Як панізіць стрэсавасць

- 14:34Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Менавіта гэтая тэма лягла ў аснову другога пытання, якое разглядалася на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, што прайшло напрыканцы чэрвеня ў Жлобіне. Яно тычылася праблем пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасных умовах.
Тое, што пераход дзіцяці з дашкольнай установы ў школу, — стрэс, педагогі сцвярджаюць аднагалосна. Звесці гэта да мінімуму — вось галоўная задача. Што для гэтага неабходна? Начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.Давідовіч лічыць, што трэба распрацаваць канцэпцыю пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, якая ўключала б тры аспекты: інфарматызацыйны, змястоўны і адукацыйна-тэхналагічны. Асновы гэтай канцэпцыі ўжо ёсць, але яна патрабуе пэўнай дапрацоўкі, у тым ліку з удзелам саміх педагогаў, іх прапаноў і бачання з пункту гледжання практычнага вопыту.

— Сучасныя сацыякультурныя ўмовы патрабуюць забеспячэння бесперапыннай адукацыі дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, запатрабаванняў сям’і і грамадства, — адзначыла ў сваім дакладзе Альбіна Леанідаўна.
У аснову гэтага, на яе думку, пакладзена пераемнасць паміж установамі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, што дазваляе выбудаваць адзіную лінію развіцця асобы на ўсіх узроўнях навучання. Менавіта ў дзіцячым садзе пачынаецца першапачатковае станаўленне асобы дзіцяці, выяўляюцца яго здольнасці і фарміруецца цэласнае развіццё, якое потым пераймае пачатковая школа і працягвае працаваць над развіццём навучэнцаў, дапаўняючы яго пэўнымі ведамі. Вось тут і схавана адна з праблем, чаму дзеці адчуваюць цяжкасці пры пераходзе ў сярэднюю школу. Увогуле спецыялісты вызначаюць некалькі прычын, але ўсе яны ўзаемазвязаны, чапляюцца адна за другую, бы звёны ланцужка. Перш за ўсё ў многіх дзяцей яшчэ не сфарміравалася на гэты час пазіцыя вучня, гульнявыя формы ім куды бліжэй, чым вучэбна-пазнавальныя, якія патрабуе школа. Адсюль і адсутнасць інтарэсу ў атрыманні вучэбнай інфармацыі. Дададзім да гэтага цяжкасці ў зносінах з аднакласнікамі, боязь настаўніка, няўпэўненасць у сабе… Вось тыя складнікі, якія вядуць да стрэсу. Зразумела, гэта ўласціва не кожнаму дзіцяці, і многае залежыць ад таго, наколькі яно падрыхтавана да навучання ў сярэдняй школе. Таму і паўстае пытанне пераемнасці, дзе многае залежыць ад педагогаў.

У сваім выступленні Альбіна Леанідаўна акрэсліла некаторыя праблемы: недастатковая актыўнасць і ініцыятыўнасць членаў метадычных фарміраванняў пераемнасці, цяжкасці сумеснага планавання і выбару педагогамі прыёмаў актывізацыі пазнавальнай і мысліцельнай дзейнасці навучэнцаў, складанасці ажыццяўлення дыферэнцыраванага падыходу пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама нярэдка — адсутнасць жадання некаторых педагогаў павышаць сваю кваліфікацыю і пераймаць перадавы вопыт.
У апошні час у адукацыйнай сферы адбылося нямала значных змен, асабліва ў частцы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, і гэта ў сваю чаргу патрабуе перагляду падыходаў да ажыццяўлення пераемнасці. Бясспрэчна, пераемнасць у гэтых зменах не загубілася. На нарматыўным узроўні ўсё адлюстравана ў Кодэксе аб адукацыі, палажэннях аб установах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі і іншых дакументах. У арганізацыйным плане пераемнасць стала крокам да стварэння вучэбна-педагагічных комплексаў, якія аб’ядноўваюць дзіцячы сад і школу. Сёння ў краіне іх налічваецца больш за 970. Размяшчэнне першых класаў на базе дашкольных устаноў — таксама ў мэтах пераемнасці. Зараз у дзіцячых садах працуе амаль 740 першых класаў. Звыклае асяроддзе дае дзецям магчымасць хутчэй і больш лёгка адаптавацца да пераходу на больш сур’ёзную ступень навучання. Педагогі называюць такі падыход даволі паспяховым. Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 10 Жлобіна Гомельскай вобласці З.П.Чыкілёва назвала гэта аптымальным варыянтам. Яна пазнаёміла ўдзельнікаў пасяджэння з работай з пачаткоўцамі ў сваёй школе, але ж адзначыла, што лепш вярнуць першыя класы ў дзіцячыя сады.

Аб станоўчай ролі вучэбна-педагагічных комплексаў у забеспячэнні пераемнасці расказала Л.М.Васюк, дырэктар Старалядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.
— Зліццё малакамплектных дзіцячага сада і школы дало нам магчымасць распрацаваць праект агульнай работы з дзецьмі старшых груп і першых класаў, размеркаваць абавязкі на прынцыпах узаемадзеяння, — адзначыла Людміла Міхайлаўна. — Гэта вельмі лёгка зрабіць, калі мы знаходзімся разам, у адной установе.
Кіраўнік установы назвала галоўныя плюсы вучэбна-педагагічнага комплексу ў ажыццяўленні пераемнасці. Па-першае, наяўнасць дзіцячага псіхолага дазваляе сачыць за дашкольнікам, працаваць з ім па падрыхтоўцы да пераходу ў школу. Па-другое, сумесныя пазнавальныя заняткі са старшымі дашкалятамі і першакласнікамі з удзелам педагогаў пазбаўляюць дзяцей страху перад настаўнікам, дапамагаюць знайсці старэйшых сяброў, што ў сваю чаргу вучыць уменню наладжваць зносіны і развівае ўпэўненасць у сабе. У цэлым важнасць праекта ў тым, што ён не толькі дапамагае дзіцяці адаптавацца, але і закладвае асновы сацыялізацыі.

Зразумела, наладзіць такое ўзаемадзеянне складаней, калі дзіцячы сад і школа знаходзяцца не пад адным дахам. Складаней, але ж магчыма. Пры абмеркаванні гэтай тэмы спецыялісты Міністэрства адукацыі агучылі і такую магчымасць, як выхавальнік і настаўнік у адной асобе. Напрыклад, у суседніх Расіі і Польшчы для гэтага спецыялістаў рыхтуюць па інтэграванай спецыяльнасці “Дашкольная і пачатковая адукацыя”. У Беларусі такі эксперымент таксама пачалі і адкрылі ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Дашкольная адукацыя”. Пакуль гэта толькі спроба, і на практыцы яшчэ не апрабаваная, але спецыялісты ўпэўнены, што яна дасць добры вынік.
Больш востра стаіць пытанне па падрыхтоўцы да навучання ў школе тых дзяцей, якія не наведваюць дзіцячы сад (яны складаюць каля 25 працэнтаў ад ліку ўсіх дзяцей дашкольнага ўзросту ў рэспубліцы). Дашкольная адукацыя не з’яўляецца абавязковай, аднак якасць адукацыі павінна быць прадастаўлена кожнаму малому, незалежна ад таго, наведвае ён дашкольную ўстанову ці не.

— Такім чынам, неабходна прааналізаваць, наколькі адпавядаюць стандартам дашкольнай адукацыі адукацыйныя паслугі па падрыхтоўцы дзяцей да навучання ў школе, — лічыць А.Л.Давідовіч. — І, канечне, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на тую катэгорыю дашкалят, якія не наведваюць дзіцячыя сады.
З гэтай мэтай, на думку начальніка аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі, неабходна распрацаваць метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі дзяцей да школы ва ўмовах сямейнага выхавання і стварыць інфармацыйны банк пераліку адукацыйных паслуг па падрыхтоўцы да школы, які павінен размяшчацца на сайтах усіх упраўленняў і аддзелаў сферы адукацыі. Бацькам неабходна ведаць, дзе яны могуць знайсці падтрымку і дапамогу. Таксама яны павінны разумець, наколькі гэта важны аспект. Якраз гэтаму спрыяе арганізацыя работы з бацькамі. Паспяхова выкарыстоўваюцца такія формы, як штогадовыя абласныя бацькоўскія сходы, правядзенне майстар-класаў, прадстаўленне педагагічнага вопыту, выступленні бацькоў і экспертаў, стварэнне сямейных і настаўніцка-бацькоўскіх клубаў, правядзенне семінараў-практыкумаў, трэнінгаў для бацькоў.

Разам з тым псіхалагічная падрыхтоўка дашкольніка — гэта не адзіны важны кампанент. На адну ступень з ім спецыялісты ставяць стан здароўя дзіцяці, яго індывідуальныя асаблівасці. На жаль, аналіз, праведзены вучонымі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паказаў, што сярод першакласнікаў абсалютна здаровых дзяцей няшмат і іх колькасць значна зніжаецца ў экалагічна праблемных рэгіёнах. Так, у І групу задароўя — гэта абсалютна здаровыя дзеці — уваходзяць усяго 10 працэнтаў дзяцей. Перавагу складаюць першакласнікі з ІІ групай здароўя, якія маюць розныя функцыянальныя парушэнні і адхіленні. 15 працэнтаў навучэнцаў першага класа маюць хранічныя паталогіі і складаюць ІІІ групу здароўя. Пры гэтым медыкі адзначаюць тэндэнцыю пагаршэння фізічнага стану дзяцей 6-7-гадовага ўзросту.
— У цэлым пераважная большасць дзяцей гатова да навучання ў школе як па фізічных, так і псіхалагічных паказчыках, — канстатавала А.Л.Давідовіч. — Тым не менш становіцца відавочным, што ўзрост паступлення дзіцяці ў школу неабходна вызначаць з улікам медыцынскіх паказанняў, а не толькі бацькоўскіх пажаданняў.

Падводзячы вынік разгляду пытання пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, міністр адукацыі С.А.Маскевіч адзначыў, што праблема пераемнасці можа быць паспяхова вырашана пры цесным узаемадзеянні дзіцячага сада і школы, а таксама пры далучэнні бацькоў. Сяргей Аляксандравіч падтрымаў ідэю стварэння агульнай канцэпцыі, накіраванай на праблему пераемнасці, і запатрабаваў не зацягваць яе дапрацоўку, а таксама ўлічыць пры гэтым веды і бачанне праблемы вопытнымі педагогамі-практыкамі.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.