Як дзве кроплі

- 12:38Родная земля

Па колькасці помнікаў гісторыі і архітэктуры Шчучынскі раён — адзін з лідараў не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне. Цэрквы, касцёлы, сінагогі, палацы, вежа-гадзіннік, геадэзічны пункт дугі Струвэ… Некалькі дзён падарожжа па шчучынскай зямлі цалкам дастаткова, каб убачыць гэтыя славутасці ва ўсёй прыгажосці. Калі вольны час абмежаваны і знайсці некалькі дзён для вандроўкі праблематычна, можна пайсці больш простым шляхам і завітаць на гадзінку-другую ў Шчучынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства. Тут у актавай зале захоўваюцца ўнікальныя макеты згаданых помнікаў, створаныя педагогамі і навучэнцамі раёна.

Унікальны праект

“Адзін у адзін” — так называўся нядаўні матэрыял у “Настаўніцкай газеце” метадыста Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алены Станіславаўны Басько. Фотаздымкі арыгінальных макетаў і цікавы аповед аб праекце “Падарожжа па Шчучынскім раёне” не маглі пакінуць абыякавымі чытачоў. Упэўнены, кожнаму, хто азнаёміўся з матэрыялам, захацелася ў рэальнасці ўбачыць і знакамітую мураванкаўскую царкву-крэпасць, і ражанкаўскі касцёл, і вежу-гадзіннік на галоўнай плошчы Шчучына, і геадэзічны пункт “Лапаты” дугі Струвэ, і шмат чаго іншага, цікавага, арыгінальнага. Пакуль агеньчык пазнання не згас, адправімся ў падарожжа па Шчучыншчыне.

Нагадаем, што праект рэалізоўваўся ва ўстановах адукацыі раёна з мая па жнівень 2017 года і быў прысвечаны 500-годдзю Шчучына. Макеты гісторыка-культурных аб’ектаў настаўнікі і вучні стваралі ў адпаведнасці з намінацыямі “Палацава-паркавы ансамбль”, “Культавыя храмы Шчучыншчыны” (рэлігійныя збудаванні), “Гісторыка-культурныя значныя аб’екты раёна”, “Помнікі прыроды Шчучынскага раёна”, “Візітоўка горада Шчучына”. У гэтай справе выкарыстоўваліся элементы пачатковага тэхнічнага мадэлявання, прымянялася папера, кардон, пластык, дрэва, прыродны і нават будаўнічы матэрыял. Акрамя таго, кожны з 17 макетаў суправаджаўся творчай справаздачай з абавязковым апісаннем рэальнага аб’екта.

Супрацоўнікі раённага цэнтра турызму і краязнаўства ўключылі гэтыя аб’екты ў квесты, а таксама турыстычныя маршруты, якія можна праводзіць як для адпачынку ў выхадны дзень, так і з адукацыйнымі мэтамі, паколькі тэматыка маршрутаў адпавядае тэматыцы заняткаў па шэрагу вучэбных прадметаў. Паспрабуем стварыць універсальны маршрут, які дазволіў бы за адзін дзень азнаёміцца з найбольш вядомымі аб’ектамі раёна. Маршрут будзе такім: Шчучын — Ражанка — Лапаты — Жалудок — Мураванка — Шчучын з абавязковым наведваннем устаноў адукацыі. Працягласць шляху — каля 40 км. Яго можна пераадолець за адзін дзень і на экскурсійным аўтобусе, і на аўтамабілі. Вельмі зручна, асабліва калі хочацца ўбачыць самае цікавае за кароткі адрэзак часу.

