Слоўнікавы запас настаўніцы замежнай мовы гімназіі № 2 Салігорска Вольгі Алімавай не абмяжоўваецца англійскай і нямецкай лексікай — педагог вучыць школьнікаў размаўляць яшчэ і па-кітайску. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З замежнымі мовамі Вольга Алімава сябруе вельмі даўно. Пасля заканчэння БДПУ педагог доўгі час выкладала нямецкую і англійскую, але час прадыктаваў новыя правілы.
— Калі наша краіна пачала наладжваць супрацоўніцтва з Кітаем, я зразумела, што першы крок, які трэба зрабіць нам, педагогам, — вывучаць кітайскую мову і далучаць да гэтай справы навучэнцаў, — расказвае Вольга Генадзьеўна.
Педагог вырашыла пачаць з сябе, і гэта заканамерна: асабісты прыклад заўсёды мае станоўчы эфект. Пасля таго як прайшла субяседаванне на перападрыхтоўку кадраў у Інстытуце Канфуцыя БДУ, распачалася карпатлівая работа.
— Вучоба вялася вочна і анлайн і патрабавала многа часу, уседлівасці і стараннасці, — працягвае В.Г.Алімава. — Заканчваючы перападрыхтоўку, я паступіла ў магістратуру на спецыяльнасць “Тэорыя і методыка навучання і выхавання”.
Захапленне кітайскай мовай не скончылася паспяховай абаронай магістарскай дысертацыі, а, наадварот, падштурхнула да новых ведаў. Іх настаўніца атрымала падчас стажыроўкі ў Далянскім політэхнічным універсітэце. Дарэчы, за выдатныя дасягненні ў вывучэнні кітайскай мовы яна ўдастоена сертыфіката з грашовай узнагародай гэтай УВА.
За той час, што выкладае кітайскую, Вольга Генадзьеўна навучылася праводзіць урокі з прымяненнем шматлікіх методык. Гульнявыя элементы, інтэрактыўныя заданні ў спалучэнні з культурнымі аспектамі робяць заняткі займальнымі і цікавымі. Па словах настаўніцы, мовы, якія яна вывучала раней, не падобныя да кітайскай — тут іншыя падыходы, методыка. У кітайскай адсутнічае граматыка, няма часоў і ніякіх склонаў, акрамя назоўнага. Каб пачаць размаўляць па-кітайску, патрэбны толькі іерогліфы, разуменне іх канструкцый і захаванне пэўнага парадку слоў.
Але як працаваць педагогу, каб кітайскую мову вывучалі не 2—3 вучні, а ўвесь клас? Якім павінен быць вучэбны план, каб урокі па прадмеце былі паспяховымі? У першы год выкладання Вольга Генадзьеўна гэтыя пытанні задавала сабе не адзін раз, і менавіта яны сталі асновай яе дысертацыі.
— Адназначна, без ведання культуры і гісторыі краіны мы не можам зразумець яе мову, паглыбіцца ў вывучэнне, — падкрэслівае настаўніца. — Таму лепшая матывацыя — пазнаёміць навучэнцаў з Кітаем.
Самай папулярнай для вывучэння мовай у большасці школ краіны з’яўляецца англійская. Гімназія № 2 Салігорска таксама не была выключэннем, але тры гады назад усё змянілася.
— У 2022 годзе я пачала праводзіць першыя сходы з бацькамі, многія з якіх лічылі кітайскую мову незразумелай і недасягальнай, — працягвае педагог. — Але тыя сходы далі свой эфект. Для абмеркавання я выбірала тэмы, якія тычацца сучаснага Кітая, гісторыі развіцця адносін паміж ім і нашай краінай. Акрамя гэтага, я растлумачыла перавагі вывучэння кітайскай мовы, расказала пра УВА, у якіх яна выкладаецца, і пра прадпрыемствы, якія супрацоўнічаюць з КНР.
Вольга Алімава правільна акрэсліла перспектывы вывучэння кітайскай мовы: ААТ “Беларуськалій”, якое знаходзіцца ў Салігорску, — галоўнае горадаўтваральнае прадпрыемства, на ім працуе большасць бацькоў навучэнцаў. Згодна са статыстычнымі данымі, аб’ём вывезенага тавару з Беларусі ў Кітай з кожным годам расце, а значыць, менавіта гэтая краіна стане асноўным рынкам збыту беларускіх калійных угнаенняў. Вынік напрошваецца сам сабой: кітайская мова становіцца вельмі актуальнай для Салігорскага раёна.
— Жаданне даведацца больш і паспрабаваць сябе ў сумеснай дзейнасці — асноўны вынік знаёмства бацькоў з Кітаем і яго мовай, — зазначае В.Г.Алімава. — Я імкнулася да таго, каб сфарміраваць матывацыю да вывучэння свайго прадмета, і ў мяне гэта атрымалася. Сумесна з выкладчыкамі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ў гімназіі для дарослых і дзяцей былі арганізаваны майстар-класы, якія ўсім вельмі спадабаліся. У межах дня кітайскай культуры выкладчыкі інстытута правялі майстар-класы па кітайскай каліграфіі, выразанні з паперы, пляценні вузлоў і размалёўванні масак персанажаў пекінскай оперы. Гэта дапамагло ўдзельнікам яшчэ бліжэй азнаёміцца з традыцыямі і культурай Кітая.
Пазнаёміць з краінай
Вывучэнне кітайскай у гімназіі № 2 Салігорска пачалося з аб’яднання па інтарэсах, а сёння прадмет стаў адным з асноўных у школьным раскладзе.
— Кітайская дапамагае раскрыць патэнцыял дзіцяці, станоўча ўплывае на развіццё інтэлекту, маўлення і фантазіі, — запэўнівае настаўніца. — Менавіта гэтыя якасці сёння патрэбны кожнаму выпускніку. Бацькі хочуць, каб іх дзеці былі паспяховымі, і мы да гэтага імкнёмся.
Выкладанне прадмета ў малодшых і старшых класах мае сваю спецыфіку, а гэта значыць, што даносіць адну і тую ж інфармацыю вучням трэба па-рознаму, з улікам іх узроставых асаблівасцей.
— Паколькі ў вучняў пачатковай школы дамінуючае значэнне мае міжвольная памяць, то ў самым пачатку заняткаў рытуалам для навучэнцаў стала слуханне песні на кітайскай мове, — апісвае арганізацыю ўрока В.Г.Алімава. — Гэта дазваляе настроіцца на ўспрыманне іншай моўнай сістэмы.
Важна, каб урокі замежнай мовы не былі сумнымі. Гэта Вольга Генадзьеўна называе адным з крытэрыяў паспяховага выкладання.
— Выкарыстоўваю разнастайную нагляднасць і многа гульняў, — працягвае знаёміць са сваёй сістэмай работы настаўніца. — Гэта робіць урок больш цікавым для дзяцей. Нельга не сказаць яшчэ пра адзін складнік — фактар поспеху, які асабліва важны для малодшых школьнікаў. Пры арганізацыі заняткаў з імі і падчас кантролю ведаў важна ствараць спрыяльную атмасферу. Менавіта поспех натхняе навучэнцаў і падтрымлівае цікавасць да прадмета.
Каб успрымаць новае дзецям было прасцей, у праграму факультатыўных заняткаў для пачатковых класаў Вольга Генадзьеўна ўключыла некалькі важных тэм. Педагог упэўнена: лепшы спосаб зацікавіць дзяцей вывучэннем кітайскай — пазнаёміць іх з краінай, яе традыцыямі і сучасным жыццём.
— Я склала праграму, у якую ўключыла краіназнаўчы кампанент, — дадае настаўніца. — Яго адсутнасць выклікала цяжкасці ў разуменні асаблівасцей краіны, не давала магчымасці развіваць цікавасць.
Яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу В.Г.Алімава, — гэта неабходнасць спалучаць у выкладанні дзве мовы — родную і кітайскую.
— Пры знаёмстве з міфамі, легендамі, традыцыямі, святамі, нацыянальнымі жывёламі настаўніку варта выкладаць матэрыял на роднай мове, а імёны герояў, назвы кітайскіх сімвалаў, славутасцей і прадметаў — на кітайскай. Малодшыя школьнікі могуць імітаваць рух персанажаў і паўтараць словы ўслед за мной. Такое практыкаванне актывізуе памяць, мысленне, успрыманне і ўвагу навучэнцаў. Выкарыстанне роднай мовы спрыяе разуменню асноўнага зместу, дапамагае дзеткам засяроджваць увагу на тым, як правільна будаваць моўныя выразы, — падкрэслівае педагог.
Перспектыўны крок
Разам са школьнікамі працягвае вучыцца і сама настаўніца. Вольга Алімава пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і анлайн-курсах, якія дапамагаюць параўноўваць выкладанне кітайскай мовы з іншымі.
— Я разумею, што выкладанне кітайскай, яе методыка кардынальна адрозніваюцца ад еўрапейскіх моў, — звяртае ўвагу В.Г.Алімава. — Часта бачу, што нашы настаўнікі прымяняюць інтэрактыўныя формы работы, якія выкарыстоўваюцца на ўроках англійскай. Але кітайская вельмі спецыфічная і ў дачыненні да яе рабочымі з’яўляюцца зусім іншыя формы работы. Ім мяне навучылі калегі з КНР, таму сёння ў мяне няма цяжкасцей з тым, каб дапамагчы дзецям вывучыць іерогліфы за кароткі тэрмін ці падрыхтаваць навучэнцаў да ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, даследчай дзейнасці.
Усе старшакласнікі, якія ходзяць на заняткі, маюць сертыфікаты з пацвярджэннем узроўню ведаў. Каб яго атрымаць, трэба здаць міжнародны кваліфікацыйны экзамен, які складаецца з аўдзіравання, пісьма, чытання і вуснага маўлення.
— Спачатку за кожны этап ставіцца пэўны бал, а пасля падлічваецца іх агульная сума, — дадае педагог. — Каб здаць такія экзамены, ездзім з вучнямі ў БДУ, БНТУ, МДЛУ.
Тыя, хто толькі з верасня пачаў вучыць кітайскую, таксама будуць здаваць тэст на пацвярджэнне ведаў: да канца навучальнага года яны пройдуць першы ўзровень вучэбнай праграмы і змогуць паглядзець, наколькі дасканала ёй авалодалі. Для замацавання ведаў настаўніца прапануе навучэнцам і анлайн-заняткі: яна распрацавала курс па дадатковым вывучэнні моўнай дысцыпліны. Без дамашніх заданняў таксама не абыходзіцца.
— На наступным уроку мы паўтараем тое, што было пройдзена, а пасля прыступаем да новай тэмы, — зазначае Вольга Генадзьеўна. — Такім чынам, я ведаю, што ў канцы года ўсе паспяхова здадуць экзамен і атрымаюць балы ў дыяпазоне 180—200. Такі паказчык сведчыць пра тое, што наша методыка адпрацаваная і прыносіць плён.
Тое, што курс на вывучэнне кітайскай у гімназіі № 2 Салігорска вызначаны правільна, пацвярджаюць выпускнікі, якія паступаюць ва УВА. Летась Кацярына Мінюковіч стала студэнткай Сумеснага інстытута БДУ і Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта. А Дамініка Скачко сёлета плануе паступіць у гэты ж універсітэт на новую спецыяльнасць — “Эканоміка і гандаль”.
— Ва УВА краіны адкрыты новыя спецыяльнасці для эканамістаў, юрыстаў і спецыялістаў па міжнародных адносінах, дзе вывучэнне кітайскай стала абавязковым, — падсумоўвае В.Г.Алімава. — Дзякуючы таму, што мы своечасова зразумелі, наколькі гэта актуальны кірунак, дапамагаем сваім навучэнцам стаць першапраходцамі ў новых і перспектыўных прафесіях.
Даведка
Вольга Алімава ўдастоена прэміі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі Чжан Вэньчуаня ў намінацыі “Лепшы настаўнік кітайскай мовы Беларусі 2024 года”. Гэтая ўзнагарода — пацвярджэнне высокага прафесіяналізму і значнага ўкладу ў папулярызацыю кітайскай мовы ў краіне.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА