У Шамоўшчынскім дзіцячым садзе ўдзяляецца вялікая ўвага духоўна-маральнаму выхаванню, нацыянальным традыцыям. Вывучаючы святы каляндарна-абрадавага цыкла, маладое пакаленне далучаецца да вытокаў самабытнай этнічнай культуры малой радзімы, а значыць, паспяхова вырашаюцца задачы патрыятычнага выхавання.
З адказнасцю педагогі і навучэнцы рыхтаваліся да правядзення Масленіцы: развучвалі песні, танцы, прыказкі, карагоды, майстравалі касцюмы, пяклі бліны.
На свята сабраліся дзеці, педагогі, бацькі, госці. Скамарохі зазывалі на свята ўсіх. З радасцю сустракалі Масленіцу, якая запрасіла ўсіх у карагод.
Гучалі беларускія народныя песні, прыпеўкі ў выкананні навучэнцаў і гасцей. Гульня “Гарачы блін” развесяліла, а “Блін-віктарына” насмяшыла. Хлопцы клікалі вясну і прасілі, каб хутчэй прынесла цяпло і сонца, з захапленнем гулялі ў народныя гульні: “Ручаёк”, “Трэці лішні”, “Пеўнікі” “Перадай хустачку”, каталіся на санках, спаборнічалі ў сіле і спрыце.
На заканчэнне спалілі пудзіла Зімы, а пасля частавалі ўсіх духмяным чаем, блінамі з варэннем.
Л.Я.ДОЛЬНІКАВА,
кіраўнік этнаграфічнага музея
Шамоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.