Неба на зямлі

Блакітная, нібыта неба, з белымі, нібыта аблачынкамі, цаглянымі ўзорамі, з па-дамашняму ўтульнымі купаламі шчучынская царква Святога Архангела Міхаіла, якая размясцілася каля сквера на плошчы Свабоды, з’яўляецца архітэктурнай дамінантай горада. У гэтыя пахмурныя зімовыя дні храм падобны на часцінку блакітнага неба, якое спусцілася на зямлю. Будаваў царкву ў 1863—1865 гадах святар Тэадаровіч. Больш за паўтара стагоддзя праваслаўныя жыхары Шчучына, Ражанкі і яшчэ некалькіх навакольных вёсак моляцца ў храме, будуюць неба ў сваёй душы. Макет храма, які стварыла вучаніца сярэдняй школы № 2 Шчучына Караліна Рудая пад кіраўніцтвам Т.В.Майсеевай, як і сам храм, не можа не прыцягваць увагу.

Гэтак жа не можа не прыцягваць увагу стромкая, што, здаецца, сягае ў самае неба, вежа ражанскага касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Як вежа ўзнімаецца ўвышыню, так і малітва жыхароў Ражанкі амаль 200 гадоў узносіцца да неба. Пабудаваны па праекце архітэктара Марконі ў 1827 годзе, касцёл адразу стаў архітэктурнай жамчужынай Шчучыншчыны. Яго макет, створаны навучэнцамі Ражанкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ільёй Шанчуком, Віталем Дашкевічам, Кацярынай Шанчук пад кіраўніцтвам С.С.Кучук, такі ж велічны, падобны да свайго прататыпа як дзве кроплі вады. Нават выявы фігур апосталаў займаюць пачэснае месца ў спецыяльных нішах.

Пра славу баявую

Зробім невялікі перапынак у падарожжы па храмах Шчучыншчыны і адправімся ў сярэднюю школу № 1 райцэнтра, калектыў якой таксама прыняў удзел у праекце “Падарожжа па Шчучынскім раёне”. Так, вучань Вадзім Дубок стварыў пад кіраўніцтвам І.Ф.Дубок макет самалёта МіГ-25ПУ, таго самага, што ўстаноўлены на ўездзе ў Шчучын і з’яўляецца адной з адметнасцей горада. Помнік не проста так пастаўлены каля знака “Шчучын”. Ён нібыта расказвае пра ваенную гісторыю горада, пра той перыяд працягласцю ў некалькі дзесяцігоддзяў, калі ў Шчучыне базіраваўся авіяцыйны полк. Сёння пра тыя часы, акрамя самалёта-помніка, нагадваюць будынкі былога ваеннага гарадка. Дарэчы, у адной з казарм размяшчаецца Шчучынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства. Пра ваенную гісторыю раёна паведаміць і экспазіцыя народнага музея баявой славы, што знаходзіцца ў 1-й школе.

Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганны Уладзіміраўны Маркевіч, музей быў адкрыты як гісторыка-краязнаўчы ў 1985 годзе да 40-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2009 годзе, напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гісторыка-краязнаўчы музей перапрафіляваны ў музей баявой славы. Дзякуючы фінансавай дапамозе Шчучынскага райвыканкама, адбылася рэканструкцыя экспазіцыі. Над яе афармленнем працавалі мастакі Гродзенскага ўнітарнага творчага прадпрыемства “Мастацтва”. У ліпені 2009 года музей прыняў першых наведвальнікаў. Гэта былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва раёна, іншыя шматлікія госці. Актыўную работу па зборы экспанатаў з першых дзён працы музея і да нядаўняга часу педагогі і вучні праводзілі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ліліі Мікалаеўны Хрыптовіч. У 2014 годзе музею было прысвоена ганаровае званне народнага. Сёння ў ім налічваецца каля паўтары тысячы экспанатаў, у тым ліку асноўнага фонду амаль 700.

У гэты музей абавязкова варта завітаць падчас наведвання Шчучына. Па-першае, будынак школы размяшчаецца ў гістарычным цэнтры горада — далёка ісці не трэба. Па-другое, прадстаўленыя ў экспазіцыі матэрыялы ўяўляюць не меншую каштоўнасць, чым вядомыя помнікі архітэктуры. Сярод экспанатаў — медалі, ордэны ўдзельнікаў вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, лісты-трохкутнікі з фронту, чырвонаармейскія кніжкі, камсамольскія білеты. Раздзелы экспазіцыі расказваюць пра акупацыйны перыяд, падпольны і партызанскі рух на Шчучыншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны (асаблівае месца ў дадзеным раздзеле займае аповед пра дзейнасць дэсантнага партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі).

Аснову раздзела “Вызваленне Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” складае матэрыял пра баявы шлях 50-й арміі, якая вызваляла горад. Захаванне памяці пра подзвіг герояў знайшло сваё адлюстраванне ў раздзеле “Помнікі і абеліскі на шчучынскай зямлі”. Тут расказваецца, напрыклад, пра помнік на брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў у цэнтральным скверы Шчучына, а таксама пра помнік на магіле адзінага Героя Савецкага Саюза, які пахаваны на шчучынскай зямлі — у Жалудку, лётчыка Пятра Міхайлавіча Батырава. Пра подзвіг Пятра Міхайлавіча больш падрабязна нам паведамяць у Жалудоцкай сярэдняй школе імя В.Урублеўскага, мы ж працягнем знаёмства з музеем сярэдняй школы № 1 Шчучына каля вялікай чырвона-зялёна-белай зоркі. Яе сутнасць такая: на вялізнай белай зорцы, створанай з пенапласту, падчас урачыстасцей з нагоды 9 Мая вучням і жыхарам Шчучына прапануецца напісаць на папяровых чырвоных і зялёных зорачках падзякі і пажаданні ветэранам і іх родным. Потым гэтыя папяровыя зорачкі прамацоўваюцца да вялікай зоркі.

Што жадаюць дзеці і дарослыя? “Жадаем здароўя. Дзякуй вам за вызваленне!”, “Помнім, любім, ганарымся… Дзякуй за Перамогу!”, “Жывіце доўга, родныя!”, “Каб помнілі!”, “Моцнага здароўя і мірнага неба!”, “Дабра, міру, любові і ўсяго самага найлепшага!”, “Дзякуй за смеласць!”. Добрая традыцыя, добрая акцыя. Вялікая зорка з папяровымі зорачкамі-пажаданнямі праз некалькі дзесяцігоддзяў стане такім жа каштоўным экспанатам, як і дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Завяршаецца экс-пазіцыя школьнага музея баявой славы раздзелам, у якім расказваецца пра шчучынскіх сясцёр Хатыні — вёскі Зінякі і Агародзішча.

Без права на забыццё

“Мы не маем права забываць ні пра аднаго салдата, які абараняў нашу зямлю, ваяваў і загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адным з такіх герояў з’яўляецца Пётр Міхайлавіч Батыраў, для якога Жалудоцкі край стаў апошнім прытулкам. Разам з вучнямі мы даследавалі біяграфію Пятра Міхайлавіча на аснове дакументаў ваеннага часу і асабістых лістоў з фронту. Пачалося ўсё ў 2003 годзе, калі настаўнікі і вучні нашай школы разам са старшынёй Жалудоцкага пасялковага савета Генадзем Іванавічам Цывінскім сустрэліся з сынамі брата Пятра Міхайлавіча Мікалаем і Дзмітрыем. Госці перадалі нам копіі франтавых лістоў лётчыка, якія былі адпраўлены сястры Антаніне Міхайлаўне ў Падольск Маскоўскай вобласці. З гэтых лістоў мы раскрылі вобраз Пятра Міхайлавіча як чалавека, салдата, патрыёта. Ён быў сапраўдным мужчынам, верным сябрам, таварышам, клапатлівым сынам”, — паведаміла навуковы кіраўнік работы “Пётр Міхайлавіч Батыраў: лісты славы і бяссмерця” настаўніца гісторыі Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага Ірына Тамашаўна Шандроха.“Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за волю і незалежнасць нашай Радзімы ў 1941—1945 гг. Герой Савецкага Саюза гвардыі капітан Батыраў Пётр Міхайлавіч. 01.03.1918 — 30.09.1944”, — сведчыць надпіс на брацкай магіле, дзе побач з салдатамі і афіцэрамі, якія вызвалялі Жалудок, пахаваны і мужны лётчык. За традыцыйнай для магілы героя эпітафіяй прыхоўваецца гераічная біяграфія. Усяго 26 гадоў было Пятру Батыраву, калі ён загінуў у баях з ворагам. Аднак насычанасці такога кароткага жыццёвага веку хопіць на многіх яго равеснікаў — нашых сучаснікаў. На пачатак жніўня 1944 года памочнік камандзіра па паветрана-стралковай службе 163-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка гвардыі капітан П.М.Батыраў здзейсніў 330 баявых вылетаў над небам Каўказа, Украіны, Беларусі, удзельнічаў у 52 паветраных баях, асабіста збіў 5 самалётаў праціўніка.

30 верасня 1944 года пры выкананні чарговага баявога задання (разведкі лініі абароны праціўніка ў раёне польскага Аўгустава) Пётр Міхайлавіч уступіў у бой з васьмю “месершмітамі”. Нягледзячы на ўсё майстэрства лётчыка, яго самалёт быў падбіты, а сам Пётр Міхайлавіч паранены. Яму ўдалося дацягнуць самалёт да лініі фронту. Але ад вялікай страты крыві лётчык знепрытомнеў. Самалёт упаў каля пасёлка Жалудок. Так загінуў Пётр Міхайлавіч Батыраў. Сёння яго магілу даглядаюць настаўнікі і вучні жалудоцкай школы. Штогод 9 Мая піянерская дружына імя В.Урублеўскага нясе Вахту памяці каля помніка герою. У школе створана спецыяльная міні-экспазіцыя, прысвечаная Пятру Батыраву. Тут фотаздымкі лётчыка, копіі яго лістоў з фронту.

Музейныя загадкі

Яшчэ адна экспазіцыя (этнаграфічная), але ўжо без прыстаўкі міні-, таксама з’яўляецца візітоўкай жалудоцкай школы. Як з’яўляецца візітоўкай школы і арыгінальная экскурсія, аснову якой складаюць загадкі. Каля 20 загадак прапануецца адгадаць наведвальнікам падчас экскурсіі і ў цікавай форме даведацца пра этнаграфічныя асаблівасці Шчучынскага краю. Вось некаторыя загадкі. “Сярод хаты кусцік мяты”. Здагадаліся? Гэта дзяжа, у якой павінен быў захоўвацца кавалак цеста з папярэдняй выпечкі. “Маці-таўстуха, дачка-рыжуха, а сын-перабор выскачыў на двор”. Складана? На самай справе — проста. Маці-таўстуха — гэта печ, дачка-рыжуха — агонь, а сын-перабор — гэта дым. “На страсе сядзіць і люльку курыць”. Што гэта? Правільна, комін. “Поўны падпечак чырвоных яечак”. Гэта вуголле. “Глянеш у яго — сябе ўбачыш”. Гэта зусім проста: люстэрка.

А цяпер зусім складана: “Расце без кораня, цвіце без цвету, а належыць усяму свету”. Наўрад ці нехта адгадае з трох спроб. Гэта соль. “Ідуць з хаты — вельмі рады, а калі вяртаюцца — слязьмі абліваюцца”. Гэта вёдры з вадой. “Новая пасудзіна, а ўся ў дзірках”. Гэта сіта. “Чатыры нагі маю, але не звер, пух і пер’е маю, але не птах, душу і цела маю, ды не чалавек”. Здагадаліся? Гэта ж ложак. А цяпер ну зусім проста: “Коцікі-маркоцікі леглі на жывоцікі, лапкі пад вушка. Што гэта?” Правільна, падушка. І дзяжа, і печ (дакладней, яе макет), і сіта, і соль, і вёдры, і стары ложак з сенам замест матраца, і падушка, вышываная, колішняя, — усё гэта экспанаты школьнага этнаграфічнага музея. А яшчэ ў музеі сабрана багатая калекцыя саматканага адзення. Пра асаблівасці мясцовай вышыўкі і ткацтва цікава, імправізавана расказваюць вучні-экскурсаводы ў ролі Несцеркі і Паўлінкі.

Цэгла і фанера

Жалудок — адметнае мястэчка. Нездарма ў пасляваенныя гады яно з’яўлялася цэнтрам Жалудоцкага раёна. Як і ў любым беларускім мястэчку, тут ёсць царква і касцёл. Менавіта макет касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі стварылі ў рамках праекта “Падарожжа па Шчучынскім раёне” вучні Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага Дзмітрый Буча і Яўген Лісай пад кіраўніцтвам Л.С.Лісай. Храм узведзены з бутавага каменю і цэглы пад кіраўніцтвам архітэктара Падчашынскага ў 1854 годзе. Для стварэння макета касцёла ў 2017 годзе вучні жалудоцкай школы выкарыстоўвалі пенапласт і фанеру. Хоць гэта не камень і не цэгла, аднак атрымалася адзін у адзін.

Для стварэння копіі геадэзічнага пункта “Лапаты” дугі Струвэ навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Юныя турысты” Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства пад кіраўніцтвам А.А.Вундэра выкарыстоўвалі фанеру і паперу, а вянчае макет пластыкавы шар з выявай карты Беларусі. Калі характарызаваць усе работы выразамі “як дзве кроплі”, “адзін у адзін”, то макет геадэзічнага пункта найбольш адпавядае гэтаму азначэнню. Не менш дакладнай з’яўляецца і копія царквы-крэпасці ў вёсцы Мураванка, створаная навучэнцамі Мажэйкаўскага дзіцячага сада — базавай школы Палінай Грыневіч, Настассяй Шанчук і Скрыбаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Русланам Роўбуцем і Даніілам Васько пад кіраўніцтвам Т.І.Озем і Ж.Я.Ганчар.

У Скрыбаўскай сярэдняй школе настаўнікі і вучні многія гады збіраюць звесткі пра гісторыю знакамітай мураванкаўскай царквы (помнік архітэктуры XVI стагоддзя абарончага тыпу). Стагоддзе змяняла стагоддзе, тысячы людзей, якія любаваліся старадаўнімі мурамі, адышлі ў нябыт, а храм гэтак жа велічна ўзвышаецца над краем. Тое, што над стварэннем макета знакамітага храма працавалі настаўнікі і вучні менавіта мажэйкаўскай і скрыбаўскай школ, цалкам зразумела. Калі жывеш побач з такім славутым помнікам, нельга не зацікавіцца яго багатым мінулым, архітэктурнымі адметнасцямі.

Падзяліцца велічнасцю

Праект “Падарожжа па Шчучынскім раёне” ўнікальны. Хоць макеты храмаў, палацаў ствараюць у кожным рэгіёне, аднак 17 узораў такіх памераў (згодна з умовамі праекта, кожны павінен быць не меншым за метр у вышыню) створаны ўпершыню. Тое, што гэты праект нарадзіўся менавіта на Шчучыншчыне, невыпадкова. Калі кожны дзень праходзіш або праязджаеш каля старадаўніх храмаў і палацаў, любуешся іх велічнасцю, міжволі ўзнікне жаданне падзяліцца ёй з іншымі людзьмі, прычым падзяліцца арыгінальна, напрыклад, праз стварэнне такіх макетаў, што як дзве кроплі падобны на свае прататыпы. А вам хочацца расказаць пра славутасці роднага краю калегам з іншых рэгіёнаў?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.