Як праходзяць урокі памяці ў народным краязнаўчым музеі «Алмазы даўніны»

- 10:43Образование, Шестой день

“Аб подзвігу, аб доблесці, аб славе!” — пад такім дэвізам у народным краязнаўчым музеі “Алмазы даўніны” ў шосты школьны дзень праходзяць урокі памяці.

Пачалося ўсё з правядзення квест-гульні “Рэквіем памяці”. У адным з яе заданняў гаварылася пра ўраджэнца нашай мясцовасці Барыса Тарасавіча Пішчыкевіча, Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

На пасяджэнні савета музея было прапанавана больш дэталёва вывучыць яго біяграфію і баявы шлях. Нас падтрымала адміністрацыя ўстановы адукацыі, і так нарадзілася ідэя аб прысваенні школе імя героя.

У выніку быў выпрацаваны алгарытм пошукава-даследчай дзейнасці. Мы вывучылі навукова-гістарычную літаратуру, прааналізавалі дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, сустрэліся са старажыламі, адшукалі сваякоў нашага земляка.

Сустрэча старшакласнікаў з роднымі героя, якія прыбылі з Гродна, адбылася ў школьным музеі. Гэта быў урок патрыятызму, гераізму і адданасці сваёй Айчыне. Адзін з прысутных старшакласнікаў адзначыў: “Мы, цяперашняя моладзь, ведаем пра вайну толькі па кнігах і фільмах. І для нас вельмі важна даведацца аб чалавеку, які аддаў жыццё справе абароны краіны, ад яго родных і блізкіх. Нам важна ведаць і памятаць аб гераічным подзвігу, аб адвазе і мужнасці тых, хто ваяваў за Радзіму супраць фашызму. Героі жывыя, пакуль пра іх памятаюць!”

Работа па прысваенні школе імя Героя Савецкага Саюза Б.Т.Пішчыкевіча працягваецца. На адкрыццё памятнай дошкі будуць запрошаны не толькі родныя і блізкія нашага земляка, але і адміністрацыя раёна, а таксама яго аднавяскоўцы і сябры.

Таццяна РАКУЦЬ,
кіраўнік народнага краязнаўчага музея “Алмазы даўніны”
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна