Як пабудаваць цікавы ўрок літаратуры?

“Марафон паспяховых практык” для педагогаў, які праводзіцца на Міншчыне, набывае добры кірунак. У рамках гэтага праекта настаўнікі-наватары, аўтары ўнікальных методык дзеляцца сваім вопытам. Як і абяцалі арганізатары, марафон карысны для выкладчыкаў розных прадметаў з рознымі прафесійнымі інтарэсамі. Другое мерапрыемства марафону парадавала настаўнікаў літаратуры: у МАІРА адбылася сустрэча з вядомым філолагам Сяргеем Волкавым.

Сяргей Волкаў — асоба выбітная, вядомая сярод педагагічнай грамадскасці. Ён кіраўнік кафедры славеснасці ў “Новай школе” ў Раменках (Масква), член каардынацыйнага савета “Гільдыі славеснікаў”, выкладчык Школы-студыі МХАТ і Вышэйшай школы эканомікі (НДУ ВШЭ), аўтар артыкулаў, прысвечаных літаратуры і пытанням адукацыі, некаторы час быў галоўным рэдактарам часопіса “Літаратура”. Сяргей Уладзіміравіч мае вельмі багаты і разнастайны педагагічны вопыт: яму давялося папрацаваць у дзіцячым садзе, пачатковых і старшых класах школы, у ВНУ. Сваімі поглядамі ён дзеліцца на асабістай старонцы ў “Фэйсбуку”. Паслухаць такога цікавага лектара сабралася больш за 100 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі: выкладчыкі, пісьменнікі, літаратурныя аглядальнікі, крытыкі, блогеры.

“Як пабудаваць цікавы ўрок літаратуры?” — пытанне, якое задае сабе кожны настаўнік, што мае дачыненне да літаратуры, і якое стала тэмай сустрэчы. У наш час прыцягнуць дзяцей да чытання, вывучэння літаратуры, паглыблення ў творы мастацкай літаратуры надзвычай складана, тым больш што сёння няма ніякіх “знешніх матыватараў”, як, напрыклад, экзамен ці літаратуразнаўчы кампанент у ЕГЭ або тэсціраванні. Сучаснае дзіця будзе вывучаць літаратуру, толькі калі яго шчыра зацікавіць ёй. Урок проста неабходна зрабіць цікавым. На думку Сяргея Волкава, цікавы — не значыць забаўляльны, падобны да шоу, лёгкі. Цікавы ўрок той, на якім давялося папрацаваць і падумаць, і на які вучню хочацца вярнуцца. Сяргею Уладзіміравічу давялося працаваць са мноствам розных дзяцей, для якіх літаратура як прадмет знаходзілася па-за сферай інтарэсаў. Напрыклад, з дзецьмі, якія паглыблена вывучалі матэматыку. І ў яго ёсць шмат ідэй і прыкладаў, як захапіць такіх дзяцей. Гэтым выступоўца і падзяліўся з аўдыторыяй.

Сяргей Волкаў, акрамя таго, што творчы педагог, яшчэ і надзвычайны прамоўца. Ён з гумарам расказваў пра сур’ёзнае, паведаміў мноства гісторый з жыцця. Перад слухачамі быццам з’яўляліся постаці неверагодных настаўнікаў і не менш неверагодных вучняў, пра якіх ішла гаворка, выразна ўяўляліся ўрыўкі з урокаў. Падчас мерапрыемства педагогі атрымалі шэраг практычных кейсаў па стварэнні сучаснага, жывога, запамінальнага ўрока.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.