У цяперашні час ва ўстановах адукацыі павялічваецца колькасць дзяцей, якія маюць часовыя эмацыянальныя расстройствы і парушэнні паводзін. Узмацняецца гэтая праблема яшчэ і цяжкасцямі карэкцыі паводзін і асаблівай неабходнасцю ў індывідуальным падыходзе з боку выхавальнікаў і ва ўвазе равеснікаў.
Пратэст супраць рэчаіснасці
Як правіла, цяжкасці ў паводзінах падлетка тлумачацца спалучэннем вынікаў няправільнага развіцця асобы і нядобрай сітуацыі, у якой ён апынуўся, а таксама хібамі выхавання. Акрамя таго, дрэнныя паводзіны ў падлеткаў часта з’яўляюцца сродкам самасцвярджэння, пратэстам супраць рэчаіснасці ці патрабаванняў дарослых. Пытанні самасцвярджэння і пратэсту можна лёгка пераадолець. Для гэтага дарослым варта толькі перагледзець свае адносіны да дзяцей, якія падраслі, і праблема вырашыцца сама сабой. Але ў паводзінах падлеткаў бываюць праблемы, якія патрабуюць больш доўгай карэкцыі і спецыяльных праграм па змяненні паводзін.
Вельмі часта дзецям гэтага ўзросту ўласціва неадэкватная ацэнка сваіх магчымасцей і ўласнай каштоўнасці як асобы. Гэта можа прыводзіць да паводзінскіх і эмацыянальных зрываў, а таксама да дэпрэсіі і, як вынік, нежадання наведваць школу, да зніжэння паспяховасці, звароту да адыктыўных сродкаў (тытуню, алкаголю, наркотыкаў), пошуку падтрымкі сярод сумніўных сяброў і іншых адхіленняў у паводзінах.
Вельмі часта педагогі прыходзяць да псіхолага з патрабаваннем дапамагчы змяніць праблемныя паводзіны. Яны лічаць, што гэта можна зрабіць за адну сустрэчу з дзіцем. Такое магчыма, калі паводзіны былі разавымі. Але калі асаблівасці паводзін адзначаюцца часта, то патрэбна паглыбленая дыягностыка, назіранне за паводзінамі і спецыяльныя метады аналізу, якія дазваляюць ацаніць усе рэсурсы падлетка і рызыкі, што могуць перашкодзіць карэкцыі паводзін. Важна сабраць як мага больш звестак пра непаўналетняга ад розных суб’ектаў навучання і выхавання: педагогаў, бацькоў, класнага кіраўніка і аднакласнікаў.
Знайсці падыход
Усе дзеці розныя. У кожнага — свой характар, звычкі, асаблівасці, нервовая сістэма, таму да кожнага непаўналетняга неабходна падабраць ключык, знайсці падыход. Карэкцыйныя праграмы, якімі стракаціць інтэрнэт, не могуць мець аднолькавы эфект для ўсіх дзяцей. Асабліва важна ствараць карэкцыйныя праграмы для індывідуальнай прафілактычнай работы з дэвіянтнымі падлеткамі.
Для характарыстыкі дрэнных паводзін можна выкарыстоўваць спецыяльныя карты назіранняў. Карта назіранняў за праяўленнямі дэвіянтных паводзін дазваляе вылучыць і зафіксаваць наяўнасць ці адсутнасць у падлеткаў некаторых паводзінскіх прымет (сімптомаў), якія сведчаць аб схільнасці да тых ці іншых форм дэвіянтных паводзін. Па выніках даследавання з кожнага блока адбіраецца адна характарыстыка, якая, на думку назіральніка, найбольш падыходзіць падлетку.
Прывядзём прыклад запаўнення такой карты на навучэнца 9 класа. Прычына пастаноўкі на ўлік: парушэнне правіл рэжыму ў школе, прагулы, адмаўленне ад выканання заданняў (глядзіце карту). Важна таксама разумець час пачатку і працягласць паводзін, якія назіраюцца, — паўгода-год, што супадае са змяненнем умоў пражывання дзіцяці (бацька пачаў моцна выпіваць, гэта правакавала частыя сваркі). Становішча ў сям’і прыводзіць да фарміравання і замацавання праблемных паводзін падлетка. Бацькі часта не кантралююць падрыхтоўку дамашніх заданняў. І з прычыны таго, што працуюць пазменна, не могуць адсачыць час выхаду дзіцяці ў школу. Падлетак часта не прыходзіць на першыя ўрокі ці спазняецца (прагулы і спазненні часта звязаны з тымі днямі, калі маці працуе ў першую змену).
SWOT-аналіз
Цяпер важна з дапамогай SWOT-аналізу разгледзець моцныя і слабыя бакі асобы, вызначыць аптымальныя магчымасці і верагодныя пагрозы з боку знешняга асяроддзя. Вынікі трэба занесці ў спецыяльную табліцу — матрыцу SWOT-аналізу асобы. Такая табліца дапамагае ўбачыць карціну цалкам і супаставіць розныя фактары.
Далей можна падыходзіць да складання карэкцыйнай праграмы. Важна правільна сфармуляваць мэты карэкцыі. Фармулёўка павінна не разглядаць тое, ад чаго варта пазбавіцца, а апісваць жаданы вынік. Пры праблеме, якая разглядаецца (агрэсіўнасць у падлетка), мэтамі карэкцыйнага ўздзеяння могуць з’яўляцца фаміраванне асертыўных паводзін, кіраванне сваім эмацыянальным станам у сітуацыі канфлікту, асваенне спосабаў вырашэння канфліктных сітуацый. Мэта ў SWOT-аналізе працуе як фільтр. Яна дапамагае зразумець, на што варта звяртаць увагу, а на што не.
