Яе выбар — няспыннае развіццё і актыўнасць

- 13:05Адукацыйная прастора

Настасся Валер’еўна Літвін тры гады працуе настаўніцай англійскай мовы ў сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка Карэлічы, што на Гродзеншчыне. За гэты час паспела на ўзроўні не толькі роднай установы адукацыі, але і раёна зарэкамендаваць сябе як вельмі адказны, ініцыятыўны і творчы педагог. Пра гэта красамоўна сведчаць і рознабаковая дзейнасць, і многія дасягненні маладой настаўніцы.

Настасся з дзяцінства хацела быць падобнай да сваіх педагогаў, гэтак жа тлумачыць дзецям штосьці новае, ставіць адзнакі і задаваць дамашняе заданне. Таму, калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, ніякіх сумненняў не было: будзе настаўніцай. У 2017 годзе скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць “Замежныя мовы (англійская, нямецкая)”.

З дыпломам Настасся Валер’еўна вярнулася на сваю малую радзіму, у Карэлічы. Яе месцам працы стала ўстанова, якую сама некалі скончыла. Была рада, што яе тут цёпла сустрэлі і заўсёды гатовы аказаць падтрымку. Аднак адчувалася вялікая адказнасць, хацелася апраўдаць давер, працаваць як мага лепш, на радасць сабе, дзецям і вопытным калегам — сваім былым настаўнікам. Так і атрымалася! Праз два гады Н.В.Літвін была занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Вядома ж, гэтая навіна парадавала ўвесь калектыў!

Настасся Валер’еўна прызнаецца: пачынаць не вучыцца самой, а вучыць іншых няпроста. Толькі збоку можа здацца, што ў некага ўсё праходзіць абсалютна гладка і беспраблемна. Аднак, на яе думку, не варта баяцца перамен і цяжкасцей, наадварот, да іх трэба адносіцца пазітыўна. Выхо­дзіць за межы сваёй зоны камфорту і набываць новы вопыт заўсёды цікава і карысна. Калі нешта не атрымліваецца, трэба паставіцца да гэтага спакойна і мэтанакіравана спрабаваць далей. А вось ад поспехаў у любой новай справе настаўніца адчувае асаблівае задавальненне і нахтняецца на далейшы рух. Калі зведаў іх, ужо не захочаш спыняцца на дасягнутым.

— Я аптымістычны і жыццярадасны чалавек, мне хочацца адкрываць для сябе штосьці новае, увесь час развівацца і самаўдасканальвацца, — расказвае Н.В.Літвін. — І гэта вельмі дапамагае ў працы. Дзеці адразу да мяне пацягнуліся. Стараюся не толькі вучыць іх англійскай мове, але і даваць важныя ўстаноўкі для далейшага самастойнага жыцця. У многім ад самога чалавека залежыць, як склаўся лёс і чым напоўнены яго дні, ці шчаслівы ён, ці змог рэалізавацца, ці ёсць у яго надзейныя сябры і цікавыя хобі…

У выкладанні англійскай мовы Настасся Валер’еўна робіць акцэнт на фарміраванні камунікатыўных навыкаў. У пачатковай школе арганізоўвае працэс навучання праз гульню. Ёй падабаецца бачыць жывыя зносіны, калі вучні актыўныя і стараюцца не гаварыць на замежнай мове завучаныя словы і выразы, а імправізаваць, выкладаць свае думкі.

Настасся Валер’еўна практыкуе разнастайныя метады і прыёмы арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Стварае ўмовы для павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне інтэлектульных размінак, займальнага і нагляднага матэрыялу, гульнявых момантаў. Шырока прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. З цікавасцю працуе над тэмай самаадукацыі “Выкарыстанне праектнай методыкі на вучэбных занятках па англійскай мове”.

— Я трэці год вывучаю праектную методыку, — дзеліцца Н.В.Літвін. — Спачатку ўнікала ў тэму, пераймала вопыт іншых педагогаў. Пасля пачала ўжо адаптаваць яго да сябе, рэалізоўваць сваё бачанне. З задавальненнем назіраю, што праектная методыка дае магчымасць значна павышаць пазнавальную актыўнасць вучняў, рабіць урок яркім і непрадказальным. Не выходзячы з класа, дзеці становяцца наведвальнікамі разнастайных віртуальных экскурсій і пляцовак, уключаюцца ў ролевыя гульні. Калі ствараеш нейкую новую, неардынарную сітуацыю зносін, адразу бачыш аддачу. Гэта выклікае вялікую цікавасць, вучні актыўна ўключаюцца ў размову на замежнай мове. У выніку 45 мінут урока пралятаюць для ўсіх непрыметна.

Яшчэ адзін важны момант, які настаўніца ніколі не пакідае без увагі, — камфортны маральна-псіхалагічны клімат у класе. Яна верыць у здольнасці кожнага дзіцяці і стараецца ўлічваць яго індывідуальныя асаблівасці. Кожны вучань — асоба са сваімі здольнасцямі, важна толькі даць яму магчымасць раскрыцца.

Тры працоўныя гады прайшлі хутка. Для Настассі Валер’еўны гэта вельмі каштоўны час пачатку працоўнай дзейнасці, які дапамог набыць вопыт, адчуць большую ўпэў­ненасць у сваіх сілах і нават адкрыць у сабе новыя таленты. Маладая настаўніца з самага пачатку імкнулася паспець многае, тым больш што кіраўніцтва школы падтрымлівае ўсе яе задумы і пачынанні. Сёння Н.В.Літвін з’яўляецца кіраўніком алімпіяднай групы і секцыі замежнай мовы вучэбна-даследчага таварыства вучняў “Юны даследчык”. Стала сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” у школе, актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях гэтага грамадскага аб’яднання.

Прымала ўдзел у маладзёжнай інтэлектуальнай гульні Science Quiz, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, фестывалі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку — 2019” і многіх іншых мерапрыемствах. У 2020 годзе прадстаўляла школу ў фінале раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэр­ства педагагічных работнікаў “Настаўнік года” ў намінацыі “Замежная мова”. А нядаўна яшчэ і атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— Калі мы самі не будзем ісці наперад, вучыцца, то за нас гэтага ніхто не зробіць! — заўважае настаўніца. — У дзяцін­стве я была даволі сарамлівай і спакойнай. Ужо ва ўніверсітэце захацелася па поўнай развіваць усе свае таленты, расправіць крылы. Настаўнік павін весці за сабой іншых, быць прыкладам. І паколькі я выбрала такую адказную прафесію, варта адпавядаць патрабаванням і ніколі не стаяць на месцы. Усім жадаю ў пэўны момант дазволіць сабе быць сабой, яркай і непаўторнай асобай, напоўніць сваё жыццё новымі фарбамі і станоўчымі эмоцыямі!

Настасся Валер’еўна ўпэўнена: у яе атрымліваецца выкладаць англійскую мову цікава і сучасна менавіта дзякуючы такой актыўнай пазіцыі. Мерапрыемствы, у якіх яна прымае ўдзел, дапамагаюць ёй знаходзіць новую, цікавую інфармацыю. Пасля яе можна прымяняць на ўроках, бо англійская мова — прадмет шматгранны.

Таццяна ШЫМКО.