Сучасны педагог павінен быць прафесіяналам і прыкладам для пераймання, быць справядлівым, чулым, адказным і, што самае важнае, любіць выбраную справу і дзяцей. Такіх перакананняў прытрымліваецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 28 Магілёва, пераможца рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Аляксандр Лебедзеў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Знамянальная гутарка
Для сваіх вучняў Аляксандр Уладзіміравіч імкнецца быць менавіта такім педагогам. Настаўніцкая праца прыносіць яму сапраўднае задавальненне. Між тым у прафесію Аляксандр Лебедзеў трапіў выпадкова.
— У педагогіку прыходзяць па-рознаму. Як правіла, гэта мара, але ў мяне ўсё склалася інакш. Юнаком усур’ёз задумваўся аб тым, каб пайсці ў журналістыку, нават рабіў канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку: друкаваўся ў магілёўскіх газетах. Але ўсяго адна гутарка на выпускным у школе кардынальна змяніла мае памкненні. Тады аб далейшых жыццёвых планах я размаўляў са сваімі настаўнікамі Вольгай Іванаўнай Грыб, Людмілай Фёдараўнай Антоненка і Дзмітрыем Сяргеевічам Болбасам. Іх словы і парады вырашылі мой лёс, — падзяліўся ўспамінамі малады педагог.
Замест журфака Аляксандр Лебедзеў прыйшоў на філалагічны факультэт галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна — МДУ імя А.А.Куляшова. У якасці профілю выбраў родную мову і літаратуру.
— Аб тым у пэўным сэнсе спантанным выбары ні разу не пашкадаваў. Ужо на першым курсе зразумеў, што педагогіка — гэта маё. А пасля практыкі ўпэўніўся ў гэтым яшчэ больш. Вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, вучыць іх, весці па дарозе ведаў. Магчыма, любоў да дзяцей перадалася мне ў спадчыну ад мамы Валянціны Леанідаўны. Яна ў мяне выхавальніца дашкольнай адукацыі, — паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч.
Аляксандр Лебедзеў быў заўзятым студэнтам. У імкненні да авалодання прафесіяй яго падтрымлівалі выкладчыкі — Аляксандр Мікалаевіч Макарэвіч і Вячаслаў Іванавіч Караткевіч. Універсітэт скончыў з дыпломам з адзнакай, паспяхова прайшоў і магістратуру. Маладым спецыялістам трапіў у дваццаць восьмую школу горада. У гэтай навучальнай установе раскрывае свае прафесійныя грані і цяпер.
Свае прынцыпы
За плячыма Аляксандра Лебедзева ўжо восем гадоў плённай працы. У маладога настаўніка вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, значны вопыт работы і свае педагагічныя прынцыпы.
— Неверагодна захоплены працай, Аляксандр Уладзіміравіч умее ўстанавіць кантакт і знайсці агульную мову з усімі дзецьмі і бацькамі. Эфектыўна арганізоўвае як вучэбную, так і пазакласную дзейнасць. Гэта чалавек, які знаходзіцца на сваім месцы і знайшоў у педагогіцы сваё прызванне, — лічыць дырэктар сярэдняй школы № 28 Алена Анатольеўна Івашнёва.
У яе словах няма перабольшання. У школу Аляксандр Уладзіміравіч штодня ідзе з вялікім жаданнем, бо там яго заўсёды чакаюць вучні.
— Прафесія для мяне ў літаральным сэнсе прызванне душы. У нейкай іншай справе сябе нават не бачу. Бясконца люблю сваіх навучэнцаў. Дзеці і іх дасягненні — крыніца радасці і натхнення для мяне, — сказаў Аляксандр Лебедзеў.
На яго думку, паспяховае навучанне магчыма толькі праз наладжванне прыязных адносін паміж настаўнікам і вучнямі. Сярод яго педагагічных прынцыпаў у прыярытэце асабісты падыход да кожнага, улік індывідуальных здольнасцей і поўнае прыняцце дзяцей.
— І цяпер добра памятаю свой першы ўрок. Не толькі з-за хвалявання. У мяне тады ўсё пайшло не па плане, бо імкнуўся правесці заняткі па навуцы. Аднак не ўлічыў, што дзеці вельмі розныя і не падобныя адно да аднаго. З той пары ўрокі будую інакш: дыферэнцыравана, з увагай да асаблівасцей вучняў. Таксама імкнуся быць шчырым з навучэнцамі, бо менавіта такое ўзаемадзеянне часта становіцца лепшай матывацыяй да вучобы, — заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч.
