Як павесці за сабою

Гэтым летам дзеці з аграгарадка Пархімаўцы Бераставіцкага раёна паспрабавалі свае сілы ў рыбнай лоўлі. Былы выпускнік Пархімаўскага ясляў-сада — базавай  школы Андрэй Арцюхевіч расказаў вучням пра сваё захапленне і прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсе “Лепшы рыбак — 2018”.

Хлопец за свае грошы набыў прызы — розныя рыбацкія прылады — і запрасіў усіх жадаючых на невялікі рыбнік у нашым аграгарадку. Асаблівую атмасферу прыналежнасці да рыбакоў стварыла падрыхтоўка атрыбутыкі і снасцей для рыбалкі. Разам з дзецьмі Андрэй зрабіў вуды з вярбовых дубцоў, прыладзіў на іх лёску, паплаўкі, падзяліўся сакрэтам, як лепш начапіць прынады і падкарміць рыбу. Хутка сабралася цэлая армія з жадаючых паўдзельнічаць у спаборніцтве.

Удзельнікі спаборніцтва па сігнале закінулі вуды, доўга і засяроджана сачылі, калі ж паплавок пачне тануць, а затым акуратна цягнулі вуду, каб рыбка не сарвалася. Улоў складалі ў вядзерцы, а праз гадзіну кожны з удзельнікаў узважваў свой здабытак. Такія спаборніцтвы праходзілі шэсць разоў. Дзеці налавілі 9 кг 430 г рыбы. Кожны з удзельнікаў, які заняў 1-е месца, забіраў сабе ўсю рыбу і прыз “Усё для рыбалкі”. Падарункі атрымлівалі і ўладальнікі 2-га і 3-га месцаў. Дзіўна, але часта 1-е месца займалі дзяўчынкі.

Рыбалка зацягвае. Аднойчы пабыўшы на ёй, чалавек часта становіцца яе прыхільнікам на доўгія гады. Шанцаванне, вуда і рэчка — вось што трэба хлапчукам і дзяўчынкам для добрага і запамінальнага адпачынку. А для нас гэтыя спаборніцтвы — прыклад таго, што толькі зацікаўлены чалавек можа павесці за сабою.

Т.А.СЯЎКО,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.