Яго вялікасць Шклоўскі Агурок

- 17:34Родная земля, Рознае

Каб вызначыць адметнасці Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, дастаткова набраць на любым пошукавым сайце слова “Шклоў”. У якасці ілюстрацый абавязкова з’явяцца помнік Сямёну Гаўрылавічу Зорычу, мемарыяльны комплекс “Памяць”, Алея герояў, будынак Спаса-Праабражэнскага храма. А яшчэ інтэрнэт “выдасць” помнік агурку, будынак ратушы і герб з выявай вагаў — тры своеасаблівыя кіты-сімвалы, на якіх трымаецца турыстычная папулярнасць горада.

Зялёнае золата

З тым, што агурочная сталіца Беларусі — гэта Шклоў, не пагодзяцца жыхары Пінскага і Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці. Зразумець палешукоў можна: вялізныя парнікі плошчай у некалькі сотак — тут такія ж звычайныя гаспадарчыя пабудовы, як і хлявы, а вырошчванне “зялёнага золата” для многіх даўно стала сямейным бізнесам. Акрамя таго, парнік — выдатнае месца для працоўнага выхавання дзяцей, а догляд прышкольных цяпліц з’яўляецца ў гэтым рэгіёне Брэстчыны неад’емнай часткай летняй аздараўленчай кампаніі навучэнцаў. І ўсё ж масавае вырошчванне беларускіх агуркоў пачыналася не на берагах Прыпяці і Гарыні, а ў Прыдняпроўскім краі, там, дзе ўзвышаецца вежа славутай ратушы.
Нездарма ў Шклове ў 2007 годзе быў устаноўлены адзіны на Беларусі помнік агурку, які канчаткова замацаваў за горадам незвычайны статус. Арыгінальны помнік, а таксама велічны будынак ратушы — самыя вядомыя і пазнавальныя сімвалы Шклова. Іх выявы можна ўбачыць на турыстычных буклетах, інтэрнэт-парталах, праз гэтыя аб’екты абавязкова пралягаюць экскурсійныя маршруты. Канечне, нельга забываць і пра вагі — галоўны сімвал гарадскога герба.
Паміж агуркамі, ратушай і вагамі існуе своеасаблівая сувязь. Вагі вызначалі пакупніку неабходную колькасць агуркоў, што прадаваліся на рыначнай плошчы, якая размяшчалася каля ратушы. Так было, напрыклад, у ХІХ стагоддзі. Цяпер жа рыначнай плошчы няма, а вось вагі, агуркі і ратуша па-ранейшаму прыносяць карысць мясцоваму насельніцтву, у тым ліку дапамагаюць выхоўваць маладое пакаленне. Каб пераканацца ў гэтым, варта завітаць на мясцовы кірмаш і набыць смачныя агуркі, наведаць музей гімназіі Шклова, які размяшчаецца акурат у тых пакоях, дзе некалі засядала гарадская ўправа. А вось патрымаць старадаўнія металічныя вагі можна ў музеі Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12, што і робяць з задавальненнем навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі раёна, наведваючы своеасаблівую скарбніцу мінулага падчас традыцыйных экскурсій.

Трэці хлеб

Вырошчванне агуркоў — такі ж звычайны для шклаўчан занятак, як і догляд капусты, памідораў або перцаў. Жыхары раёна займаюцца гэтай справай не толькі на сваіх прысядзібных участках. Напрыклад, настаўнікі і вучні адточваюць фермерскае майстэрства на прышкольных агародах і ў цяпліцах. Асабліва багатым ураджаем ганарацца калектывы сельскіх устаноў адукацыі. Гэта і нядзіўна, агарод (няхай і невялікі) — неад’емная частка вясковага жыцця. У дачыненні да Шклоўскага раёна, побач са словам “агарод” варта паставіць і слова “парнік”. Агарод, парнік — усё гэта тэрыторыя выхаваўчай работы для педагогаў сярэдняй школы № 4 Шклова.
Пачыналася агурочная справа ў 90-я гады, калі на прышкольным участку быў узведзены своеасаблівы цагляны палац, пакрыты шклом, з унутраным паравым ацяпленнем. Вось толькі жылі ў гэтым незвычайным палацы не людзі, а паважныя агуркі-паны, помнік аднаму з якіх стаіць у цэнтры горада. Вырошчваннем агуркоў займалася ўся школа. За кожным класам быў замацаваны пэўны ўчастак (некалькі радкоў). Цэгла, шкло, паравое ацяпленне — усё гэта дазваляла збіраць першы ўраджай ужо ў маі. Усё “зялёнае золата”, вырашчанае на працягу сезона, ужывалася як у чыстым выглядзе, так і ў засоленым. Праца ў настаўнікаў і вучняў, тэхнічнага персаналу дазваляла есці смачныя агуркі ўсе 365 дзён, рабіла школьнае харчаванне больш танным.
З цягам часу ўтрымліваць цяпліцу-палац стала фінансава нявыгадна, і цяпер агуркі вырошчваюцца на адкрытым грунце. Канечне, ураджай зменшыўся, аднак і яго хапае, каб смачныя агуркі з’яўляліся ў школьнай сталовай на вучнёўскіх талерках ад сезона да сезона.
— Вырошчваннем агуркоў нашы людзі займаюцца з даўніх часоў. Цяпер мы, праўда, канкурыруем з пінскімі агуркамі, а калісьці толькі шклоўскі агурок лічыўся эталонам якасці. Як і раней, вырашчаная прадукцыя рэалізоўваецца на шклоўскім кірмашы, у Оршы, Магілёве, Талачыне. Самым прыбытковым месцам продажу быў калісьці Піцер. Цяпер туды едуць хіба што толькі перакупшчыкі, а вось у гады маладосці маёй бабулі ў пасляваенны час, каб зарабіць грошы на тканіну, з якой потым шылі адзенне, людзі загружалі ў цягнік па два-тры мяшкі і ехалі з імі на бераг Нявы. І так за сезон некалькі разоў. Шклаўчане амаль цэлае лета праводзілі ў Піцеры, бо прадаваўся тавар не за адзін дзень. У тыя часы была крыху іншая тэхналогія вырошчвання агуркоў. Плёнкі не было, і насенне, не купленае, а сабранае з мінулагодняга ўраджаю, саджалі ў адкрыты грунт. Гэтай справай займалася і я разам з бацькамі, калі вучылася ў школе. Памятаю, як мы грузілі ў “Запарожац” дзевяць мяшкоў, садзіліся туды самі, бралі і маю стрыечную сястру Наталлю і ехалі ў Оршу або Магілёў. Так бацькі прывучалі нас да працавітасці, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Шклова Марына Анатольеўна Леснічэнка.
Агурок з салам, агурок з бульбай, агурок з мёдам, ды і, нарэшце, проста агурок, пасыпаны соллю, — неад’емная частка паўсядзённай ежы шклаўчан. Для жыхароў раёна агурок з’яўляецца трэцім хлебам. Вырошчванне гэтага “хлеба” ніколі не было лёгкай справай, асабліва няпроста працаваць у парніку. Каб прапалоць і паліць грады, абрэзаць пажаўцелае лісце, трэба ўставаць літаральна з сонцам, бо потым у поўдзень знаходзіцца ў парніку немагчыма.

Як швейцарскі гадзіннік

Калі з першым, самым галоўным, сімвалам горада можна пазнаёміцца на гарадскім кірмашы, прышкольным участку або на цэнтральнай плошчы, дзе стаіць помнік яго вялікасці Шклоўскаму Агурку, то з двума астатнімі (вагамі і ратушай) — у музеі Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 і на тэрыторыі гімназіі Шклова.
Нагода завітаць у шклоўскі ліцэй з’явілася яшчэ ў 2009 годзе, калі кіраўнік музея Аляксандр Пятровіч Грудзіна прапанаваў для друку ў “Настаўніцкай газеце” змястоўны матэрыял пра мінулае горада. Тады педагог і запрасіў у родны Шклоў, пры гэтым адзначыўшы, што падарожжа будзе цікавым, запомніцца і наведванне музея. Усё спраў-дзілася… Асабліва ўразілі калекцыі салдацкіх узнагарод (унікальных, савецка-фінскай вайны) і старадаўніх вагаў, сярод якіх і драўляныя, што былі папулярнымі да з’яўлення металічных, адлюстраваных на гербе горада.
— Я таксама спачатку думаў, што гэта драўляны малаток, аднак, аказалася, што вагі. Вагу тавару па ім вызначалі не гірамі, а з дапамогай спецыяльных рысак, якія наносіліся на адну з драўляных частак гэтага “малатка”. А вось і тыя самыя, што адлюстраваны на гербе Шклова, — паведаміў Аляксандр Пятровіч, а потым пачаў, як сапраўдны гандляр, правяраць дакладнасць вагаў. — Працуюць, як швейцарскі гадзіннік!
Урачыстае адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея адбылося 8 мая 2005 года. Дзейсную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі аказалі не толькі выкладчыкі і навучэнцы ліцэя, але і былы выпускнік установы адукацыі Сяргей Уладзіміравіч Харланцьеў.
— Гэты неабыякавы чалавек і аматар гісторыі, асабліва ваеннай, перадаў нам шмат экспанатаў, што непасрэдна адносяцца да Вялікай Айчыннай вайны. Значную частку прадметаў у першы раздзел музея перадалі і ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Пошук”, які ўзначальвае Валерый Мікалаевіч Сёмушкін. Цяпер актыўным зборам экспанатаў займаюцца навучэнцы, інжынерна-педагагічныя работнікі, — паведаміў Аляксандр Пятровіч.
Адметнасць гэтага музея ў тым, што знаходзіцца ён у звычайным блочным нумары ліцэйскага інтэрната. Два пакоі — адпаведна, і два раздзелы. Хаця ў першай частцы экс-пазіцыі ёсць яшчэ і міні-раздзел — стылізаваная салдацкая зямлянка, якая абсталявана ў нішы, дзе навучэнцы звычайна вешаюць адзенне. Тут таксама ёсць адзенне, праўда, ваеннае, салдацкае, на стале — сродкі сувязі часоў Вялікай Айчыннай вайны, знакамітая газовачка з гільзы.
Другі раздзел прысвечаны этнаграфіі і быту. Яго экспанаты расказваюць пра гісторыю горада і ўстановы адукацыі. Тут таксама свой міні-раздзел — макет сялянскай хаты, складзены з натуральнага бярвення. У сярэдзіне чорна-белыя даваенныя фотаздымкі шклаўчан, стол, вырабы з тканіны і швейная машынка “Орша”, якая, па словах Аляксандра Пятровіча, працавала ў свой час не горш за знакаміты “Зінгер”. У другім раздзеле музейнай экспазіцыі захоўваецца і калекцыя старадаўніх вагаў.
— Пасля адкрыцця музея ў нашай навучальнай установе склалася пэўная сістэма выхаваўчай работы. Для тых, хто ўпершыню пераступіў парог ліцэя, куратары груп у першы месяц вучобы арганізоўваюць экскурсію. Навучэнцы аглядаюць дзве залы, потым удзельнічаюць у распрацаванай Саветам музея пешаходнай экскурсіі “Залатое кола, або залаты квартал Шклова” па цэнтральнай частцы горада. У адпаведнасці з планам работы, кожны год у ліцэі праходзяць канферэнцыі, круглыя сталы і віктарыны па гісторыка-краязнаўчай тэматыцы. Стварэнне музея дало новыя магчымасці педагагічнаму калектыву, сабраны матэрыял выкарыстоўваецца на занятках гуманітарнага цыкла, у выхаваўчай рабоце, — адзначыў педагог.
Пры музеі дзейнічае краязнаўчы гурток, удзельнікі якога праводзяць даследчую работу, вывучаюць мінулае роднай зямлі. Напрыклад, Аляксей Ткаленка і Аляксей Цітоў у рабоце “Гэты дзень Перамогі…” на аснове ўспамінаў сведкаў і гістарычных крыніц падрабязна апісалі вызваленне Шклова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Грунтоўная работа была адзначана дыпломамі VI Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу па айчыннай гісторыі, які праводзіўся з нагоды 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўключылі ў праграму Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая праходзіла ў лістападзе 2008 года, даследчую работу “Лёс яўрэйскага насельніцтва ў кантэксце гістарычнага, эканамічнага і культурнага жыцця горада Шклова”.
— Цяпер савет музея праводзіць работу па набыцці старажытных і рэдкіх кніг і афармленні адпаведнай музейнай выставы. Сярод экспанатаў кнігі маю ць асаблівую каштоўнасць. У мінулым навучальным годзе экспазіцыя папоўнілася і міні-выставай “З гісторыі вымяральна-вылічальнай тэхнікі”, — расказвае Аляксандр Пятровіч.

Сустрэча з таямніцай

У педагогаў-музейшчыкаў ніколі не ўзнікае праблем з наборам экскурсаводаў. І прычын тут некалькі, назавём дзве асноўныя. Па-першае, праводзячы экскурсію, вучань можа паспрабаваць свае акцёрскія здольнасці, а па-другое, пошук і збор экспанатаў — гэта заўсёды сустрэча з таямніцай. Ты не ведаеш, што цябе чакае на гарышчы закінутага дома або літаральна пад нагамі, дзе, напрыклад, некалі знаходзілася старадаўняе паселішча, а цяпер пралягае гарадская вуліца.
— Яшчэ ў пачатку стварэння нашага музея навучэнцы прынеслі і перадалі ў фонд старадаўні абраз, намаляваны на дошках прыкладна ў пачатку ХІХ стагоддзя. Паступова яго стан пачаў пагаршацца, фарба асыпалася. На рэстаўрацыю экспаната патрабаваліся вялікія грошы, таму на пасяджэнні Савета музея было вырашана вярнуць абраз вернікам. У мінулым годзе гэтая ўрачыстасць адбылася ў шклоўскім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла, — паведаміў Аляксандр Пятровіч.
Падобных гісторый кіраўнік музея гімназіі Шклова настаўнік гісторыі Валерый Уладзіміравіч Губін можа расказаць дзясяткі, літаральна пра кожны экспанат. Узяць для прыкладу вялізны камень, які датуецца 1681 годам. Ён быў знойдзены ў падвале старой гасцініцы навучэнцамі гімназіі непадалёк ад будынка ратушы. Разам з вучнямі настаўнік пагрузіў камень на вазок і прывёз у музей. Цяпер валун займае пачэснае месца ў экспазіцыі. Многія прадметы трапілі ў музей з тэрыторыі былой рыначнай плошчы (цяпер гэта дворык гімназіі).
Ідэя стварэння гісторыка-краязнаўчага музея ўзнікла ў Валерыя Уладзіміравіча Губіна пасля таго, як у 1999 годзе будынак ратушы быў перададзены ўстанове адукацыі. Калі вяліся рамонтныя работы, навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніка ў рамках абласной экспедыцыі “Наш край Прыдняпроўскі” пачалі актыўна збіраць экспанаты. Памяшканне, дзе некалі засядала гарадская ўправа, паступова папаўнялася прадметамі даўніны, і ў пачатку 2003 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Спачатку прадстаўленыя экспанаты былі прысвечаны выключна этнаграфіі, гісторыі ратушы, развіццю хрысціянства на шклоўскай зямлі, маёнтку Крывашэіна. Сярод вялікай колькасці экспанатаў сустракаюцца не толькі ўнікальныя, але і арыгінальныя. У першую чаргу гэта макеты ратушы, млына, царквы, сялянскай хаты, створаныя рукамі навучэнцаў.
З цягам часу музей папаўняўся новымі экспанатамі, многія з якіх адносіліся да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Нядзіўна, што праз год, 7 мая, была адкрыта і другая экспазіцыя. Прадстаўленыя тут прадметы расказваюць пра пачатак вайны, змаганне з ворагам, дзейнасць партызанскай брыгады “Чэкіст”. Сабраны матэрыял аформлены ў альбом “Брыгада “Чэкіст”, а таксама “Зброя Перамогі”.
Трэцяя экспазіцыя прысвечана гісторыі ўстановы адукацыі. Пра мінулае гімназіі расказваюць шматлікія граматы, падручнікі розных эпох, фотаздымкі выпускных класаў, у тым ліку класа Валерыя Уладзіміравіча.
— Магчымасці музея актыўна выкарыстоўваюцца на занятках па гісторыі. Вучнёўскім актывам музея напісаны рэфераты па археалагічных помніках раёна, сімвалах і гістарычных помніках горада, Магілёўшчыны ў гады вайны 1812 года, пра тапанімічныя назвы роднай зямлі, пра дзейнасць Зорыча, кінаакцёра Алейнікава, разведчыка Эйцінгона, пра беларускія абрады і народныя інструменты, — паведаміў настаўнік.

Кірмашовыя “прыемнасці”

Праўду кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Менавіта так можна сказаць пра музей шклоўскай гімназіі. Чым слухаць або чытаць пра тое, што захоўваецца ў яго фондах, лепш адправіцца ў падарожжа на Шклоўшчыну і абавязкова зайсці ў будынак былой ратушы. Уваходзіць мы будзем праз тую ж арку, дзе ідуць на заняткі настаўнікі і вучні, а раней заязджалі купцы, якія дастаўлялі свой тавар па Дняпры і сухапутнымі шляхамі на рыначную плошчу Шклова — аднаго з гандлёвых цэнтраў Прыдняпроўя. Калі б мы змаглі здзейсніць падарожжа ў часе і перанесліся гадоў гэтак на 150 назад, то замест гімназічнага кабінета хіміі, напэўна, трапілі ў аптэку, кабінет беларускай мовы і літаратуры дзівосным чынам ператварыўся б у краму з тканымі вырабамі, у тым ліку ручнікамі, прыкладна такімі, што цяпер упрыгожваюць тут стылізаваную сялянскую хату. І, канечне, мы б пакаштавалі смачныя агуркі, неабходную колькасць якіх для нас узважылі б ужо знаёмымі бязменамі.

Напрыканцы камандзіровачнага падарожжа па агурочнай сталіцы Беларусі разам з намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы сярэдняй школы № 4 Шклова Уладзімірам Пятровічам Васільевым мы павіталіся з бронзавым панам-агурком, сказалі “добры дзень” і былому ўладальніку Шклова Сямёну Гаўрылавічу Зорычу, помнік якому ўпрыгожвае гарадскі парк. Дзякуючы гэтаму знакамітаму ваеннаму дзеячу ў канцы XVIII стагоддзя, Шклоў дасягнуў свайго росквіту. Тут быў адкрыты кадэцкі корпус, пачаў працаваць тэатр, імкліва развіваўся гандаль. І хто ведае, магчыма, рукамі самога Сямёна Гаўрылавіча ва ўрадлівую шклоўскую глебу было ўпершыню пасаджана агурочнае насенне.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.