Як не патануць у патоку інфармацыі

- 14:09Педагагічная майстэрня

Сёння любыя веды знаходзяцца ад дзіцяці на адлегласці аднаго кліку. Настаўніку бессэнсоўна спаборнічаць з “Яндэксам” або Google ў здольнасці перадаваць інфармацыю. Сучаснаму дзіцяці патрэбен настаўнік, які тлумачыць і дапамагае зразумець. Прычым дапамагае зразумець не толькі вучэбны прадмет, але і тое, як ажыццявіць пошук неабходнай інфармацыі і не патануць у інфармацыйным акіяне.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Менавіта пра гэта пойдзе гаворка ў матэрыяле, які я прапаную ўвазе чытачоў. Cёння настаўніку, нароўні з навучаннем прадмету, важна садзейнічаць фарміраванню ў вучняў уменняў арыентавацца ў патоку інфармацыі, навыкаў адрозніваць сапраўднае і патрэбнае, каб не стаць ахвярай інфармацыйных войнаў і маркетынгавых выкрутаў СМІ. Вучні павінны ведаць, якую ролю адыгрываюць СМІ і як яны ўплываюць на чалавека і грамадства, умець дэкадзіраваць (аналізаваць) медыяматэрыялы; распазнаваць хлусню і маніпуляцыйныя прыёмы, падробленую, схаваную рэкламу, а таксама мець такія каштоўнасныя ўстаноўкі, як крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да наяўнай інфармацыі.

Я ўдзяляю шмат увагі медыяадукацыi. Варта адзначыць, што тэма медыяпісьменнасцi цікавіць дзяцей. Адказваючы на пытанне “Што вы часцей за ўсё робіце ў інтэрнэце?”, большасць вучняў выбралі адказы: “Праводжу час у сацыяльных сетках”, “Знаёмлюся з навінамі, праграмамі ў інтэрнэце”, “Шукаю інфармацыю для вучобы”. А вось адказ на пытанне “Як вы знаходзіце інфармацыю і ці варта заўсёды давярац­ь інтэрнэт-рэсурсам?” у падлеткаў выклікаў цяжкасці.

Пры праглядзе тэлеперадач, чытанні інтэрнэт-сайтаў, праглядзе стужкі ў сацыяльнай сетцы ў 22% васьмікласнікаў пастаянна ўзнікае пачуццё, што іх падманваюць, у 33% — часам, у 22% — рэдка, у 11% — часта і 22% не змаглі адказаць.

Матэматыка прапануе выдатныя інструменты для развіцця ўмення правільна ўспрымаць інфармацыю, якую мы чуем і бачым, спрыяе фармiраванню ўмення добра арыентавацца ў розных тыпах медыя і разумець іх сутнасць, што з’яўляецца важным навыкам у сучасным свеце. Як паказвае практыка, найбольшая колькасць памылак пры рашэнні матэматычных задач звязана з няўважлівым чытаннем умовы задачы. Яшчэ правільнаму рашэнню перашкаджае фармальны падыход да выканання задання і адсутнасць навыку самаправеркі. Гэтыя ж праблемы мы назіраем і пры інтэрнэт-камунікацыях.

На ўроках я сістэматычна раблю акцэнт на здольнасці разважаць, аналiзаваць, чуць пытанне і адказваць менавіта на пастаўленае пытанне, а не на яго інтэрпрэтацыю. Напрыклад, на ўроку “Квадратычная функцыя” васьмікласнікі пагадзіліся са сцвярджэннем “Калі каэфіцыент большы за нуль, то квадратычная функцыя не мае найменшага значэння”, напісаўшы “так” у сшытках, нягледзячы на разуменне яе ўласцівасцей.

Заданні, у якіх неабходна ўказаць сярод дадзеных сцвярджэнняў нумар няправільнага або сярод прапанаваных лікаў пазначыць той, што не ўваходзіць у вобласць вызначэння прапанаванага выразу, з’яўляюцца простымі заданнямі. Тым не менш вучнi часта здзяйсняюць памылкі ў запісе адказу, не звярнуўшы ўвагі на часціцу “не” ва ўмове. Уся справа ва ўменні аналізаваць, быць уважлівымі і адказваць на пастаўленае пытанне — такую выснову робяць дзеці.

Важна выключыць фармальны падыход да выканання задання. Напрыклад, рашаючы задачу “Знайдзіце плошчу раўнабедранага трохвугольнiка, у якога вышыня 24 дм, бакавая старана 25 дм”, варта звярнуць увагу вучняў на тое, што ўмова задачы неадназначная: не пазначана, да якой стараны праведзена вышыня. Важна разгледзець усе магчымыя выпадкі.

Першы выпадак, калі вышыня праведзена да асновы — тады плошча трохвугольніка роўная 168 дм2. Другі выпадак, калі вышыня праведзена да бакавой стараны — тады адказам будзе 300 дм2. Але на гэтым даследаванне не скончана. Варта пераканацца, што такі трохвугольнік існуе. Гэта значыць дзеці павінны зрабiць здагадку, што трохвугольнiк можа быць як востравугольным, так і тупавугольным. І толькі пераканаўшыся ў існаванні такога трохвугольнiка, можна запісаць адказ 168 дм2 або 300 дм2.

Рашэнне такіх задач спрыяе развіццю ў вучняў крытычнага мыслення: эфектыўнаму аналізу паступаючай інфармацыі і аргументаванаму адстойванню свайго меркавання, разуменню пазіцыі партнёра па камунікацыi, правільнаму фармуляванню высноў і прыняццю адзінага правільнага рашэння з апорай на зыходныя даныя.

Матэматык больш старанна і педантычна ставіцца да выбару слоў, чым настаўнік літаратуры, бо самае нязначнае змяненне тэксту кардынальна мяняе сэнс сказанага або напісанага. Для матэматыка практычна ўсе сінонімы — зусім не сінонімы і нясуць розную сэнсавую нагрузку, таму для яго характэрны далікатныя адносіны да выбару слоў.

На мой погляд, мала навучыць дзяцей рашаць задачы, важна прывучыць іх право­дзіць элементарную праверку сваіх адказаў на праўдападобнасць. На адным з урокаў няўважлівае прачытанне ўмовы задачы і замена правіла “Знаходжанне працэнта ліку” правілам “Знаходжанне ліку па яго працэнце” вучань атрымаў, што 40% ад ліку сталі больш за сам лік. Запісаўшы адказ і прааналізаваўшы пытанне, вучань зразумеў, што адказ непраўдападобны, і знайшоў сваю памылку. Прывяду яшчэ адзін прыклад з практыкі.

“Дзецi, а вы верыце, што 6 = 7? А калі я дакажу гэтую роўнасць, вы паверыце? Запішам праўдзiвую роўнасць: 42 +12 – 54 = = 49 +14 – 63. Вынесем агульны множнік за дужкі: 6 (7 + 2 – 9) = 7 (7 + 2 – 9). Падзелім абедзве часткі на агульны множнік (7 + 2 – 9). Атрымаем, што 6 = 7, што і патрабавалася даказаць. У чым памылка?

Памылка ў тым, што мы зрабілі выснову аб роўнасці першых множнікаў у роўных здабытках пры ўмове роўнасці другiх множнікаў, што не заўсёды праўдзiва. Такое сцвярджэнне справядліва толькі тады, калі гэтыя роўныя другія множнікі адрозныя ад нуля і мы можам абедзве часткі роўнасці падзяліць на гэты лік. У выпадку ж нуля заўсёды а • 0 = b • 0 = 0 пры любых а і b, так што зусім не абавязкова, каб а = b”.

Я прадэманстравала матэматычны сафізм — дзіўнае сцвярджэнне, у доказе якога крыюцца непрыметныя, а часам і даволі тонкія памылкі. Сафізм (ад грэч. — майстэрства, уменне, хітрая выдумка, выкрут, мудрасць) — ілжывая выснова, якая, тым не менш, пры павярхоўным разглядзе здаецца правільнай.

Сістэматычны аналіз сафізмаў быў да­дзены ўпершыню Арыстоцелем (384—322 да н.э.), які ўсе памылкі падзяліў на два класы: “няправільнасці гаворкі” і памылкі “па-за гаворкай”, г.зн. у думках. Які б ні быў сафізм, ён абавязкова змяшчае замаскіраваныя памылкі.

Я прывяла матэматычны прыклад, які паказвае наўмысна лжывую выснову, якая бачыцца правільнай, і дзеці фактычна мне паверылі, не заўважыўшы памылкі ў маіх дзеян­нях. А як быць са СМІ, якія маніпулю­юць нашай свядомасцю і паводзінамі? Як гэта адбываецца?

Маніпулятары выкарыстоўваюць розныя лагічныя памылкі ў разважаннях, нядбайнасц­ь некаторай інфармацыі, выбіраюць толькі прыдатную (як разынкі з рулету), параўноўваюць непараўнальнае або адцягваюць увагу на нешта яшчэ. Маніпуляцыі заўсёды дзейнічаюць на падсвядомасць.

Калі мы разумеем, што намі маніпулю­юць, гэта не маніпуляцыя. Пры маніпуляванні масавай свядомасцю часцей за ўсё выкарыстоўваецца псіхалагічны “трохступеньчаты” механізм: адключыць логіку (знізіць крытычнае мысленне); выклікаць страх (стварыць пагрозу); зачапіць чалавека на кручок выратавальніка (падказаць выхад).

Існуе тры асноўныя стратэгіі тэхнікі маніпуляцыі: 1) гульня слоў (маніпуляванне мовай); 2) зварот да эмоцый; 3) адцягненне ад галоўнага.

Вось якімі думкамі падзяліўся Віталь Б.: “Калі вы сафізмам увялі нас у зман, хоць мы вельмі ўважліва сачылі за вашымі дзеяннямі, то што казаць пра СМІ? Там суцэльныя сенсацыі, жахі, інтрыгі. Трэба вучыцца аналізаваць і быць уважлівымі”.

Дзецям важна тлумачыць значэнне такіх тэрмінаў, як маніпуляцыя, клiкбейт, фэйк, першакрыніцы, дакладныя крыніцы iнфармацыi. Тэма клiкбейта для дзяцей аказалася вельмі цікавай і актуальнай. Клiкбейт — клік-прынада, метад рэкламадаўца для прыцягнення гледача або чытача да рэкламы або рэкламнага артыкула. Клiкбейт маніпулюе свядомасцю і актывуе моцныя эмоцыі, такія як цікаўнасць, злосць, зайздрасць, суперажыванне, страх.

Гарачыя загалоўкі прымяняюцца для атрымання прыбытку ад інтэрнэт-рэкламы, для продажу тавараў або паслуг. А­ўтары кантэнту робяць накруткі колькасці праглядаў артыкулаў і відэаролікаў, віруснага кантэнту, што правакуе карыстальнікаў дзяліцца імі ў сацыяльных сетках і месенджарах, прасоўваюць фэйкавыя навіны. Важны высокі CTR, суадносіны клікаў да прагляду. Самыя папулярныя тэмы: палітыка, вядомыя людзі, іх псеўдахваробы, фэйкавая смерць, скандалы ў асабістым жыцці, прадказанні, новыя супергаджэты і чароўныя таблеткі.

Нягледзячы на тое, што непасрэдна клiкбейт з’явіўся па меры развіцця інтэрнэту, ён мае вельмі даўнія гістарычныя карані. Падобныя прыёмы прыцягнення ўвагі аўдыторыі актыўна выкарыстоўваюцца ўжо некалькі стагоддзяў. Усё пачалося з афіш, а таксама гучных газетных загалоўкаў і аб’яў.

Многія вучнi адзначылі, што некалькі радкоў тэксту ў нейкім пасце настолькі прыцягвалі іх увагу, што яны націскалі на спасылку, каб скончыць чытаць гісторыю, даведацца, што будзе далей. Напрыклад, Ліза Б. падзялілася: “Я сама трапіла на гэтую прынаду. Захацелася “даведацца, што будзе далей”. А далей у мяне з тэлефона спісалі 20 рублёў. Было незразумела і крыўдна. Пасля сённяшняга ўрока я буду вельмі асцярожная і ўважлівая да інфармацыі”.

Прывяду яшчэ адзін прыклад з вопыту работы. На вашы вочы трапіўся загаловак “Урач назваў лепшую абарону ад каранавіруса: больш эфектыўную, чым звычайныя маскі”. Цi пяройдзеце вы па спасылцы? Што вы хочаце даведацца? Якія вашы чаканні? Давайце паспрабуем дэкадзіраваць гэтую інфармацыю і зразумеем яе галоўны пасыл.

Вучнi прыйшлі да высновы, што з дапамогай сенсацыйнага загалоўка прапануецца рэклама, якая пры гэтым не апраўдвае чаканні карыстальніка інтэрнэт-рэсурсу.

Большасць з дзяцей вельмі станоўча гаворыць аб сваіх навыках пошуку інфармацыі, але ці азначае гэта, што знойдзеная інфармацыя заўсёды дакладная, атрымана з самых на­дзейных крыніц без парушэння а­ўтарскіх правоў? Разважаючы над гэтым пытаннем, вучні прыйшлі да высновы, што пры пошуку інфармацыі для выканання дамашняга задання часта карыстаюцца базай гатовых рэфератаў, гэта значыць выкарыстоўваюць у асабістых мэтах інтэлектуальную ўласнасць іншых людзей.

Дзецi таксама часта карыстаюцца інфармацыяй, узятай з Вікіпедыі. Бяруць без праверкі апісанне тэрміна, біяграфію, фізічную з’яву ці сацыяльную тэорыю. А ці можна давяраць гэтаму рэсурсу?

Ці варта верыць усёй інфармацыі, якую мы сустракаем у інтэрнэце? Натуральна, дзеці адказваюць: “Не”. А чаму не? Як распазнаць фэйк? Падчас адной з гутарак я прадэманстравала карцінку, узятую ў інтэрнэце. Карцінка ўтрымлівала наступны тэкст (арфаграфія і граматыка захаваныя): “Самая крупная в мире Анаконда убитая в Джунглях Амазонки — длина её состовляет 134 анг.фута (около 40 метров). Она убила 257 людей и 2325 животных”. Ці верыце вы гэтай інфармацыі? Калі так — чаму, калі не — таксама чаму? Першай рэакцыяй дзяцей была рэакцыя прыняцця інфармацыі. Затым, у працэсе аналізу, вучні прыйшлі да высновы, што гэта фэйк: арфаграфічныя памылкі недапушчальныя ў СМІ, выклікае здзіўленне дакладная колькасць забітых (хто вёў лiк ахвяр?). Заўважаючы гэтыя маркеры, дзеці разумеюць, што карціна свету, паказаная ў СМІ, не зусім дакладная і праўдзiвая.

“У інтэрнэце ёсць шмат розных інфармацыйных рэсурсаў, і ўсе яны адрозніваюцца дакладнасцю, надзейнасцю і каштоўнасцю, і інфармацыю трэба шукаць у розных медыякрыніцах, а таксама аналізаваць яе”, — падсумавалі вучнi.

Падчас гутаркі аб карысці і шкодзе СМІ васьмікласнікі прыйшлі да наступнай высновы. СМІ прыносяць карысць чалавеку і грамадству: забаўляюць, развіваюць, інфармуюць, выхоўваюць, дапамагаюць зрабіць выбар, утвараюць, фарміруюць грамадскую думку. У той жа час СМІ наносяць і шкоду чалавеку і грамадству: адводзяць ад неабходнасці вырашаць рэальныя праблемы, не заў­сёды інфармацыя дакладная, аказваюць адмоўны ўплыў на псіхіку, знаходзяцца ў нечых руках, не заўсёды прапагандуюць агульначалавечае.

Адзіны спосаб развіць уменне арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, засцерагчы сябе ад уздзеяння маніпуляцый — выпрацаваць звычку задаваць сабе канкрэтныя пытанні, навучыцца крытычна думаць, гэта значыць сфармiраваць моц­ны “iмунiтэт” супраць iнфармацыйнага смецця.

Хто гэта зрабіў? З якой мэтай? Якія каштоўнасці і ўстаноўкі трансліруюць аўтары? Што яны хацелі ад мяне? Пра што гэта паведамленне (што прымушае так думац­ь)? Каму адрасавана паведамленне і чаму я так думаю? Хто за гэта заплаціў? Што я магу зрабіць у адказ на гэтае паведамленне? — няпоўны пералік пытанняў, якія важна задаваць сабе, працуючы з медыяматэрыяламі.

Прапаноўваючы некаторыя фрагменты свайго вопыту калегам, я не заклікаю іх капіраваць мае падыходы і ўстаноўкі, паколькі гэта асабіста творчая справа. Я проста хачу паказаць, што кожны з нас можа, навучыўшы дэкадзіраваць інфармацыйныя паведамленні, дапамагчы дзецям не патануць у патоку інфармацыі.

Людмiла ШЛЯЖКО,
настаўнiца матэматыкi Бараўлянскай сярэдняй школы Мiнскага раёна.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.