Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — тэрыторыя юных інтэлектуалаў. Кожны, хто трапляе сюды, раскрывае свой навуковы патэнцыял. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тут створаны ўсе ўмовы для навуковай і тэхнічнай дзейнасці юных даследчыкаў. Вучэбны працэс праводзіцца ў сучасных лабараторыях, аснашчаных па апошнім слове тэхнікі і скіраваных на апярэджанне. Вопытныя ўніверсітэцкія выкладчыкі дзеляцца сваімі ведамі і дапамагаюць адоранай моладзі рэалізаваць свае задумы на практыцы.
Данііл Гапанёнак, Настасся Губернаценка, Дзмітрый Якаўлеў (загадчык лабараторыі НДТ), Аліса Мурач.
Праўда, трапіць на навучанне ў тэхнапарк няпроста, конкурс часам даходзіць да 10 чалавек на месца. Прэтэндэнтам неабходна знайсці актуальную тэму для даследавання і абгрунтаваць яе. Затым прайсці тэст з няпростымі пытаннямі і субяседаванне, пераканаўшы экзаменатараў, што менавіта ён дастойны навучання ў НДТ.
29 жніўня ў тэхнапарку стартавала першая змена 2023/2024 навучальнага года. Кожная змена — гэта 24 дні пошукаў, атрымання ведаў ад мэтраў тэхнічных навук і, канечне ж, зносін з такімі ж апантанымі і адоранымі даследчыкамі-пачаткоўцамі. Бо кожны навучэнец працуе над канкрэтным інавацыйным праектам, які можа быць камандным альбо індывідуальным.
У першай палове дня праводзяцца лекцыі і практычныя заняткі ў вучэбна-лабараторным комплексе. Тэхнапарк мае сучаснае абсталяванне, якое дае навучэнцам магчымасць займацца эксперыментальнай і творчай дзейнасцю, а таксама вывучаць на паглыбленым узроўні прадметы не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.
Пасля абеду джуніёры накіроўваюцца на ўрокі ў сталічную сярэднюю школу № 225, якая таксама ўваходзіць у склад парка. Для яго выхаванцаў там створаны крыху іншыя ўмовы для навучання, чым для звычайных школьнікаў мікрараёна Магістр. Праграма навучання хоць і скарочаная, але сканцэнтраваная, што дазваляе за меншую колькасць гадзін прайсці больш вучэбнага матэрыялу.
Увогуле, бясконца доўга можна расказваць пра перавагі дзіцячага тэхнапарка. Аднак дзеля чаго найперш у яго едуць юныя беларусы? Адказы пачуем з першых вуснаў.
— Тэхнапарк — гэта месца, дзе сустракаюцца аднадумцы. Гэтым разам я прыехала сюды, каб паўдзельнічаць у форуме адораных дзяцей і моладзі і прадставіць свой праект “Сістэма дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культур у маштабе асобнай гаспадаркі з выкарыстаннем БПЛА”. Я распрацоўваю дрон, які будзе аснашчаны распыляльнікамі, камерамі, датчыкамі — усім неабходным для паляпшэння якасці і аб’ёму зерня, — расказала выпускніца НДТ і вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1 Касцюковіч Аліса Мурач.
У сваю чаргу Настасся Губернаценка, вучаніца 11 класа наваполацкага ліцэя, прэзентуе свой беспілотны лятальны апарат на аснове эфекту Каанда:
— Я прыехала сюды, каб увасобіць сваю ідэю ў рэальнасць. Год назад абараніла даследчую работу па яго праектаванні. Аналагаў такога беспілотніка не існуе. Навучанне ў тэхнапарку дае шмат магчымасцей, знаёмства з адметнымі выкладчыкамі і крэатыўнымі дзяўчатамі і юнакамі. З дапамогай тэхнапарка збіраюся паступіць у БДУ на радыёфізіку.
Дзяўчына расказала, што такія беспілотнікі могуць быць актуальнымі ў многіх галінах, у тым ліку прамысловасці, медыцыне і грамадзянскай сферы. З іх дапамогай можна назіраць за прыродай і жывёламі, за тым, што адбываецца на мерапрыемствах, а яшчэ інспектаваць цяжкадаступныя месцы, такія як высокія трубы ці нафтавыя платформы. У медыцыне яны могуць выкарыстоўвацца для дастаўкі лекаў і абсталявання ў аддаленыя ці небяспечныя раёны.
Данііл Гапанёнак з сярэдняй школы № 2 Докшыц таксама прыехаў у тэхнапарк не ўпершыню. І калі мінулы раз ён займаўся па напрамку “Робататэхніка”, то гэтым разам вырашыў паспрабаваць свае сілы ў “Авіякасмічных тэхналогіях”.
— У тэхнапарку паказваюць і расказваюць, як працуюць розныя сістэмы, дапамагаюць пачаць работу над сваім праектам, а яшчэ вызначыцца з будучай спецыяльнасцю, — дадаў юнак.
Займаючыся па напрамку “Авіякасмічныя тэхналогіі”, за 24 дні джуніёры знаёмяцца з асновамі аэрадынамікі, будовай авіяцыйных рухавікоў, гісторыяй авіяцыі і касманаўтыкі, а таксама беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
— Наша праграма складаецца з 72 гадзін, 32 з іх праходзяць на базе кафедры “Прымяненне беспілотных авіяцыйных комплексаў” у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і 40 — у нас. У акадэміі нашы навучэнцы маюць магчымасць многае памацаць сваімі рукамі, — паведаміў загадчык лабараторыі “Авіякасмічныя тэхналогіі” Дзмітрый Якаўлеў, які і сам захапляецца авіямадэлізмам з дзяцінства. Ён — майстар спорту Рэспублікі Беларусь, чэмпіён Еўропы і суддзя міжнароднай катэгорыі па авіямадэльным спорце.
А вось Фёдар Лучыновіч, навучэнец 10-га класа сярэдняй школы № 12 Светлагорска, прыехаў у тэхнапарк трэці раз на адзін і той жа напрамак — “Робататэхніка”:
— Кожная змена адрозніваецца ад папярэдняй, навучанне хоць і падобнае, аднак мы пастаянна знаёмімся з нечым новым. Я распрацаваў ужо два праекты. Першы — рабатызаваная сістэма бяспекі “Разумныя вокны”. Ультрагукавыя датчыкі дапамагаюць робату заўважыць дзіця і заблакіраваць окно, каб малое не адчыніла яго і не выпала. А другі праект — рабатызаваная сістэма ўключэння і выключэння святла. Мару паступіць у БНТУ на факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі і абавязкова скарыстаюся магчымасцю льготнага паступлення.
З будучымі інжынерамі-электрамеханікамі і праграмістамі займаецца старшы выкладчык кафедры “Робататэхнічныя сістэмы” БНТУ Юлія Матрунчык:
— Напрамак “Робататэхніка” з’явіўся яшчэ ў 2021 г., і за гэты час мы падрыхтавалі вялікую колькасць старшакласнікаў. Кожную змену ствараецца па 5—6 індывідуальных і камандных праектаў. Пасля аўтары самых лепшых ідуць на дыстанцыйнае навучанне і яшчэ тры месяцы далей развіваюць свой праект пад нашым куратарствам. Гэта наша “залатая” эліта, многія з іх пасля паступаюць у БНТУ на інжынерныя спецыяльнасці. Сёлета па льготнай траекторыі прыйшлі некалькі чалавек. Маючы такую льготу, выпускнікі тэхнапарка не толькі разлічваюць на свае сілы, але і разумеюць, што яны заслужылі яе і добрай вучобай у школе, і станоўчымі паводзінамі, і навукова-тэхнічнай дзейнасцю.
Па яе словах, навучэнцы тэхнапарка праходзяць уводзіны ў спецыяльнасць, а таму, паступіўшы ва ўніверсітэт, іх ужо не пужае ні вышэйшая матэматыка, ні тэхнічная фізіка.
— Выпускнікі НДТ разумеюць, для чаго прыйшлі ва ўніверсітэт. Яны робяць мэтанакіраваны і матываваны выбар пэўнай прафесіі, — дадала выкладчыца.
Напрамак “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне” звычайна выбіраюць юнакі, якія як мінімум у будучыні збіраюцца атрымаць пасведчанне вадзіцеля.
— Гэты профіль я выбраў ужо другі раз. Ён падабаецца мне тым, што ўся атрыманая тут інфармацыя дакладна спатрэбіцца ў жыцці. Бо кожнаму вадзіцелю карысна ведаць, як устроены рухавік і падвеска. Нават у сваіх даследчых праектах спрабую простымі словамі ратлумачыць некаторыя складаныя рэчы. Напрыклад, мінулы раз расказваў, як працуюць аўтамабілі на сонечных панэлях. Гэтым разам думаю пра бяскамерныя пакрышкі, — падзяліўся планамі адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска Іван Галавунін.
Арсеній Валасевіч, вучань 10-га класа сярэдняй школы № 3 Пружан, мэтанакіравана прыязджае ў тэхнапарк, каб атрымаць ільготу пры паступленні:
— Спадзяюся паступіць у БНТУ на інжынера па рэкамендацыйным пісьме наглядальнага савета тэхнапарка. Дзеля гэтага не толькі старанна вучуся, але і распрацаваў прает “Аўтамабільная сістэма зменных модуляў”. Ён накіраваны на стварэнне больш універсальных аўтамабіляў, у якіх можна замяняць розныя часткі, што дазволіць выкарыстоўваць адну машыну замест некалькіх. Да таго ж гэта будзе добра і для экалогіі. Увогуле тэхнапарк — месца, дзе можна паспрабаваць сябе ў розных напрамках і зразумець, ці падабаецца табе тая ці іншая прафесія.
Кожны выпускнік тэхнапарка пакідае яго з разуменнем, чым хацеў бы займацца далей. Да таго ж выпускнікі НДТ — пераможцы і прызёры рэспубліканскіх конкурсаў “100 ідэй для Беларусі” і “ТэхнаІнтэлект”, Міжнароднай спецыялізаванай выставы TIBO, удзельнікі праекта “Беларусь інтэлектуальная”.
— Нашы навучэнцы — будучая навуковая, тэхнічная, інжынерная і вытворчая эліта нашай дзяржавы. Кожны з іх разумее, што сёння для іх развіцця дзяржава зрабіла вельмі шмат, аднак заўтра яна разлічвае атрымаць ад іх навуковыя дасягненні, — падкрэсліў дырэктар тэхнапарка Сяргей Сачко.
Усяго пачынаючы са студзеня 2021 года ў НДТ прайшло 25 адукацыйных змен, якія наведалі больш за дзве тысячы школьнікаў 9—11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны. Зараз пачалася 26-я змена, а 11 верасня стартуе набор навучэнцаў на снежаньскую адукацыйную змену.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА