Яе чакалі

- 11:24Культура

Шчаслівы той чалавек, якога чакаюць. Якога чакаюць за 800 кіламетраў, за некалькі месяцаў… 

Але яшчэ больш шчаслівы паэт, якога чакаюць за такую часавую і прасторавую адлегласць.
І яшчэ, яшчэ больш шчаслівы той паэт, якога чакаюць дзеткі. Бо ён, у нашым выпадку — яна, піша для іх. Бо вельмі іх любіць.Яе, нашу вядомую паэтэсу Наталлю Ігнаценка, якая жыве ў Маскве, менавіта чакалі ў гэтыя калядныя дні нашы дзеці. Пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Белая Русь” і Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Аляксандраўна зладзіла беспрэцэдэнтную акцыю — на працягу некалькіх дзён правяла паэтычныя сустрэчы з дзецьмі ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі, сталічным Доме літаратара, сталічным дзіцячым доме № 2, мінскай гімназіі № 1.Што гэта такое — сустрэчы Наталлі Ігнаценка з дзецьмі? Гэта трэба проста бачыць. Але калі паспрабаваць тут у некалькіх словах іх абазначыць, то напросяцца ключавыя словы: “Тэатр”, “Паэзія”, “Два хлопчыкі”, “Радасць”, “Шчасце”.Тэатр — бо Наталля Ігнаценка робіць спектаклі. Яна ў адной асобе — рэжысёр, акцёр, перформер і хэндмейкер. Яна чытае свае казкі дзецям і тут жа паказвае ім герояў, пераважна рукатворных.
Паэзія — бо Наталля Ігнаценка піша таленавіта, шчыра і зразумела для дзетак.
Два хлопчыкі — бо героямі паэтычных казак Наталлі з’яўляюцца яе ўласныя дзеткі, два сыны, якія жывуць у Маскве, але ведаюць, што яны і іх мама — беларусы.
Радасць — бо Наталля Ігнаценка радуецца ад таго, што робіць. Ад таго, што радуе дзяцей.Шчасце — бо шчаслівымі робяцца дзеткі… Дзясяткі агеньчыкаў-вачэй, дзясяткі ўзнятых угору рук на пытанні Наталлі: “А якіх птушак вы памятаеце з казкі? А памятаеце, у што апранута была Снежная каралева? А з чаго быў выраблены грабеньчык?”
“Я раблю гэта выключна для дзяцей, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. — І ў адказ я атрымліваю выключнасць дзіцячую, шчырасць дзіцячую. Калі бачу іх шчырыя эмоцыі, тады мне нічога больш не трэба… Я гэтым жыву. Я з вялікай радасцю гэта раблю. Гэта чыста дабрачынная праца. Бо калі не мы будзем займаць нашых дзяцей, то імі, на жаль, зоймуцца іншыя людзі — абсалютна нам не патрэбныя…”
Менавіта таму яе чакалі ў Мінску.
І будуць чакаць заўсёды.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.