Як абнаўляюць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі на Міёршчыне

- 12:27Планерка

Пра рамонты, абнаўленне матэрыяльна­-тэхнічнай базы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з начальнікам аддзела па адукацыі Міёрскага райвыканкама Уладзіславам Кашкурам.

Сістэма адукацыі Міёршчыны прадстаўлена 20 установамі, з іх 6 дашкольных і 11 школ, раённыя сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтры дзяцей і моладзі, карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Педкалектыў аб’ядноўвае больш за 420 адданых сваёй справе прафесіяналаў. Сёлета ў раён накіраваны 4 маладыя спецыялісты. Да адукацыйнага працэсу прыступілі амаль 500 выхаванцаў дашкольных устаноў і звыш 1,7 тысячы навучэнцаў, з якіх 164 — першакласнікі.

— Уладзіслаў Часлававіч, установы адукацыі раёна сустрэлі навучальны год у значна абноўленым выглядзе. Дзе адбыліся найбольш істотныя змяненні?

— За кошт бюджэтных сродкаў праведзены бягучы рамонт спартыўнай залы, сталовай, калідораў і памяшканняў міёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі, участка даху і памяшканняў у тамбуры ў Чапукоўскай сярэдняй школе, рамонт даху ў Дзісненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза М.А.Кузьміна, замена аконных блокаў у міёрскім дзіцячым садзе № 1, дзвярэй уваходнай групы ў Дзісненскім дзіцячым са­дзе. Акрамя таго, выкананы работы па капітальным рамонце цеплавой сеткі ў першым корпусе міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына.

Варта дадаць, што ў падрыхтоўцы да навучальнага года ўдзельнічалі не толькі спецыялісты арганізацый, якія ажыццяўлялі рамонты, але і нашы работнікі, а таксама школьнікі.

У рамках другаснай занятасці навучэнцаў былі выкананы работы на 3 аб’ектах устаноў адукацыі ў перыяд вясновых канікул (асвоена больш за 4 тысячы рублёў) і на 3 аб’ектах устаноў адукацыі ў перыяд летніх канікул (асвоена амаль 10,8 тысячы рублёў). Па меры неабходнасці рамантуем асфальтавае пакрыццё прышкольных тэрыторый. Набылі і ўстанавілі вулічнае гульнявое абсталяванне ў міёрскім дзіцячым са­дзе № 1 і Узмёнскай базавай школе, ценявыя навесы — у раённым ЦКРНіР, Узмёнскай базавай і Чапукоўскай сярэдняй школах. Планамерна працуем над абсталяваннем аб’ектаў адукацыі сучаснымі сістэмамі бяспекі. Напрыклад, на чарзе — устаноўка дамафоннай сістэмы ў Дзісненскім дзіцячым садзе.

— Ці закранула абнаўленне парк школьных аўтобусаў?

— У бясплатнай перавозцы навучэнцаў ва ўстановы адукацыі задзейнічана 19 аўтобусаў, з якіх 3 рэзервовыя. Згодна з патрабаваннямі бяс­пекі, усе яны абсталяваны відэарэгістратарамі.

Да 1 верасня аўтапарк папоўнілі набытыя на сродкі рэспубліканскага бюджэту чатыры МАЗ-257S40 на 31 пасадачнае месца кожны. Новыя аўтобусы ажыццяўляюць падвоз навучэнцаў Новапагосцкай сярэдняй школы імя Г.І.Цітовіча, Чапукоўскай сярэдняй і Узмёнскай базавай школ, міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына.

Заменены аўтобус на спецыялізаваны аўтатранспарт з пад’ёмнікам для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў ЦКРНіР.

— У абедзеннай зале Дзісненскай сярэдняй школы імя М.А.Кузьміна прыцягнула ўвагу новая мэбля…

— Удасканальванне харчаблокаў устаноў адукацыі ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі — на пастаянным кантролі. За студзень — ліпень 2025 года былі праведзены рамонт вентыляцыйных сістэм на харчаблоках міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына, Новапагосцкай сярэдняй школы імя Г.І.Цітовіча, міёрскага дзіцячага сада № 3. У Міёрах набыты і падключаны да работы машына па перапрацоўцы агародніны ў сярэдняй школе № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі і пасудамыечная машына ў сярэдняй школе № 2 імя М.Р.Ізварына. Параканвектаматы ўстаноўлены ў Новапагосцкай сярэдняй школе імя Г.І.Ці­товіча і Чапукоўскай сярэдняй школе. Пры падрыхтоўцы да навучальнага года набыта халадзільная шафа ў міёрскі дзіцячы сад № 2. Калі спыніцца канкрэтна на абнаўленні мэблі, то гаворка, канечне ж, не выключна пра сталовыя: у школах з’явіліся новыя вучнёўскія камплекты і шафы для захоўвання інвентару, а ў Дзісненскай сярэдняй школе імя М.А.Кузьміна — новая мэбля ў настаўніцкай. Абнаўляем таксама камп’ютарную тэхніку, сантэхнічнае абсталяванне і свяцільні, сталовы посуд, спартыўны інвентар.

— Наколькі актыўна дапамага­юць у развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы шэфы і сацыяльныя партнёры?

— Важкую падтрымку да навучальнага года аказалі шэфскія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і арганізацыі. Беларусбанкам прадастаўлена спонсарская дапамога ў памеры 4000 руб­лёў для міёрскага дзіцячага сада № 1 на замену дзвярных блокаў. Сродкі спонсарскай дапамогі ад прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “МИРТЕКОН” у памеры 2970,87 рублёў накіраваны ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі: набыты трэнажор, міні-стэпер, модульны дыванок, вертыкалізатар нахільны. За кошт бюджэту ў ЦКРНіР закуплены для інвалідаў і маламабільных груп лесвіцаход коштам 7,06 тысячы руб­лёў. Дарэчы, ёсць добрыя прыклады, калі ўстановы адукацыі самі знаходзяць сродкі дзякуючы дасягнутым поспехам па розных напрамках. Так, за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” міёрская сярэдняя школа № 2 імя М.Р.Ізварына заахвочана сертыфікатам на 4000 рублёў на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыя запланавана на 4 квартал.

— Чашнікі сустрэнуць 4 кастрычніка абласныя “Дажынкі”. Між тым сталіцай фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ў наступным го­дзе вызначаны Міёры. Калі стартуе пад­рыхтоўка?

— Яна ўжо вядзецца. Зразумела, мы актыўна ўключаны ў працэс. Традыцыйна ў падрыхтоўку да абласных “Дажынак” уваходзяць у тым ліку грунтоўныя рамонты, пераабсталяванне і добраўпарадкаванне на аб’ектах сістэмы адукацыі. Не стану забягаць наперад і раскрываць дэталі, але ўпэўнены, што праз год нам будзе чым прыемна ўразіць як жыхароў, так і гас­цей Міёраў. Будзем рады падзяліцца навінамі з “Настаўніцкай газетай”. Сучасная матэрыяльна-тэхнічная база — неад’емны складнік якаснай адукацыі. Падсумоўваючы сказанае, хочацца прывесці словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: “Адукацыя — падмурак грамадства, пропуск для дзяржавы і ўсёй нацыі ў заўтрашні дзень”. Я жадаю ўсім нам умацоў­ваць гэты падмурак штодзённай якаснай працай, каб ганарыцца роднай краінай, сваёй прафесіяй!

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара