Як павысіць пісьменнасць і маўленчую культуру школьнікаў

- 13:35Якасць адукацыі

Актуальныя праблемы выкладання рускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі былі абмеркаваны на круглым стале, што прайшоў у Нацыянальным інстытуце адукацыі ў межах міжнароднага конкурсу “Хрустальная чарніліца. Чэхаўскі ўрок”. У ім узялі ўдзел вучоныя, метадысты, настаўнікі-практыкі з Беларусі і Украіны. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся дырэктар НІА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч ВАЖНІК.

Выкладанне рускай мовы ў сярэдняй школе па-ранейшаму хвалюе педагогаў, бацькоў, якія прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні сваіх дзяцей, а таксама шырокую грамадскасць. З улікам навуковых дасягненняў у галіне русістыкі, з пашырэннем тэхнічных магчымасцей, якія становяцца даступнымі для школьнай практыкі, распрацоўваюцца новыя праграмы, ствараюцца новыя методыкі, якія садзейнічаюць актывізацыі і прадукцыйнасці працэсу навучання, распрацоўваюцца новыя тыпы ўрокаў, пішуцца новыя падручнікі. Уся гэтая работа праводзіцца для таго, каб даць кожнаму пакаленню навучэнцаў максімальна глыбокія, рознабаковыя веды па рускай мове, выхаваць іх як актыўных карыстальнікаў, аматараў і знатакоў рускай мовы. І тым не менш узровень ведаў навучэнцаў па рускай мове не адпавядае тым творчым і матэрыяльным намаганням, якія затрачваюцца ў адукацыйным працэсе. Педагогі скардзяцца на невысокі арфаграфічны ўзровень навучэнцаў і студэнтаў, на недастатковую лёгкасць і правільнасць выкладання імі думак у пісьмовай і вуснай форме. Канцэптуальныя асновы абнаўлення зместу моўнай адукацыі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі раскрыла галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, доктар педагагічных навук, прафесар Ларыса Аляксандраўна Мурына. Яна адзначыла, што ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны прадмет “Руская мова” займае адно з вядучых месцаў. Уяўляючы сабой форму захавання і засваення ведаў, руская мова непарыўна звязана з усімі вучэбнымі прадметамі, з’яўляючыся не толькі аб’ектам вывучэння, але і сродкам навучання і зносін. Яна таксама з’яўляецца сродкам выхавання, паколькі садзейнічае далучэнню да духоўных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам, фарміраванню ў навучэнцаў духоўна-маральнай, камунікатыўнай і мастацкай культуры ў кантэксце моўнай адукацыі, фарміраванню культурнай асобы, здольнай да самаідэнтыфікацыі, якая мае ўласныя погляды і меркаванні на навакольны свет, здольнай уступаць ва ўзаемадзеянне з людзьмі, якія маюць іншыя погляды. У адносінах да моўнай адукацыі навучэнцаў варта весці гаворку пра яе лінгвакультуралагічную і сацыякультурную накіраванасць, што прадугледжвае рэалізацыю мэт і задач фарміравання культуры асобы сродкамі моўнай сістэмы.
Аб’ектам сучаснай моўнай адукацыі з’яўляецца мова і маўленне: навучэнцы ў працэсе вывучэння рускай мовы павінны ўсвядоміць прызначэнне моўных сродкаў (моўны аспект) і асаблівасці выкарыстання іх у розных відах маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі зносін (маўленчы і камунікатыўны аспекты).
На мерапрыемстве падкрэслівалася, што галоўная мэта навучання рускай мове, адзіная для ўсіх ступеняў моўнай адукацыі, — свабоднае валоданне рускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці ў розных сферах і сітуацыях зносін. Сістэма навучання рускай мове ў агульнаадукацыйных установах павінна забяспечыць, з аднаго боку, дастаткова высокі ўзровень ведаў па прадмеце, а з другога боку, навучыць школьнікаў умелым камунікатыўна мэтазгодным зносінам у розных сферах жыццядзейнасці. Пры гэтым на першы план выходзіць сацыякультурнае развіццё асобы школьніка (авалоданне ведамі аб матэрыяльнай і духоўнай культуры рускага народа, узбагачэнне маўлення адзінкамі з нацыянальна-культурным кампанентам семантыкі, фарміраванне ўменняў аналізаваць гэтыя адзінкі мовы і інш.).
На ўсіх ступенях навучання рускай мове ва ўстановах адукацыі вядучым падыходам з’яўляецца камунікатыўна-дзейнасны. Структура школьнага курса па рускай мове вызначаецца яго мэтамі, задачамі і зместам; узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў, звязанымі з мэтамі фарміравання лагічнага мыслення і вядучымі тыпамі дзейнасці; пераем-насцю паміж этапамі навучання, неабходнасцю пераразмеркавання вучэбнага матэрыялу паміж ІІ і ІІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі на аснове пераносу абагульняльных тэм у старшыя класы.
Асноўныя палажэнні, прадстаўленыя ў канцэпцыі моўнай адукацыі, рэалізуюцца ў адукацыйным стандарце, вучэбных праграмах, падручніках і метадычных дапаможніках па рускай мове. Л.А.Мурына падкрэсліла, што сёння для якаснага навучання і выхавання беларускія настаўнікі-філолагі маюць усё неабходнае: пачынаючы ад канцэпцыі і заканчваючы вучэбна-метадычным забеспячэннем.
Падчас дыскусіі ўдзельнікі круглага стала абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй і ажыццяўленнем адукацыйнага працэсу па прадметах гуманітарнай накіраванасці, авалоданнем настаўнікамі-прадметнікамі методыкай выкладання вучэбных прадметаў, перападрыхтоўкай педагагічных кадраў, фарміраваннем матывацыі сучасных навучэнцаў да якаснага вывучэння вучэбных прадметаў і інш. Асаблівая ўвага была звернута на формы выніковай атэстацыі школьнікаў за перыяд навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, крытэрыі, паказчыкі і методыкі ацэнкі якасці моўнай адукацыі, распрацоўку вучэбна-метадычных комплексаў новага пакалення.
Як адзначалася, сёння мовазнаўцаў хвалюе якасць падрыхтоўкі студэнтаў — маладых педагогаў — у метадычным плане. Існуе вялікі разрыў паміж навучаннем у педагагічных УВА і практычнай дзейнасцю педагога. Скарацілася колькасць гадзін на педагагічную практыку. У выніку тэарэтычныя веды, набытыя падчас вучобы, малады настаўнік не можа рэалізаваць на практыцы. Больш за тое, пісьменнасць абітурыентаў, што паступаюць ва УВА, зніжаецца, і іх спачатку неабходна вучыць мове, а потым ужо методыцы выкладання.
Украінскія педагогі заклапочаны месцам рускай мовы ў адукацыйным працэсе. Сёння вялікая ўвага ва Украіне ўдзяляецца вывучэнню замежнай мовы — англійскай і нямецкай. Памяншаецца колькасць гадзін на родную і рускую мовы. У беларускай школе руская мова — абавязковы прадмет, а ва Украіне яна знаходзіцца ў варыятыўным кампаненце — яе выбар залежыць ад бацькоў, дырэктара школы, настаўнікаў. На сёння руская мова вывучаецца больш чым у палове ўкраінскіх школ (прыкладна ў 8,5 тысячы), але ў рознай колькасці гадзін. У адных школах на яе адводзіцца пяць гадзін у тыдзень, у іншых — дзве, а ў некаторых яна вывучаецца толькі на факультатыўных занятках, хаця для выкладання рускай мовы дастаткова распрацавана нарматыўная прававая база, падрыхтаваны адукацыйныя стандарты і вучэбныя праграмы. Распрацавана таксама новая канцэпцыя моўнай адукацыі, якая грунтуецца на прынцыпах дыялогу культур, маўленчай і мысліцельнай актыўнасці, функцыянальнасці, сітуатыўнасці, апоры на родную мову.
Як адзначыла доктар педагагічных навук загадчык кафедры рускай мовы і сусветнай літаратуры факультэта замежнай і славянскай філалогіі Сумскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Макаранкі Валянціна Іванаўна Стаціўка, у адрозненне ад беларускіх школ, дзе навучанне рускай мове вядзецца па адной праграме (монаметодыка), ва ўкраінскіх школах дзейнічаюць тры вучэбныя праграмы, пад якія створана адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, і настаўнік можа выбраць, па якой праграме яму працаваць. Першая праграма распрацавана аўтарскім калектывам пад кіраўніцтавам Н.Ф.Баландзінай для школ з украінскай мовай навучання для 5—11 класаў. У ёй мова і маўленне — адзіны непарыўны працэс. Другая праграма створана пад кіраўніцтвам Е.П.Галабародзька для школ з рускай мовай навучання. Для развіцця маўлення ў ёй выдзяляецца большая колькасць урокаў, але гэтае развіццё адбываецца ў цесным адзінстве вывучанага граматычнага матэрыялу, усіх відаў маўленчай дзейнасці. Трэцяя праграма — для школ з украінскай мовай навучання для 5—11 класаў створана пад кіраўніцтвам У.А.Корсакава і І.П.Гудзік. “З аднаго боку, дэмакратызацыя грамадства вядзе да плюралізму меркаванняў і ў навуцы таксама, з другога боку, гэта пэўны тормаз у выбары лепшага і ў адказнасці за тое, чаму мы навучылі”, — падкрэсліла В.І.Стаціўка.
Мы жывём у ХХІ стагоддзі. Новы час дыктуе грамадству новы падыход да адукацыі. На сучасным этапе настаўніку недастаткова прадаставіць матэрыял да ўрока ў традыцыйнай форме, бо ў век інфармацыйных тэхналогій сучасны школьнік мае магчымасць атрымліваць інфармацыю з самых розных крыніц. Ды і самі вучні змяніліся. Шматслоўе цяпер не ў модзе. Вучні сталі больш прагматычнымі, незалежнымі, з жывым розумам. Яны імкнуцца не абцяжарваць сябе празмернай адказнасцю за вучобу і высокія вынікі ў ёй, лягчэй прыстасоўваюцца да новых умоў. Кожны лічыць сябе індывідуальнасцю, вакол якой круціцца свет. Прыкладна да выпускнога класа навучэнцы, як правіла, ведаюць, чаго хочуць дасягнуць у жыцці, дзе, у якой прафесіі змогуць сябе рэалізаваць. Нам немагчыма змяніць сацыякультурнае асяроддзе, таму педагогі павінны мяняцца самі. Сёння школе патрэбны настаўнікі ўважлівыя, чулыя, успрымальныя да інтарэсаў дзіцяці, якія валодаюць гыбокімі псіхолага-педагагічнымі ведамі і разумеюць асаблівасці развіцця школьніка, здольныя дапамагчы вучням знайсці сябе ў будучыні, стаць самастойнымі, творчымі і ўпэўненымі ў сабе людзьмі.
Яшчэ адно пытанне, якое было разгледжана падчас круглага стала, — эфектыўныя формы арганізацыі кантролю па мове. Ва Украіне пры паступленні выпускніка школы ва ўстановы вышэйшай адукацыі праводзіцца знешняе незалежнае тэсціраванне, якое ўключае разам з заданнямі на выбар правільнага адказу тэсты адкрытага тыпу на пазнаванне, адпаведнасць, на ўстанаўленне паслядоўнасці і творчую частку, якая складаецца з аўдзіравання, работы з тэкстам. Як мяркуе доктар філалагічных навук прафесар кафедры рускай мовы Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.П.Драгаманава Ірына Паўлаўна Зайцава, філалагічныя веды слаба фармалізуюцца, і пэўны элемент вуснага экзамену абавязкова трэба захаваць для тых, хто паступае на філалагічныя спецыяльнасці. Як, дарэчы, гэта зроблена ў Беларусі: пры паступленні на філалагічныя спецыяльнасці ва УВА вучні здаюць вусны экзамен па літаратуры.
— Спецыялісты сцвярджаюць, што для праверкі ведаў па замежнай мове неабходна аўдзіраванне, а для праверкі ведаў па рускай мове яно тройчы неабходна, — лічыць І.П.Зайцава. — Камунікатыўна багатую асобу мы пры тэсціраванні не бачым. І хаця тэхналогіі тэсціравання на Захадзе больш дасканалыя, але і яны гэтую праблему не вырашаюць. Тэсціравання недастаткова для таго, каб мы мелі поўнае ўяўленне пра веды вучня па мове, больш за тое, мы абядняем і самога вучня, нашпігоўваючы яго на правільныя адказы.
Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры ўкраіназнаўства і лінгвадыдактыкі Харкаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Г.С.Скаварады Алена Алегаўна Маленка мяркуе, што сёння неабходна перакласці адказнасць за напісанне тэстаў на самога вучня. Настаўнік не можа адказваць за кожнага школьніка. Педагог гатовы даваць веды ўсім дзецям, але не ўсе жадаюць іх узяць.

***

Вынікам работы круглага стала стала ўсведамленне ўдзельнікамі важнасці ўзнятых праблем, а таксама прызнанне неабходнасці павышэння маўленчай культуры навучэнцаў і грамадства ў цэлым, пад’ёму ўзроўню пісьменнасці, паляпшэння якасці падрыхтоўкі будучых педагогаў і якасці навучання рускай мовы, далучэння дзяцей і падлеткаў да духоўна-маральных вытокаў рускай культуры. Педагогі выказалі пажаданне часцей сустракацца для абмену вопытам. Наступная сустрэча адбудзецца вельмі хутка — на форуме русістаў, які пройдзе ў пачатку лістапада.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.