Несумненна, у аснове педагагічнай мэты, якая рэалізуецца ў адносінах да дзіцяці з дэвіянтнымі паводзінамі, ляжыць дапамога яму ў тым, каб яно стала паўнавартасным членам грамадства, у рэалізацыі індывідуальнага патэнцыялу. Фактычна, калі мы гаворым пра выхаванне такога дзіцяці, мы прадугледжваем, што неабходна стварэнне ўмоў для яго ўсведамлення неабходнасці пераацэнкі сваіх паводзін. Важна, каб падлетак сам захацеў выправіцца і адэкватна рэалізоўваў патрэбы ўзросту.
У аснове педагагічнай мэты, якая рэалізуецца ў адносінах да дзіцяці з дэвіянтнымі паводзінамі, ляжыць дапамога яму ў тым, каб яно стала паўнавартасным членам грамадства.
Карта назіранняў
(Прыводзіцца па падручніку Ю.А.Клейберга “Сацыяльная псіхалогія дэвіянтных паводзін”.)
І. Агульныя звесткі пра дзіця
Звесткі пра асаблівасці функцыянавання нервовай сістэмы: хутка пераходзіць ад радасці да суму без яўнай прычыны; адэкватная змена настрояў; стабільны ў праяўленні настрою; паспяховасць здавальняючая.
ІІ. Звесткі пра сям’ю і ўзаемаадносіны ў ёй
Сям’я поўная; узаемаадносіны бацькоў паміж сабой напружаныя; узаемаадносіны бацькоў з дзіцем аўтарытарныя; канфліктныя.
ІІІ. Праяўленне асобасных якасцей у паводзінах дзіцяці
А. Накіраванасць інтарэсаў: на адносіны паміж людзьмі — вельмі залежны ад меркавання сяброў.
Б. Адносіны да справы: не праяўляе актыўнасці ў грамадскім жыцці, але даручэнні выконвае; часцей за ўсё стараецца ўхіліцца ад любой работы; часта не выконвае ў тэрмін (ці выконвае дрэнна) даручаную яму справу; ніколі не выступае пачынальнікам якой-небудзь справы; умее правільна размяркоўваць і ў тэрмін выконваць сваю работу, толькі калі за кожны яе этап трэба даваць справаздачу; як правіла, не праяўляе зацікаўленасці ў набыцці новых ведаў; утрымлівае ў належным парадку ўласныя і пазычаныя яму рэчы (кнігі, канспекты); дапамагае прыводзіць у парадак грамадскую маёмасць (парты, інвентар і г.д.) хутчэй па абавязку.
В. Адносіны да людзей.
- Калектывізм: як правіла, абыякавы да клопатаў іншых, па сваёй ініцыятыве нікому не дапамагае.
- Сумленнасць, праўдзівасць: часта гаворыць няпраўду дзеля ўласнай выгады.
- Справядлівасць: актыўна змагаецца з тым, што лічыць несправядлівым.
- Бескарыслівасць: ва ўчынках часта кіруецца меркаваннямі ўласнай выгады.
- Таварыскасць: імкнецца мець зносіны з абмежаваным колам людзей.
- Пачуццё сяброўства: дапамагае сябрам, калі яго просяць.
- Спагадлівасць: шчыра спачувае іншым, калі не вельмі захоплены сваімі думамі.
- Ветлівасць, тактоўнасць: часта недапушчальна рэзкі, грубы; нярэдка пачынае сваркі.
Г. Адносіны да сябе.
- Сціпласць: ніколі не выстаўляе напаказ свае добрыя якасці, заслугі.
- Упэўненасць у сабе: усе заданні, даручэнні выконвае без дапамогі іншых, звяртаецца па дапамогу толькі ў выпадку неабходнасці.
- Самакрытычнасць: да крытычных заўваг, парад ставіцца няўважліва, не стараецца выпраўляць недахопы.
- Уменне разлічваць свае сілы: заўсёды цвяроза ацэньвае ўласныя сілы, выбіраючы задачы і справы па сіле.
- Імкненне да поспеху, першынства: вельмі рэдка імкнецца да поспеху ў якой-небудзь дзейнасці, лёгка задавольваецца становішчам “серадняка”.
- Самакантроль: большай часткай дзейнічае неабдумана, разлічвае на шанцаванне.
Д. Валявыя якасці: заўсёды ўступае ў барацьбу, нават калі праціўнік мацнейшы за яго самога; рэдка адважваецца прымаць якое-небудзь адказнае рашэнне; вельмі рэдка даводзіць да канца задуманае, нават калі сутыкаецца з нязначнымі цяжкасцямі; часам не ўмее справіцца са сваімі эмоцыямі.
Е. Становішча дзіцяці ў дзіцячым калектыве.
- Аўтарытэт у класе: карыстаецца аўтарытэтам у некаторых навучэнцаў.
- Сімпатыі: карыстаецца сімпатыяй толькі ў часткі аднакласнікаў.
- Аўтарытэт у пазашкольных аб’яднаннях: з’яўляецца членам пазашкольнага аб’яднання, але аўтарытэтам там не карыстаецца (спартшкола).
- Праяўленні агрэсіі: часта злосна жартуе, злосна пляткарыць; агрэсіўнасць выяўляецца праз пагрозы, лаянку, варожыя выкрыкі (без прымянення фізічнай сілы).
Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі