Як музеі разам з калекцыянерамі захоўваюць памяць?

Старадаўнія карты беларускіх земляў, рыцарскі пояс ХVІІ стагоддзя, літаграфія Напалеона Орды, абраз Святой Цыцыліі ХVІІІ стагоддзя, сталовае срэбра, фарфор, старадрукі, камінныя гадзіннікі ХІХ-га, рукапіс “Паўлінкі” Янкі Купалы і аўтограф Пікаса пачатку ХХ-га… На новай выставе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь можна азнаёміцца з малавядомымі старонкамі нашага мінулага.

Выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры” падрыхтавана ў межах гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры. На экспазіцыі прадстаўлена каля дзвюх соцень артэфактаў са збораў як музея, так і 20 калекцыянераў. Такі сумесны праект — выдатны прыклад паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Найбольш вядомыя калекцыянеры нашай краіны сабралі паўнавартасныя і змястоўныя калекцыі. Яны супрацоўнічаюць з намі не першы раз, і заўсёды адзін аднаго мы ўспрымаем як партнёры, а не як канкурэнты, — адзначыў дырэктар музея Павел Сапоцька. — Лічу, што атрымалася змястоўная экспазіцыя, у якой размешчаны вельмі цікавыя артэфакты гісторыі і культуры. Працягам выставачнага праекта стане навукова-практычная канферэнцыя, якая адбудзецца ў снежні і на якой мы абмяркуем вопыт лепшых практык супрацоўніцтва му­зеяў і прыватных калекцыянераў, ролю дыпламатычных місій у папаўненні музейных калекцый і г.д. Акрамя таго, у хуткім часе бу­дзе выдадзены каталог названай выставы. І асобна мы плануем надрукаваць усе матэрыялы, якія прагучаць на канферэнцыі.

Выстава падзелена на дзве часткі. Першая, музейна-гістарычная, знаёміць з экспанатамі ад збораў Радзівілаў XVI стагоддзя да нашых дзён і паказвае, як яны трапілі ў дзяржаўныя музеі і якім чынам зараз там захоўваюцца. Разам з фрагментамі радзівілаўскага архіва наведвальнікі могуць убачыць прадметы з былой калекцыі Паскевічаў, якія сёння захоўвае Нацыянальны гістарычны музей, артэфакты, сабраныя заснавальнікамі царкоўных гісторыка-археалагічных музеяў Магілёва і Віцебска, помнікі з былога Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Савецкі перыяд прадстаўлены калекцыямі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялах і сведчаць пра новыя кірункі і змест калекцыяніравання. Завяршаецца першая частка раздзеламі, прысвечанымі Музею гісторыі прыватнага калекцыяніравання ў Віцебску і ўдзелу замежных збіральнікаў у справе папаўнення беларускіх музейных збораў помнікамі гісторыі і культуры. Тут можна ўбачыць калекцыі злепкаў са старажытнаегіпецкіх, антычных і класічных скульптур, падораныя музею мастачкай беларускага паходжання з Францыі Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, і партрэты XVI—XIX стагоддзяў, набытыя музеем “Замкавы комплекс “Мір” у князя Канстанціна Гагенлоэ-Шылінгсфюрста.

Другая частка экспазіцыі — гэта аб’екты прыватных калекцый. Кожная з іх мае свае прыярытэты, якія так ці інакш характарызуюць уладальнікаў збораў. У ходзе падрыхтоўкі выставачнага праекта перавага аддавалася прадметам беларускага паходжання, а таксама тым, што раней не экспанаваліся. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з калекцыямі абразоў, старажытных карт, сталовага срэбра, фарфору, гадзіннікаў, стара­друкаў, з творамі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Куратар выставы вучоны сакратар музея Алег Ладзісаў падкрэсліў, што экспазіцыя будзе асабліва цікавай настаўнікам і школьнікам: “Тут настолькі шырокі тэматычны спектр таго, што збіраюць! Некаторыя думаюць, што калекцыя­неры — гэта людзі з адным толькі антыкварыятам. А на самай справе яны збіраюць артэфакты, якія тычацца іх сям’і, архіўныя даныя, асабістыя рэчы. На выставе прадстаўлены і незвычайныя калекцыі, напрыклад, калекцыя яек птушак, якія гняздзяцца ў Беларусі. Можна пераканацца, што ў душы кожнага жыве калекцыянер. Многія пачыналі з вельмі простага — збору марак, паштовак, абгортак ад цукерак, запалкавых пачкаў. Я вельмі люблю савецкае каляровае шкло. Калекцыя Дзмітрыя Сярэбранікава вельмі прыгожая і вытанчаная. Упэўнены, што наш праект будзе цікавы абсалютна ўсім”.

Сапраўды, тэматычная разнастайнасць прадстаўленых экспанатаў, іх храналагічны дыяпазон і геаграфія зацікавяць многіх, у тым ліку тых, хто сам захапляецца калекцыяніраваннем. Выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры” дае ўяўленне пра багацце беларускай гісторыі і культуры. Магчы­масць перканацца ў гэтым можна выкарыстаць да 1 снежня. Альберт Эйнштэйн некалі пісаў, што калекцыяніраванне вучыць засяроджваць памяць, пры гэтым яно само па сабе з’яўляецца адпачынкам ад думак, на якіх звычайна даводзіцца засяроджвацца.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.