Сапраўднай жамчужынай аграгарадка Лінова, што на Пружаншчыне, з’яўляецца яго дзіцячы сад. Нібы казачны замак, узвышаецца яго прыгожы будынак, радуе вока гаспадароў і гасцей добраўпарадкаваная прылеглая тэрыторыя з арыгінальнымі кампазіцыямі, малымі архітэктурнымі формамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Установа мае багатую гісторыю — у наступным годзе яна будзе святкаваць паўвекавы юбілей. З верасня 2012 года сад працягвае сваю работу ў новым будынку. Яго сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базе і створанаму развіццёваму асяроддзю можа пазайздросціць любая гарадская ўстанова адукацыі, у тым ліку і сталічная. Для ўсебаковага развіцця дзяцей тут ёсць спартыўная і музычная залы, басейн, медыцынскі блок, харчаблок з найноўшым тэхналагічным абсталяваннем. Гордасцю ўстановы з’яўляюцца рэсурсныя кабінеты для кожнага спецыяліста, абсталяваныя ноўтбукамі. У кожным з іх размяшчаюцца назапашаныя выхавальнікамі дыдактычныя матэрыялы, якія актыўна выкарыстоўваюцца на занятках. У цяперашні час у садзе працуе 5 груп, адна з якіх — спецыяльная. Прычым адукацыйны працэс тут арганізоўваецца на беларускай мове.
Як расказала загадчыца дзіцячага сада Іна Куніцкая, высокапрафесійны педагагічны калектыў складаецца з 15 чалавек — натхнёных, крэатыўных, ініцыятыўных спецыялістаў. Ды гэта і нядзіўна: у такой установе без творчасці не абысціся. Сёлета тут пачалася работа над эксперыментальным праектам “Апрабацыя метадычнага забеспячэння па выяўленні і развіцці адоранасці выхаванцаў”.
— Сучасная сістэма адукацыі патрабуе індывідуальнага падыходу да развіцця здольнасцей кожнага дзіцяці. Аднак існуючыя методыкі не заўсёды дазваляюць своечасова выяўляць адоранасць і ствараць умовы для яе раскрыцця, — адзначае Іна Мікалаеўна. — Таму мы і далучыліся да праекта па ўкараненні дыягнастычных і развіццёвых методык, якія дапамогуць педагогам эфектыўна працаваць з таленавітымі дзецьмі.
Усе педагогі дзіцячага сада ўключыліся ў эксперымент. Творча працуюць выхавальнікі Іна Патапчук, Ганна Жалнерчук, кіраўнік фізічнага выхавання Таццяна Давідзюк, педагог-псіхолаг Вольга Нагродская, музычны кіраўнік Юлія Пышко і інш.
— Мы праводзілі апрабацыю дыягнастычнага інструментарыю па выяўленні псіхаматорнай, сацыяльнай, выяўленчай, музычнай і тэхнічнай адоранасці выхаванцаў, — расказвае выхавальніца Ганна Жалнерчук. — Дыягностыка пабудавана ў гульнявой форме. Так, для выяўлення тэхнічнай адоранасці дзецям прапаноўваліся заданні з канструктарам, галаваломкамі, а для музычнай — рытмічныя гульні, распазнаванне мелодый. Пры дыягностыцы сацыяльнай адоранасці дашкольнікам, напрыклад, давалася заданне рассяліць сваіх аднагрупнікаў па доміках: казачны домік, хатка на курыных лапках, сучасны дом і г.д. Важна, каб дзіця ўспрымала гэта як цікавы занятак, а не як тэст. Педагогі і псіхолаг назіраюць за паводзінамі дзяцей у прывычным асяроддзі.
У выніку назіранняў выхаванцы па кожным відзе адоранасці былі размеркаваны на тры групы: дзеці, у якіх прыкметы адоранасці пакуль не праяўляюцца, дзеці, у якіх гэтыя прыкметы праяўляюцца слаба, і дзеці, у якіх яны ярка выяўлены. На другім этапе дыягнастычныя методыкі былі накіраваны на вывучэнне ў выхаванцаў з ярка і слаба выяўленымі прыкметамі адоранасці матывацыйна-асобаснага, кагнітыўнага і дамінантнага кампанента.
Эксперымент працягваецца. У перспектыве педагогі плануюць распрацаваць індывідуальныя вучэбныя планы і адукацыйныя праграмы для выхаванцаў 5—6 гадоў з праяўленнямі розных відаў адоранасці.
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці калектыву сада з’яўляецца работа па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму дашкольнікаў.
— Выхаванне патрыятызму ў дзяцей азначае выхаванне любові і прыхільнасці да малой радзімы, да таго месца, дзе дзіця нарадзілася, дзе знаходзіцца яго дом, што становіцца ў будучыні асновай для адданасці, любові, павагі да сваёй краіны, — расказвае Іна Куніцкая. — Ва ўстанове створана развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе ў групах, цэнтр гульні і мастацкай творчасці, макет “Падарожжа па Беларусі”, сістэматызаваны існуючы наглядны матэрыял.
У цэнтры гульні і мастацкай творчасці педагог дадатковай адукацыі з 50-гадовым стажам Лілія Шульга праводзіць для дашкольнікаў заняткі аб’яднання па інтарэсах “Я спазнаю Беларусь”. Знаёмства дзяцей з краінай пачынаецца з вывучэння родных мясцін. З дапамогай ІТ-тэхналогій была распрацавана інтэрактыўная карта “Падарожжа па аграгарадку Лінова”, на якую нанесены асноўныя аб’екты, інфармацыя пра іх, пракладзены маршрут, які раскрывае асаблівасць малой радзімы, а таксама сувязь з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі. Створана дыдактычная гульня “Сёння ў госці да мяне”, калі дзіця паказвае на карце свой дом і вуліцу, расказвае, як да яго можна дабрацца.
— Школьную геаграфічную карту мы перарабілі пад сябе для таго, каб дзецям было лягчэй арыентавацца. Тут выдзелены самыя вялікія рэкі і азёры Беларусі, з якімі мы знаёмім выхаванцаў, абласныя цэнтры, нацыянальны аэрапорт і інш. Дзеці маюць магчымасць падарожнічаць па чыгунцы, яны знаёмяцца з сімволікай нашай краіны. Да ўсіх гэтых матэрыялаў падабраны 20 відэафільмаў. У дзяцей ёсць магчымасць паслухаць, як гучыць арган у Сафійскім саборы альбо звіняць званы, — тлумачыць Лілія Рыгораўна.
Праект “Аграгарадок Лінова працай слаўны” — вынік работы педагагічнага калектыву з дзецьмі і бацькамі, асноўнымі прадпрыемствамі сельскага Савета. Галоўная яго мэта — стварэнне ўмоў для рэалізацыі дашкольнікамі ў гульні атрыманых раней ведаў пра прадпрыемствы аграгарадка, работу дарослых на іх. Дзеці знаёмяцца з асаблівасцямі вытворчасці на птушкафабрыцы, могуць “папрацаваць” на малочнатаварным комплексе, хлебапрыёмным пункце, прымераць на сябе рабочыя прафесіі. Выхаванцы спрабуюць вырошчваць хлеб сваімі рукамі. Яны высаджваюць зерне, назіраюць, як растуць каласкі, атрымліваюць з іх муку і разам з выхавальнікамі пякуць булачкі.
— Мы спадзяёмся, што ўзаемадзеянне з соцыумам, знаёмства з працай дарослых, развіццё творчай актыўнасці дзяцей дасць станоўчыя вынікі, стане асновай для ранняй прафарыентацыі, а магчыма, нават падмуркам для выбару прафесіі, з якой дзіця знаёма з ранняга дзяцінства і да якой праяўляе цікавасць, — заўважае Іна Куніцкая.
Вялікую дапамогу ў выхаванні маленькіх беларусаў аказвае музейны пакой “Беларуская хатка”, у якім дзеці маюць магчымасць азнаёміцца з народным побытам, рамёствамі, нацыянальнай культурай. Яго экспанаты збіраюцца з 2013 года. У музейным пакоі педагогі праводзяць традыцыйныя беларускія святы, абрады, забавы і гульні. Так, сёлета быў арганізаваны тыдзень беларускай гульні, абрады “Калядкі”, “Вялікдзень”.
Асаблівая гордасць музейнай экспазіцыі — дзеючы ткацкі станок. Не сакрэт, што майстэрства ткацтва паступова забываецца, мала хто ў нашы дні ўмее правільна заправіць у кросны ніткі. Гэтае майстэрства дзецям перадае Лілія Шульга на занятках па інтарэсах “Умелыя ручкі”. Цікава назіраць, як з задавальненнем адно дзіця націскае панажы, а другое прапускае чаўначок.
Дарэчы, арыгінальныя дзіцячыя работы, выкананыя ў розных тэхніках, прадстаўлены на пастаянна дзеючай выставе. Л.Р.Шульга гадзінамі можа расказваць пра творчасць сваіх выхаванцаў.
— Улічваючы, што ў дашкольным узросце значную ролю адыгрывае нагляднае мысленне, мы імкнёмся, каб дзеці больш даведваліся пра родныя мясціны, вучыліся не проста глядзець, але і заўважаць, а на гэтай аснове разважаць, рабіць нескладаныя высновы. Гэтаму садзейнічаюць прагулкі і экскурсіі, якія плануюцца па прынцыпе пашырэння сувязей дзіцяці з навакольным светам, апоры на эмацыянальна-пачуццёвую сферу дзіцяці. Так, дзеці сярэдняй і старшай груп наведваюць этнаграфічныя куткі Ліноўскага дома культуры, мемарыял загінуўшым аднавяскоўцам у в.Аранчыцы, магілу загінуўшых у першыя дні вайны на тэрыторыі вайсковай часці. Арганізоўваецца экскурсія-вяртанне ў мінулае (маёнтак роду Трымбіцкіх у пасёлку Інтэрнацыянальны). Велізарнае ўражанне пакідае ў дзяцей экскурсія ў музей-сядзібу “Пружанскі палацык”, — расказвае загадчыца ўстановы.
Маршруты выхаднога дня, распрацаваныя педагогамі (“Віртуальная экскурсія па Ружанскім замку”, “Экскурсія ў Белавежскую пушчу” і інш.), садзейнічаюць развіццю пазнавальнай цікавасці і назіральнасці дзяцей, фарміраванню асноў эканамічнай і экалагічнай культуры, знаёмству дзяцей і іх бацькоў з гісторыяй сваёй малой радзімы.
Ліноўскі дзіцячы сад апошнія гады займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне сярод устаноў дашкольнай адукацыі. А па выніках 2023 года ён прызнаны лепшым у Брэсцкай вобласці.
Выхаванне любові і павагі да роднага краю ажыццяўляцца праз далучэнне дзяцей да працоўнай дзейнасці. У дзіцячым садзе арганізоўваюцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторыі (азеляненне, уборка тэрыторыі, разбіўка кветнікаў), дзе дзеці прымаюць актыўны ўдзел разам з бацькамі. Гэта дазваляе дашкольнікам адчуць дачыненне да спраў дарослых. У кожнай групы ёсць свой невялікі агарод на прышкольнай тэрыторыі, дзе яны вырошчваюць фасолю, цыбулю, зеляніну, памідоры і агуркі.
— Толькі планамерная, сістэматычная работа, агульныя намаганні дзіцячага сада і сям’і, адказнасць дарослых за свае словы і ўчынкі дадуць станоўчыя вынікі. Спадзяёмся, што нашы выхаванцы стануць дастойнымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, — падкрэслівае Іна Куніцкая.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара