У Акцябрскай раённай гімназіі Аляксей Макееў выкладае гісторыю і інфарматыку, а яшчэ ён педагог-арганізатар. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Аляксей Вітальевіч у якасці маладога спецыяліста пераступіў парог гімназіі і ўжо восьмы год плённа працуе ў гэтай установе. Яго навучэнцы праяўляюць сябе ў алімпіядным руху і рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.BY”. А яшчэ на базе гімназіі быў адкрыты інжынерна-тэхнічны цэнтр, пад кіраўніцтвам спецыяліста навучэнцы заняты новым напрамкам адукацыйнай дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Цікавая гутарка адбылася ў звыклым для педагога месцы — у кабінеце інфарматыкі, дзе ён расказаў, як маладога спецыяліста ветліва сустрэлі ў гімназіі. Педагогі-настаўнікі заўсёды былі побач, падтрымлівалі і падказвалі. А яшчэ ўспомніў вясёлую гісторыю, якая адбылася на першай лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года. Тады навучэнцы 11 класа прынялі пачаткоўца-педагога за новенькага аднакласніка…
— Пачынаў працаваць у ролі педагога-арганізатара, мне даверылі самую адказную місію — фарміраванне дружнага калектыву, выхаванне ў дзецях здольнасці да супрацоўніцтва, развіццё ў іх творчага пачатку і стварэнне камфортнай атмасферы для навучання, — гаворыць Аляксей Макееў. — Затым дадаліся гадзіны па гісторыі, вёў прадмет у 5—8 класах. Пасля 5 гадоў работы ад кіраўніцтва паступіла прапанова перапрафілявацца і папрацаваць у перспектыўным напрамку, праявіць сябе з новага боку. Добрая парада прыйшлася да месца. Я прайшоў перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і атрымаў яшчэ адну спецыяльнасць — настаўніка інфарматыкі. На сёння інфармацыйныя тэхналогіі трывала замацоўваюцца ў сферы адукацыі. Няма ўрока, дзе б ні выкарыстоўвалі перавагі сучасных ІТ. Вучыўся новаму напрамку з перспектывай на будучыню. Прызнацца, у школе інфарматыку добра ведаў, з тэхнікай на ты. Калі працаваў у гімназіі, да мяне і раней звярталіся па дапамогу і тэхнічную падтрымку ў выпраўленні непаладак у камп’ютарнай сістэме. Таму зараз у сферы дзейнасці вектар крыху змяніўся на карысць выкладання інфарматыкі.
У прасторным кабінеце інфарматыкі ёсць усё неабходнае для навучання: камп’ютары, мультыборд, 3D-прынтар.
— У нашай установе адкрыўся інжынерна-тэхнічны цэнтр, у якім навучэнцы могуць дадаткова да сваіх асноўных вучэбных заняткаў займацца праграмаваннем, дакладнымі і прыродазнаўчымі навукамі, развіваць інжынерныя навыкі, — працягвае настаўнік. — Дзецям падабаецца, і гэта самае галоўнае. Папулярнасцю карыстаецца гурток па робататэхніцы, заняткі праходзяць па суботах. Разам са мной развіваюць гэты напрамак і маладыя спецыялісты. Напрыклад, настаўнік фізікі Данііл Папруга займаецца прататыпаваннем, настаўнік матэматыкі Міхаіл Палуянаў — 3D-мадэляваннем. Гэтая дзейнасць ужо прыносіць плён у выглядзе ўзнагарод на конкурсах. Так, у мінулым годзе, удзельнічаючы ў конкурсе “Аграфэст”, распрацавалі праграму гульні, звязаную з сельскай гаспадаркай, і прадставілі яе на суд журы. Разам з гімназістамі 8 класа работа кіпела над стварэннем займальнай гульні пад назвай “Злаві садавіну”. Чымсьці яна можа нагадваць гульню з дзяцінства, дзе воўк лавіў яйкі. У нашай версіі ў кошыкі пападалі яблыкі і грушы.
На конкурс “ПАТРЫЁТ.BY” падрыхтавалі прэзентацыю праекта, які знаёміць з піянерамі — героямі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, з гэтай распрацоўкай на вобласці занялі 2-е месца і прайшлі на рэспубліканскі этап конкурсу.
Праведзена вялікая даследчая работа, дзякуючы якой сабрана інфармацыя аб подзвігах дзяцей, якія ў мірны час былі звычайнымі шчаслівымі школьнікамі, вучыліся, дапамагалі старэйшым, гулялі, разбівалі насы і калені. Падчас вайны многія савецкія піянеры паказалі, якім вялізным можа стаць маленькае дзіцячае сэрца, калі разгараецца ў ім святая любоў да Радзімы і нянавісць да ворагаў. Працуючы над гэтым праектам, хацелася, каб інфармацыя аб гераічным мінулым засталася ў памяці цяперашніх дзяцей. Акрамя гэтага, навучэнцы змаглі даведацца шмат новага. Напрыклад, аб узнагародах, якія прысуджаліся піянерам-героям, аб памятных знакавых месцах. Што цікава, у гэтым праекце распрацавалі раздзел, у якім можна прайсці тэст на веды і пераканацца, ці запомнілі і зразумелі вучні прадстаўленую інфармацыю. Прэзентаваць праект плануем не толькі ў рамках конкурсу. Ён будзе выкарыстоўвацца на інфармацыйных гадзінах. Збіраемся забяспечыць доступ да інфармацыі, каб кожны класны кіраўнік мог, абапіраючыся на даныя, пагаварыць аб важнай тэме з дзецьмі. Таксама плануецца, што праект будзе прадстаўлены ў іншых установах адукацыі раёна.
Навучэнцы Аляксея Вітальевіча робяць упэўненыя крокі і ў алімпіядзе па вучэбных прадметах.
— Алімпіядны рух — вельмі важны, стратэгічны кірунак, — падкрэслівае настаўнік. — У мінулым навучальным годзе мае выхаванцы заявілі аб сабе ў інтэрнэт-алімпіядзе па праграмаванні. Так, трэцякласнікі Максім Герашчанка і Арцём Жынко занялі 2-е месца. На абласным этапе алімпіяды па гісторыі Захар Каленкевіч заваяваў дыплом II ступені. У гэтым годзе мы таксама з дыпломам, “серабро” па праграмаванні ў руках Аляксандры Байдаковай. Актыўна працую ў гэтым напрамку, каб нашы перамогі і дасягненні былі не адзінай акцыяй, каб скарбонка ўстановы адукацыі, раёна, вобласці пастаянна папаўнялася ўзнагародамі. Такія важкія вынікі на інтэлектуальным спаборніцтве чарговы раз падкрэсляць і прэстыж навучання ў гімназіі.
Аляксей Макееў добра ладзіць з дзецьмі. Яны бачаць у ім настаўніка, да якога заўсёды можна звярнуцца па дапамогу і спытаць парады, напрыклад, як стварыць праграму для гульні або які напрамак выбраць для вучобы — праграмаванне або скрэтч. А нехта, гледзячы на прыклад перад вачыма, вырашае звязаць свой лёс з прафесіяй педагога: выпускніца гімназіі Віталіна Маюрава ў будучыні стане настаўніцай матэматыкі, Ангеліна Кадол — настаўніцай гісторыі. Яшчэ некалькі выпускнікоў выбралі папулярны напрамак у сферы IT.
— Самае галоўнае ў маёй рабоце — любіць дзяцей і рабіць усё, каб яны ішлі на ўрокі ў школу з задавальненнем, каб ім было цікава тое, чым яны тут займаюцца, — лічыць настаўнік. — А гэта можа быць толькі тады, калі сам педагог любіць дзяцей і сваю работу.
Аднак у спецыяліста ёсць яшчэ адзін козыр у рукаве: як арганізатар усіх яркіх мерапрыемстваў, канцэртаў, акцый і тэматычных сустрэч ён уключае харызму на максімум, падкупляе душэўным стаўленнем, і дзеці з радасцю адгукаюцца на гэтую хвалю пазітыву. А яшчэ настаўнік — член узорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”, ён выдатна танцуе, іграе на музычных інструментах, ва ўсіх раённых мерапрыемствах выступае вядучым. Чалавек, які заўсёды навідавоку і заўсёды на сцэне, умее сябе паказаць, і гэта толькі ў плюс настаўніку, які кожны дзень у класе ля дошкі або мультыборда становіцца для вучняў і героем, і акцёрам.
Мой суразмоўнік акцэнтаваў увагу на тым, што вельмі важна знайсці свой любімы занятак, які дапаможа пераключыць фокус увагі.
— Работа — гэта, вядома, добра, але трэба выбраць яшчэ напрамак, дзе таксама можна сябе рэалізаваць. Што тычыцца мяне, то я займаюся народнымі танцамі і спортам. Больш за ўсё захапляюся футболам, гэта мой запал, без яго жыць не магу. Стабільна два разы на тыдзень наведваю трэніроўкі, удзельнічаю ў спаборніцтвах, у тым ліку і па міні-футболе. У мінулым годзе нават адлегласць не спыніла, удзельнічаў у турніры ў Бабруйску, наша каманда заваявала прызавое месца.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара