Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Івацэвіч імя У.У.Гука Ала Васільеўна Валінская з тых, хто паспявае ўсё і нават больш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Яна курыруе ў школе ўсю метадычную работу, інавацыйную дзейнасць, алімпіядны і конкурсны рух, вядзе ўрокі рускай мовы і літаратуры, паспяхова рыхтуе навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды і навукова-даследчых канферэнцый, а яшчэ з’яўляецца ўдзельніцай жаночага вакальнага калектыву “Сяброўкі”, які выступае з канцэртамі не толькі ў роднай Беларусі, а і за яе межамі.
Цікавасць узяла сваё
— Што прывяло мяне ў педагогіку? Адкажу проста: так склаліся абставіны, — расказвае мая суразмоўніца. — Я ніколі не задумвалася над тым, чаму выбрала такую нялёгкую працу. У дзяцінстве марыла стаць артысткай (дарэчы, зараз сваё жаданне ўвасобіла ў выступленнях вакальнага калектыву), выхавальніцай у дзіцячым садку (мая дачка здзейсніла маю мару і працуе з дашкалятамі), у вольны час забаўлялася разам з сястрычкай-двайняткай гульнёй у школу. Бацькі з дзяцінства прывучалі нас да працы, павагі да навакольных, любові да роднага краю. Мама заўсёды гаварыла: рабі так, як хочаш, каб да цябе адносіліся людзі.
У школе любімымі прадметамі дзяўчыны былі беларуская і руская мовы. Скончыўшы 11 класаў Любішчыцкай сярэдняй школы, яна паступіла ў Мінскае педагагічнае вучылішча № 1. Выбару прафесіі пасадзейнічалі школьныя настаўнікі-філолагі Марыя Васільеўна Скрыба і Ніна Мікалаеўна Рудзько.
— Яны так захапляюча расказвалі пра жыццё пісьменнікаў, іх герояў (многія біяграфічныя факты я і па сённяшні дзень расказваю сваім вучням), што ўрокі літаратуры проста немагчыма было забыць. Яны змаглі распаліць ува мне цікавасць да філалогіі і ўсяліць упэўненасць, якая дапамагае і сёння, — расказвае Ала Валінская.
Педагагічны стаж Алы Васільеўны складае 25 гадоў, у 1-й івацэвіцкай школе яна працуе з 2006 года, а на пасадзе намесніка дырэктара — з 2012 года.
А.В.Валінская добра памятае свае першыя прафесійныя крокі, якія яна рабіла ў Буленскай базавай школе ў якасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, адначасова атрымліваючы вышэйшую адукацыю ў БДПУ. Памятае, як увайшла ў 7 клас, які складаўся з сямі навучэнцаў, якія глядзелі на яе з вялікай цікаўнасцю, і як разумела, што ёй неабходна ўсяму іх навучыць, і была ўпэўнена, што ўсё абавязкова атрымаецца.
Дзейнічай камандай!
Уключыцца ў прафесію маладому педагогу дапамагла работа ў летнія месяцы ў піянерскім лагеры і вучэбная практыка.
— Калі я яшчэ была студэнткай, мы хадзілі на практыку ў адну з мінскіх школ і праводзілі адкрытыя ўрокі, на якіх прысутнічалі метадыст і настаўнік класа. Добра памятаю, як пасля ўрока настаўніца гаварыла: “У вас усё выдатна, дзеці вас з цікавасцю слухаюць, усё сапраўды атрымліваецца, але вось на гэта і гэта… звярніце ўвагу”. Пасля такіх слоў хацелася працаваць яшчэ больш. І зараз гэты метад я ўзяла на ўзбраенне: наведваючы ўрокі калег, спачатку пералічваю станоўчыя моманты заняткаў, а потым ужо ненавязліва звяртаю ўвагу на недахопы, — каменціруе педагог. — Нашы настаўнікі як дзеці. Да кожнага трэба знайсці свой індывідуальны падыход, ведаць, каму і як падаць тую ці іншую інфармацыю. Важна заўсёды ўсміхацца: калі ты з добрым настроем і ўсмешкай ідзеш да людзей, гэта стварае перадумовы для размовы, і з табой хочацца ўзаемадзейнічаць. Кожнага з педагогаў абавязкова трэба пахваліць. Калі гаворыш настаўніку: “У вас абавязкова ўсё атрымаецца!”, ён пачынае верыць у свае сілы, у поспех. Я ніколі не адмаўляю педагогам у дапамозе, бо вельмі важна не пакідаць іх сам-насам са сваімі праблемамі. Ненавязліва падводжу настаўнікаў да новаўвядзенняў.
А іх у 1-й школе нямала. Ва ўстанове рэалізоўваецца праект “Здаровая школа”, галоўная ідэя якога — арганізацыя сумеснай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў, бацькоў, а таксама іншых зацікаўленых арганізацый у захаванні здароўя і фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця. Таксама дзейнічае эксперыментальны праект “Апрабацыя эксперыментальнай вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” з варыятыўным кампанентам “Хакей” для 1—3 класаў”. На павышэнне ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў накіраваны адукацыйны праект “Зялёныя школы”.
Часткай вучэбнага працэсу становіцца сёння і адукацыйная робататэхніка, паколькі яна звязана з прадметамі прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. У школе праводзяцца факультатыўныя заняткі і заняткі аб’яднанняў па інтарэсах з выкарыстаннем камплектаў ROBBO. Акрамя таго, з гэтага навучальнага года ў школе адкрыты клас інжынернай накіраванасці.
— Прытрымліваюся думкі, што ў школе варта дзейнічаць камандай, вельмі важна адчуваць падтрымку, узаемадапамогу калег, — адзначае Ала Васільеўна. — Мне камфортна працаваць пад кіраўніцтвам нашага таленавітага дырэктара Алены Церашчук у акружэнні творчых, адданых справе калег: намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Макарэвіч, настаўніцы біялогіі Наталлі Сагановіч, настаўніцы хіміі Любові Іванец, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Аляксандра Вакуліча, настаўніцы пачатковых класаў Алены Дакучыц, настаўніцы замежнай мовы Наталлі Янковіч і інш. У нас працуюць вопытныя настаўнікі (іх сярэдні ўзрост — 45 гадоў), так званы залаты фонд школы, менавіта таму бацькі выбіраюць нашу ўстанову і з ахвотай імкнуцца сюды трапіць.
Аптымістычны стыль
Акрамя таго што Ала Валінская займаецца адміністрацыйнай дзейнасцю, яна яшчэ вядзе ўрокі рускай мовы і літаратуры.
— Лягчэй бы адмовілася ад пасады намесніка дырэктара, а вось ад урокаў — не. Атрымліваю вялікае задавальненне ад работы з дзецьмі, рэалізоўваю сябе, — адзначае педагог. — У прынцыпе сённяшнія вучні нічым не адрозніваюцца ад тых, што былі раней. Калі кожнага з нас спытаць, які сённяшні вучань, усе адкажуць па-рознаму. Адны скажуць, што ён цікаўны, другія — развіты не па гадах, трэція — капрызны і разбэшчаны. І кожны будзе мець рацыю. Яны сапраўды розныя.
Сённяшнія вучні ўсё хочуць паспрабаваць на ўласным вопыце, хочуць усё і адразу, у іх новы, непадобны на наш стыль навучання. Яны нічога не баяцца. У іх ёсць самастойнасць, накіраванасць на будучыню, уменне хутка асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі. І мы, педагогі, павінны знайсці падыход да кожнага з іх, паказаць дзіцяці яго моцныя бакі, каб у яго з’явілася жаданне самарэалізавацца, дапамагчы знайсці сябе ў няпростым свеце.
Адзін з галоўных прынцыпаў работы педагога з навучэнцамі — шчырыя і чулыя адносіны з імі. Калі не будзе даверлівай сувязі паміж настаўнікам і вучнем, не будзе і выніку, лічыць А.В.Валінская. Цікава, што старшакласнікі па-добраму называюць свайго педагога Алачка Васільеўна. А яна вызначае свой стыль узаемаадносін з дзецьмі як аптымістычны. Кожнага навучэнца педагог уключае ў разнастайныя віды дзейнасці: вучэбную, пазнавальную, праектную, даследчую. Лічыць, што на сучасным этапе неабходна не толькі даць школьнікам максімальную колькасць ведаў, але і навучыць самастойна здабываць і аналізаваць інфармацыю. Для гэтага настаўніца выкарыстоўвае як традыцыйныя метады (слоўныя, наглядныя, практычныя), так і сучасныя (часткова-пошукавы). Найбольш прадукцыйныя з іх — інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення (“Дрэва прадказанняў”, “Фішбоўн”, “Сінквейн”, “Хачу — магу” і інш.), праектная тэхналогія, праблемнае навучанне, гульнявыя тэхналогіі (5—7 класы) і інш.
Вялікая сіла
Навучэнцы Алы Валінскай паспяхова ўдзельнічаюць у розных этапах рэспубліканскай алімпіяды. Педагог лічыць, што падрыхтоўка павінна быць сістэмнай і пачынацца з 5 класа, а яшчэ лепш — з пачатковай школы. Гэта доўгая і карпатлівая праца настаўніка і вучня пры падтрымцы бацькоў.
Сістэма падрыхтоўкі А.В.Валінскай уключае некалькі складнікаў. Па-першае, неабходна знайсці навучэнцаў, якія захоплены прадметам (педагог імкнецца зацікавіць дзяцей, паказаць, што ўсё можа быць лёгка і проста, толькі трэба крыху папрацаваць). Па-другое, пагутарыць з вучнем і, калі неабходна, з бацькамі пра магчымасці займацца дадаткова пасля заняткаў, напрыклад, у шосты школьны дзень. Па-трэцяе, адабраць матэрыял: алімпіядныя заданні розных гадоў, дапаможнікі, табліцы, схемы, тэсты, электронныя адукацыйныя рэсурсы і інш. Па-чацвёртае, практычна адпрацаваць матэрыял разам з вучнем (разабраць тэсты, прарашаць алімпіядныя заданні, успомніць тэорыю літаратуры, прааналізаваць вершы для напісання водгуку і г.д.). Па-пятае, весці пастаянны кантроль за самастойнай работай вучня, як гаворыцца, давярай, але правярай. Па-шостае, абавязкова ўлічваць псіхалагічны аспект (хачу, магу, ведаю). Акрамя таго, на кожным уроку важна ўдзяляць увагу алімпіядным заданням па раздзелах. Напрыклад, арфаэпічным дыктантам, заданням па фразеалогіі і інш.
— Трэба хваліць сваіх навучэнцаў і верыць, што кожны з іх таленавіты! А вера — вялікая сіла. Калі ты па-сапраўднаму верыш у сябе, у сваіх выхаванцаў, у цябе з’яўляецца столькі энергіі, што можна зрушыць горы, — заўважае Ала Васільеўна.
А каб не выгараць эмацыянальна, трэба даваць сабе адпачываць. У вольны ад работы час педагог любіць выязджаць на прыроду, наведваць тэатры і выставы, разгадваць крыжаванкі. Абстрагавацца ад работы дазваляе і ўдзел у жаночым вакальным калектыве “Сяброўкі” пад кіраўніцтвам Ганны Суханосік з народным і аўтарскім рэпертуарам. Тут Ала Валінская знайшла не толькі хобі па душы, але і сябровак па жыцці.
— Як яна ўсюды паспявае? — задаюцца пытаннем сябры і знаёмыя.
— Галоўнае — паставіць мэту. Ведаць, чаго вы хочаце дасягнуць, чаму навучыцца. Памятаць пра свае мэты і рухацца да іх дзень пры дні, бо рух — гэта жыццё. Няма часу стаяць на месцы, ёсць шмат нерэалізаваных планаў, якія патрабуюць пастаяннага самаўдасканалення і работы над сабой. І яшчэ — не баяцца прымаць рашэнні, — з усмешкай адказвае А.В.Валінская.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара