Калі заходзіш на тэрыторыю сярэдняй школы № 4 Рэчыцы, адразу бачыш мноства фарбаў, арыгінальныя клумбы і падабраную з густам тратуарную плітку. Шчыра кажучы, у арганізацыі гэтай прыгажосці адчуваецца жаночая рука. І нездарма. Душу і сэрца ў справу добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі ўкладвае дырэктар установы адукацыі Галіна Ушава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Мой галоўны поспех на пасадзе дырэктара школы — уменне згуртаваць калектыў і арганізаваць на дзейнасць, у тым ліку на прывядзенне ў парадак і ўпрыгажэнне школьнай тэрыторыі. Зімой, напрыклад, вешаем ілюмінацыю і чуем, як вучні пачатковай школы называюць гэта казкай. Летам тэрыторыя проста патанае ў кветках, і жыхары горада прагульваюцца тут вечарамі і хваляць нашу работу. Ад такіх слоў прыемна і хочацца рабіць яшчэ больш, — адзначае Г. Ушава.

Галіна Мікалаеўна дзеліцца, што кожны год педкалектыў стараецца дабавіць у добраўпарадкаванне тэрыторыі нешта новае, арыгінальнае.
— Першае, з чаго мы пачыналі, калі я прыйшла на пасаду дырэктара, — разбілі вялізную клумбу ў форме разгорнутай кнігі перад цэнтральным уваходам у будынак. Задуму з інтэрнэту нам удалося ўвасобіць у жыццё. Гэтая клумба стала візітнай карткай школы! І форма сімвалічная. Кніга асацыюецца са школай, навучаннем, — працягвае Галіна Ушава.
Пасля клумбы ў чацвёртай рэчыцкай школе ўзяліся са добраўпарадкаванне цэнтральнай часткі тэрыторыі ўстановы адукацыі: паклалі плітку, у гэтым, дарэчы, дапамаглі шэфы з «Рэчыцанафты». Пасля на школьным двары з’явіліся інсталяцыі з петуній, дэкаратыўныя дрэвы, мосцікі. Да гэтай работы актыўна падключылася настаўніца біялогіі Святлана Вашчанчук, якая пачала вырошчваць расаду кветак, бо петуніі абыходзіліся дорага.

— Неяк у школу зайшла бабуля аднаго з навучэнцаў і прапанавала падарыць туі. Так у нас з’явілася алея туй, а пасля і прыгожы ружоўнік, пасадачны матэрыял для якога падарылі бацькі навучэнцаў. Яны падкрэсліваюць, што нічога не шкада для школы, у якой вучацца іх дзеці. Паступова пры дапамозе бацькоўскай грамадскасці і шэфаў-нафтавікоў мы аднавілі тратуары каля будынка. У планах — добраўпарадкаваць тэрыторыю за будынкам установы адукацыі. Мы ўпэўнены: будзе прыгожа! — заўважае Г. Ушава.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай адукацыі








