Як далучыць вучняў да самастойнай пошукавай дзейнасці? Даследчая работа па рамане «Людзі на балоце»

- 14:21Образование

Як далучыць вучняў да самастойнай пошукавай дзейнасці, разглядаем на прыкладзе даследчай работы “Этнагеаграфічнае прачытанне рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”.

Актывізаваць работу вучняў, выклікаць іх на дыялог і дыскусію, выхаваць удумлівых чытачоў — ключавы момант сучаснага ўрока. Вядучую ролю ў дасягненні гэтай мэты адыгрыва­юць актыўныя творчыя метады навучання, у тым ліку даследчая дзейнасць, адна з эфектыўных форм самастойнай ці калектыўнай работы.

Рэалізаваць даследчую дзейнасць на ўроках беларускай літаратуры можна праз вывучэнне новай тэмы (пераход вучняў ад першасных ведаў да новых; вывучэнне літаратурных жанраў і тэрмінаў), урокі абагульнення, замацавання і аналізу мастацкага тэксту (параўнанне герояў, складанне літаратуразнаўчых ці моўных слоўнікаў на аснове твора), а таксама праз дамашнія заданні (прааналізаваць артыкул ці даследчыя работы розных аўтараў, паназіраць, параў­наць, супаставіць).

Вучэбнае даследаванне здольна ажывіць урок, актывізаваць вучняў, падтрымаць іх цікавасць да прадмета. Вядома, даследчы метад ніколі не заменіць іншыя метады. Важна не пераацаніць магчымасці вучняў, засцерагчы іх ад паспешлівых вывадаў.

Даследчая дзейнасць развівае навуковае мысленне, далучае да самастойнай пошукавай работы, фарміруе даследчую кампетэнтнасць, выхоўвае і развівае творчую асобу, абуджае ініцыятыву, фарміруе аналітычныя навыкі і ўменні публічных выступленняў. Як гэта адбываецца, пакажу на прыкладзе даследчай работы “Этнагеаграфічнае прачытанне рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”.

На першым уроку, калі дзеці знаёмяцца з біяграфіяй пісьменніка, прапаную дзесяцікласнікам звярнуцца да першакрыніцы, выбраць важнае, вартае ўвагі. Для гэтага адзін з вучняў у якасці апераджальнага дамашняга задання працуе з артыкуламі і кнігамі (Бугаёў, Д. Радасць і боль мастака: роздум пра Івана Мележа з нагоды юбілею // Роднае слова. 1996. № 2. С. 3—18; № 3. С. 26—34; Гніламёдаў, У. Іван Мележ: нарыс жыцця і творчасці. — Мінск: Народная асвета, 1984; Мележ, І. Трохі згадак і думак // Роднае слова. 2001. № 2. С. 87—92; Мележ, І. Жыццёвыя клопаты. — Мінск, 1975).

Акрамя гэтага, можна арганізаваць работу на ўроку з усімі вучнямі: зрабіць вытрымкі з прыведзеных артыкулаў і кніг, раздаць іх школьнікам ці групе, прапанаваўшы папрацаваць з імі і вы­браць самае важнае і вартае ўвагі. Пасля самастойнай работы яны агучваюць свае запісы.

Абавязкова хтосьці акцэнтуе ўвагу на аўтабіяграфіч­насці рамана. Тады задаю праблемнае пытанне: “У чым аўтабіяграфічнасць рамана Івана Мележа?”

Далей зачытваю ўспаміны пісьменніка: “З радасцю і болем пад’язджаю я кожны раз да родных мясцін. Ад Гомеля пачынаюцца гарады, станцыі і вёскі, на якія я не магу не гля­дзець без хвалявання: Рэчыца, Васілевічы, Мазыр — для мяне не проста назвы населеных пунктаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці…”

Пасля гэтага зноў задаю праблемнае пытанне: “Геаграфічныя аб’екты, згаданыя ў рамане, рэальныя ці выдуманыя?” У якасці дамашняга задання прапаную выпі­саць аб’екты з твора, пашукаць іх на карце і скласці слоўнік. У выніку вучні прыходзяць да высновы, што наяўнасць некаторых аб’ектаў даказвае праў­дзівасць падзей.

Але не ўсе з іх ёсць на карце. Так з’яўляецца цікавасць і жаданне даведацца пра астатнія. Самыя цікаўныя вучні атрымліваюць індывідуальнае дамашняе заданне — папрацаваць з энцыклапедычным даведнікам (Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя ў 2 т., кн. 2. Гомельская воб­ласць. — Мінск: БелЭн, 2005).

У час даследчай дзейнасці важна ўлічваць міжпрадметныя сувязі. Так, сувязь літаратуры і мовы цесная і відавочная. Гаворачы пра згаданыя пісьменнікам геаграфічныя аб’екты, варта ўспомніць тапонімы і мікратапонімы. І тут неабходна падказаць вучням новы аспект адкрыцця: а якія яшчэ ёсць “онімы”? На гэты раз вучні працуюць з даведнікам па беларускай мове (Плотнікаў, Б. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003) і складаюць кластар-схему.

У выніку з’яўляецца жаданне даследаваць наяў­насць “онімаў” у рамане. Але гэта ўжо індывідуальная даследчая работа, якая выходзіць за межы вывучэння твора ў рамках школьнай праграмы.

Адзін з урокаў прысвечаны тэме прыроды ў рамане. Звычайна ён пачынаецца з перачытвання пачатку твора і яго аналізу па пытаннях: “Што сабой уяўляе ландшафт Беларускага Палесся паводле Івана Мележа?”, “Як прыродныя ўмовы ўплывалі на побыт і дастатак куранёўцаў?”.

Пры абмеркаванні закранаецца эканамічны аспект, згадваюцца эпізоды на кірмашы, падрыхтоўка да вяселля і само вяселле (як апраналі нявесту і бацьку нявесты).

Далей вучні адказваюць на пытанне: “Ці можна даследаваць глебу па апісаннях Івана Мележа?” І тут відавочна сувязь з геаграфіяй. Неабходны кансультацыя географа, работа з энцыклапедычнымі даведнікамі.

Аналізуючы твор, мы падыходзім да праблемы меліярацыі. Перад вучнямі ставяцца пытанні: “Як можна змя­ніць сітуацыю?”, “Як вырашаецца пытанне меліярацыі ў творы?”, “Ці адназначныя думкі вяскоўцаў?”, “Ці змяніўся ландшафт Беларускага Палесся сёння і чаму?”. Такім чынам, праблему меліярацыі школьнікі даследуюць і з пазіцый сучаснасці.

Раман Івана Мележа — гэта запаведнік моўнай і духоўнай этнакультуры, якая захавала шмат каштоўных фактаў жывой даўніны. Куранёўцы ве­раць у міфічных істот і павер’і. Шмат у тэксце прыказак і прымавак, трапных выслоўяў, ёсць дыялектныя словы, якія дапамагаюць уявіць самабытнасць беларусаў, адметнасць іх як этнасу. Усё гэта можа быць багатым матэрыялам на ўроках мовы і літаратуры. А яшчэ гэта вялікі прастор для даследаванняў і развіцця цікаўнасці вучняў. Так і ўзнікла ідэя зрабіць этнагеаграфічнае прачытанне рамана “Людзі на балоце”.

Калі гаварыць пра параўнальны метад даследавання, то параўноўвацца могуць асобныя кампаненты мастацкага твора (напрыклад, верш “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча цалкам пабудаваны на антытэзе. Якія два паняцці супрацьпастаўляюцца ў першых і апошніх радках верша?), творы розных пісьменнікаў з падобнай тэматыкай і праб­лематыкай (палеская вёска ў трылогіі “На ростанях” Якуба Коласа і ў рамане “Людзі на балоце” Івана Мележа; апісанне Каляд Якубам Коласам у паэме “Новая зямля” і Іванам Мележам у рамане “Людзі на балоце”), паводзіны аднаго героя ў розных сітуацыях (напрыклад, прасачыць змены ў характары Ганны Чарнушкі на працягу твора, паказаць на прыкладах з тэксту, як праяўляецца супярэчлі­васць характару Васіля ў яго паво­дзінах), жыццёвыя факты, пакладзеныя пісьменнікам у аснову мастацкага твора (які біяграфічны матэрыял пакладзены ў аснову ваенных твораў Васіля Быкава і Івана Шамякіна, аповесці “Лісце каштанаў” Уладзіміра Караткевіча? Як гэтыя факты выявіліся ў творах?), учынкі і характары персанажаў аднаго твора (Іван Мележ “Лю­дзі на балоце”: паводзіны Яўхіма і старога Карча ў эпізодзе, калі Васіль прыйшоў па агеньчык; адчуванні Ганны і Ха­доські ў час працы на малатарні ў Глушакоў; Васіль Быкаў “Знак Бяды”: шлях да здрады ў Гужа і Каладзёнка; Пятрок і Сцепаніда: героі ці ахвяры?), твор і яго інтэрпрэтацыя ў іншых відах мастацтва (верш Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць” і песня; раман Івана Мележа “Людзі на балоце” і кінафільм), мастацкія вобразы ў розных відах мастацтва (палескія мадонны ў творчасці Яўгеніі Янішчыц і Анатоля Кузьміча), уласная ацэнка твора і яго ацэнка крытыкамі (Фёдар Куляшоў пра Ганну: “Яна ўжо не думала, не разважала, не вагалася, паслухмяна ішла, куды вялі яе бацькі”). Гераіня стала бяздумна пакорлівай пасля таго, як да яе прыйшлі сваты. У гэтым даследчык бачыць парушэнне логікі характараў. Задаю пытанне: “Ці з такой Ганнай мы пазнаёміліся на папярэдніх старонках рамана?” Даследчык лічыць: “Яна павінна была б сабе дазволіць нейкую дзёрзкую выхадку, узбунтавацца, абурыцца хоць раз, хоць чым-небудзь…”. Наступнае пытанне: “А як думаеце вы?”

Падлеткі схільныя да разважанняў, дыскусій, крытыкі, праверкі абгрунтаванасці меркаванняў і сцвярджэнняў. Каб дыялог прайшоў паспяхова, неабходна папярэдняя падрыхтоўка. Часткова-пошукавы метад забяспечвае прадукцыйную дзейнасць, у адрозненне ад традыцыйнага і рэпрадуктыўнага навучання.

Алена ВАРАНКОВА,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры гімназіі Іванава

Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Адукацыйная прастора” ў нумары ад 23 мая 2023 года.