Ягадка з характарам

- 11:55Спартыўныя падзеі

Для таго каб перамагаць у адным відзе спорту, патрэбны жаданне, настойлівасць і адданасць. Каб стаць чэмпіёнам у некалькіх, усё тое ж самае, але памножанае ў некалькі разоў. Сёння мы пазнаёмімся з Карынай Чаплінскай, якая сваімі дасягненнямі ў розных відах адзінаборстваў адпраўляе ў накаўт стэрэатып “барацьба не для жанчын”.

Новая спартыўная сям’я

Карына нарадзілася ў Брэсце і ў свае 19 гадоў працягвае жыць у родным горадзе. Спорт прыйшоў у яе жыццё даволі рана: у 4 гады дзяўчынка пачала займацца спартыўнай гімнастыкай, у 7 перайшла ў каратэ. Рашэнні прымалі бацькі, але Карына не адмаўлялася, бо разумела, што гэта падыходзіць ёй па характары. “Яны захацелі ад­даць мяне ў спорт, таму што, па-першае, гэта прывівае дысцыпліну, па-другое, я была вельмі актыўным дзіцем і трэба было кудысьці аддаваць сваю энергію. Бацькі не патрабавалі ад мяне дасягнення нейкіх вышынь”, — прыгадвае дзяўчына.

У 16 гадоў Карына сышла з каратэ і пачала займацца змешанымі адзінаборствамі. Атрымалася так: яе трэнеру патэлефанавалі, прапанавалі, каб дзяўчына паспрабавала сябе ў чымсьці іншым і з’ездзіла на спаборніцтвы па кікбоксінгу. Карына абмеркавала гэта з бацькамі, моцнай падтрымкі не адчула, але і забароны не было. Вырашыла па­спрабаваць. Пасля бою зразумела, што працягне выступаць у гэтым відзе спорту. “Мне заўсёды хацелася чагосьці большага, хацелася развівацца не ў адным напрамку. Усюды аднолькава б’юць, кідаюць і г.д., таму можна выступаць у розных відах спорту. Напрыклад, я ездзіла на спаборніцтвы па панкратыёне, ушу, рукапашным баі, боксе. Цяпер мне вельмі падабаецца кікбоксінг, хацелася б нечага дасягнуць яшчэ і ў ім”.

Пераход у змешаныя адзінаборствы даўся спартсменцы не надта цяжка. У фізічным плане ніякіх праблем не ўзнікла. Вывучэнне новай тэхнікі стала чарговай задачай, якую дзяўчына хутка і ўпэўнена вырашыла. Вось толькі псіхалагічна складана было расстацца з трэнерам, з якім Карына займалася столькі гадоў.

“Магу параіць паглядзець бой амерыканкі Роўз Намаюнас і полькі Джааны Янджэйчык за абарону тытула (UFC 223, 8 красавіка 2018 г. — Заўвага аўтара.). Яны паказалі неверагодную тэхніку і неверагодныя байцоўскія якасці. Валянціна Шаўчэнка з Кыргызстана праводзіць цікавыя баі. Мне падабаецца, бо ў яе ў прыярытэце ўдарная тэхніка. З новых вылучаюцца полька Арыяна Ліпскі і амерыканка Макензі Дзёрн. Прагляд відэа — гэта частка маёй падрыхтоўкі. Я магу паглядзець на бой з боку, заўважыць памылкі, каб потым старацца не дапускаць падобныя са сваімі саперніцамі.

Першыя заняткі ў брэсцкім клубе “Бусідо” (там трэніроўкі прахо­дзяць і зараз) Карыне запомніліся асаблівай атмасферай. “Я была ў захапленні. Мяне добра прынялі, падтрымалі, з’явілася адчуванне, што я ведаю ўсіх ужо вельмі доўга”.

Новы ўзровень

У 2019 годзе Карына дэбютавала як прафесіянал: правяла бой на GALA MMA TFL 19 у Любліне (Польшча). Яе саперніцай стала ўкраінка Алена Шыдлоўская. “Да гэтага бою я вельмі сур’ёзна падышла, — прыгадвае Карына, — ехала туды менавіта выйграць. Была вялікая падрыхтоўка, я ведала, што саперніца ў мяне няпростая. Алена высокая (прыкладна 175 см), гэта вельмі незвычайна, таму што для сваёй вагавой катэгорыі я лічуся даволі высокай (170 см). Мне трэба было крыху перабудаваць сваю манеру, мы прадумалі з трэнерам план. З першай секунды, калі я пайшла на ўзважванне, зразумела, што выйграю. Гэта было нейкае ўнутранае пачуццё. У актагоне адчула, што знаходжуся там, дзе трэба, што ўсё так і павінна быць”. Карына на тым турніры лічылася андэрдогам, на яе перамогу ніхто не ставіў, але брэсцкая спартсменка паказала свае здольнасці феерычным чынам: на 19-й секундзе сустрэчы адправіла саперніцу ў накаўт.

У другім баі, які прайшоў вясной гэтага года ў рамках мінскага турніру NFG 15, Карына сустрэлася з беларускай Ксеніяй Новікавай. “Праблема была ў тым, што пра гэтую дзяўчыну я вельмі мала ведала, таму яна стала катом у мяху. Яшчэ заўважыла, што была не ў лепшай сваёй форме, але вельмі рада, што ўсё склалася так, як склалася”. Карына атрымала другую перамогу. Наступны прафесіянальны бой спартсменка правя­дзе або пад канец лета, або ў пачатку восені.

Дарэчы, дзяўчына выступае пад мянушкай Малінка. Яе дапамаглі прыдумаць у клубе. Малінка, таму што прыйшла займацца маленькай. Ды і гучыць добра — Карынка-Малінка.

Яшчэ адна знакавая перамога — “золата” на чэмпіянаце свету сярод кадэтаў па панкратыёне. “Я выйграла чэмпіянат Беларусі, трапіла ў нацыянальную зборную і паехала ў 2018 годзе на першынство свету. Панкратыён — вельмі цікавы від спорту. Напэўна, ён найбольш набліжаны да ММА (змешаных адзінаборстваў. — Заўвага аўтара.), таму мне падабаецца”. Дзякуючы гэтай перамозе, у 2019 годзе Карына атрымала званне майстра спорту Беларусі.

Ніякіх традыцыйных рытуалаў перад боем ці талісманаў у дзяўчыны няма. Спартсменка лічыць, што ўсё залежыць толькі ад яе, а наяўнасць падобных рэчаў можа, наадварот, пашко­дзіць: калі не атрымаецца зрабіць рытуал ці талісман застанецца ў іншым горадзе, можна сябе накруціць і выйсці ў актагон з няправільнымі думкамі. “Калі я адчуваю, што перад боем трэба добра настроіцца, то нейкі час не размаўляю, не заходжу ў сацыяльныя сеткі. Шмат каму дапамагае музыка, але мне — не вельмі. Я проста адпачываю, эканомлю сілы. Разумею, што калі буду хвалявацца, то страчу энергію, таму лепш пайсці паспаць, а за гадзіну да бою добра размяцца і рыхтавацца”.

Калі глядзіш падобныя баі, здаецца, што ні мужчыны, ні жанчыны не баяцца атрымаць кулаком у твар ці ўпасці ад удару па назе. Таго патрабуюць спорт і гледачы, а што насамрэч адбываецца ў галаве байцоў, застаецца ў ёй жа. “Як бы гэта груба ні гучала, але не баіцца толькі дурань. Усе выходзяць у актагон адно аднаго біць, ніхто не бу­дзе цябе шкадаваць. Вядома, мне страшна перад боем, хоць з часам становіцца ўсё менш і менш, бо ты ведаеш, як сябе паводзіць”. На шчасце, страхі Карыны застаюцца толькі ў думках і сур’ёзных траўм у дзяўчыны не было.

Вучань — настаўнік

Карына заканчвае другі курс завочнага аддзялення Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Плюс працуе. Плюс трэніроўкі. Не кожны гатовы да такога насычанага раскладу дня, але дзяўчына сціпла гаворыць: “Пры­ходзіцца неяк выкручвацца”.

— У нас ёсць ранішняя і вячэрняя трэніроўкі. Звычайна абе­дзве праходзяць, калі наперадзе якія-небудзь спаборніцтвы. Займаемся амаль кожны дзень, часам можа быць адпачынак у суботу або нядзелю. Усё пачынаецца з размінкі, а далей залежыць ад сезона і плана трэнера. Калі лета, то гэта больш фізічная падрыхтоўка, красфіт, калі мы рыхтуемся да спаборніцтваў, то адточваем правілы таго віду спорту, па якім будзем выступаць, вывучаем сапернікаў, іх слабыя і моцныя бакі, — расказвае Карына.

З часам з такімі нагрузкамі звыкаешся, хоць бывае, што арганізм стамляецца. У такім выпадку спартсмены могуць сказаць пра гэта трэнеру, той прадаставіць адпачынак. Дапамагае аднавіцца лазня па пятніцах, а любімы спосаб Карыны — паплаваць у басейне.

Зараз з дзяўчынай працуюць тры трэнеры: Аляксандр Патрэйка, Ігар Глебік і Віктар Лісюк. Яны ўсе адказваюць за падрыхтоўку спартсменаў, але ў кожнага свой падыход. Няма такога, што адзін працуе над ударамі, другі — над сілай, трэці — над іншымі прыёмамі. Разам яны ствараюць паўнавартаснага спартсмена. “Мне цяжка назваць трэнераў проста трэнерамі. Яны становяцца роднымі, таму што ты з імі бачышся пастаянна, абмяркоўваеш і вырашаеш разам асабістыя пытанні. Абавязкова павінна быць сувязь “вучань — настаўнік”, зацікаўленасць з двух бакоў. Я адчуваю зацікаўленасць і веру ў мяне, яны надаюць сіл і дапамагаюць”.

“Лепш бы танцамі займалася”

Стэрэатыпы вакол жанчын і мужчын моцна абмяркоўваюцца ўжо некалькі гадоў. Спадзяюся, з кожным днём становіцца ўсе менш лю­дзей, якія думаюць, што жанчына павінна паступаць так, а мужчына — інакш. Калі б Карына прыслухоўвалася да падобных “парад”, то, напэўна, зараз бы займалася танцамі і не факт, што адчувала б сябе шчаслівай і тым больш была б чэмпіёнкай. Дзяўчына заўважае, што ўжо даўно не сутыкаецца з тымі, хто спрабуе адгаварыць яе ад баёў, хоць раней чула: “Ты ж дзяўчына, навошта яно табе трэба”, “Лепш бы танцамі займалася”. “Усе разумеюць, што гэта маё захапленне, гэта лад жыцця. Сябры нармальна ставяцца да таго, што часам у мяне няма вольнага часу з-за падрыхтоўкі да бою, што мне трэба сачыць за харчаваннем. Няма ніякіх крыўд. Бацькі таксама добра рэагуюць. Мама, праўда, пакуль не ведае выніку, не глядзіць бой, бо вельмі хвалюецца. Тата эмоцый асабліва не паказвае, але я ведаю, што ён вельмі рады, расказвае пра мяне сваім сябрам. Раней існавалі стэрэатыпы, але калі я пачала паказваць добрыя вынікі, то ўсе зразумелі, што, напэўна, гэта маё і адгаворваць ніякага сэнсу няма. Можа, меркаванне ў іх не памянялася, але мне ўжо на гэты конт ніхто нічога не кажа”. Увогуле, новыя знаёмыя Карыны не адразу вераць, што яна займаецца адзіна­борствамі, а калі разумеюць, што гэта праўда, то пачынаецца: “Табе зламаюць нос, навошта такую прыгажосць псаваць”, “Пакажы які-небудзь прыём”. На жаль, ва ўяўленні многіх жанчыны ў баях празмерна мускулістыя. Толькі слова “празмерна” тут лішняе. Любы спорт сам па сабе прымушае нарошчваць мышачную масу: без моцных рук не зрабіць добры ўдар (па саперніку, па мячы), без добрага прэса цяжка вытрымаць удар і г.д.

Нават пры размове становіцца зразумела: наколькі Карына моцная ў актагоне, настолькі яна моцная характарам. Сіла духу — якраз тое, што трэба байцу ў змешаных адзінаборствах. Дзяўчына не баіцца цяжкасцей, пройгрышаў, гэта, наадварот, падганяе, прымушае рабіць работу над памылкамі. Такі падыход рухае спартсменку наперад. “Я хачу атрымаць званне майстра спорту міжнароднага класа і весці прафесійную кар’еру ў змешаных адзінаборствах. Было б здорава папасці ў UFC. Калі не туды, то хаця б у Bellator MMA ці іншыя прамоўшны”. Пра свае мары па-за спортам Карына гаворыць адно: “Хачу быць шчаслівай. А я шчаслівая, калі з маімі роднымі ўсё добра і мне камфортна”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва К.Чаплінскай.