Як чэхі рускую мову вучылі

Амаль два тыдні правялі ў Гомелі студэнты двух чэшскіх універсітэтаў.

Двое юнакоў і тры дзяўчыны прыехалі ў Беларусь у рамках Міжнароднай летняй школы рускай мовы ALBARUTHENIA, якая сёлета адкрылася на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Дзяўчаты рыхтуюцца ў будучыні ста ць перакладчыкамі. Зараз яны праходзяць першы год навучання ў магістратуры на філасофскім факультэце Універсітэта Палацкага, які заснаваны ў XVI стагоддзі і сёння з’яўляецца адным з галоўных адукацыйных цэнтраў у Чэхіі. Акрамя англійскай мовы, у праграме навучання тры славянскія — польская, руская і ўкраінская.

Хлопцы — студэнты тэхнічнага ўніверсітэта горада Брно, які, дарэчы, з’яўляецца другім па велічыні тэхнічным універсітэтам Чэшскай Рэспублікі. Яны — будучыя праграмісты, кажуць, што валоданне рускай мовай для іх важна, паколькі ў рускамоўных краінах даволі развітая ІТ-сфера.

— Я вывучаў рускую мову ў сярэдняй школе, але ўжо ўсё забыў, — гаворыць Ян Валоцкі. — Цяпер спрабую ўспамінаць, у мяне ёсць мэта авалодаць яшчэ адной замежнай мовай, і я выбраў менавіта рускую.

Нягледзячы на пэўнае падабенства дзвюх славянскіх моў — чэшскай і рускай, замежным гасцям усё ж спачатку было нялёгка разумець выкладчыкаў і беларускіх равеснікаў. Дапамагалі валанцёры — студэнткі факультэта замежных моў гомельскага ўніверсітэта. Аднак у апошнія дні летняй школы і самі яе ўдзельнікі, і арганізатары маг-лі бачыць вынік сваёй 10-дзённай работы. Неабходна сказаць, што філалагічны факультэт падрыхтаваў для чэшскіх студэнтаў даволі насычаную праграму. Штодзень нязменна 4 гадзіны адводзілася на курс рускай мовы. Тэарэтычныя веды засвойвалі з дапамогай дацэнта кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Арцёма Стрыжака. А ўвесь астатні час быў аддадзены моўнай практыцы. Праўда, гэта былі не проста нейкія гутаркі на зададзеныя тэмы. Гутарковую рускую мову чэхі спасцігалі падчас экскурсій у музеі Гомеля і Гомельскага дзяржуніверсітэта, на майстар-класах і творчых мерапрыемствах.

Напрыклад, у адзін з цёплых вечароў гомельскія студэнты запрасілі замежных гасцей да сябе, дзе на кухні ў звычайнай кватэры разам гатавалі вячэру. У меню значыліся беларускія дранікі. Гэта быў сапраўды цікавы майстар-клас: гуртам абіралі бульбу, дралі яе на тарцы і пяклі на патэльні духмяныя бульбяныя аладкі. Такой стравай чэхі частаваліся ўпершыню, і яна ім прыйшлася даспадобы.

Не менш уражанняў атрымалі ўдзельнікі летняй школы ад майстар-класа па вырабе народных лялек, які правяла настаўніца гісторыі гімназіі № 51 Гомеля Ірына Кротава. Яна сама захапляецца даўнімі традыцыямі і робіць дзіўных лялек згодна з правіламі, закладзенымі продкамі. Шмат цікавага пра беларускі народ хлопцы і дзяўчаты даведаліся пры наведванні філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава і фабрыкі мастацкіх вырабаў “Любна”. А іх уражанні аб Беларусі не абмежаваліся толькі Гомелем, бо ад зін дзень праграмы школы ўключаў паездку ў Мінск. Было таксама нямала маленькіх дзівосных гісторый, якія заўсёды складаюць карціну ўспамінаў і застаюцца ў памяці доўгі час. Часцей за ўсё гэтыя гісторыі тычыліся менавіта дзвюх славянскіх моў. З аднаго боку, нечым падобныя, з другога — так шмат слоў, якія гучаць аднолькава, але маюць розныя значэнні, што можна скласці слоўнік па руска-чэшскай аманіміі. Дарэчы, у культурную праграму развітальнага вечара арганізатары ўключылі віктарыну па аманіміі, што стала добрым замацаваннем матэрыялу.

Правёўшы ў Беларусі амаль 2 тыдні, будучыя чэшскія перакладчыкі і праграмісты адзначылі, што, хаця ў іх і было зусім мала вольнага часу, яны атрымалі тое, за чым прыехалі: павысілі ўзровень рускай мовы, азнаёміліся з культурай і традыцыямі яшчэ адной славянскай краіны.

— Было вельмі цікава працаваць з чэшскімі студэнтамі, — дзеліцца ўражаннямі дэкан філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алена Палуян. — Яны старанныя, зацікаўленыя, дапытлівыя, задаюць шмат пытанняў, параўноўваюць.

Для філфака Міжнародная летняя школа была першай спробай, і яна аказалася вельмі ўдалай. Алена Мікалаеўна паведаміла, што работа факультэта ў гэтым кірунку будзе працягвацца. Чэшскія студэнты пакінулі анкеты, дзе адзначылі свае ўражанні і думкі аб школе, выказалі прапановы. Гэтыя лісты будуць вывучаны і дапамогуць карэкціраваць арганізацыю летняй школы ў будучыні.

Увогуле, правядзенне летніх школ рознай накіраванасці ў гомельскім універсітэце пачынае развівацца. Летась такая школа працавала на юрыдычным факультэце, а таксама пры падтрымцы Германскай службы акадэмічных абменаў была арганізавана школа экалагічнага кірунку. Сёлета нямецкія студэнты таксама прыедуць у Гомель — у жніўні расчыніць свае дзверы Міжнародная летняя школа на факультэце псіхалогіі. Як адзначыў рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў, установа ставіць сваёй мэтай у хуткім часе падключыць да гэтай праграмы ўсе без выключэння факультэты. Гэта не толькі дае магчымасць зарабляць грошы, а яшчэ дазваляе мець цікавыя знаёмствы і зносіны, вучыцца адно ў аднаго, абмяркоўваць актуальныя тэмы ў адукацыйнай і навуковай сферах.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.