Як настроіць калектыў на поспех і прафесійна не выгараць, расказаў дырэктар гімназіі № 22 Мінска Мікалай Кісель

- 11:07Интервью

Педагогі сталічнай гімназіі № 22 сустракаюць новы навучальны год з энтузіязмам і натхненнем, з яркімі ідэямі і цікавымі праектамі. Як настроіць калектыў на поспех, захоўваючы традыцыі, дзейнічаць на апярэджанне і прафесійна не выгараць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар установы Мікалай Кісель.

— Яшчэ ў школьныя гады я адчуваў, што хачу не проста вучыцца, а дзяліцца тым, што ведаю. Мае педагогі былі для мяне сапраўднымі настаўнікамі, і менавіта іх прыклад натхніў мяне выбраць гэты шлях. Перакананы, што адукацыя — гэта не толькі перадача ведаў, але і выхаванне асобы, і мне заўсёды хацелася быць часткай гэтага працэсу.

Пасля заканчэння фізічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка выкладаў матэматыку ў гімназіі № 25 Мінска. Затым некаторы час працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сярэдняй школе № 85, якую потым узначаліў. У 27 гадоў я стаў самым маладым сталічным дырэктарам. Працаваў на гэтай паса­дзе 9 гадоў. І ўжо 6 гадоў кірую гімназіяй № 22. Гэта вялікая адказнасць і гонар.

Я ўдзячны маёй папярэдніцы Ларысе Аляксандраўне Адашкевіч, якая перадала мне ў спадчыну ўстанову з багатымі традыцыямі, моцнымі педагогамі, атмасферай, дзе кожны — і вучань, і настаўнік — можа раскрыць свой патэнцыял.

І мая задача была захаваць тое лепшае, што было зроблена. Аднак час не стаіць на месцы, дыктуе свае правілы, таму неабходна ісці ў нагу з ім, развівацца і нават апярэ­джваць.

Патрыятызм пачынаецца з любові

— Мікалай Уладзіміравіч, у чым адметнасць гімназіі сёння? Якія напрамкі яе развіцця з’яўляюцца вызначальнымі?

— Наша гімназія — гэта не проста адукацыйная ўстанова, гэта цэлая гісторыя, якая працягваецца ўжо 40 гадоў. Гэта месца, дзе веды становяцца сілай, а мары — рэальнасцю.

Што адрознівае нас сёння? Па-першае, унікальнае адукацыйнае асяроддзе, якое спалучае акадэмічную строгасць з творчым падыходам. Па-другое, моцныя педагогі, асабліва па гуманітарным і прырода­знаўчанавуковым напрамках. Нашы поспехі гавораць самі за сябе. Сёлета навучэнцы гімназіі заваявалі 13 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды і дыплом па інфарматыцы — на яе заключным этапе. 12 навучэнцаў (у мінулым годзе 11) на ЦЭ і ЦТ набралі па 100 балаў, а ў дваіх выпускнікоў — Марыі Ануфрыевай і Глеба Петрачэнкі — па два стабальныя вынікі. Прычым 39 навучэнцаў атрымалі па розных прадметах 90 балаў і вышэй. Іх падрыхтавалі нас­таўнікі Іна Бондарава, Галіна Чэпелева, Таццяна Грыцук, Вольга Сяліцкая, Наталля Барадуліна, Алена Кемстач. 19 выпускнікоў сёлета былі ўда­стоены медалёў. Вельмі радуе тое, што ўсе нашы навучэнцы паступілі ва УВА.

Па-трэцяе, профільнае навучанне ў старшых класах, якое дазваляе вучням паглыблена вывучаць прадметы, якія адпавядаюць запытам эканомікі краіны, інтарэсам дзяцей і будучай прафесіі. У новым навучальным годзе адкрываюцца фізіка-матэматычны (клас інжынернай на­кіраванасці супрацоўнічае з БНТУ), хіміка-біялагічны (заключаны дагавор з БДМУ) профілі. Таксама будзе дзейнічаць клас прававой і ваенна-патрыятычнай накіраванасці (на павышаным узроўні вывучаецца англійская мова і грамадазнаўства, заключаны дагаворы з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэс­публікі Беларусь і Ваеннай акадэміяй).

Прыцягвае ўвагу бацькоў і дзяцей наша гімназія і актыўнай пазаўрочнай дзейнасцю: у нас працуюць тэатральныя студыі, навуковыя гурткі, спартыўныя секцыі, рэалізуюцца валанцёрскія праекты.

Летась у гімназіі быў створаны медыяцэнтр, адкрыты спартыўны і тэатральны клубы. Мы ўжо не першы год уваходзім у тройку лепшых устаноў па выніках раённай спартакіяды. Для навучэнцаў 5—11 класаў дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Зара”, які садзейнічае іх патрыятычнаму выхаванню.

Сёння гімназія робіць стаўку на лічбавую трансфармацыю адукацыі (укараненне сучасных тэхналогій, інтэрактыўных платформ і гібрыдных форм навучання), развіццё крытычнага мыслення і праектнай дзейнасці — дзеці вучацца не проста запамінаць, а аналізаваць, ствараць і прэзентаваць. Дарэчы, гімназія вылучаецца добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, прынтар ёсць у кожным вучэбным кабінеце. Акрамя таго, класы аснашчаны альбо тэлевізарам, альбо мультыбордам, альбо праектарам. Кожны педагог можа выкарыстоўваць гэтае абсталяванне для правядзення заняткаў.

Партнёрства з УВА, навуковымі арганізацыямі і прадпрыемствамі — заключана 10 дагавораў, у тым ліку з Мінскім трактарным заводам, РУП “Белфармацыя”, музеем гісторыі горада Мінска, — дае магчымасць старшакласнікам удзельнічаць у канферэнцыях, алімпіядах і даследчых праектах, арыентуе на выбар прафесіі.

— Як падрыхтавалася ўстанова да новага навучальнага года?

Сёлета мы зрабілі ўсё для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для навучэнцаў і педагогаў. Пашпарт гатоўнасці быў падпісаны яшчэ на пачатку жніўня. З году ў год наша гімназія абнаўляецца і прыгажэе. Праведзены касметычны рамонт ва ўсіх вучэбных кабінетах, абноўлена асвятленне, сцены, мэбля. Новы выгляд набыла спартыўная зала для пачатковых класаў, кабінет беларускай мовы і літаратуры, дзе створана экспазіцыя “Беларуская хатка”, а таксама кабінет настаўніка-дэфектолага. У класах заменена вучэбная мэбля.

Да дня горада плануем урачыста адкрыць музей гісторыі Мінска “Родны сэрцу горад мой”, які размясціўся ў двух пакоях “Мінск гістарычны” і “Мінск сучасны”. На працягу двух гадоў музей ствараўся намаганнямі педагогаў, навучэнцаў і бацькоў. Прычым матэрыял пра сталіцу назапашваўся на працягу ўсёй дзейнасці гімназіі: быў створаны кабінет “Мінсказнаўства”, сцены калідораў, леснічных пралётаў упрыгожвалі ілюстрацыі Мінска ў розныя перыяды яго гісторыі, а таксама памятных мясцін сталіцы з цікавай інфармацыяй пра іх. Праз QR-коды можна здзейсніць віртуальныя экскурсіі па знакавых аб’ектах горада.

Мы разумеем, што патрыятызм пачынаецца з любові — да роднай зямлі, да мовы, да людзей, якія побач. Мы імкнёмся, каб кожны вучань адчуў: быць грамадзянінам — значыць быць стваральнікам.

Прастора даверу і развіцця

— Што лічыце сваім галоўным дасягненнем на пасадзе дырэктара?

— Самае каштоўнае дасягненне — гэта не лічбы ў справаздачах і не ўзнагароды на стэндзе, а атмасфера, якую ўдаецца захаваць у гімназіі. Я ганаруся тым, што наша ўстанова стала прасторай даверу, павагі і развіцця, дзе кожны — вучань, педагог, бацькі — адчувае сябе часткай адзінай каманды.

— Мікалай Уладзіміравіч, вы сказалі, што ў рабоце важная роля адводзіцца каман­дзе? Якімі прынцыпамі карыс­таецеся пры кіраванні калектывам?

Так, сапраўды. У маёй рабоце каманда — гэта аснова ўсяго. Адзін чалавек, нават самы энергічны і таленавіты, не зможа стварыць тое асяроддзе, якое фарміруе згуртаваны калектыў. Мне пашанцавала з маімі намеснікамі Ірынай Маркевіч, Вікторыяй Радаман, Людмілай Косцень і Яўгеніяй Чыстапашынай-Стасевіч, якія з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі і не падвядуць у любой справе. 

Сярод асноўных прынцыпаў кіравання калектывам — адкрытасць і дыялог (імкнуся быць даступным для кожнага педагога, важна, каб любы мог прыйсці з ідэяй, пытаннем, праблемай, быць пачутым і ведаць, што невырашальных пытанняў не бывае), павага да прафесіяналізму (я давяраю сваім калегам і цаню іх вопыт: не навязваю рашэнні, а імкнуся да сумеснага пошуку аптымальнага шляху), падтрымка і развіццё (перакананы, што педагог, які развіваецца сам, натхняе вучняў, а таму ствараю ўмовы для росту), прызнанне і ўдзячнасць (важна заўва­жаць поспехі, гаварыць дзякуй, адзначаць уклад кожнага, гэ­та ўмацоўвае камандны дух), агульнае бачанне (разам мы фарміруем мэты і каштоў­насці, бо калі калектыў разу­мее, навошта ён працуе, — з’яўляецца энергія і сэнс).

У нашым калектыве працуюць як вопытныя педагогі, якія прыйшлі ў гімназію з самага яе адкрыцця (нас­таўніца англійскай мовы Таццяна Анатольеўна Табуцадзэ, настаўніца пачатковых класаў Ірына Канстанцінаўна Шунто, настаўніца матэматыкі Інеса Вітальеўна Жыткоўская, настаўніца працоўнага навучання Валянціна Аркадзьеўна Васілёнак), так і зусім маладыя педагогі — Марыя Ляпеева, Аляксей Мірошнікаў, Аліна Андруш. Сёлета да нас прыйшлі настаўнік гісторыі Трафім Бібікаў і настаўніца працоўнага навучання Яўге­нія Кумец.

Увогуле, 70% настаўнікаў гімназіі — педагогі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Ва ўстанове працуюць два настаўнікі-метадысты Алена Кемстач і Галіна Чэпелева, а таксама ўладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, удзельнікі і прызёры конкурсаў прафесійнага майстэрства (Вольга Сікорская, Вольга Сяліцкая, Алена Булат і інш.).

Нашы педагогі добра ведаюць, што, пагадзіўшыся ўдзельнічаць у пэўным спаборніцтве, адзін на адзін яны не застануцца. Працаваць на вынік дапаможа каманда аднадумцаў.

Жыццё на вулкане

— Як вы лічыце, работа ў школе больш зараджае энергіяй альбо аднімае яе, патрабуючы пастаяннага абнаўлення сіл? Дзе вы чэрпаеце натхненне?

Работа ў гімназіі — гэта як жыццё на вулкане: пастаянна ў руху, эмоцыях, пошуку. Яна патрабуе поўнай аддачы, гнуткасці, цярпення і любові да дзяцей. Безумоўна, быва­юць моманты стомленасці, калі здаецца, што сілы канчаюцца, але менавіта ў такія мінуты прыхо­дзіць усведамленне: ты не проста працуеш — ты ўплываеш, ствараеш, фарміруеш будучыню.

Што зараджае энергіяй? Дзіцячыя вочы, поўныя цікавасці і даверу, перамогі выхаванцаў, удзячныя ўсмешкі навучэнцаў і іх бацькоў на выпускным вечары, каманда аднадумцаў, якая га­рыць справай, дзеліцца ідэямі, падтрымлівае ў складаную хвіліну. А яшчэ правядзенне вольнага часу з сям’ёй, падарожжы па роднай Беларусі.

— Якія планы на новы навучальны год?

— Гэта рух наперад з упэўненасцю, дакладным разуменнем таго, куды накіроўваемся, і натхненнем. У прыя­рытэце — пашырэнне праек­та “Я — грамадзянін, я — патрыёт”, уключэнне ў яго дэбатаў, валанцёрскіх ініцыя­тыў, сустрэч з цікавымі людзьмі, далейшая лічбавізацыя адукацыйнага працэсу, выкарыстанне ў ім магчымасцей штучнага інтэлекту, паглыбленне профільнага навучання. У найбліжэйшых планах — абсталяванне інжынернага класа, адкрыццё для навучэнцаў пачатковых класаў гуртка па робататэхніцы, а таксама рэалізацыя праектаў “Гімназія будучыні”, накіраванага на мадэрнізацыю вучэбнага асяроддзя — ад дызайну класаў да новых форм урокаў, “Адкрытая гімназія”, у межах якога плануецца правесці серыю мерапрыемстваў для бацькоў, партнёраў, выпускнікоў, каб умацаваць сувязі і паказаць наша жыццё знутры. Думаю, у нас усё абавязкова атрымаецца!

***

Як матываваць педагогаў на творчасць? Парады ад Мікалая Кісяля.

Ствараць прастору для ініцыятыў. У гімназіі вітаюцца ідэі: ці то новы фармат урока, праект, гурток, школьнае мерапрыемства. Важна не абмяжоўваць педагога рамкамі, а наадварот — даваць магчымасць спрабаваць, памыляцца, шукаць.

Давяраць і залішне не кантраляваць. Творчасць не нараджаецца пад ціскам. Варта верыць у прафесіяналізм сваіх педагогаў і даваць ім свабоду ў выбары метадаў, падыходаў і форм работы.

Падтрымліваць прафесійны рост. У гімназіі арганізоўваюцца майстар-класы, семінары. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах і канферэнцыях. Гэта натхняе, пашырае кругагляд і дае новыя ідэі.

Фарміраваць культуру прызнання. Важна заўважаць і цаніць творчыя знаходкі. Педагогі дзеляцца ўдалымі практыкамі, публікуюць матэрыялы, запрашаюць калег выступаць на педсаветах. Гэта матывуе і дае адчуванне значнасці.

Быць прыкладам. Кіраўніку неабходна ўдзельнічаць у праектах, абмеркаваннях, быць побач з настаўнікамі — не зверху, а разам. Калі педагог адчувае падтрымку, верыць у сябе і бачыць сэнс сваёй работы — ён абавязкова будзе тварыць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара