Як ментальныя карты дапамагаюць настаўніцы з Брэста Надзеі Шчэбет развіваць прафесійныя кампетэнцыі ў вучняў

- 13:21АРТ-квартал, Образование

Развіваць прафесійныя кампетэнцыі ў вучняў настаўніцы абслуговай працы Надзеі Шчэбет з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава дапамагаюць ментальныя карты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта цікавая форма творчай работы пры стварэнні дызайн-праектаў, — гаво­рыць педагог. — У нашай установе яны рэалізуюцца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Рукадзельніца”, выхаванцы якога працуюць над калекцыямі сучаснага маладзёжнага адзення аўтарскага характару. Вынікі мастацкага праектавання прэзентуюцца на конкурсах у галіне канструявання і мадэлявання адзен­ня: Junior Style, “Моднае скрыжаванне”, Brest junior fashion і “LookБуг”.

Шлях ад ідэі і эскіза да дэфіле даволі працяглы. Усё пачынаецца з вобраза і тэмы будучай калекцыі, ад якіх залежыць яе поспех. Як вядома, творчасць бязмежная і ідэі могуць быць самымі разнастайнымі. Галоўнае — знайсці адметную крыніцу натхнення.

— Творчае ўспрыманне навакольнага свету дазваляе юным дызайнерам запазычваць формы, распаўсюджаныя ў прыро­дзе, жывёльным і раслінным свеце, выяўленчым мастацтве, архітэктуры, музыцы, кіно, этналогіі… — працягвае Надзея Шчэбет. — Распрацоўка калекцыі — надзвычай складаны працэс, самым цяжкім у якім з’яўляецца пошук новай ідэі. Крыніцай натхнення можа высту­піць амаль усё, што нейкім чынам затым ператворыцца ў адзенне: матыў, фрагмент ці цэлая частка чагосьці. Больш за ўсё вучні баяцца апынуцца сам-насам з чыстым аркушам. Але калі вызначыцца з крыніцай натхнення і глыбока прааналізаваць яе, то на паперы акажацца мноства сумежных ідэй, гатовых для далейшага ўвасаблення.

Ментальныя карты, якія настаўніца выкарыстоўвае на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, дазваляюць узмацніць асацыятыўнае мысленне. Дзякуючы ім, вучні пазбаўляюцца страху забыць ці згу­біць нейкія звесткі, патануць у моры інфармацыі, паколькі ўся яна адлюстравана на карце. Гэта ў выніку павышае эфектыўнасць творчага працэсу, у якім педагог выступае ў ролі кансультанта.

— Ментальная карта можа быць тэкставай, графічнай ці камбінаванай, — тлумачыць На­дзея Шчэбет. — Пры стварэнні дызайн-праектаў часцей за ўсё звяртаюся да графічнага метаду візуалізацыі шляхам фор-эскізаў асобных элементаў (міні-замалёўкі, чарнавіка ці накіду з асноўнымі ідэямі, формамі і фактурай будучага аб’екта працоўнай дзейнасці для фіксацыі першапачатковай задумы мадэлі адзення), стылізацыі (запазычання форм, сілуэта, візуальных прымет крыніцы натхнення ці яе поўнай творчай перапрацоўкі, абагульнення ўяўных фігур з дапамогай умоўных прыёмаў і пераходу ад больш складанай формы да простай структуры), бры-калажу (стварэння аб’ёмнага калажу з падручных матэрыя­лаў: выразак з часопісаў моды, раздруковак, падбору тканін, каляровай гамы, фурнітуры) і планшэта ідэй (калажу, створанага ў электронным фармаце праз камбінацыю фотаздымкаў з інтэрнэту, апрацаваных у розных графічных рэдактарах). Найбольш яркія прафесійныя прыклады планшэта ідэй прадстаўлены на фотахостынгу Pinterest і ў часопісах “Атэлье” і Vogue.

Галоўная задача ментальнай карты — увабраць усе задумы для іх нагляднай фіксацыі, структуравання і генерацыі новых ідэй, што вельмі добра развівае творчае мысленне школьнікаў. Так, карта можа ўключаць элементы, якія дапамагаюць стварыць калекцыю: назву, фактуру, сілуэт, колеравае рашэнне, матэрыял, фурнітуру, віды аздаб­лення і дэкору… 

— Калі навучыць дзяцей ба­чыць у навакольным свеце крыніцы натхнення і адштурхоўвацца ад іх у сваёй творчасці, то яна стане для іх вельмі захапляльнай і незабыўнай, што ў рэшце рэшт прывядзе да поспеху, — лічыць Надзея Шчэбет.

У красавіку на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прайшоў фінал чарговага абласнога фестывалю-конкурсу юных ма­дэльераў Brest junior fashion, у якім удзель­нічалі больш за 250 выхаванцаў школ і ўстаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны, а таксама калектывы з Міншчыны і Гро­дзеншчыны. На суд журы было прадстаўлена 26 арыгінальных калекцый адзення ў намінацыях “Тэатр моды”, “Школа моды” і “Юны дызайнер”, а таксама 20 калекцый аксесуараў у намінацыі “Стылёвае дапаўненне”.

Творчы калектыў 20-й школы прэзентаваў новы дызайн-праект — калекцыю маладзёжнага адзення “Афрыка”, адзначаную дыпломам І ступені ў намінацыі “Школа моды”.

— На калекцыю школьнікаў натхнілі этнічныя матывы афрыканскай культуры, якія вучні паспяхова трансфармавалі шляхам ментальных карт пад асаблівасці сучасных дызайнерскіх рашэнняў, спалучэнняў колеравай гамы і фактур матэрыялаў, — расказвае Надзея Шчэбет. — Яркае і нязвыклае адзенне ўдала перадае самабытнасць і культурныя традыцыі экзатычных народаў дзякуючы тканінам насычаных колераў, разнастайным прынтам і ўзорам. Калекцыя ўяўляе сабой 9 мадэлей, куды ўваходзяць розныя па стылё­вым рашэнні сукенкі, штаны, спадніцы, топы, тунікі і інш. Асноўны акцэнт калекцыі перададзены з дапамогай аксесуараў этнічнага характару. У колеравай палітры пераважаюць спакойныя пастэльныя тоны на кантрасце з яркімі арнаментамі, экзатычнымі ўзорамі і малюнкамі, якія сімвалізуюць прыналежнасць да пэўных плямён. У калекцыі выкарыстоўваюцца жоўтыя, аранжавыя, тэракотавыя, вохрыстыя, залатыя, карычневыя, бежавыя, кававыя і пясочныя тоны, што лаканічна дапаўняюць адно аднаго. Стылёвы вобраз упрыгожаны наручнымі бранзалетамі, завушніцамі рознай формы, буйнымі шмат’яруснымі пацеркамі, заколкамі, галаўнымі павязкамі, сумкамі і інш. Асаб­лівы шарм надаюць нескладаныя геаметрычныя, раслінныя ўзоры і аплікацыі, арыгінальныя арнаменты, скура і гузікі. У калекцыі прасочваюцца этнічныя матывы за кошт упрыгажэнняў, галаўных убораў і аксесуа­раў, якія глядзяцца ярка, нязвыкла і прыцягальна. Гатовы вобраз калекцыі атрымаўся насычаным, святочным і эксклюзіўным, дзякуючы чаму і быў высока ацэнены журы.

Па словах педагога, творчае праектаванне — даволі эфектыўны і перспектыўны метад работы, які сведчыць пра высокі ўзровень развіцця ключавых прадметных кампетэнцый вучняў. Падчас праектнай дзейнасці школьнікі знаёмяцца з прафесіямі мастака, дызайнера, мадэльера-канструктара, швачкі, краўца, харэографа, рэжысёра, ма­дэлі, фатографа… Акрамя прафарыентацыйнай ролі, праектаванне развівае творчыя здольнасці і рыхтуе да самастойнага жыцця, дапамагае стаць паспяховым, канкурэнтаздольным і запатрабаваным на рынку працы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