Яго прызначэнне

- 12:10Навіны рэгіёнаў

Як дасягнуць педагагічнага поспеху? Па меркаванні настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антона Лабаноўскага, адзінага алгарытму тут няма. Кожны педагог індывідуальны, таму трэба шукаць уласны шлях у прафесіі. Антон Мікалаевіч у гэтым плане імкнецца быць для сваіх вучняў чалавекам-прыкладам.

Настаўніцкая праца Антону Мікалаевічу ў радасць. Для яго гэта менавіта тая справа, да якой ляжыць душа. Свой прафесійны выбар Антон Лабаноўскі некалі рабіў па закліку сэрца. Яшчэ ў дзяцінстве ён цвёрда вырашыў, што будзе настаўнічаць. Ды і як інакш, калі перад вачыма быў прыклад выдатных педагогаў у асобе маці, бабулі і іншых сваякоў.

— Мая маці — Наталля Уладзіміраўна — настаўніца пачатковых класаў, бабуля была настаўніцай матэматыкі і працоўнага навучання, дзядзька — гісторык. Мне пашчасціла, бо я бачыў педагагічную прафесію, так бы мовіць, знутры. Разумеў, што гэта вельмі адказная праца. А вось выбар наконт прадмета я зрабіў толькі ў выпускным класе. Мне заўсёды падабаліся ў першую чаргу гуманітарныя навукі. Вельмі любіў чытаць. Прыгодніцкія творы, гістарычныя раманы заўсёды знаходзілі пачэснае месца на маёй палічцы, — расказвае Антон Мікалаевіч.

Доўгія зімовыя вечары юнака праходзілі за чытаннем. І ўсё часцей у яго руках, а потым і ў сэрцы, пачалі з’яўляцца творы беларускіх аўтараў.

— Я вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з вёскі Мішні Мсціслаўскага раёна Алёне Аляксандраўне Селязнёвай, якая своечасова звярнула на мяне ўвагу. Здаецца, зразумела, што я на правільным шляху. Дапамагла падрыхтавацца да тэсціравання, экзаменаў, якія я здаў на высокія балы. У тым ліку дзякуючы ёй педагагічны профіль мной быў абраны правільна, — кажа Антон Мікалаевіч.

Атрымаўшы школьны атэстат, Антон Лабаноўскі свядома працягнуў адукацыю на філалагічным факультэце МДУ імя А.Куляшова. Роздумаў наконт прафесійнай будучыні ў яго не ўзнікала. Паступаючы ва ўніверсітэт, ён марыў, што неўзабаве будзе прывіваць любоў да беларускага слова дзецям на ўласных уроках.

Мара хутка ажыццявілася. Незаўважна прайшоў час навучання, і дапытлівы студэнт Антон Лабаноўскі стаў маладым спецыялістам. Па размеркаванні настаўнічаць ён накіраваўся ў сярэднюю школу № 40 Магілёва. У пачатку педагагічнай дзейнасці ў яго ўзнікалі пэўныя цяжкасці.

— Вялікая колькасць інфармацыі, адказнасць за вучэбны працэс — першыя айсбергі для маладых настаўнікаў. Тэорыю методык выкладання трэба было прымяняць на практыцы. Кожны дзень адкрывалася нешта новае, замацоўвалася, паўтаралася. І гэта загартоўвала, выхоўвала, зацікаўлівала. Я не памылюся, калі скажу, што мне шанцуе на добрых людзей. Вельмі ўдзячны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Дзмітрыеўне Цімафеенка. Яе дапамога, рэкамендацыі, простая падтрымка вельмі паспрыялі майму прафесійнаму станаўленню. Яна дзялілася са мной сакрэтамі майстэрства, вучыла верыць у сябе, правільна вырашаць складаныя сітуацыі ў працы. За ўсё гэта я вельмі ёй удзячны, — адзначыў Антон Мікалаевіч.

Да ўдасканалення педагагічных навыкаў Антон Лабаноўскі мэтанакіравана імкнуўся і сам. Ды і зараз лічыць прафесійнае развіццё неабходным.

— Сучасны педагог павінен абавязкова ісці ў нагу з часам. Вывучаць, асвойваць новыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Але не менш важна любіць сваю працу, сваіх вучняў, напаўняць кожны ўрок творчасцю, каб дзецям хацелася вучыцца. Толькі такім чынам атрымаецца даць ім якасную адукацыю, — падкрэсліў педагог.

Праз некаторы час Антон Лабаноўскі змяніў месца працы. Ён застаўся верным прафесіі, але настаўнічаць вырашыў у Мяжысецкай сярэдняй школе.

— Я вясковы хлопец. Мяне пацягнула да каранёў. Захацелася вучыць дзяцей менавіта вясковых, такіх, якім калісьці быў сам. Самастойна пайшоў у аддзел адукацыі Магілёўскага раёна з просьбай накіраваць мяне ў найбліжэйшую вёску. У мяжысецкай школе я апынуўся ў сваёй талерцы. Ужо трэці год там працую. Я змяніў дарогу ў два прыпынкі ад дому да працы на 25 кіламетраў. Але маральнае захапленне пераважае над матэрыяльнымі затратамі на дарогу. Добры калектыў школы адразу прыняў да сябе. Дырэктар і завучы зацікавілі, захапілі і натхнілі на працу, — гаворыць Антон Мікалаевіч.

Свае ўрокі Антон Лабаноўскі заўсёды выразна прадумвае. З самых першых заняткаў педагог уключае вучняў у творчую дзейнасць, стварае сітуацыі, якія матывуюць на -самастойную здабычу ведаў, а не на атрыманне іх у гатовым выглядзе, вучыць аналізаваць, адстойваць свой пункт гледжання. Беларускую мову і літаратуру яго навучэнцы спасцігаюць пры дапамозе гульняў, дыскусій і дыялогаў, інтэрактыўных тэхналогій. Такая методыка робіць кожны ўрок непаўторным, непадобным на іншыя. Як вынік — вучні пакідаюць заняткі з важкім аб’ёмам новых ведаў, што станоўча ўплывае на паспяховасць.

Гэты неардынарны педагог цалкам захоплены сваім прадметам і ўмее зацікавіць ім навучэнцаў. Канкрэтнымі прыкладамі ён пераконвае дзяцей у тым, што вывучэнне мовы і літаратуры неабходна ўсім прысутным у класе, а рабіць гэта можна з задавальненнем. Увогуле, Антон Мікалаевіч упэўнены: захапіць вучобай можна любога вучня, трэба толькі знайсці да яго падыход.

— Паспяховасць урока цалкам залежыць ад педагога. Я як настаўнік беларускай мовы і літаратуры маю вялікі козыр у руках. Я адзіны ў школе, хто можа размаўляць па-беларуску свабодна, не прыпыняючыся, не шукаючы “ў кішэнях” беларускіх слоў. І гэта захапляе маіх вучняў. Многія пытаюць, ці ведаю я рускую мову. Часам прыходзіцца і схлусіць, што не ведаю, але гэта толькі на карысць, бо многія пачынаюць паўтараць за мной, просяць парэкамендаваць той ці іншы беларускі твор, — расказвае Антон Мікалаевіч.

Важным аспектам заняткаў малады настаўнік лічыць іх практыкаарыентаванасць. На яго думку, на ўроках трэба памятаць пра кампетэнтнасны падыход, пра міжпрадметныя сувязі.

— Педагог можа быць упэўненым у правільнасці і патрэбнасці сваёй методыкі навучання толькі тады, калі яго вучні здольны выкарыстаць свае веды і прымяніць іх у жыцці, — кажа Антон Мікалаевіч.

Нягледзячы на даволі вялікую адлегласць ад дома да школы, Антон Лабаноўскі часта сустракаецца з вучнямі ў пазаўрочны час. На такіх сустрэчах актыўна далучае дзяцей да беларускасці.

— У час правядзення тыдня беларускага пісьменства мы арганізавалі з вучнямі старшых класаў вечар беларускага кіно. Дзецям было цікава прыйсці ўвечары ў школу, паглядзець на вялізным экране фільм. Упэўнены, што дома не многія з іх рабілі б гэта. У суботні дзень разам з вучнямі мы прымаем удзел у агульнашкольных мерапрыемствах. І беларуская гаворка тады выходзіць за межы кабінета: яна можа гучаць на валейбольнай пляцоўцы, у актавай зале, на калідорах школы, — адзначае Антон Мікалаевіч.

Значную ўвагу ў сваёй дзейнасці педагог удзяляе працы з адоранымі дзецьмі. Разам з таленавітымі вучнямі ён пачынае рабіць крокі ў кірунку алімпіяднага руху. Не забываецца Антон Лабаноўскі і пра прафесійнае самаразвіццё, пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах, фестывалях, выступае з дакладамі і майстар-класамі для калег.

Сёння педагагічны стаж Антона Мікалаевіча складае ўсяго чатыры гады, а ён ужо здолеў дасягнуць пэўных працоўных перамог. Шматлікія дасягненні, несумненна, у яго наперадзе, бо малады настаўнік упэўнены: вучыць дзяцей — яго жыццёвае прызначэнне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва 
Антона ЛАБАНОЎСКАГА.