешшу, па балотах, па гразі. Паўтара года жылі ў зямлянцы, хаваліся ад немцаў. Іх маці і старэйшы брат перахварэлі на тыф, выжылі нейкім цудам. Лекаў не было, і іх проста паклалі пад стол, посцілкай адгарадзіўшы ад усіх, — расказвае мая суразмоўніца.

Таццяна Аляксееўна Сцепанцова кіруе метадычным аб’яднаннем настаўнікаў матэматыкі. Для яе важна не столькі прызнанне, колькі добрыя адносіны з вучнямі. 

Сам жа Франц Паўлавіч летам 1941 года вымушаны быў змя­ніць мірную прафесію настаўніка на ваенную. Служыў камандзірам танка, затым камандзірам узвода, быў паранены. Пасля лячэння ў шпіталі стаў слухачом Арлоўскага танкавага вучылішча ў горадзе Балашоў, потым узначаліў танкавую роту. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”. Яму настойліва прапаноўвалі застацца ў арміі, але Франц Паўлавіч вырашыў вярнуцца да сваёй любімай прафесіі і новы навучальны год у верасні 1946 года пачаў на пасадзе дырэктара Тураўскай сярэдняй школы. А праз 5 гадоў атрымаў дыплом аб заканчэнні фізіка-матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага педінстытута. 

— Дзядуля быў шматграннай, адоранай асобай і сапраўдным Чалавекам з вялікай літары. Ён валодаў абсалютным музычным слыхам, добра спяваў і іграў на шматлікіх музычных інструментах, быў душой любой кампаніі. На працягу ўсяго свайго жыцця ўважліва і паважліва ставіўся і да сваіх вучняў, і да калег; беражліва і з любоўю — да жонкі і дзяцей. І ўсе яны адказвалі яму ўзаемнай павагай, — дзеліцца ўнучка Франца Паўлавіча.

У Веткаўскай школе, дзе яе дзядуля працаваў дырэктарам апошнія 10 гадоў свайго жыцця, створаны прысвечаны яму музейны куток. А на стагоддзе з дня нараджэння настаўніка была арганізавана сустрэча вучняў, калег і ўсіх, хто ведаў гэтага цудоўнага чалавека.

— Колькі прагучала цёплых слоў і цікавых успамінаў у той дзень! Напрыклад, узгадвалі, як падчас школьных экзаменаў па беларускай літаратуры Франц Паўлавіч любіў чытаць на памяць “Новую зямлю” Якуба Коласа і ўсе заслухоўваліся. Як ён адным толькі позіркам уціхамірваў вучняў, наколькі далікатна і тактоўна ўмеў размаў­ляць з лю­дзьмі. Я таксама добра памятаю дзядулю, таму што любіла бавіць час у яго школе. Асабліва запомніліся яго рабочыя сшыткі з такім прыгожым каліграфічным почыркам, — дадае Таццяна Аляксееўна.

Пацвярджэннем высокага майстэрства і адданасці прафесіі служаць шматлікія ўзнагароды Франца Паўлавіча: медалі “За працоўную адзнаку”, “За працоўную доблесць”, граматы Міністэрства асветы БССР, абласнога і раённых аддзелаў адукацыі. Яшчэ ў 1948 годзе яму было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”.

Да пары жонкам і цесцю

Аўтарытэт бацькі, любоў да яго і павага вызначылі выбар прафесіі старэйшых дачок Франца Паўлавіча. І Валянціна, і Ніна пасля заканчэння школы паступілі ў Гомельскі педагагічны інстытут, дзе скончылі фізіка-матэматычны факультэт. І сталі настаўнікамі матэматыкі. 

Заснавальнік дынастыі Франц Паўлавіч з калегамі.

— Ніна Францаўна — мая мама. У 1959 годзе яна па размеркаванні прыйшла праца­ваць у школу рабочай моладзі Веткі, дзе больш за 7 гадоў выкладала матэматыку і маладым рабочым, і ўсім тым дарослым, якія не змаглі атрымаць адукацыю з-за Вялікай Айчыннай вайны. Потым больш за 30 гадоў не толькі вяла ўрокі матэматыкі ў веткаўскай сярэдняй школе № 1, але і вучыла сваіх вучняў быць сумленнымі, прыстойнымі, добрымі, спагадлівымі людзьмі. Заўсёды ставілася да дзяцей з павагай і любоўю. Былыя выпускнікі не забываюць яе і сёння: захо­дзяць у госці, дзеляцца сваімі радасцямі і дасягненнямі, расказ­ваюць пра жыццё. Яе праца была адзначана граматамі Міністэрства асветы БССР, раённага і абласнога аддзелаў адукацыі. Ніне Францаўне прысвоена званне “Ветэран працы”. Мая мама да гэтага часу з’яўляецца актыўным удзельнікам грамадскага жыцця ветэранаў-педагогаў. З задавальненнем удзельнічае ў пасяджэннях іх клуба, — заўважае Таццяна Аляксееўна.

Валянціна Францаўна ў 1958 годзе пачала сваю педагагічную дзейнасць у Тураўскай сярэдняй школе і працавала там 3 гады, пасля ў Гомельскім політэхнічным тэхнікуме выкладала матэматыку.

Валянціна Францаўна выйшла замуж за агранома, Ніна Францаўна — за шафёра. Але дух сям’і і аўтарытэт Франца Паўлавіча быў такі моцны, што з цягам часу і Леанід Агеевіч Куляшоў, і Аляксей Аляксее­віч Грамыка сталі настаўнікамі і назаўсёды імі заста­ліся.

Праца настаўніка нялёгкая і няпростая, вельмі адказная, патрабуе вялікай самааддачы. Я ганаруся сваёй прафесіяй і нашай дынастыяй! Кожны з нас, упэўнена, пакінуў добры след у гэтым жыцці.

Першы пасля заканчэння педагагічнага факультэта сельскагаспадарчай акадэміі імя К.Ці­міразева выкладаў эканоміку ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Баць­ка ж Таццяны Аляксееўны пачаў сваю педагагічную дзейнасць у лютым 1963 года ў якасці загадчыка майстэрні і настаўніка асноў прамысловай вытворчасці. Завочна вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце на гістарычным факультэце, пасля заканчэння якога выкладаў гісторыю, а потым быў пераведзены на пасаду ваеннага кіраўніка сярэдняй школы № 1 Веткі, дзе і працаваў да выхаду на пенсію. Больш за 20 гадоў Аляксей Аляксеевіч быў пазаштатным лектарам таварыства “Веды”, кіраваў раённымі зборамі па падрыхтоўцы дапрызыўнікоў. Унёс вялікі ўклад у развіццё ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Актыўна зай­маўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў доўгі час Веткаўскі раённы савет ветэранаў педагагічнай працы. Мае шматлікія граматы і ўзнагароды.

Па мужчынскай лініі 

Абодва сыны Франца Паўлавіча мелі бліскучыя матэматычныя здольнасці, таму выбралі тэхнічныя ВНУ.

Малодшы Эдуард стаў інжынерам-аўтамабілістам, а старэйшы Леанід працягнуў педагагічную дынастыю. Пасля заканчэння Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту яго накіравалі выкладчыкам тэхнічных дысцыплін у Вялікія Лукі, дзе адкрываўся філіял Ленінградскага інстытута чыгуначнага транспарту. Праз некалькі гадоў вярнуўся ў Гомель, працягнуў выкладаць тэарэтычную механіку і начартальную геаметрыю ў філіяле Мінскага політэхнічнага інстытута (сёння гэта Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога).

Педагагічная дынастыя нашай сям’і аб’яднала 13 чалавек, 4 пакаленні. Агульны стаж прафесійнай дзейнасці складае 255 гадоў!

— Леанід Францавіч у юнац­тве захапляўся фатаграфіяй, доб­ра маляваў, займаўся мадэляваннем. Асабліва яго натхняла музыка. Ужо ў пачатковай школе ён нядрэнна іграў на гармоніку. У 7 класе, атрымаўшы ад бацькі ў падарунак акардэон, па дапаможніку авалодаў нотнай граматай, і музыка была з ім заўсёды. Доўгі час быў салістам харавой ка­пэлы Гомельскага дома настаўніка, якую тады ведалі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. І дома ўвесь час гучалі песні ў выкананні дуэта бацькі і старэйшага сына. Ён здаў кандыдацкі мінімум, але не паспеў абара­ніць дысертацыю ў сувязі з трагічнай смерцю ў 1984 годзе, — тлумачыць Таццяна Аляксееўна. 

На генным узроўні 

— Выбар прафесіі для мяне і маёй сястры не быў доўгім і пакутлівым: само сабой разумелася, што мы станем настаўнікамі. Я выбрала для сябе матэматыку. Пасля заканчэння матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала па спецыяльнасці ў Ветцы. Пасля чарнобыльскай аварыі на тры гады я і мой муж па кантракце пае­халі на Сахалін. Там я даведалася, як працу­юць настаўнікі ў малакамплектных класах, як усім пасёлкам адзначаюць і пачатак навучальнага года, і выпускныя экзамены. Было шмат і іншых цікавых момантаў: дзеці апраналіся ў натуральнае футра і валёнкі, елі чыр­воную ікру лыжкамі, а з’яўленне першай зеляніны чарамшы адразу “адчувалася” ў кожным класе, — усміхаецца мая суразмоўніца. 

Пасля вяртання ў Беларусь больш за чвэрць стагоддзя Таццяна Аляксееўна выкладае матэматыку ў мінскай сярэдняй школе № 205. Імкнецца вучыць школьнікаў не толькі складаць і мно­жыць, але і быць годнымі лю­дзьмі, патрыётамі сваёй краіны. І сёння за партамі ся­дзяць ужо дзеці яе першых вучняў, што ўдва­я адказна і прыемна. 

— Мая сястра Надзея Аляксееўна Грамыка пачала сваю педагагічную дзейнасць у якасці піянерважатай, а затым, скончыўшы Мазырскі педагагічны інстытут у 1994 годзе, працавала выхавальніцай ГПД у санаторнай школе Мазыра. Не засталася ўбаку ад сямейнай прафесіі і мая стрыечная сястра, Ірына Леа­нідаўна Куляшова. Яна выкладае эканоміку ў Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы, — дзеліцца Таццяна Аляксееўна. 

Прадстаўнікамі чацвёртага пакалення настаўніцкай дынастыі сталі дачка маёй суразмоўніцы Ніна Віктараўна Захараўская і ўнучка Валянціны Францаўны — Маргарыта Ігараўна Лапаціна. Усе яны атрымалі педагагічныя спе­цыяльнасці. На жаль, жыццё ўно­сіць свае карэктывы, і пакуль маладое пакаленне спрабуе свае сілы ў іншых кірунках. 

— Праца настаўніка нялёгкая і няпростая, вельмі адказная, патрабуе вялікай самааддачы. Я ганаруся сваёй прафесіяй і нашай дынастыяй! Кожны з нас, упэўнена, пакінуў добры след у гэтым жыцці. 

Марына ЖДАНАВА.