Як эфектыўна супрацьстаяць уключэнню падлеткаў у дэструктыўныя субкультуры? Меркаванні педагогаў

- 15:40Новости

Як эфектыўна супрацьстаяць уключэнню падлеткаў у дэструктыўныя субкультуры? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Анатоль РЫЖКО, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 4 Івацэвіч, Брэсцкая вобласць:

— Мы павінны разумець, што праблема ўключэння моладзі ў дэструктыўныя субкультуры існуе і нясе вялікую пагрозу нашаму грамадству. Да гэтай праблематыкі я аднёс бы і пытанне наркотыкаў і іх распаўсюджвання. Неабходна весці сістэмную, комплексную прафілактыку, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя рэсурсы дзяржавы. Падлеткі павінны ведаць усю праўду пра рознага роду плыні і тое, да чаго можа прывесці іх удзел і падтрымка дэструктыўных субкультур, усведамляць усю адказнасць і наступствы ўступлення ў такія групы. Педагогі нашай установы імкнуцца выхаваць у дзяцей жаданне і патрэбу рабіць дабро, павагу да старэйшых і любоў да працы. Даказваюць сваю эфектыўнасць працоўнае выхаванне, дзіцячыя і падлеткавыя арганізацыі. Навучэнцаў пачатковай школы далучаем да сістэматычных заняткаў фізкультурай і спортам. З гэтай мэтай у школе праводзяцца вучэбна-трэніровачныя заняткі па футболе, а таксама фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Актыўна прапагандуем здаровы лад жыцця і фарміруем каштоўнаснае стаўленне да здароўя. Важнае значэнне ў гэтым кірунку мае растлумачальная работа.

 

Алена БАРКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна, Мінская вобласць:

— Як правіла, сацыялізацыя сучаснай моладзі характарызуецца нявызнача­насцю, непрадказальнасцю і каштоўнасна-арыентацыйнай няўстойлівасцю. Таму ідэалагічная і выхаваўчая работа ў гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна ўяўляе сабой шматузроўневую сістэму. Для супрацьдзеяння распаўсюджванню дэструктыўных паводзін ва ўстанове адукацыі створана псіхалагічна камфортнае асяроддзе, заснаванае на добразычлівых узаемаадносінах, даверы паміж навучэнцамі і настаўнікамі, супрацоўніцтве і станоўчым эмацыянальным фоне. У гімназіі-каледжы праводзяцца прафілактычныя акцыі “Сонца павінна быць у кожным”, “І мары абавязкова спраўдзяцца”, дні пазітыўнага настрою, праекты “Рознакаляровы тыдзень”, “Тыдзень псіхалагічнага здароўя”, “Тыдзень здаровага ладу жыцця”. На працягу многіх гадоў рэалізуюцца валанцёрскі праект “Спяшайцеся рабіць дабро” і інклюзіўны праект “Дарога ў свет роўных магчымасцей”. Штогод вучні музычнага аддзялення ўдзельнічаюць у конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Атмасфера ў гімназіі-каледжы мастацтваў і занятасць навучэнцаў спрыяюць самасцвярджэнню ў грамадстве. Чым больш занятыя дзеці, тым менш у іх жадання запаўняць свой вольны час дэструктыўнымі паводзінамі і далучэннем да субкультур.

Надзея МЯШКОВА, дырэктар сярэдняй школы № 46 Магілёва:

— Асноўнымі ўмовамі эфектыўнай пра­філактыкі ў нашай установе з’яўляюцца спалучэнне індывідуальных форм работы і комплекснага падыходу да рэалізацыі выхаваўчых мер, бесперапыннасць пра­цэсу прафілактычнай дзейнасці. У школе арганізаваны профільны 10 “А” клас прававой накіраванасці “Юны следчы” пад эгі­дай Следчага камітэта. З лютага гэтага года на базе школы функцыянуе грамадзянска-патрыятычны клуб “Адзінства” пры ўдзеле вайсковай часці 72471, Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай воб­ласці, інспекцыі па справах непаўналетніх Ленінскага раёна Магілёва і Магілёўскага аэраклуба. Мэта клуба — не толькі патрыятычнае выхаванне моладзі, але і фарміраванне прававой дасведчанасці і здаровага ладу жыцця. Прафілактычная работа ўключае ў сябе сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дыягностыку навучэнцаў. Важнае значэнне мае правядзенне трэнінгаў асобаснага росту, такіх як “Я прымаю сябе”, “Я спазнаю сябе” і “Я ўмею вырашаць канфлікты”. Тым самым дзеці далучаюцца да арганізаванай адукацыйнай дзейнасці з улікам іх індывідуальных патрэб. Для бацькоў навучэнцаў арганізоўваюцца дыялогавыя пляцоўкі на тэмы “Прычыны ўдзелу падлеткаў і моладзі ў нефармальных аб’яднаннях” і “Дэструктыўныя нефармальныя маладзёжныя аб’яднанні як фактар рызыкі”.

Юлія АНІСІМАВА, дырэктар Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Гродна:

— Падлеткавы ўзрост характарызуецца актыўным пошукам малой групы і імкненнем адаптавацца да яе, прытрымлівацца правіл калектыву. У пубертатны перыяд у дзіцяці ўзнікае рэальная патрэба самасцвярджэння ў соцыуме, аднак сіл для гэтага яшчэ не хапае, таму патрэбна падтрымка больш моцных і адукаваных. Каб пазбегнуць гэтай небяспекі, уся работа ў гімназіі будуецца з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Увага педагогаў скіравана на працэс адаптацыі вучняў у гімназіі і між­асобаснае ўзаемадзеянне вучняў у калектывах. Штогод у нашай установе праводзяцца сацыяметрычныя даследаванні класных калектываў, вызначаецца са­цыяльны статус кожнага і даюцца рэкамендацыі па згуртаванні дзяцей у класах. Прафілактыка ўключэння моладзі ў дэструктыўныя аб’яднанні неабходна. Мы даём падрастаючаму пакаленню веды пра дэструктыўныя культы. Найбольш эфектыўнымі метадамі прафілактыкі з’яўляюцца інтэрактыўныя формы работы, наглядныя прыклады з жыцця былых адэптаў, тэматычныя лекцыі, семінары і практычныя заняткі. Залог добрага выніку — сумесны ўклад педагогаў і навучэнцаў.

 

Вікторыя КАРНЕЕВА, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Дуброўны імя Ю.Смірнова, Віцебская вобласць:

— У першую чаргу неабходна далучыць вучняў да цікавай дзейнасці. У нашай школе з 2017 года шырока развіваецца новы напрамак — STEAM-адукацыя. На працягу навучальнага года працуе ініцыятыўная група STEAM-педагогаў, якія забяспеч­ваюць рэалізацыю праектаў і дзейнасць студый цэнтра.  У склад групы ўваходзяць педагогі і кіраўніцтва ўстановы.

STEAM-акадэмія #Дуброўна ўжо трэці год супрацоўнічае з менеджарам адукацыйных праграм Асацыяцыі па распрацоўцы камп’ютарных гульняў. Дзякуючы гэтаму, школа прымала ўдзел у міжнародным хакатоне MakeYourSelf-make a game!, Міжнароднай канферэнцыі GIC-2019, усіх сезонах міжнароднага конкурсу GameDev Junior і анлайн-канферэнцыі па дадатковай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь “Адукацыя без меж”. У мінулым навучальным годзе мы правялі сумеснае рэгіянальнае мерапрыемства — хакатон па праграмаванні гульняў, у якім прынялі ўдзел каманды з чатырох устаноў адукацыі Дуброўны і Оршы. Пры падтрымцы IT-кампаніі Gismart асацыяцыя арганізавала IT-лагер Spring IT camp, куды былі запрошаны 8 вучняў сярэдняй школы № 2 Дуброўны. У гэтым навучальным годзе працягваецца ўкараненне STEAM-падыходу ў адукацыйны працэс. Ствараюцца ўмовы для фарміравання ў вучняў пачуцця патрыятызму і любові да малой радзімы праз рэалізацыю праекта. У студзені навучэнцы прэзентавалі музейны экспанат “Увекавечым памяць героя!”. Яны прадставілі макеты, альбомы, мадэлі з рухомымі механізмамі. У маі вучні пачатковых класаў створаць пасланне прадзедам — салдатам Вялікай Айчыннай вайны ў выглядзе аб’ёмнай ма­дэлі з механізмамі. А навучэнцы 6—11 класаў прэзентуюць электронны адукацыйны рэсурс, прысвечаны Герою Савецкага Саюза Юрыю Смірнову. Адзін праект змяняе другі. У сярэдняй школе № 2 Дуброўны навучэнцам няма калі сумаваць.

Настасся ЧАРКАНАВА