Любоў да працы ва Уладзіміра Мухі, які вырас у невялікай вёсцы Стрэльна на Іванаўшчыне, выхавалі бацькі, а цяпер ён паспяхова прывівае гэтую любоў сваім вучням.
— Працаваць рукамі ніколі не баяўся, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — З ранняга дзяцінства дапамагаў родным па гаспадарцы. Тата і дзядуля навучылі сталярнічаць. А з часам захапіўся і тэхнікай.
Гэта прывяло ўчарашняга школьніка на аддзяленне механізацыі сельскай гаспадаркі тагачаснага Пружанскага саўгастэхнікума, але папрацаваць па набытай там прафесіі тэхніка-механіка не давялося. Уладкаваўшыся выкладчыкам трактарнай справы ў Ляскавіцкі вучэбна-вытворчы камбінат, Уладзімір Муха зразумеў, што педагогіка яму падабаецца куды больш. Таму неўзабаве паступіў у тагачасны Мазырскі педінстытут імя Н.К.Крупскай, дзе атрымаў дыплом настаўніка тэхнічнай працы і фізікі.
Асаблівых цяжкасцей у прафесійным станаўленні, якое праходзіла ў сярэдняй школе № 1 Іванава (сённяшняй гімназіі), малады педагог не адчуваў, бо змалку прывык пераадольваць іх настойлівай і карпатлівай працай. Апошнія 34 гады Уладзімір Муха шчыруе ў сярэдняй школе № 4 Іванава, дзе перадае свае веды і любоў да сталярства дапытлівым выхаванцам.
— Ужо ў 5 класе знаёмлю дзяцей з тым, чым яны будуць займацца на працягу далейшай вучобы ў школе, — расказвае Уладзімір Іванавіч. — Так, на спецыяльным стэндзе ў працоўнай майстэрні размешчаны наглядныя аб’екты працы: карціны, выпілаваныя лобзікам і выкананыя выпальваннем, зэдлікі, кухонныя лапаткі, дошкі, качалкі і таўкачы, падстаўкі для кветак… Добра матывуюць вучняў зменныя выставы дзіцячых работ, якія ладзяцца ў школьнай майстэрні і выклікаюць вялікую цікавасць нават у дарослых.
Пад кіраўніцтвам таленавітага педагога хлопчыкі не толькі вучацца працаваць з рознымі інструментамі і вырабляюць адметныя рэчы, але і рыхтуюцца да прадметнай алімпіяды. Выхаванцы Уладзіміра Мухі — пастаянныя прызёры раённых этапаў інтэлектуальнага спаборніцтва.
Веды і ўменні, атрыманыя на занятках у любімага педагога, дапамагаюць асобным вучням асвойваць сакрэты бондарства ў Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тут працуе адзіная ў краіне школа бондарства. Радуе настаўніка і тое, што яго выхаванцы працягваюць вучобу ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы БрДТУ і Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя А.Я.Кляшчова. А некаторыя выпускнікі ідуць па слядах Уладзіміра Іванавіча.
Настаўнік адзначае, што тэхнічная база працоўных майстэрань, дзякуючы намаганням раённага аддзела па адукацыі, паступова паляпшаецца. Педагог ганарыцца абноўленым станочным абсталяваннем, якое дазваляе паспяхова вырашаць розныя адукацыйныя задачы, ахвотна дэманструе наглядныя дапаможнікі і інструменты, па-гаспадарску раскладзеныя ў шафе, і з радасцю дзеліцца поспехамі выхаванцаў. А інакш і быць не можа, бо іх поспех — гэта і поспех педагога.
Амаль 40 гадоў Уладзімір Іванавіч аддаў настаўніцтву і ні разу не пашкадаваў пра гэта, як і пра тое, што на працягу апошніх 25 гадоў узначальваў прафсаюзную пярвічку. Да любой справы ён падыходзіць адказна і з душой, таму ў яго ўсё і атрымліваецца, а таксама ёсць чаму павучыцца. І не толькі дзецям.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА