Як хораша ўмець чытаць!

Авалоданне паўнацэнным навыкам чытання з’яўляецца ўмовай паспяховага навучання дзіцяці ў школе: ад узроўню яго развіцця залежыць аб’ём часу, які затрачваецца на засваенне вучэбнага матэрыялу, ступень яго разумення. Пакуль малодшыя школьнікі не навучацца чытаць правільна, хутка, асэнсавана, думаць і суперажываць, працэс чытання будзе дастаўляць ім мала радасці. Чытанне — гэта праца, і праца цяжкая, і зрабіць яе творчай, прадукцыйнай — задача сучаснага настаўніка.
Як жа дапамагчы дзецям справіцца з цяжкасцямі пры навучанні чытанню? А тым больш сёння, калі школьнікі большую частку вольнага часу праводзяць за камп’ютарам і іншымі тэхнічнымі сродкамі. Дырэктар Мілейкаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Ала Фёдараўна Ляховіч (працуе і настаўніцай пачатковых класаў) вырашыла выкарыстаць гэтае захапленне сучасных дзяцей і сумясціць прыемнае з карысным. Ала Фёдараўна распрацавала электронны сродак навучання — трэнажор “Вучымся чытаць: правільна, бегла, усвядомлена”, за які сёлета на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была адзначана дыпломам ІІІ ступені. Аб асаблівасцях гэтага праграмнага прадукту наш карэспандэнт гутарыць з А.Ф.ЛЯХОВІЧ.

— Ала Фёдараўна, на ваш погляд, ці патрэбны электронныя сродкі навучання на ўроках і факультатыўных занятках у пачатковай школе?
— Калі час так імкліва ляціць наперад, настаўнік не можа застацца ў баку ад дасягненняў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Выкарыстанне электронных сродкаў навучання ў школьнай адукацыі дазваляе змяняць і неабмежавана ўзбагачаць яе змест. Прымяненне камп’ютара на ўроку забяспечвае рэалізацыю прынцыпу нагляднасці, дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць час, спрыяе спалучэнню традыцыйных форм навучання з нетрадыцыйнымі, што павялічвае цікавасць вучняў да навучання.

— Як прыйшла ідэя распрацаваць электронны адукацыйны рэсурс для пачаткоўцаў? Чаму менавіта па чытанні?
— Праз кожныя чатыры гады зноў прыходзіш “першы раз у першы клас” і вырашаеш адны і тыя ж праблемы: навучыць дзяцей чытаць, пісаць, лічыць. Вельмі складаным з’яўляецца шлях да фарміравання ў кожнага вучня паўнацэннага навыку чытання, а менавіта гэты навык вызначае паспяхо-васць усёй далейшай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. І хаця настаўнікі пачатковых класаў маюць у сваёй педагагічнай скарбонцы нямала магчымасцей па дасягненні выніковасці ў навучанні чытанню (бо многія навукоўцы вывучалі гэтую праблему), аднак гэтае пытанне вельмі часта мае цяжкасці ў вырашэнні. Вучні прыходзяць у клас з рознымі пазнавальнымі магчымасцямі, матывацыяй, і цікавасць да вучэбнай дзейнасці таксама розная.
Як жа зрабіць урокі чытання прадукцыйнымі і цікавымі для ўсіх вучняў? Я працую настаўніцай сямнаццаць гадоў. Мне заўсёды было цікава займацца чымсьці новым, рабіць свае ўрокі інфармацыйна насычанымі, сучаснымі. Выніковасць маёй работы залежыць ад таго, наколькі я змагу зацікавіць дзяцей сваім прадметам, прыцягнуць увагу вучняў, каб яны захацелі атрымліваць прапанаваныя веды. Пошук эфектыўных методык прывёў мяне да асваення камп’ютарных тэхналогій.
Практыка выкарыстання інфармацыйных тэхналогій паказвае, што пры ўмове дыдактычна прадуманага выкарыстання, з улікам патрабаванняў СанПіНаў, у межах традыцыйнага ўрока з’яўляюцца неабмежаваныя магчымасці для індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу, а гэта неабходна ў фарміраванні навыку чытання. Разнастайны ілюстрацыйны матэрыял, мультымедыйныя і інтэрактыўныя мадэлі паднімаюць працэс навучання на якасна новы ўзровень. Нельга не ўлічваць і псіхалагічны фактар: сучаснаму дзіцяці цікавей успрымаць інфармацыю менавіта ў такой форме, чым пры дапамозе кніг і табліц. Пры выкарыстанні камп’ютара на ўроку інфармацыя становіцца не статычным малюнкам, а дынамічным відэа- і гукарадам, што значна павышае эфектыўнасць фарміравання чытацкага навыку.
Аднак гатовага прадукту для выкарыстання ў сваёй рабоце па навучанні чытанню на беларускай мове я не знайшла. А паколькі я больш як пяць гадоў выкарыстоўваю інфармацыйныя тэхналогіі, то ў мяне ёсць пэўныя навыкі ў распрацоўцы мультымедыйных прадуктаў. Таму я і вырашыла сама рэалізаваць задуму стварэння электроннага сродку навучання, які дапаможа ажыццявіць індывідуальны падыход у авалоданні навыкам чытання; дыферэнцыяцыю заданняў з улікам асабістага ўзроўню развіцця пазнавальных магчымасцей кожнага вучня; стварыць камфортныя ўмовы для навучання, сітуацыі паспяховасці для кожнага вучня; павысіць матывацыю да вучэбнай дзейнасці.

— Як вы рашыліся прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”?
— Першапачаткова свой трэнажор па чытанні я прадставіла на раённым конкурсе “Урок — творчая майстэрня”, дзе заняла першае месца. Затым на раённым конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” я таксама заняла першае месца. Хочацца адзначыць актыўную падтрымку спецыяліста раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.У.Пратасавіцкай, нашага раённага метадыста пачатковых класаў В.В.Фядосік, якія падтрымалі і, можна сказаць, падштурхнулі да ўдзелу і на раённым, і на рэспубліканскім узроўні.

— Ала Фёдараўна, раскажыце, калі ласка, пра створаны вамі адукацыйны рэсурс? Якія мэты і задачы ставіліся пры яго распрацоўцы?
— Электронны адукацыйны рэсурс “Вучымся чытаць: правільна, бегла, усвядомлена” створаны спецыяльна для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Ён у поўным аб’ёме ўлічвае псіхічныя і фізіялагічныя асаблівасці авалодвання дзецьмі такім відам дзейнасці, як чытанне.
Дапаможнік зроблены ў форме трэнажора па чытанні, змест якога накіраваны на ўдасканальванне навыка чытання, яго тэхнічнага і сэнсавага бакоў, а гэта задача надзвычай актуальная ў пачатковай школе.
Развіццё навыку чытання будзе эфектыўным, калі падабраць цікавы, займальны, яркі матэрыял, ствараць на ўроку сітуацыю поспеху, у сістэме праводзіць практыкаванні на даступным для кожнага вучня ўзроўні (пачынаць ад самых простых і паступова ўскладняць іх). Усё гэта і было пакладзена ў аснову дапаможніка.
Матэрыял, падабраны ў трэнажоры, сістэматызаваны, накіраваны на развіццё ўсіх якасцей аптымальнага чытання: правільнасці, бегласці, выразнасці, асэнсаванасці. Дзякуючы сістэме рознаўзроўневых заданняў, гульняў, падабраных з улікам магчымасцей навучэнцаў, а таксама цяжкасцей, якія могуць перашкаджаць фарміраванню чытацкіх здольнасцей, можна развіваць аператыўную памяць дзяцей, павялічыць узровень арганізацыі іх увагі, удасканальваць тэхніку чытання.
Сама мультымедыйная прэзентацыя аформлена з улікам узросту вучняў — фоны маляўнічыя, з казачнымі героямі, з сюрпрызнымі момантамі, шрыфт адпавядае патрабаванням. Шэраг традыцыйных практыкаванняў відазменены дзякуючы выкарыстанню гульнявой сітуацыі, падабранага займальнага матэрыялу, а магчымасці мультымедыя дазваляюць вяртацца да паўторнага выканання заданняў, зробленых няправільна.
Адзін вельмі важны аспект развіцця чытання — частата трэніровачных практыкаванняў. Каб дапамагчы дзецям авалодаць навыкам чытання і давесці яго да аўтаматызму, трэба штодня праз вызначаныя прамежкі часу праводзіць з імі невялікія па аб’ёме практыкаванні. Таму асноўная ўвага інтэрактыўнага дапаможніка скіравана на магчымасць шматразовага чытання складоў, слоў, тэкстаў.

— Якую структуру і змястоўнае напаўненне мае трэнажор?
— Створаны мною электронны вучэбны дапаможнік складаецца з 13 раздзелаў, кожны з якіх накіраваны на вырашэнне пэўнай задачы, якая дапамагае пазбягаць цяжкасцей у навучанні чытанню.
Праблему засваення графічнага вобраза літар дапамагаюць вырашыць раздзелы “Назаві літару”, “Гульні з літарамі”. Пазнаёміўшыся з літарамі, дзеці з задавальненнем націскаюць на іх, імкнучыся знайсці зададзеную. Пры гэтым дзіця акцэнтуе ўвагу на форме літары, а шматразовы паўтор прыводзіць да аўтаматычнага засваення літар, што з’яўляецца неабходнай умовай умення чытаць.
Карэкціраваць выразнасць вымаўлення і развіццё артыкуляцыйнага апарату дапаможа раздзел “Артыкуляцыйная гімнастыка”, дзе заданні накіраваны на артыкуляцыю галосных і зычных гукаў, ёсць артыкуляцыйная зарадка для языка, прапаноўваецца работа з “Чыстагаворкамі” і “Скорагаворкамі”, ёсць гукавыя файлы для аўдзіравання беларускіх казак.
Самае цяжкае для дзіцяці — зліццё зычнага гука з галосным. Калі ў навучэнцаў палітарнае чытанне, скажэнне гука-складовай структуры слова, замена слова, то тут на дапамогу прыходзяць раздзелы “Чытанне складоў”, “Чытанне слоў”, куды ўключаны заданні “Чытанне складовых табліц”, “Чытанне складоў і слоў”, “Чытанне лесвічак слоў”, “Табліцы для пашырэння поля зроку”.
Ёсць і ўскладненыя заданні, якія накіраваны на групоўку і класіфікацыю складоў і слоў: “Групоўка слоў і складоў”, “Размеркаванне слоў па групах”, “Утварэнне слоў”, “Чытанне слоў і знаходжанне лішняга”. Гэтыя раздзелы таксама маюць групу заданняў “Гульні са словамі”.
Раздзелы “Лексіка-граматычныя практыкаванні” і “Група лексічных слоў” уключаюць шэраг заданняў, накіраваных на развіццё слоўнікавага запасу, і прадстаўлены ў форме гульнявога матэрыялу: “Збегла апошняе слова”, “Не насмяшы”, “Сказ-жартаўнік”, “Літара згубілася”, “Гукі-браткі”, “Блытаніна”.
“Група лексічных слоў” з’яўляецца трэніровачным матэрыялам для замацавання ўмення чытаць словы. Малюнкі прадметаў дапамагаюць дзіцяці чытаць асэнсавана. Патрабаванне падпісаць малюнак заахвочвае дзіця да чытання. Часта малодшыя школьнікі, якія ўмеюць чытаць словы, не ўсведамляюць значэння самых простых і распаўсюджаных слоў. Прачытаўшы слова, яны не злучаюць яго з прадметам, у свядомасці дзіцяці не ўзнікае вобраз прачытанага.
У маленькіх дзяцей не развіта асацыятыўнае мысленне. З-за гэтага, у прыватнасці, страчваецца і цікавасць да чытання. Прапанаваныя практыкаванні на выкананне дзеянняў са словамі і малюнкамі накіраваны на развіццё асацыятыўнага мыслення, спрыяюць развіццю навыкаў асэнсаванага чытання. Разам з тым практыкаванні знаёмяць дзяцей з рознымі лексічнымі групамі, іх назвамі, знешнім выглядам, развіваюць дапытлівасць, імкненне пазнаваць новае.
Раздзел “Работа з тэкстам, асэнсаванне прачытанага” накіраваны на выпраўленне памылак асэнсавання прачытанага, арыентаваны на ўдумлівае чытанне, дзе неабходна прачытаць тэкст, адказаць на пытанне па яго асэнсаванні. І калі заданне выканана правільна, то вучань можа ісці наперад, калі адказ няправільны — неабходна паўторнае чытанне тэксту.
Раздзел “Чытанне ўскладненага тэксту” ўключае больш складаны матэрыял па рабоце з тэкстам для вучняў з дастаткова сфарміраваным навыкам чытання. Заданні падабраны цікавыя, незвычайныя, з выкарыстаннем анімацыі, што выклікае асаблівую актыўнасць у выкананні заданняў гэтага раздзела.
Раздзел “Зрокавыя дыктоўкі Федарэнка Т.І.” накіраваны на развіццё тэхнікі чытання і дапамагае ў развіцці аператыўнай памяці.
У раздзеле “Тэксты для самазамеру тэхнікі чытання” матэрыял накіраваны на выпрацоўку беглага, правільнага і выразнага чытання. Група заданняў прызначана для самазамеру прачытанага тэксту вучнямі. На экране з’яўляецца гадзіннік, які рухаецца на працягу мінуты, што дазваляе самастойна замераць свой тэмп чытання.

— Ці лёгка навучэнцам і педагогу карыстацца электронным сродкам навучання?
— Даступны інтэрфейс, лёгкасць у карыстанні гэтым сродкам навучання дае магчымасць вучню самастойна працаваць з мультымедыйным прадуктам. Першая старонка ўяўляе сабой слайд з кіруючымі кнопкамі, дзе з дапамогай гіпертэкставых спасылак “Змест”, “Каментарыі”, “Метадычныя рэкамендацыі” можна перайсці да патрэбнай інфармацыі. Са старонкі “Змест” з лёгкасцю можна перайсці да неабходнага раздзела і далей да заданняў.
Мінімальныя патрабаванні неабходны і да апаратных рэсурсаў: мультымедыйная ўстаноўка, ПК, магчымасць паказваць файлы PowerPoint , гукавыя файлы.
Да ўсіх слайдаў і заданняў ёсць метадычныя рэкамендацыі аўтара, дзе тлумачыцца змест задання і магчымыя віды дзейнасці з ім, што робіць матэрыял зразумелым і даступным у выкарыстанні.

— Як вы будуеце заняткі з выкарыстаннем праграмнага прадукту? На якіх этапах урока яго мэтазгодна выкарыстоўваць?
— У электронным дапаможніку падабраны шматпланавыя заданні — ад самых простых да павышанай складанасці, што дае магчымасць іх выкарыстання на любым уроку навучання грамаце, літаратурнага чытання ці беларускай мовы ў 1—4 класах, а таксама на любым этапе: на хвілінках чытання, моўнай размінцы і г.д. Яго можна выкарыстоўваць і дома. Асабліва карысны трэнажор для вучняў, якія маюць пэўныя цяжкасці ў навучанні чытанню. Дарэчы, пра метады і прыёмы работы на занятках кожны настаўнік можа даведацца ў метадычных рэкамендацыях, распрацаваных спецыяльна да ЭСН.

— Ала Фёдараўна, якія вынікі можна назіраць пры сістэмным выкарыстанні адукацыйнага рэсурсу?
— Электронны трэнажор быў апрабаваны на занятках з маімі вучнямі. Падводзячы вынікі гэтай работы, можна сцвярджаць, што ў класе якасць чытання ўзрасла: паменшылася колькасць памылак, дзеці лепш разумеюць прачытаны тэкст, упэўнена адказваюць на пастаўленыя пытанні.
Выкарыстанне ў практыцы распрацаванай сістэмы практыкаванняў спрыяе ўдасканаленню тэхнікі чытання. Назіранні сведчаць пра тое, што навучэнцы хутка распазнаюць графічны вобраз літар; чытаюць цэлымі словамі, амаль без памылак; у іх сфарміраваны навык выразнага чытання, правільнай артыкуляцыі гукаў; яны асэнсавана ўспрымаюць прачытаны тэкст; узбагаціўся лексічны слоўнік дзяцей.
Сфарміраванасць тэхнікі чытання ў сваю чаргу паўплывала на агульнае развіццё маўлення; развіццё цікавасці да чытання; павышэнне паспяховасці. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў дзяцей адзначаецца станоўчая дынаміка сфарміраванасці тэхнікі чытання.

— Калі не сакрэт, а над чым вы працуеце зараз?
— Зусім нядаўна закончыла работу над электронным партфоліа настаўніка, з якім таксама прыняла ўдзел у раённым конкурсе і заняла другое месца. Назапашаны матэрыял для стварэння электроннага кантралюючага сродку па рабоце са слоўнікавымі словамі на беларускай мове. У далейшым планую стварыць асабісты блог настаўніка пачатковых класаў.

— Дзякуй за гутарку і поспехаў у рэалізацыі задуманага!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.