Як гэта — выхоўваць чацвярых дзяцей, дзеліцца сакрэтамі сямейнай ідыліі мнагадзетная маці педагог Людміла Кажадуб

- 9:00Главная, Новости

У доме сям’і Кажадуб пануе вясёлы дзіцячы смех, а калі ўстанаўліваецца цішыня, гэта значыць, што дзеці з захапленнем паглыбіліся ў шахматную партыю. Як гэтавыхоўваць чацвярых дзяцей, дзеліцца сакрэтамі сямейнай ідыліі мнагадзетная маці настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 12 Светлагорска імя І.Г.Катлярова Людміла Кажадуб. Педагог сапраўды ведае, як дадаць любоў, адняць непаразуменне і што кожная праблема мае рашэнне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шчасце, памножанае ў разы

Валянцін і Людміла Кажадуб са Светлагорска — мнагадзетныя бацькі, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей: трынаццацігадовага Івана, адзінаццацігадовую Лізавету, васьмігадовую Кацярыну і трохгадовага Аляксандра. Сустрэцца двум маладым лю­дзям у родным горадзе было прызначана звыш.

— Пазнаёміліся з будучым мужам у Светлагорску, з моманту нашай першай сустрэчы больш і не расставаліся, — гаворыць Людміла Кажадуб. — Але цікавы аспект папярэднічаў нашай рамантычнай гісторыі: самае дзіўнае, што, перш чым сустрэць Валянціна, пазнаё­мілася з жонкай яго брата, з якой разам працавалі ў адной школе. Яна шмат расказвала пра маладога статнага мужчыну, падкрэсліваючы яго захопленасць танцамі, востры розум, харызму. Якое было здзіўленне, калі сустрэла таго самага Валянціна, пра якога раней ішла размова з калегай.

У гэтым годзе пара адзначыла хрустальнае вяселле — 15 гадоў з моманту шлюбу. Іх моцныя адносіны выбудоўваюцца на агульных каштоўнасцях: умець саступаць, прызнаваць памылкі, размаўляць, слухаць і чуць усіх у сям’і.

Па словах Людмілы Валер’еўны, яна заўсёды марыла аб вялікай сям’і, перад вачыма быў прыклад дружных бацькоў, якія выгадавалі і выхавалі старэйшага брата Мікалая і яе з сястрой-блізняткай Наталляй. Дарэчы, з сястрой яны з чырвоным дыпломам скончылі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, сталі педагогамі, прыехалі шукаць сябе ў сферы адукацыі ў перспектыўны родны і малады горад на Гомельшчыне.

У сярэдняй школе № 12 Светлагорска сясцёр заўважыла і паверыла ў іх на той момант завуч школы, а цяпер начальнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанна Чэркас.

Шахматы — інструмент поспеху

Як і многія іншыя беларускія сем’і, нараўне з прафесійнымі абавязкамі Людміла і Валянцін шмат сіл і ўвагі ўдзяляюць выхаванню дзяцей, укладваюць у сваіх дачок і сыноў усё лепшае для іх разумовага, культурнага і духоўнага развіцця. Натхняльнае хобі — шахматы — з часам перайшло на больш сур’ёзны ўзровень турніраў рэспуб­ліканскіх і нават міжнародных.

— Шахматы прымушаюць разважаць і стратэгічна планаваць, трэніруючы мозг, вучаць думаць па-новаму, і не толькі за дош­кай, — працягвае мнагадзетная маці. — Захапленне гэтай старажытнаіндыйскай гульнёй пачалося зусім выпадкова — першую партыю Іван згуляў з аднагодкамі ў дзіцячым садзе. У 1 класе сын папрасіў запісаць яго на секцыю па шахматах.

Да таго часу ў аб’яднаннях па інтарэсах была стапрацэнтная напаўняльнасць дзецьмі. Каб трапіць у групу і праверыць свае сілы, па просьбе трэнера Іван згуляў партыі з хлопцамі з гуртка, тады ён усім прайграў… У тую хвіліну матчына сэрца сціснулася, зразумела, што неяк трэба ўгаварыць трэнера запісаць Ваню, таму і сказала, што такому мэтанакіраванаму дзіцяці, будучаму чэмпіёну, немагчыма адмовіць.

Так, у здольнасці першакласніка паверыла не толькі маці, але і трэнеры Іван Ана­тольевіч Астапенка і Валянцін Уладзі­міравіч Талстапятаў. З таго моманту Іван больш адказна, з азартам і прыхільнасцю падышоў да заняткаў і да шахмат.

— Мой сын жыў аднымі шахматамі, нават глядзеў не мульцікі, а як гуляць, выбудоў­ваць стратэгію з дапамогай галоўных дзеючых асоб любой шахматнай партыі, — згадвае маці. — І праз месяц Ваня выконвае 4-ы, а потым і 3-і, 2-і і 1-ы разрады па шахматах. У 11 гадоў стаў кандыдатам у майстры спорту. У мінулым годзе — чэмпіёнам краіны па класічных шахматах, заваяваў права ўдзельнічаць у Кубку свету і на чэмпіянаце свету. Сваё майстэрства дэманстраваў у Грузіі, Албаніі, Італіі. Літаральна 30 красавіка вярнуўся з першынства Рэспублікі Беларусь па шахматах сярод юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў з “бронзай”.

Сёстры Івана шчыра радуюцца дасягненням брата, кожнаму медалю і стараюцца ад яго не адставаць. Так, Лізавета — неаднаразовая пераможца і прызёр гарад­скіх і абласных турніраў. У 2021 годзе яна стала пераможцай міжнароднага турніру па шахматах сярод дзяўчынак. Кацярына, гледзячы на брата і сястру, таксама імк­нецца пака­заць свае здольнасці. Каб папоў­ніць сямейную скарбонку дасягненнямі, дзяўчынкам трэба шмат трэніравацца, але на шляху да перамог няма нічога немагчымага.

Акрамя шахматнага свету, дзеці актыўнічаюць у жыцці гімназіі, заяўляюць аб сабе ў алімпіядным руху па матэматыцы, дадаткова вывучаюць англійскую мову ў камп’ютарным цэнтры дзяцей і моладзі Светлагорска. Крыху раней Іван яшчэ захапляўся і вывучаў кітайскую мову, займаўся робататэхнікай. Самы малодшы Аляксандр наведвае дзіцячы сад № 4. Маленькі чамучка любіць расказваць вершы, збіраць пазлы, канструктар і, вядома, ужо вучыцца перамяшчаць фігуры на шахматнай дошцы.

Валянцін і Людміла Кажадуб — яркі прыклад духоўнага адзінства сям’і, яны з вялікай адказнасцю ставяцца да сямейных традыцый і да бацькоўства. Дзяцей яны выхоўваюць у павазе да старэйшых, клопаце адно пра аднаго.

Тэрыторыя адказнасці

Дзень мнагадзетнай маці распісаны па мінутах: маршрут перамяшчэння ад дома да гімназіі і дзіцячага сада, затым да работы, пасля ад гімназіі да дома, ад дома да секцыі па шахматах — загадзя прадуманы. Вучоба — на першым месцы, выніковасць і паспяховасць дзяцей муж і жонка разам трымаюць на кантролі.

— З раніцы я настаўнік, пасля абеду — таксіст, а ўвечары — шэф-кухар, — з гумарам прамаўляе суразмоўніца. — Муж ва ўсім мне вельмі дапамагае. Валянцін — інжынер па наладцы і выпрабаваннях РДУП “Беларуснафта-Прамсэрвіс” і, нягледзя­чы на загружанасць і адказнае выкананне прафесійных абавязкаў, заўсёды знахо­дзіць час, сілы, падключаючы ўнутраны рэсурс у вырашэнні любых задач. Напрыклад, наш тата максімальна ўключаны ў працэс выхавання, сочыць за паспяховасцю ўсіх дзяцей у школе, ён цудоўна разбіраецца ў рускай мове, фізіцы, геаграфіі, гісторыі, а матэматыка і хімія — ужо за мной. Дзеці часта ездзяць на спаборніцтвы, таму самастойна наганяем школьную праграму. Таксама муж суправа­джае і падтрымлівае Івана на турнірах, якія праводзяцца ў рэспубліцы.

У сям’і прывіваюць каштоўнасці здаровага ладу жыцця асабістым прыкладам. З тэлефонамі ў руках дзяцей рэдка сустрэнеш дома, бо яны заняты хатнімі справамі або доглядам чацвераногіх сяброў — ката Цішкі і хамяка Барні.

— Кот жыве ў сям’і даўно — 9 гадоў, а вось паход у эколага-біялагічны цэнтр меў заканамерны працяг — дзеці папрасілі завесці яшчэ аднаго пухнатага сябра, — успамінае гісторыю з’яўлення хамяка Барні Людміла Валер’еўна. — Дзеці актыўна дапамагаюць ва ўборцы сваіх пакояў, паліваюць расліны, старэйшая дачка можа нават праверыць у малодшай урокі. Усе разам яны з задавальненнем гуляюць з маленькім Сашкам.

За 15 гадоў сумеснага жыцця яркіх, дзіўных, святочных, сюрпрызных момантаў у сям’і не злічыць. Але самымі знамянальнымі мнагадзетная маці лічыць моманты з’яўлення на свет сваіх дзяцей. А яшчэ яна з радасцю ўзгадвае тыя мінуты, калі іх старэйшы сын выйграў першынство Рэспублікі Беларусь па шахматах і заняў лідзіруючую прыступку пастамента.

— Радасна было, калі гараджане і чулыя людзі дапамагалі шукаць магчымасць і спонсарскія сродкі для таго, каб Іван у суправаджэнні трэнера адправіўся ў скла­дзе беларускай юнацкай зборнай на міжнародны турнір, — дадае Людміла Кажадуб. — Спадзяёмся, што ў нашага сына ўсё толькі пачынаецца, ён яшчэ ўпіша ў кнігу высокіх дасягненняў Светлагорскага раёна не адну яркую старонку.

Сакрэт гармоніі

Сям’я, муж, дзеці, бытавыя клопаты… Каб не растварыцца ў чарадзе штодзённых спраў, трэба мець занятак, які дазваляе пераключыць вектар увагі, пераканана педагог:

— Неяк заказала торт сыну на дзень нараджэння, а пазней вырашыла, што і сама змагу спячы цудоўнейшы дэсерт. З часам налаўчылася і з задавальненнем гатую прысмакі для сваёй сям’і, брата, сястры. Смачны торт становіцца феерычным фрагментам любой урачыстасці. Таксама мне падабаецца вырабляць нешта на конкурс у дзіцячы сад, манатонная творчая работа добра супакойвае.

А яшчэ ў нас ёсць выдатная сямейная традыцыя — кожнае лета вандруем па маляўнічых і гістарычных мясцінах Беларусі. Нашы дзеці — спартсмены, таму сумя­шчаем спаборніцтвы, турніры з пазнавальнай актыўнасцю і асветай. Напрыклад, два гады запар ездзім у Гродна і атрымліваем асалоду, яркі спектр эмоцый, які адчуваецца ад славутасцей горада над Нёманам. Чароўны старадаўні “горад каралёў”, захаваны самы вялікі ў Беларусі ансамбль гістарычнай забудовы, у тым ліку адразу два сярэднявечныя замкі. У гэтым годзе плануем наведаць Кобрын.

Людміла Валер’еўна — сэрца сям’і, матыватар, стратэг і генератар ідэй. Дарэчы, у педагогіцы яна таксама мае поспех: лю­біць сваіх вучняў, імкнецца захапіць, матываваць, растлумачыць ім, што матэматыка ў жыцці абавязкова спатрэбіцца. На прадметным тыдні, прысвечаным дакладнай навуцы, разам з навучэнцамі педагог правяла флэш-моб, захапіла школьнікаў вылічальнымі конкурсамі. У паўсядзённым школьным жыцці складаныя задачы імкнецца паднесці проста і праз прызму сучаснага жыцця.

Галоўнае, каб кожнае дзіця ў класе мяне зразумела. Мая мэта — навучыць, каб дзеці разбіраліся і рашалі пэўны прыклад або задачу, каб для кожнага вучня, нягледзячы матэматычны ў яго склад розуму ці не, царыца навук была пад сілу. Усё ж базавы аб’ём матэматычных прыкладных ведаў патрэбен кожнаму ў штодзённым дарослым жыцці, у гэтым з лёгкасцю, захоплена і крэатыўна пераконваю сучасных школьнікаў, — адзначае настаўніца.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара