Яе матэматычная галактыка

Настаўнік — не прафесія, прызванне. Настаўнік — не прафесія, жыццё. Гэтыя словы яскрава характарызуюць Валянціну Мікалаеўну Бурак, настаўніцу матэматыкі Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна.

Валянціна Мікалаеўна належыць да ліку тых педагогаў, якія ўтрымліва­юць у сабе багаты вопыт выкладчыка, бяздонны аб’ём ведаў па прадмеце і па-са­праўднаму творчыя, душэўныя адносіны да самога працэсу навучання школьнікаў. Пра такіх людзей гавораць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаюць справе ўсяго сябе. Педагагічнае майстэрства настаўніцы нельга ацаніць ніякімі разрадамі ці кваліфікацыямі. Такіх педагогаў называюць проста — Настаўнік з вялікай літары, дасканалы педагог.

35 гадоў назад Валянціна Мікалаеўна смела і ўпэўнена прыйшла ў калектыў Заастравецкай сярэдняй школы, бо за плячыма ўжо была школа маладога спецыяліста. Тры гады яна выкладала царыцу навук у суседняй Колкінскай базавай школе. Тут прый­шлося і часта спатыкацца, і многае мяняць у сваім характары, і вучыцца, вучыцца, вучыцца… Але побач былі вопытныя калегі, якія дапамагалі і накіроўвалі.

І сёння яна з цеплынёй успамінае многіх з іх. Асабліва ўдзячна былому дырэктару Аляксандру Сафронавічу Сільвашку, ветэрану педагагічнай працы і ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, які быў і таленавітым кіраўніком, і настаўнікам-майстрам, і інтэлігентам.

У Заастравецкай сярэдняй школе, выпускніцай якой з’яўляецца Валянціна Мікалаеўна, ёй удалося заваяваць аўтарытэт і звярнуць на сябе ўвагу калег. Заўсёды была энергічнай, ветлівай, памяркоўнай, такой і застаецца. Педагог надзелена мноствам добрых якасцей: эрудзіраванасцю, адкрытасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. А галоўнае — яна вельмі патрабавальная ў адносінах да сябе. Прынцып яе работы — асцярожна і клапатліва дапамагчы юнаму таленту раскрыцца, усяліць у яго ўпэўненасць, даць магчымасць адчуць сваю каштоўнасць.

Яна стараецца навучыць дзяцей разумець нават тое, пра што не гавораць, чытаць тое, што не напісана, гэта значыць навучыц­ь бачыць, адсочваць і ўстанаўліваць сувязі ў прасторы і часе. Усе калегі ведаюць, што ўрокі Валянціны Мікалаеўны — гэта наглядны прыклад таго, як правільна ставіць праблемы і фармуляваць задачы вучэбных заняткаў, накіроўваць разважанні вучняў у правільнае рэчышча, прымяняць розныя формы правядзення ўрокаў (ад класічных да ўрокаў з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій), выкарыстоўваць вопыт настаўнікаў-наватараў, метадыстаў-вучоных. Менавіта Валянціна Мікалаеўна першай сярод калег у сваёй рабоце прымяніла метадычную сістэму педагога В.Ф.Шаталава, што дазволіла паспяхова вырашыць адну з нялёгкіх педагагічных задач — далучыць кожнага школьніка да штодзённай разумовай працы, сфарміраваць пазнавальную самастойнасць, умацаваць у кожным вучню пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах і здольнасцях.

З’яўляючыся моцным настаўнікам-прадметнікам, В.М.Бурак не толькі дэманструе высокі ўзровень якасці ведаў і паспяховасці сваіх вучняў, але яшчэ таленавіта ўлюбляе выхаванцаў у свой прадмет. Доказ гэтага — вялікая колькасць пераможцаў і прызёраў ІІ і ІІІ этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Сярод іх Сяргей Хваль, Святлана Бушэнка, Ірына Лушагіна, Сяргей Іванейчык, Вадзім Лазук, Яраслаў Граеўскі, Ганна Дрозд, Уладзіслаў Пташук. Вучні Валянціны Мікалаеўны таксама з’яўляюцца дыпламантамі конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Адна з апошніх перамог — дыплом ІІ ступені Уладзіслава Пташука, вучня 9 класа (у 2019/2020 навучальным годзе).

Выхаванцы гэтага апантанага педагога ўваходзілі ў склад раённай каманды ў­дзельнікаў абласнога турніру юных матэматыкаў і кожны раз былі ў ліку прызёраў. Яе вучні вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядах для школьнікаў, якія праводзяць механіка-матэматычны факультэт БДУ і БДПУ імя Максіма Танка. Дыпломамі І і ІІ ступеней у свой час былі ўзнагароджаны ўжо выпускнікі Ва­дзім Лазук і Яраслаў Граеўскі. У 2019/2020 навучальным годзе прызёрамі сталі вучань 11 класа Аляксандр Ільчык і вучань 9 класа Уладзіслаў Пташук.

 Кожны год вучні В.М.Бурак становяцца дыпламантамі дыстанцыйнай алімпіяды па матэматыцы. Ёсць меркаванне, што матэматыкі — “сухары”, што нічога, акрамя лічбаў, яны вакол сябе не заўважаюць. Аднак Валянціна Мікалаеўна па-сапраўднаму творчая асоба. Больш за 10 гадоў яна кіруе школьным метадычным аб’яднаннем “Прафесійная кампетэнтнасць”, дзе разам з калегамі крок за крокам удасканальвае сваё педагагічнае майстэрства, ідзе ў нагу з часам, накіроўваючы адукацыйны працэс у творчае рэчышча чарговых адкрыццяў і перамог. Да таго ж настаўніца актыўна выкарыстоўвае ў сваёй практыцы тэхналогію мнагамерных дыдактычных інструментаў.

Валянціна Мікалаеўна ўдастоена звання “Самы класны класны”. Шмат выпускнікоў удзячныя настаўніцы за тое, што яна вяла іх за сабой і як педагог, і як старэйшы сябар і дарадчык. Усе навучэнцы яе класаў упэўнена кажуць: “Наш класны кіраўнік нікому не дасц­ь нас пакрыўдзіць, але ў той жа час спытае па ўсёй строгасці”.

Так, Валянціна Мікалаеўна Бурак — настаўнік ад Бога. Яе выхаванцам пашанцавала вывучаць такі няпросты прадмет, як матэматыка, на адным дыханні. Матэматычная галактыка настаўніцы даўно ўжо заселена планетамі-ўраўненнямі, дзе жыццё не толькі існуе, а бурліць і пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Дзякуючы матэматыцы, многія выпускнікі Заастравецкай сярэдняй школы знайшлі сябе ў прафесіі. І Валянціна Мікалаеўна кожным з іх ганарыцца: і інжынерам, і будаўніком, і эканамістам, і вучоным, і прадаўцом… А яны, яе выпускнікі, у першую суботу лютага спяшаюцца ў родную школу, каб абняць сваю настаўніцу і шчыра сказаць ёй: “Дзякуй!”

М.Валошын сказаў: “Жыццё — бясконцае пазнанне. Вазьмі свой посах і ідзі!” Вось так і крочыць па жыцці, па сваёй матэматычнай галактыцы Валянціна Мікалаеўна Бурак.

Алена КАРАЖАН,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці.