“Ягуар” набірае хуткасць

- 11:35Якасць адукацыі

У намінацыі “Аўтамабільныя тэхналогіі” спіс удзельнікаў рэспубліканскай каманды для ўдзелу ў чэмпіянаце WorldSkills цалкам складаецца з выхаванцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя М.С.Высоцкага. Адны з іх яшчэ вучацца ва ўстанове, другія ўжо скончылі навучанне і сёння працуюць. Некаторыя прозвішчы вядомы яшчэ з мінулагодняга I Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus. Гэта Павел Хмялеўскі і Арцём Кругляеўскі, якія занялі прызавыя месцы ў чэмпіянаце, уступіўшы толькі прадстаўніку Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Абодва хлопцы сёння працуюць слесарамі па рамонце аўтамабіляў на вядомым прадпрыемстве “Атлант-М Брытанія”. Астатнія ўдзельнікі каманды яшчэ вучацца ў каледжы. Сярод іх Дзмітрый Насікоўскі, Ягор Сямак, Мікіта Вуячыч (дарэчы, унук знакамітага Віктара Вуячыча, што ўдвая прыемна).

Такі высокі гонар уваходзіць у склад нацыянальнай каманды WorldSkills навучальная ўстанова па праву заслужыла, гэта яшчэ адна прыступка прафесійнага росту яе калектыву, знак якасці ўстановы ў падрыхтоўцы кадраў для аўтамабільнай галіны. Каледж за сваю 70-гадовую гісторыю (юбілей будзе адзначацца ў канцы гэтага года) ужо набыў такі высокі аўтарытэт у сістэме адукацыі і ў заказчыкаў кадраў, што сумнявацца ў ім не прыходзіцца. Бадай, самая адметная рыса калектыву ўстановы пад кіраўніцтвам дырэктара В.Р.Кірыленкі — быць, як кажуць, у тэме, не стаяць на месцы, а аператыўна рэагаваць на запыты нашай эканомікі. Яшчэ адным пацвярджэннем такой пазіцыі з’яўляецца стварэнне ў каледжы рэсурснага цэнтра па рамонце і тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў, аснашчэнне якога пачалося ў мінулым годзе і працягваецца сёння.
— Рост аўтамабільнага парка ў нашай краіне і ўскладненне канструкцыі аўтамабіляў патрабуе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія павінны ўмець выконваць усе віды рамонтных работ, умець дыягнаставаць, абслугоўваць аўтамабілі, а таксама арганізоўваць усе гэтыя працэсы, — адзначыў Валерый Рыгоравіч. — Падрыхтоўка рабочых кадраў і спецыялістаў неабходнай кваліфікацыі магчыма толькі ў сучасным высокатэхналагічным адукацыйным асяроддзі, якім і з’яўляецца рэсурсны цэнтр. Ён дазваляе нашым выхаванцам працаваць са спецыялізаванай сучаснай дыягнастычнай тэхнікай, рэальным аўтамабілем, што спрыяе эфектыўнаму засваенню на практыцы прафесійных навыкаў па рамонце і тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў. Такую ж магчымасць маюць спецыялісты і рабочыя аўтасэрвісу, якія могуць прайсці ў рэсурсным цэнтры павышэнне кваліфікацыі на самым сучасным абсталяванні, якое не заўсёды ёсць не толькі ў навучальных установах, але і на прадпрыемствах. Сарыентаванасць рэсурснага цэнтра на сучасныя методыкі выкладання і сучаснае высокатэхналагічнае вучэбнае абсталяванне дазваляюць фарміраваць у навучэнцаў менавіта тыя прафесійныя кампетэнцыі, якія сёння неабходны нашай эканоміцы.
У рэсурсным цэнтры каледжа асноўны ўпор зроблены на вучэбнае і прафесійнае абсталяванне для дыягностыкі электронных сістэм аўтамабіля. З гэтай мэтай набыта навейшае абсталяванне для правядзення дыягнастычных работ. Асноўным пастаўшчыком абсталявання для рэсурснага цэнтра выступіла Магілёўскае навукова-вытворчае аб’яднанне “НВА Цэнтр”, якое займаецца вытворчасцю вучэбнага абсталявання і выйграла тэндар па аснашчэнні рэсурснага цэнтра мінскага каледжа. З боку ўстановы было складзена тэхнічнае заданне, згодна з якім прадпрыемства стварыла спецыяльныя стэнды па ўстройстве, рамонце і дыягностыцы аўтамабіляў, якія ўяўляюць сабой разрэзы вузлоў, сістэм і агрэгатаў і якія для большай нагляднасці можна прывесці ў дзеянне.
Нядаўна рэсурсны цэнтр быў дааснашчаны сучасным стапелем для правядзення прафесійнага кузаўнога рамонту. Сёння, калі ў Мінску ніводная ўстанова прафесійнай адукацыі не рыхтуе кадры для правядзення кузаўнога рамонту, гэты кірунак вельмі актуальны. У будучым у каледжы плануецца набыць фарбавальную камеру, каб можна было прафесійна пафарбаваць аўтамабіль, папярэдне падрыхтаваўшы яго да гэтай аперацыі.
Рэсурсны цэнтр шырока выкарыстоўваецца для навучання як выхаванцаў каледжа, так і рабочых і спецыялістаў аўтасэрвісу, якія працуюць на станцыях тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і хочуць прайсці павышэнне кваліфікацыі на базе рэсурснага цэнтра каледжа. Акрамя таго, ва ўстанове гатовы прымаць навучэнцаў і педагогаў іншых устаноў такога ж профілю і прадаставіць ім усе ўмовы для азнаямлення і навучання на дыягнастычным абсталяванні рэсурснага цэнтра.
Выкладчык каледжа Алег Валер’евіч Царук, які выступае на спаборніцтвах WorldSkills у ролі эксперта, расказаў, што падрыхтоўка ўдзельнікаў конкурсу вядзецца па двух напрамках — тэарэтычным і практычным. Усе неабходныя тэарэтычныя веды, якія тычацца кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”, дакладна вывучаюцца і потым адпрацоўваюцца на рэальным абсталяванні рэсурснага цэнтра — на вучэбных стэндах, дыягнастычных сродках, на рэальным аўтамабілі. На сённяшні дзень ад арганізатараў сусветнага конкурсу WorldSkills паступіла тэхнічнае апісанне пяці конкурсных заданняў, якія будуць прапанаваны канкурсантам падчас спаборніцтва і кожнае з якіх мае сваю накіраванасць. Алег Валер’евіч у агульных рысах апісаў гэтыя заданні. Так, у прыватнасці, першае заданне прысвечана дыягностыцы электронных сістэм кіравання рухавіком. На сайце конкурсу ўжо выкладзены пералік абсталявання, неабходнага для выканання гэтага задання, і трэба заўважыць, што ў каледжы ёсць у асноўным усё абсталяванне, якое адпавядае таму, што будзе заяўлена на міжнародным спаборніцтве. Другое заданне прысвечана правядзенню дыягностыкі рулявога кіравання і тармазной сістэмы. Паводле трэцяга задання, удзельніку спаборніцтва неабходна будзе адрамантаваць механічную частку рухавіка ўнутранага згарання, а для гэтага спачатку трэба разабраць яго, правесці дэфектацыю (працэс выяўлення няспраўнасцей у агрэгатах і дэталях аўтамабіля) і потым сабраць рухавік. Чацвёртае заданне прысвечана рамонту механічнай каробкі перадач, а пятае — пошуку і ліквідацыі няспраўнасцей у сістэме электраабсталявання.
Што тычыцца мадэлей аўтамабіляў, на якіх удзельнікі спаборніцтва будуць выконваць гэтыя заданні, то плануецца, што ўсе яны будуць амерыканскіх фірм-вытворцаў і не раней 2014 года выпуску. Прыкладна гэта будзе аўтамабіль Ford Fusion, які выпускае Ford Motor Company.
Патрэніравацца на аўтамабілях такога класа альбо класа ніжэйшага ўдзельнікі спаборніцтва могуць на базавых прадпрыемствах, на станцыях тэхабслугоўвання ў Мінску. Намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Віктар Пятровіч Ісакаў расказаў, што каледж з кожным годам развіваецца і супрацоўнічае з прадпрыемствамі аўтасэрвісу як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці, буйнымі і невялікімі. Самае галоўнае — кожнае з іх прадастаўляе рабочае месца навучэнцам каледжа для праходжання практыкі і потым далейшага працаўладкавання. Тым самым каледж выконвае адну з асноўных умоў сённяшняга навучання — яго практыканакіраванасць, каб цалкам адпавядаць запытам наймальнікаў кадраў.
У час навучання выхаванцы каледжа праходзяць тры віды практыкі на прадпрыемстве: на атрыманне рабочай прафесіі, тэхналагічную і пераддыпломную. Адным з такіх прадпрыемсваў, якія працуюць у цесным кантакце з каледжам, з’яўляецца прадпрыемства “Атлант-М Брытанія”, якое прадастаўляе ўсе ўмовы для праходжання практыкі навучэнцам і многіх з выпускнікоў каледжа ўключыла ў свой працоўны калектыў. Аднымі з такіх маладых рабочых з’яўляюцца Павел Хмялеўскі (спецыяльнасць “Аўтасэрвіс”) і Арцём Кругляеўскі (спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”). Абодва хлопцы добра зарэкамендавалі сябе на практыцы на гэтым прадпрыемстве, і іх потым прынялі на працу ў якасці аўтамеханікаў.
— Сёння нам цяжка знайсці аўтамабіль для дыягнаставання, — расказаў Віктар Пятровіч. — Сучасныя аўтамабілі настолькі дасканалыя, што нават пры прабегу ў 200—300 тысяч кіламетраў рухавік у іх яшчэ ні разу не рамантаваўся. Таму навучэнцам цяжка прадыягнаставаць аўтамабіль такога класа для падрыхтоўкі да конкурсу, і па магчымасці менавіта такія прадпрыемствы, як аўтацэнтр “Атлант-М Брытанія”, дапамагаюць нашаму каледжу. У аўтапарку гэтага прадпрыемства ёсць “ягуар” і іншыя аўтамабілі амерыканскай вытворчасці, якія можна выкарыстаць для адпрацоўкі практычных навыкаў.
Важна адзначыць і той момант, што падчас працы на рэальным прадпрыемстве рабочыя пераадольваюць псіхалагічны бар’ер і пры тэхнічным абслугоўванні дарагога аўтамабіля пазбаўляюцца боязі яго сапсаваць. Акрамя таго, тэхнічная дакументацыя да аўтамабіля часцей за ўсё падаецца на англійскай мове, таму і гэтая ўмова міжнароднага спаборніцтва на веданне тэхнічнай тэрміналогіі на англійскай мове таксама выконваецца за кошт рэальнага прадпрыемства. Адметна і тое, што на прадпрыемстве рабочы набывае вопыт у працэсе зносін з уладальнікам аўтамабіля і тым самым прывыкае да публічных зносін, якія, безумоўна, будуць у час конкурсу такога маштабу.
Усе гэтыя навыкі, якія падмацоўваюцца ў калектыве прадпрыемства, фарміруюцца ў рэсурсным цэнтры каледжа. Першы крок да гэтага навучэнцы робяць у класе тэарэтычнай падрыхтоўкі цэнтра, у якім размяшчаюцца стэнды агрэгатаў і камп’ютарная тэхніка. На ноўтбуках устаноўлена праграмнае забеспячэнне па аўтадыягностыцы, якое дазваляе навучэнцам віртуальна адпрацоўваць практычныя ўменні. Гэтая праграма прадстаўляе падкапотную прастору аўтамабіля з бензінавым рухавіком і панэль прыбораў віртуальнага дыягнастычнага абсталявання. Навучэнцу прадастаўляецца спраўны віртуальны аўтамабіль. Выкладчык у сваю чаргу ўносіць у яго няспраўнасці, і аўтамабіль перастае заводзіцца і глохне альбо заводзіцца з цяжкасцю. Навучэнец, выкарыстоўваючы віртуальныя дыягнастычныя сродкі, знаходзіць гэтую няспраўнасць і запаўняе даныя праведзенай віртуальнай дыягностыкі. Ацэньванне выкананага задання праводзіць выкладчык, а падстрахоўку гэтага ацэньвання і дасягнення найбольшай аб’ектыўнасці ацэнкі ажыццяўляе сама праграма на ноўтбуку, якая аўтаматычна ацэньвае навучэнца.
Пасля тэарэтычнага класа навучэнца чакаюць у рэсурсным цэнтры некалькі лабараторый: Uni Train, лабараторыя электронных сістэм, лабараторыя дыягностыкі і лабараторыя паліўнай апаратуры. Па сутнасці, назва кожнай лабараторыі гаворыць сама за сябе і прадстаўляе асноўныя этапы рамонтных і дыягнастычных работ. Напрыклад, у лабараторыі дыягностыкі навучэнец дыягнастуе рэальны аўтамабіль з дапамогай рэальнага абсталявання. Рэальны аўтамабіль дае магчымасць убачыць усе яго асноўныя вузлы. У сістэму кіравання рухавіком аўтамабіля ўбудаваны блок імітацыі няспраўнасцей. Выкладчык з дапамогай тумблераў уносіць іх у аўтамабіль. Навучэнец бярэ дыягнастычнае абсталяванне — матор-тэстар, падключае да аўтамабіля і пачынае паэтапную і паэлементную дыягностыку для вызначэння няспраўнасці. Вынікі работы навучэнец паказвае выкладчыку, які вызначае, ці правільна выканана заданне.
У лабараторыі паліўнай апаратуры прадстаўлены два сучасныя прафесійныя стэнды для праверкі паліўнай апаратуры. Адзін стэнд існуе для праверкі інжэктараў і фарсунак дызельных рухавікоў, другі — для праверкі паліўных насосаў высокага ціску і інжэктараў пэўнага тыпу. Стэнд уяўляе сабой корпус, камп’ютар, стапель для ўстаноўкі той ці іншай дэталі. Пасля ўстаноўкі, напрыклад, фарсункі яе нумар уносіцца ў праграму, якая ўстаноўлена ў камп’ютары, і стэнд сам аўтаматычна правярае гэтую фарсунку на спраўнасць. Дыягност толькі назірае за працэсам. Пасля гэтага складаецца пратакол, дзе параметры фарсункі, якія знаходзяцца ў норме, абазначаны зялёнай птушачкай, а тыя, якія выйшлі за межы, — чырвонай. Дыягност выводзіць пратакол на паперу і аддае слесару для далейшай работы. Трэба заўважыць, што пасля рамонту фарсункі згодна такой тэхналогіі яна мае гарантыю безадказнай працы на працягу аднаго года (без такога абсталявання звычайна месяц). Як бачна, цэнтр абсталяваны найноўшым дыягнастычным абсталяваннем сусветнага класа, працаваць на якім чалавек, які спецыяльна не падрыхтаваны, не зможа. Таму каледж не шкадуе ні часу, ні сродкаў, каб выкладчыкі, якія вучаць навучэнцаў на гэтым абсталяванні, атрымалі падрыхтоўку менавіта на тых фірмах, якія з’яўляюцца вытворцамі гэтага абсталявання.Такую падрыхтоўку ўжо неаднаразова прайшлі А.В.Царук, К.Р.Шайтар, В.І.Мілановіч.
Мяркуючы па той грунтоўнай мэтананакіраванай дзейнасці, якая сёння праводзіцца ў Мінскім аўтамеханічным каледжы, можна быць упэўненым, што выхаванцы ўстановы прадэманструюць сваю высакаякасную падрыхтоўку на чэмпіянаце свету WorldSkills і ў далейшым на прадпрыемствах аўтамабільнай галіны.

Ала КЛЮЙКО.