Як адпачываюць “Патрыёты”

- 11:13Выхаванне

Канікулы ў значна большай ступені, чым вучоба ў школе, адпавядаюць патрэбам дзіцяці ў свабодзе: гэта тычыцца і выбару цікавай для яго дзейнасці, і развіцця інтарэсаў. Выхаваўчая прастора аздараўленчага лагера якраз прадастаўляе дзецям магчымасць асабістага выбару дзейнасці, спрыяе творчасці, дапамагае станаўленню асобы дзіцяці ў працэсе сацыяльнага ўзаемадзеяння.

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці размешчаны ў лясным масіве каля возера Свіцязь. У 2-й змене адпачываюць 129 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца ў школах раёна. Змена профільная, патрыятычнай накіраванасці і носіць назву “Патрыёты”. Праграма лагера складаецца з тэматычных дзён, кожны з якіх мае сваю назву. Паколькі змена выпала на святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з іх так і называўся — “Дзень Незалежнасці”. У яго рамках хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў акцыі “Спяём гімн разам”, флэшмобе “Мая Беларусь”, аглядзе строю і песні, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Надзейныя памочнікі ў арганізацыі профільнай змены — раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і раённы аддзел унутраных спраў. Мерапрыемствы “Дня ратавальніка” і “Дня бяспекі” — паказ аварыйна-выратавальнай тэхнікі, хвілінкі бяспекі “Арыенціры бяспекі”, квест-гульня “Ану, ратавальнікі” — былі па-сапраўднаму цікавымі не толькі для хлопчыкаў, але і дзяўчынак.

Летняя аздараўленчая кампанія 2018 года рэалізоўваецца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма — эстафета карысных спраў”. Насычаныя мерапрыемствамі “Дзень роднай мовы” і “Дзень малой радзімы” — акцыя “Гаворым па-беларуску”, краязнаўчая прагулка “Свіцязь — жамчужына беларускага краю”, вечарына да 220-годдзя з дня нараджэння А.Міцкевіча, які згадваў Свіцязь у сваёй паэме “Свіцязянка”, квест-гульня “Маршруты роднага краю” дазваляюць адкрываць невядомыя старонкі ў гісторыі і тапаніміцы роднага краю.
Наперадзе многа цікавых спраў: і традыцыйны канцэрт выхавальнікаў, і “Дзень ваеннага”, і разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы. Галоўнае, каб адпачынак у лагеры быў не толькі карысным для здароўя, але і садзейнічаў выхаванню сапраўдных патрыётаў краіны.

Наталля АДАМУШКА,
начальнік ДАЛ “Вясёлка” Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.