Як навучыцца знаходзіць агульную мову?

- 12:07Адукацыйная прастора

Трыумф, вялікая радасць і яшчэ больш вялікая адказнасць — вось што адчувае зараз, напэўна, кожны з пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і кожны з іх педагогаў. Менавіта яны неўзабаве прадставяць свае рэгіёны на заключным этапе самага папулярнага і прэстыжнага інтэлектуальнага турніру ў краіне. Тым не менш не варта забывацца пра галоўны алімпійскі прынцып: для тысяч навучэнцаў удзел у алімпіядзе, бадай, важнейшы за перамогу, таму што найперш гэта ўнікальная магчымасць выпрабаваць сябе, уласныя сілы і здольнасці, вызначыць прабелы ў сваіх ведах і шляхі далейшай працы.

— Вопыт паказвае, што алімпіяда — спаборніцтва не толькі інтэлектаў, але і характараў, — адзначыла падчас правядзення абласнога этапу алімпіяды па замежных мовах загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі Першамайскага раёна Віцебска Раіса Штыкава. — Дзеці, якія могуць хутка сканцэнтравацца, мабілізаваць усе свае веды на выкананне пастаўленай мэты, перамагаюць. Ну і, канечне ж, абавязковай умовай поспеху з’яўляецца высокі ўзровень ведаў: іначай не адолець заданні, а сярод іх, трэба сказаць, сустракаюцца і дастаткова мудрагелістыя. Што тычыцца замежных моў, то на трэцім этапе алімпіяды сёлета былі цікавыя і вусныя тэмы, і тэксты для аўдзіравання. Лексіка-граматычная работа, ці, як яе зараз называюць, пісьмовая, уражвае аб’ёмам: напрыклад, у знаўцаў іспанскай мовы яна была на 5 старонак, пагадзіцеся, такое няпроста выканаць! Аднак чым спаборніцтва больш складанае, тым мацней яно загартоўвае.
І ўсё ж асобныя з заданняў, па прызнанні саміх удзельнікаў, выклікалі ў іх непадробнае здзіўленне. У якасці прыкладу — са слоў навучэнцаў — прывяду парадаксальнае пытанне “Кім бы ты хацеў быць: Жаннай д’Арк ці Напалеонам?” (і на роднай мове не адразу збярэшся з думкамі, каб адказаць на гэтае пытанне).
У абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах на Віцебшчыне прыняў удзел 171 навучэнец, у тым ліку па англійскай мове — 59, французскай — 49, нямецкай — 45, іспанскай — 12 і кітайскай — 5 навучэнцаў. Такім чынам, найбольш масавай сярод удзельнікаў была група знаўцаў англійскай мовы. Як прызналася метадыст аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ніна Клокава, у “англічан” працэнт выканання заданняў і, як вынік, канкурэнцыя стабільна высокія. І калі б можна было на рэспубліканскі этап алімпіяды прадставіць больш удзельнікаў, дастойныя кандыдатуры не прыйшлося б шукаць. Калі ж вылучыць лідараў — установы адукацыі, прадстаўнікі якіх з году ў год масава выходзяць на абласны і рэспубліканскі этапы спаборніцтва, то ў першую чаргу варта назваць віцебскія гімназіі №№ 1, 2, 8, 5 і 7.
На жаль, па французскай, нямецкай, іспанскай мовах маем менш аптымістычную карціну — англійская мова працягвае выцясняць канкурэнтак з адукацыйнай прасторы. Справа трымаецца ці не ў большай ступені на энтузіязме педагогаў-прадметнікаў і кіраўнікоў асобных устаноў адукацыі.
— Па французскай мове ў нас ёсць вельмі моцныя, вопытныя настаўнікі, якія штогод рыхтуюць пераможцаў і прызёраў абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяды — такія як Валянціна Перастароніна, Вера Карнялюк, Любоў Пятрова з гімназіі № 9 Віцебска, Святлана Жаваранкава, Ірына Лазаковіч з гімназіі № 3 Віцебска, Людміла Русакова і Валянціна Дзямко з гімназіі № 1 Оршы. Увогуле ўсе 103 настаўнікі французскай мовы, якія сёння працуюць у вобласці, — выдатныя знаўцы свайго прадмета, — расказала Ніна Клокава.
Аналізуючы сітуацыю з нямецкай мовай у школе, нельга абысці ўвагай цікавы вопыт сярэдніх школ № 45 Віцебска і № 20 Оршы, дзе рэалізуецца міжнародны пілотны праект па вывучэнні гэтага прадмета. Настаўнікі з названых устаноў адукацыі — напрыклад, Настасся Малючэнка і Марына Ласко — актыўна павышаюць свой прафесійны ўзровень, выязджаюць на стажыроўкі, у тым ліку і ў Германію. У выніку значна растуць матываванасць і поспехі навучэнцаў у вывучэнні прадмета. Радуюць дасягненнямі Орша, Полацк, Ушачы, шэраг іншых раёнаў. А вось сярэдняя школа № 34 Віцебска, якая яшчэ зусім нядаўна была бясспрэчным лідарам у плане вывучэння нямецкай мовы, на жаль, паступова страчвае свае пазіцыі.
А найбольш рэдка на школьных уроках — як у вобласці, так, відаць, і па ўсёй рэспубліцы — гучыць іспанская мова. Калі аналізаваць статыстыку, то тут на сёння лідзіруюць сярэдняя школа № 38 і гімназія № 2 Віцебска. У апошняй іспанская мова вывучаецца факультатыўна. Гэта, дарэчы, не з’яўляецца перашкодай для сур’ёзных перамог, аднак цяжка паверыць, што, напрыклад, бліскучая пераможца мінулагодняй рэспубліканскай алімпіяды Юлія Іванова (педагог Алена Токарава) вывучала любімы прадмет у гімназіі як факультатыў: адну гадзіну ў тыдзень і без адзнак…
Упершыню ў гэтым годзе праводзілася алімпіяда па кітайскай мове. На Віцебшчыне яе юныя знаўцы набываюць веды ва ўстановах адукацыі абласнога цэнтра: у сярэдняй школе № 44 і з гэтага навучальнага года на факультатыўнай аснове — у гімназіі № 2. Строгія суддзі спаборніцтваў — Ван Хэ і Суй Дань Дань — шчыра перажывалі за кожнага з удзельнікаў алімпіяды, стараліся іх падтрымаць.
— Мы рады, што прынялі ўдзел у такой значнай падзеі — першай у Беларусі алімпіядзе па кітайскай мове, — не хавала эмоцый Суй Дань Дань. — Навучэнцы праявілі высокую актыўнасць, яны многае ведаюць пра Кітай.
— Добра тое, што ў дзяцей ёсць вялікая цікавасць да вывучэння кітайскай мовы і культуры, прычым яна расце, — дадала Ван Хэ. — А значыць, ёсць трывалая аснова для сяброўства і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
У заключэнне хочацца ўзгадаць імёны пераможцаў. Па выніках абласнога этапу спаборніцтваў абсалютнымі лідарамі сталі адзінаццацікласнікі — навучэнец гімназіі № 1 Віцебска Раман Малыхін (выканаў заданні алімпіяды па англійскай мове на 93,53 працэнта) і навучэнка гімназіі № 2 Полацка Юлія Грыневіч (выканала заданні па нямецкай мове на 90,59 працэнта). Лепшымі ў туры па маўленні журы прызнала Варвару Цішчанка, Марыю Арлоўскую з гімназіі № 9 і Ксенію Мяльянцаву з гімназіі № 3 Віцебска (французская мова). У выкананні пісьмовай работы найлепш праявілі сябе віцяблянкі — дзесяцікласніцы Вікторыя Туркова з гімназіі № 8 і Наталля Крупень з гімназіі № 2 (абедзве па англійскай мове), а таксама Хрысціна Шадурская з гімназіі № 9 (па французскай мове). Ва ўспрыманні і разуменні маўлення на слых першынство заваявалі дзесяцікласніца гімназіі № 2 Віцебска Яна Шэцікава (англійская мова), а таксама адзінаццацікласнікі Паліна Мігалевіч з гімназіі № 9 Віцебска (французская мова), Рызо Нажмундзінаў з сярэдняй школы № 11 Віцебска (англійская мова) і Лізавета Давыдзенка з гімназіі № 2 Віцебска (англійская мова). Віншуем! Так трымаць!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.