Першае дашкольнае лясніцтва на тэрыторыі Маларыцкага лясгаса, адкрытае год назад, дзейнічае на базе Чарнянскага дзіцячага сада.
Членамі “Лясных рабінзонаў” з’яўляюцца больш за 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія далі ўрачыстае абяцанне берагчы прыроду, атрымалі спецыяльную форму і ўжо адчулі сябе сапраўднымі абаронцамі лесу.
Пасаджаная на адкрыцці лясніцтва памятная алея з 30 туй увабралася ў сілу і радуе вока. На працягу года дзеці з выхавальнікамі старанна і з задавальненнем даглядалі дрэўцы. Не так даўно да іх дабавілася елачка, каля якой прымацавалі шыльду “Расцём разам”.
— Дзякуючы дзейнасці лясніцтва, у дашкольнікаў пашыраюцца веды і ўяўленні пра раслінны і жывёльны свет, фарміруюцца асновы экалагічнай культуры, практычныя ўменні і навыкі, накіраваныя на зберажэнне і прымнажэнне ляснога багацця, — расказвае загадчыца Чарнянскага дзіцячага сада Алена Данілюк. — Акрамя таго, гэта добры спосаб ранняй прафарыентацыі і прапаганды экалагічных ведаў сярод насельніцтва. За год існавання эколага-адукацыйнага праекта зроблена шмат.
“Лясныя рабінзоны” актыўна ўдзельнічаюць у розных экалагічных мерапрыемствах, прычым не толькі на тэрыторыі Чарнянскага сельвыканкама. Сярод іх — свята “Сінічкін дзень”, конкурс малюнкаў “Гармонія прыроды”, “Энергамарафон”, квест-гульня “Беражыце лес!”, акцыі “Пакарміце птушак зімой”, “Захавай дрэва — здай макулатуру!” і “Дрэва — сімвал адзінства”, экадэсант “Прырода — наш дом, смецце не патрэбна ў ім!”. Юныя лесаводы далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Сад надзеі” ў вёсцы Новы Двор, дзе каля помніка расстраляным мірным жыхарам была закладзена алея “І памяць зашуміць зялёным лісцем” з 80 кустоў самшыта, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Лес — наша багацце, а дзеці — наша будучыня, — гаворыць Алена Данілюк. — Злучыўшы гэта разам, упэўнена, атрымаем у перспектыве не толькі выдатных спецыялістаў лясной гаспадаркі, але і патрыётаў, здольных аберагаць Радзіму і працаваць на яе карысць. “Лясныя рабінзоны” далучаюць дашкольнікаў да важнай справы, якая дазваляе змалку разам з дарослымі актыўна пазнаваць навакольны свет і рабіць усё магчымае для яго захавання.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі