Як бачыць робат?

Сучасныя трэнды і новыя лічбавыя тэхналогіі ў школе 

У сталіцы на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій гімназіі № 13, сярэдніх школ №№ 30 і 55 прайшла выстава “Новыя лічбавыя тэхналогіі ў школе” ў межах узаемадзеяння з прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. У ёй прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінска.

Спецыялісты прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва сумесна з навукова-адукацыйным цэнтрам МДТУ імя М.Э.Баўмана з мэтай навукова-метадычнай падтрымкі, абмену і распаўсюджвання інавацыйнага вопыту правялі шэраг мерапрыемстваў. Падчас адкрытых лекцый і майстар-класаў удзельнікі выставы пазнаёміліся з сучаснымі трэндамі і новымі лічбавымі тэхналогіямі, што выкарыстоўваюцца ў школе, біятэхналогіямі, тэхналогіямі 3D-мадэлявання, стварэннем неіснуючых матэрыялаў на аснове лічбавага матэрыялазнаўства, сучаснымі метадамі 3D-друку і г.д.  

На базе гімназіі № 13 менеджар ААТ “ВР Канцэпт” Вікторыя Клюева правяла майстар-клас па 3D-ручках. Падчас яго навучэнцы зразумелі, што маляваць у паветры — гэта рэальна. Спачатку дзеці пазнаёміліся з ручкай і матэрыяламі — рознымі відамі пластыку. Яны асвоілі азы стварэння малюнкаў з дапамогай тэхнікі 2D, а затым перайшлі да больш складанага фармату — трохмерных мадэлей, даведаліся пра маленькія хітрыкі работы з трафарэтамі і шаблонамі і стварылі штосьці сваё, эксклюзіўнае. Па выніках майстар-класа кожны ўдзельнік атрымаў сувенір, зроблены сваімі рукамі з дапамогай адытыўных тэхналогій. 

Цікавым і змястоўным стаў майстар-клас у віртуальнай рэальнасці “Практыкум па лічбавым матэрыялазнаўстве ў VR для студэнтаў і вучняў рускіх школ за мяжой”. Яго ўдзельнікі яшчэ раз упэўніліся ў тым, што кампазіцыйныя матэрыялы — матэрыялы будучыні, кампазіты валодаюць унікальнымі ўласцівасцямі, якія дазваляюць ім быць больш трывалымі і лягчэйшымі за традыцыйныя матэрыялы. Яшчэ нядаўна гэтыя матэрыялы прымяняліся ў асноўным пры вырабе тэхнікі спецыяльнага прызначэння, такой як касмічныя апараты, ракеты, самалёты і гоначныя баліды. А зараз мы можам сустрэць кампазіты ў нашым штодзённым жыцці, напрыклад у метро, падчас заняткаў спортам і пры будаўніцтве будынкаў. Для знаёмства з вакуумнай інфузіяй — адным з метадаў вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў — навучэнцам прапанавалі перамясціцца ў віртуальную лабараторыю і ў фармаце VR прайсці працэс ад пачатку да канца. 

На майстар-класе “Знаёмства з мікракантролерамі на практыцы”, які правёў тэхнолаг ТАА “НІАГАРА” Юрый Клімовіч, школьнікі пагрузіліся ў свет праграмавання мікракантролераў: пазнаёміліся з іх відамі, даведаліся аб магчымасцях і нават напісалі сваю першую праграму для мікракантролера Arduino. Не пакінуў абыякавым удзельнікаў майстар-клас “Як бачыць робат? Знаёмства з камп’ютарным зрокам”. Навучэнцы даведаліся, як устроена выява і пазнаёміліся з інструментамі апрацоўкі выяў, якія прымяняюцца ў рэальных беспілотных аўтамабілях для распазнавання аб’ектаў навакольнага асяроддзя (вядучы — галоўны інжынер ТАА “СКСХД” Анастасій Кудраўцаў).

На базе Цэнтра інфармацыйных тэхналогій МГІРА былі арганізаваны адкрытыя лекцыі. Так, для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, настаўнікаў інфарматыкі, кіраўнікоў гурткоў прайшла лекцыя “VR для тэхнічнай адукацыі ў школе”, якую правёў старшы выкладчык МДТУ імя М.Э.Баўмана Андрэй Новікаў. Навучэнцы ж былі запрошаны на лекцыю “Як навучыць старшакласнікаў і студэнтаў рабоце з сучаснымі лічбавымі інструментамі: камп’ютарным зрокам, нейроннымі сеткамі, машынным навучаннем і штучным інтэлектам” . 

— У сучасным свеце тэмы штучнага інтэлекту на слыху абсалютна ва ўсіх, — адзначыла начальнік аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных тэхналогій МГІРА Алена Емяльянава. — Вопыт паказвае, што эфектыўна вучыць рабоце з асновамі штучнага інтэлекту і прымяняць іх у школьных праектах умеюць адзінкі. Пры гэтым большасць і старшакласнікаў, і настаўнікаў, і студэнтаў не валодаюць нават базавымі ведамі ў гэтых галінах. Таму тэму і ўключылі ў праграму выставы. Падчас лекцыі былі разгледжаны існуючыя спосабы навучання рабоце з нейроннымі сеткамі, камп’ютарным і асновамі штучнага інтэлекту, іх моцныя і слабыя бакі і праблемы ўкаранення. 

Педагогі прайшлі навучанне па эксплуатацыі лічбавага навукова-адукацыйнага стэнда па стварэнні кампазітных вырабаў метадам вакуумнай інфузіі ў межах майстар-класа “Інтэграцыя лічбавага матэрыялазнаўства ў адукацыю”.

Запамінальныя майстар-класы былі арганізаваны для навучэнцаў і ў сярэдняй школе № 55. Малекулярная кухня — гэта раздзел трафалогіі (навукі аб прадуктах харчавання), які вывучае фізічныя і хімічныя працэсы падчас гатавання ежы. Найважнейшымі прынцыпамі малекулярнай кулінарыі з’яўляюцца павышэнне харчовай і біялагічнай каштоўнасці гатовых страў і вырабаў, а таксама паляпшэнне працэсаў стрававання і засваяльнасці прадуктаў. Падчас майстар-класа “Сучасныя трэнды і новыя лічбавыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў школе на прыкладзе біятэхналогій” школьнікі навучыліся рабіць рознакаляровыя мармеладныя спагеці і штучную ікру, а таксама раскрылі сакрэты харчовых Е-дабавак і мікрахвалевых печаў. Усе рэцэпты, прадэманстраваныя на занятках, можна было паўтарыць у дамашніх умовах.

Удзельнікі майстар-класа па 3D-мадэляванні і адытыўных тэхналогіях даведаліся, што 3D-мадэляванне — гэта працэс стварэння трохмернай мадэлі аб’екта. Задача 3D-мадэлявання — распрацаваць аб’ёмны візуальны вобраз жаданага аб’екта. З дапамогай трохмернай графікі можна стварыць дакладную копію прадмета, існуючага ў рэальнасці, ці распрацаваць штосьці зусім новае і фантастычнае. Пачаўся майстар-клас з асваення элементарных пытанняў, затым яго ўдзельнікі стварылі ўласную 3D-мадэль, абапіраючыся на атрыманыя веды і ўяўленне. Яны ўпэўніліся, што 3D-мадэляванне — гэта сапраўднае мастацтва, якое адкрывае шырокія перспектывы для тых, хто вырашыў яго асвоіць. 

На базе сярэдняй школы № 30 педагогам была прадстаўлена адкрытая лекцыя “Шлях развіцця навучэнца ў падводнай робататэхніцы: ад простага да складанага”. Падводная робататэхніка — трэнд № 1 у сучаснай дадатковай адукацыі. У ходзе лекцыі разглядаліся рэальныя праекты і адукацыйныя курсы наступнага ўзроўню ведаў, якімі можна захапіць навучэнцаў. Усе прапанаваныя праекты прадугледжвалі хуткае асваенне настаўнікамі работы з найбольш запатрабаванымі лічбавымі інструментамі: нейроннымі сеткамі, машынным навучаннем і штучным інтэлектам і г.д. і далейшую перадачу гэтых ведаў. Былі таксама падрабязна разгледжаны спосабы выкладання і ўкаранення ў адукацыйны працэс гэтых тэм на прыкладзе стварэння і праграмавання падводнага робата. 

Для самых юных даследчыкаў, якія жадаюць кіраваць сапраўднымі робатамі і вырашаць няпростыя задачы, быў арганізаваны майстар-клас па LEGO-робататэхніцы. Яго ўдзельнікі паспрабавалі прайсці паласу перашкод, падрыхтаваную навучэнцамі “Інжынірыума МДТУ імя М.Э.Баўмана”. Задача была не з лёгкіх: маршрут і ўзровень яго складанасці рэгуляваўся ў залежнасці ад узросту ўдзельнікаў. Школьнікі даведаліся цікавыя факты пра робататэхніку, убачылі, якіх робатаў збіраюць вучні на занятках у тэхнапарку і маглі паспаборнічаць у хуткасці і дакладнасці праходжання маршруту.

Удзельнікі праведзенай выставы адзначылі яе актуальнасць, своечасовасць і практыка-арыентаваны характар, а таксама вялізны патэнцыял лічбавых тэхналогій, які пакуль яшчэ не ў поўнай меры выкарыстоўваецца ў нашай адукацыйнай практыцы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.