Урокі Аляксандра Лебедзева — гэта заўсёды дыялог, дыскусія, вучнёўскія адкрыцці. Педагог вучыць дзяцей здабываць веды самастойна, прывівае ім навыкі выказвання і адстойвання свайго пункту гледжання. Для гэтага выкарыстоўвае розныя віды творчых работ, гульнявыя тэхналогіі, даследчыя метады, праблемна-пошукавыя заданні. Прычым гульні, тэсты ці задачы Аляксандр Уладзіміравіч распрацоўвае самастойна. Даволі часта яго ўрокі суправаджаюцца тэатральнымі пастаноўкамі.
— Гульні і элементы тэатра дапамагаюць павысіць зацікаўленасць вучняў. На жаль, родная мова становіцца для дзяцей падобнай да замежнай. Яны адарваны ад вытокаў, не чуюць беларускай гаворкі ў штодзённым жыцці. Па гэтай прычыне матывацыю да навучання павышаю і ўласным прыкладам. Размаўляю з навучэнцамі па-беларуску, дэманструю ім прыгажосць і мілагучнасць роднага слова. Усе намаганні ў сукупнасці прыносяць чаканы вынік. Хлопцы і дзяўчаты спрабуюць гаварыць на беларускай мове. Не ва ўсіх тое атрымліваецца, аднак яны стараюцца. Гэта неверагодна радуе, — расказаў Аляксандр Лебедзеў.
Ключык да кожнага
Калі на ўроках мовы першачарговае для Аляксандра Уладзіміравіча — веды, то на ўроках літаратуры — выхаванне. Галоўнае для яго ў правядзенні гэтых заняткаў — не пакінуць навучэнцаў раўнадушнымі. Педагог прымяняе адукацыйныя метады і прыёмы, скіраваныя на тое, каб навучыць дзяцей думаць і аналізаваць.
— Падчас урокаў літаратуры разам з вучнямі шмат разважаем. Нярэдка заняткі праходзяць у форме даследаванняў, што дапамагае навучыць дзяцей не проста чытаць, а разумець ідэю, бачыць слова, пачуцці і перажыванні герояў. Беларуская класіка адлюстроўвае жыццё нашага народа, шэраг твораў актуальныя і цяпер, у іх закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, — адзначыў Аляксандр Лебедзеў.
Дарэчы, выхаваннем вучняў Аляксандр Уладзіміравіч займаецца не толькі на занятках. Са сваімі навучэнцамі ён праводзіць амаль усе перапынкі, рэгулярна сустракаецца з імі і пасля ўрокаў. Па вечарах на школьным стадыёне ці ў спартзале яны разам гуляюць у футбол, на канікулах адпраўляюцца ў паходы, ладзяць сумесныя экскурсіі і вандроўкі па родным краі.
— Сёння шмат даводзіцца чуць размоў пра тое, што моладзь стала іншай. Я не згодны. Вучні па-ранейшаму добрыя, спагадлівыя, міласэрныя, працавітыя, але да кожнага з іх трэба знайсці ключык, здолець разгледзець іх унутраны свет. Падчас пазакласнай дзейнасці дзеці раскрываюцца. У такія моманты атрымліваецца аказаць уздзеянне на фарміраванне юнай асобы, прывіць навучэнцам правільныя каштоўнасці і арыенціры, развіць іх духоўна-маральныя і грамадзянска-патрыятычныя якасці, — перакананы Аляксандр Лебедзеў.
Самае галоўнае
Сярод прыярытэтаў у рабоце Аляксандр Лебедзеў называе раскрыццё вучнёўскіх здольнасцей. З адоранымі дзецьмі ён працуе індывідуальна на факультатывах і занятках, стараючыся максімальна раскрыць іх таленты. Дзякуючы захопленасці роднай мовай і літаратурай і ўменню захапіць імі дзяцей, у педагога гэта атрымліваецца. У апошнія гады яго навучэнцы — пастаянныя прызёры розных, у тым ліку заключнага, этапаў рэспубліканскага конкурсу даследчых работ.
Ключавым для сябе Аляксандр Уладзіміравіч лічыць прафесійнае самаразвіццё. Педагагічнае майстэрства ён удасканальвае бесперапынна: удзельнічае ў канферэнцыях, семінарах, конкурсах і майстар-класах, там дзеліцца сваім вопытам і пераймае напрацоўкі калег.
— На конкурс “Настаўнік года” ішоў якраз для павышэння прафесійнага ўзроўню. Перамога стала прыемнай нечаканасцю. Гэтая падзея для мяне вельмі знакавая. Яна акрыліла, стала пэўным імпульсам для далейшага руху наперад. Цяпер хочацца яшчэ больш развівацца, станавіцца лепшым для сваіх вучняў. Да гэтага імкнуся, бо адчуванне патрэбнасці дзецям, магчымасць уносіць уклад у іх станаўленне — самае галоўнае для мяне, — падкрэсліў Аляксандр Лебедзеў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара