Як калектыў Поўсвіжскай базавай школы збірае інфармацыю пра земляка Мікалая Тамашэвіча

- 14:48Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

З мінулага года Поўсвіжская базавая школа Лепельскага раёна носіць імя земляка Героя Савецкага Саюза Мікалая Мікалаевіча Тамашэвіча. Інфармацыю пра яго збіралі па крупінках. Пошук працягваецца і сёння. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Завёў падпалены танк у ледзяную ваду і працягваў бой

— Мікалай Мікалаевіч — ураджэнец вёскі Новыя Валосавічы, скончыў 7 класаў Весялоўскай школы, — расказвае дырэктар школы Святлана Карабань. — Калісьці піянерская дружына Новавалосавіцкай сярэдняй школы-сада насіла імя героя. Пасля рэарганізацыі ўстановы вучні перайшлі на вучобу да нас. І вельмі сімвалічным стала захаваць і працягнуць гэтую ніць успамінаў. Так у музеі Поўсвіжскай школы з’явілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю Мікалая Мікалаевіча Тамашэвіча.

Пасля заканчэння двух курсаў рачнога тэхнікума ў Мазыры Мікалай Тамашэвіч працаваў на гідравузле на рацэ Прыпяць. З 1940 года служыў у 46-й танкавай дывізіі 21-га механізаванага корпуса ў Прыбалтыйс­кай ваеннай акрузе. На франтах Вялікай Айчыннай вайны — з чэрвеня 1941 года. Быў камандзірам танка, узвода, роты. Ваяваў на Паўночна-Заходнім фронце, у 7-й Асобнай арміі, на Волхаўскім, Ленінградскім і Карэльскім франтах.

Экіпаж танка малодшага лейтэнанта М.М.Тамашэвіча праявіў мужнасць і гераізм у баях за вёску Кшэнціцы (Ленінградская вобласць). 22 студзеня 1944 года пры фарсіраванні ракі Змейкі, глыбіні якой ніхто не ведаў, механік-вадзіцель танка старшына А.Сяргееў асцярожна спусціў машыну на лёд. Але лёд не вытрымаў, і корпус танка амаль цалкам апусціўся ў ваду. Пераадольваючы нагрувашчванне лёду, дасведчаны вадзіцель настойліва прабіваўся да супрацьлеглага берага. Танк Тамашэвіча адціснуў гітлераўцаў ад месца пераправы і з боем пачаў хутка прасоўвацца наперад. Адарваўшыся ад сваіх і пераадолеўшы смяротны шквал агню, танк першым уварваўся ў вёску Кшэнціцы. На велізарнай хуткасці прамчаўся па вуліцы, пакідаючы ззаду падпаленую і разбітую варожую тэхніку. Большасць гітлераўцаў у паніцы бегла з сяла да глыбокай ракі Варонкі ў надзеі, што савецкія танкі не змогуць пераправіцца цераз яе. Але Тамашэвіч не даў праціўніку адысці, загадаў Сяргееву фарсіраваць раку. На максімальнай хуткасці танк праскочыў па лёдзе і апынуўся ў самай гушчы ворагаў. У гарачцы бою М.М.Тамашэвіч не заўважыў, як вырваўся наперад і трапіў у небяспечную сітуацыю. Члены экіпажа былі паранены, а танк, ахоплены полымем, з кожнай мінутай страчваў хуткасць. Тамашэвіч загадаў Сяргееву завесці танк у ваду. Полымя было збіта, а экіпаж, які апынуўся ў ледзяной вадзе, працягваў расстрэльваць з гарматы і кулямёта гітлераўцаў, якія ўцяклі з Кшэнціц. Доўга адважныя танкісты вялі бой, пакуль не падышлі на дапамогу свае.

У наступных баях за станцыю Перадольская 27 студзеня 1944 года Тамашэвіч быў паранены і эвакуіраваны ў медсанбат. За гераізм, праяўлены ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры вызваленні вёскі Кшэнціцы, гвардыі малодшы лейтэнант М.М.Тамашэвіч 26 жніўня 1944 быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

У 1945 годзе М.М.Тамашэвіч скончыў Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую бранятанкавую школу. Служыў каман­дзірам танкавага батальёна ў Ленінградс­кай ваеннай акрузе. Потым працаваў транспартным дыспетчарам у аўтакалоне. Быў жанаты. Яго дачка і сын, якога ўжо няма ў жывых, нарадзіліся і выраслі ў Ленінградзе. Жыццё героя абарвалася ў 62 гады: 23 верасня 1983 года. Пахаваны Мікалай Тамашэвіч у Санкт-Пецярбургу на Нова-Волхаўскіх могілках.

Пошук працягваецца

— Хацелася даведацца падрабязнасці пра жыццё героя. Пачыналі з малога. У інтэрнэце знайшлі інфармацыю пра тое, дзе быў пахаваны Мікалай Тамашэвіч, — гаво­рыць Святлана Анатольеўна. — Выходзілі на супрацоўнікаў могілак, звярталіся ў таварыства ветэранаў Санкт-Пецярбурга, у пасольства і ваенны камісарыят. Хутчэй за ўсіх спрацаваў ваенны камісарыят. У красавіку 2022 года мы пачалі гэтую работу, а ўжо 27 мая атрымалі ад дачкі Мікалая Тамашэвіча Алены Мікалаеўны згоду, што яна не супраць, каб нашай установе было прысвоена імя яе бацькі. Алена Мікалаеўна выслала неабходную інфармацыю, сканы фатаграфій з сямейнага архіва. Са слоў дачкі, Мікалай Мікалаевіч быў вельмі сціплым чалавекам, не любіў расказваць пра сябе і асабліва пра вайну, яму было балюча дзяліцца ўспамінамі. Нават у школе дачка па просьбе таты не прызнавалася, што яе бацька — Герой Савецкага Саюза. Мы даведаліся, што матэрыялы аб ім друкаваліся ў газеце “Вечерний Ленинград” 07.05.1983 у артыкуле “Таран”.

З мая па жнівень мінулага года калектыў Поўсвіжскай школы займаўся працэдурай прысваення імя. Афіцыйна гэта адбылося 29 жніўня 2022 года. А ўжо 16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, падчас маштабнага мерапрыемства старшыня райвыканкама ўручыў дырэктару школы сертыфікат.

У гэты дзень дачка Мікалая Тамашэвіча даслала ліст з настаўленнем для нашчадкаў і падзякай. Абяцала па магчымасці прыехаць. У час мерапрыемства была адкрыта мемарыяльная дошка. У гэты дзень імёны герояў былі прысвоены яшчэ чатыром установам адукацыі Лепельшчыны.

Імя мы прысвоілі і цяпер знаходзімся ў працэсе пошукавай дзейнасці, імкнёмся даведацца як мага больш падрабязнасцей аб гэтым легендарным, бясстрашным, адданым Радзіме чалавеку, членах яго экіпажа, — гаворыць дырэктар школы. — Бу­дзем шукаць сяброў і аднавяскоўцаў Мікалая Тамашэвіча, былых вучняў і педагогаў (і іх сваякоў) з яго роднай Весялоўскай школы, якія сустракаліся пасля вайны з легендарным земляком. Мікалай Мікалаевіч рэдка прыязджаў на радзіму. Адна з такіх сустрэч адбылася ў 1965 годзе.

У Поўсвіжскай школе ёсць экспедыцыйны атрад, вучні якога займаюцца даследчай дзейнасцю разам з кіраўніком школьнага музея “Спадчына роднай зямлі” Аленай Мікалаеўнай Яўсеевай. Праз ваенны камісарыят школа зрабіла пісьмовы запыт у Санкт-Пецярбург пра людзей, з якімі меў сувязі і сябраваў Тамашэвіч, з кім сустракаўся ў арганізацыі ветэранаў і ў камісарыяце. Ёсць спадзяванне, што атрымаецца сабраць з успамінаў аб героі каштоўную інфармацыю.

Музейная дзейнасць

У Поўсвіжскай школе з 2021 года працуе музей “Спадчына роднай зямлі”, які складаецца з некалькіх экспазіцый. У экспазіцыі “Вялікая Перамога — гонар нашага народа” размешчаны матэрыялы пра Мікалая Тамашэвіча. Тут таксама прадстаўлены звесткі пра родных і блізкіх настаўнікаў і вучняў школы.

Дырэктар Святлана Анатольеўна дэманструе назапашаныя матэрыялы:

— Мы ганарымся сваімі землякамі і свая­камі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны цаной свайго жыцця набліжалі Перамогу. Гэтых людзей мы ўспамінаем падчас патрыя­тычных мерапрыемстваў. М.Я.Кавалеўскі — дырэктар школы з 1950 па 1984 год, удзельнік вайны. М.С.Карпіцкі, удзельнік савецка-фінскай вайны, сяржант, камандзір разведаддзялення 880 СП 189 СД Ленінградскага фронту ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта бацька былога дырэктара школы, у цяперашні час начальніка аддзела па адукацыі Лепельскага райвыканкама А.М.Карпіцкага. Гэты спіс можна з гордасцю працяг­ваць. С.П.Ільін — мой родны дзядзька, старшы сяржант, ваяваў на 1-м Беларускім фронце пад камандаваннем Ракасоўскага. Сабраны матэрыялы  пра яго баявы шлях, узнагародныя лісты, медалі і ордэн Славы ІІІ ступені.

Ва ўстанове адукацыі вядзецца пошукавая работа з мэтай распаўсюджвання матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны на Лепельшчыне. У 1941—1944 гадах каля вёскі Чарнаручча фашысты расстралялі каля 2000 мірных жыхароў, партызан, падпольшчыкаў, чырвонаармейцаў. Для таго каб пераканаўча расказаць пра трагедыю, паказваем дзецям тэматычныя фільмы, праводзім экскурсіі па матэрыялах экспазіцыі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, якая знаходзіцца ў нашым музеі. Традыцыйна каля помніка ў в.Чарнаручча праводзім працоўныя дэсанты па ўпарадкаванні тэрыторыі, святочныя мерапрыемствы. 

Неад’емнай часткай музея з’яўляецца экспазіцыя “Беларуская хатка”. У яе стварэнні прынялі ўдзел настаўнікі і вучні школы. Экспанаты музея — гэта рэчы, падораныя мясцовымі жыхарамі, сабраныя калектывам. Экспазіцыя “Старадаўнія прадметы побыту” захоўвае гісторыю жыцця продкаў: расказвае, як яны будавалі, шылі, ткалі, выраблялі посуд, прылады працы, а затым выкарыстоўвалі іх у побыце.

  * * *

Расказала Святлана Анатольеўна і яшчэ пра аднаго вядомага земляка — ганаровага выпускніка школы 1958 года, з якім нала­джана супрацоўніцтва. Гэта мастак, прафесар, доктар мастацтвазнаўства з БДУКМ Рыгор Фёдаравіч Шаура — лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2000 год), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2003 год), уладальнік медаля Францыска Скарыны (2022 год). Рыгор Фёдаравіч з’яўляецца аўтарам больш як 150 навуковых работ, з іх 12 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў. Ярка праявіў сабе ў мастацкай і літаратурнай творчасці. У сваіх творах часта звяртаўся да тэмы малой радзімы. Рыгор Фёдаравіч падарыў музею школы аўтарскія работы і работы студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ, загадчыкам якой з’яўляецца. Работы прадстаўлены ў такіх тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як батык, габелен, вышыўка, выцінанка, саломапляценне, кераміка.

Да 100-годдзя школы, якое будзе адзначацца ў верасні 2024 года, Рыгор Фёдаравіч разам з прафесарам кафедры А.А.Кавалё­вым прапанавалі правесці даследаванне, звязанае са спадчынай нацыянальнай культуры Беларусі на грант, сродкі якога потым будуць накіраваны на стварэнне ў Поўсвіжскай школе карціннай галерэі твораў выпускнікоў і не толькі. Мяркуецца што ў адкрыцці галерэі паўдзельнічаюць ініцыятар даследавання Рыгор Фёдаравіч Шаура, выпускнікі школы і ганаровыя госці. 

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара