Як дзіцяці пасябраваць з кнігай

Ад бацькоў часта можна пачуць прыкладна наступнае: “Абсалютна не хоча браць у рукі кнігі” ці “Вось памятаю, калі была дзіцем, чытала кнігі ўпотай з ліхтарыкам. Бацькі кнігі ў мяне забіралі! А зараз сучаснае пакаленне складана прымусіць чытаць”, ці “Пастаянна сядзіць перад тэлевізарам, сядзіць у сацыяльных сетках, чытае і глядзіць неразумнае відэа”, ці “Ды ім толькі мульцікі і патрэбны, кнігі ў іх выклікаюць адну нуду”. Сучаснае дзіця не хоча і не любіць чытаць, і гэта неаспрэчны факт.

Ці будзе чытаць кнігі дзіця, у якога бацькі чытаюць толькі электронную пошту або паведамленні ў сацыяльных сетках? Відавочна, што дзіця чытаць не будзе, калі бацькі, седзячы перад экранам тэлевізара ці ноўтбука, уручаць яму кнігу і адправяць чытаць! Мамы і таты павінны сваім прыкладам паказваць, што чытаць кнігі — гэта цікавы, карысны і вясёлы занятак. Вучыце і прывівайце свайму дзіцяці думку пра тое, што быць разумным, эрудзіраваным і начытаным таксама модна і крута, як мець свой iPhone.

У сучасных дзяцей інтэрнэт і тэлебачанне выцеснілі з вольнага часу кнігі. Галоўная цікавасць — сацыяльныя сеткі і забаўляльныя праграмы. Набываючы ў падарунак запаветны гаджэт, дзіця атрымлівае выхад у інтэрнэт, дзе можна праглядаць гатовыя відэа, атрымліваць гатовыя высновы, хаця і чужыя. Атрымліваць інфармацыю ў адзін клік намнога лягчэй і прыемней, чым з кнігі, дзе трэба думаць, напружвацца, структураваць думкі і рабіць свае высновы.

Чытаць кнігі сярод дзяцей непапулярна і нямодна. Яны не ведаюць цікавых кніг. Іх уяўленне пра кнігі засноўваецца на творах школьнай праграмы. Але, па-першае, многія гэтыя творы не адпавядаюць узросту дзіцяці. Я, напрыклад, ужо ў сталым узросце з вялікім задавальненнем перачытала Талстога, Дастаеўскага, Ганчарова, Купрына і адкрыла глыбіню іх твораў, у адрозненне ад школьнага перыяду, калі спасцігнуць іх сэнс мне было цяжка. А той спіс літаратуры, які задаецца на лета, дзеці не чытаюць, а калі і чытаюць, то пад націскам бацькоў.

Канечне, мамы і таты дзейнічаюць з добрых меркаванняў, аднак няма лепшага спосабу адбіць у дзіцяці жаданне чытаць, чым прымусіць яго рабіць гэта, асабліва калі чытанне суправаджаецца крытыкай з боку бацькоў, абразамі накшталт “хто ж так чытае, а ну, давай правільна, не мямлі”. З такім падыходам дзіця не будзе чытаць ні пры якіх умовах.

Бывае, што бацькі ставяць умову: прачытай кнігу і атрымаеш “пернік” ці магчымасць пагуляць у відэагульні, выйсці ў сацсеткі. Некаторыя выкарыстоўваюць чытанне як пакаранне: калі забыў штосьці зрабіць, парушыў правілы, значыць, сядай і чытай n-ю колькасць старонак. У такім выпадку чытанне становіцца непрыемным абавязкам, асацыіруецца ў дзіцяці з пакутай і перапыняе яго шлях у захапляючы свет кніг.

Навучыце ваша дзіця чытаць. Я ўпэўнена, што чытанне — гэта навык, комплекс прывычных рухаў. Чытанню вучацца прыкладна гэтак жа, як гульні ў футбол ці ігры на фартэпіяна. І ўся гэтая работа кладзецца на бацькоў.
Дзеці павінны браць прыклад з вас: чытайце самі многа і з задавальненнем, дзяліцеся з дзіцем уражаннямі ад прачытанага, цытуйце ўрыўкі. Дэманструйце, што кніга — гэта вельмі каштоўная рэч. Часцей купляйце кнігі ў дом, дарыце. Дазваляйце дзецям самастойна выбіраць кнігі і часопісы. Пакажыце найбліжэйшыя дзіцячыя бібліятэкі ў вашым раёне і навучыце карыстацца выданнямі з іх.

Ёсць многа сакрэтных спосабаў прывіць дзіцяці любоў да чытання. Вылучыце 15 мінут для сумеснага чытання з сынам ці дочкой. Няхай гэта будзе прыемны рытуал перад сном. Папрасіце дзіця прачытаць кнігу, па матывах якой быў зняты яго любімы кінафільм ці мультфільм. Вельмі добра, калі дзіцяці будзе выдзелены асобны ўтульны куток для чытання. Зрабіце гэты працэс прыемнай прыгодай і паглыбленнем у чароўны свет кніг.

Напрыклад, мы з дзецьмі майстравалі з пледа і крэслаў пячору, дзе я з ліхтарыкам чытала дзецям кнігі. Гэта займала ўсяго 20 мінут, але выклікала вялікую радасць у дзяцей. Далей на самым цікавым месцы я “ўспамінала” пра важныя і неадкладныя справы і закрывала кнігу са словамі: “Зараз не магу дачытаць, трэба заняцца важнымі справамі, але калі хочаш даведацца, што было далей, вось кніга, ты можаш сам яе прачытаць”. Дзеці самі працягвалі. Канечне, такі спосаб падыходзіць для дзяцей, якія ўмеюць чытаць.

Няхай чытанне асацыіруецца ў дзяцей з вашым прыемным сумесна праведзеным часам і захапляючай гульнёй. Для дзяцей малодшага ўзросту, якія яшчэ не ўмеюць чытаць, арганізоўвайце інтэрактыўнае сумеснае чытанне. Пастарайцеся, каб чытанне перад сном увайшло ў звычку вашага дзіцяці. Завяршайце кожны дзень кнігай, а не электроннай прыладай. Гэта дапаможа малышу супакоіцца і расслабіцца, і ён будзе моцна спаць да самай раніцы.

Аўтар кнігі “Народжаны чытаць” Джэйсан Буг вылучае 15 прыёмаў для інтэрактыўнага чытання з дзіцем:

  1. Задавайце як мага больш пытанняў. Пытанні — гэта аснова інтэрактыўнага чытання, прычым задаваць іх можна нават дзіцяці, якое яшчэ не навучылася гаварыць. Не забывайце звяртацца да дзіцяці з пытаннямі да пачатку, у час і пасля заканчэння чытання.
  2. Абмяркоўвайце дэталі кнігі. Паказвайце ілюстрацыі, якія вам больш за ўсё падабаюцца, называйце колеры, жывёл, людзей і пачуцці персанажаў, прадстаўленых на кожнай старонцы. Спачатку дзіця не зможа да вас далучыцца, але па меры сталення навучыцца ў вас ператвараць чытанне ў інтэрактыўны працэс.
  3. Разыгрывайце гісторыю ў асобах. Імітуйце гукі падмятання, убачыўшы на малюнку мятлу, ці рабіце выгляд, што хочаце з’есці намаляваную ежу. Так вы дапаможаце дзіцяці вызначыць сувязь паміж паняццямі і словамі, а гэта краевугольны камень інтэрактыўнага чытання.
  4. Дапамажыце дзіцяці атаясаміць сябе з героямі кніжкі. Пачніце з абмеркавання простых эмоцый. З узростам гэтая здольнасць дзіцяці будзе ўдасканальвацца, і вы зможаце задаваць больш складаныя пытанні.
  5. Хваліце дзіця ў час чытання. Падтрымлівайце самыя простыя яго водгукі, абдымайце, калі скончыце чытаць, і хваліце за выбар добрых кніг ці камп’ютарных дадаткаў.
  6. Дзяліцеся меркаваннямі пра кнігу. Калі дзіцяці спадабалася казка, спытайцеся чаму. Усё гэта зробіць ваша сумеснае чытанне больш захапляючым.
  7. Чытайце дзіцяці пра рэчы, якія яно любіць. Калі яму спадабалася гісторыя пра панду, папрасіце ў бібліятэцы іншыя кнігі пра гэтую жывёлу. Чытайце любімыя кнігі дзіцяці, карыстайцеся камп’ютарнымі дадаткамі, відэа і інтэрнэт-рэсурсамі, каб дапамагчы яму больш даведацца аб прадмеце, які яго зацікавіць.
  8. Перапыняйце чытанне, каб абмеркаваць прачытанае. Дарослыя пастаянна спяшаюцца дабрацца да канца кнігі, каб хутчэй скончыць гэтую справу, але спыняцца для абмеркавання цалкам неабходна, каб дзіця добра і ўсебакова разумела прачытанае.
  9. Стройце здагадкі пра далейшае развіццё сюжэта. Такія пытанні ствараюць у дзіцяці адчуванне, што вы самі расказваеце яму гісторыю, і паглыбляюць разуменне прачытанага. Дзіцячыя кніжкі — ідэальны матэрыял для гэтага, паколькі вызначаюцца простымі сюжэтамі з забаўнымі паваротамі. Пытанні такога роду могуць стаць пачаткам разгорнутага абмеркавання, а звычка задаваць іх захоўваецца на ўсё жыццё.
  10. Падтрымлівайце дыялог. Скончыўшы чытанне ці праслухоўванне кніжнага дадатку, працягвайце абмяркоў-
    ваць гісторыю. Шукайце паралель у
    рэальным жыцці і не пераставайце задаваць пытанні.
  11. Пашырайце межы ведаў дзіцяці. Вучоныя называюць гэты прыём “развіццёвым навучаннем”. А каб скарыстацца ім, часам дастаткова проста чытаць дзіцяці, бо само яно чытаць яшчэ не ўмее. Як мага часцей выбірайце для чытання кнігі, прысвечаныя новым для дзіцяці тэмам.
  12. Паказвайце дзіцяці свет за межамі яго непасрэднага асяроддзя пражывання. Не забывайце выбіраць для чытання кнігі пра розныя месцы, культуры і падзеі, і калі дзіцяці штосьці асабліва спадабаецца, падтрымлівайце і паглыбляйце яго цікавасць.
  13. Суадносьце сюжэт з рэальным вопытам. Дапамажыце дзіцяці правесці аналогію паміж падзеямі кнігі і тым, што вельмі займае яго ў рэальным жыцці. Менавіта так людзі набываюць разуменне свету, у якім жывуць. Уменне суаднесці змест кнігі з рэальнасцю мае вырашальнае значэнне для развіцця дзіцяці.
  14. Падахвочвайце дзіця пераказваць любімыя гісторыі. Няма лепшага спосабу ўзмацніць уздзеянне прачытанага і развіць у дзіцяці навыкі расказчыка!
  15. Не старайцеся скокнуць вышэй за галаву і ўціснуць у кожныя вячоркі за дзіцячай кнігай усе прыёмы. Вы ж не выкарыстоўваеце адначасова пыласос, малаток і дамкрат, каб павесіць карціну ў гасцёўні! Карыстайцеся тымі прыёмамі, якія лепш за ўсё падыходзяць да канкрэтнай кнігі ці сітуацыі.
    У выбары кніг для дзіцячага чытання аддавайце перавагу невялікім апавяданням, вершам і аповесцям. Падахвочвайце дзіця пераказваць прачытаную гісторыю, абмяркоўвайце разам асноўныя думкі і мараль прачытанага. Абмяркоўвайце таксама словы і фразы, якія абазначаюць перажыванні героя ці заклікаюць да пачуццяў. Няхай дзіця расказвае вам пра свае эмоцыі, якія выклікаюць героі кнігі. Такім чынам вы дапаможаце свайму дзіцяці развіць яго эмацыянальны інтэлект.
    Тлумачце свайму дзіцяці сэнс незнаёмых слоў. Гэта трэніруе яго памяць і фарміруе мысленне, папаўняе слоўнікавы запас, павышае ўзровень пісьменнасці. Усё гэта дапаможа дзіцяці развіць упэўненасць у сабе.

    Асаблівую ўвагу ўдзяліце чытанню не толькі забаўляльнай, але і навукова-папулярнай дзіцячай літаратуры. Сучасныя кнігі ў захапляючай і простай форме пазнаёмяць дзіця з адкрыццямі і тэорыямі фізікі, хіміі, гісторыі, біялогіі, астраноміі. Гэтыя веды дапамогуць пасля спраўляцца са школьнай праграмай, павысяць цікавасць да навучання ў школе.

    Карысна будзе завесці дзённік чытання і запісваць туды ўсё, што ўжо прачытала ваша дзіця. Так яно зможа назіраць за сваімі поспехамі. Дэманструйце дзённік сваякам і знаёмым, каб іх пахвалы падштурхоўвалі дзіця да чытання ў далейшым.

    Складзіце разам спіс кніг для прачытання. Прывучайце дзіця дома задаваць пытанні па прачытаным тэксце, абмяркоўвайце кнігі, якія яму асабліва падабаюцца. У школе настаўнік вырашае, што чытаць дзецям, а дома дзіця валодае большай свабодай выбару.

    Многія дзеці, якія любяць чытанне, лічаць гэтую любоў уласнай заслугай. Але на самай справе цягай да кніг яны абавязаны бацькам. Такім дзецям неверагодна пашанцавала. Бацькі зрабілі іх выключэннем з жорсткай статыстыкі, згодна з якой гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам не наканавана было вырасці кнігалюбамі. Дзейнічайце, і калі-небудзь вашы дзеці вам скажуць дзякуй за такі каштоўны падарунак.

Алена ВІННІКАВА,
спецыяліст у сферы дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
Фота аўтара.