Як прыйсці ў настаўніцкую прафесію і застацца ў ёй, ведаюць маладыя педагогі брэсцкай школы № 25

- 15:25Первое рабочее место

Як прыйсці ў настаўніцкую прафесію і застацца ў ёй, ведаюць маладыя педагогі сярэдняй школы № 25 Брэста. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кацярына Бражкіна родам з Ружан. Стаць педагогам яе натхніла першая настаўніца Надзея Гардзіеўская, якая цікава і захапляльна выкладала прадметы, валодала адметным прафесійным стылем. У старшых класах Кацярына ўважліва прыглядалася і да іншых настаўнікаў, параўноўвала іх урокі, манеру паводзін, каб узяць ад кожнага самае лепшае, у тым ліку ад тагачаснага дырэктара Ружанскай сярэдняй школы Аляксандра Шамецюка (сённяшняга начальніка аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама), які з неверагоднай лёгкасцю выкладаў інфарматыку.

— З будучай прафесіяй дакладна вызначылася яшчэ дзевяцікласніцай, таму выбрала педагагічны клас, дзе з радасцю спрабавала сябе ў ролі настаўнікаў розных прадметаў, — расказвае Кацярына Бражкіна. — Больш за ўсё падчас педагагічных проб падабалася працаваць з дзецьмі, бачыць іх дапытлівыя вочы.

Але перавагу дзяўчына аддала малодшым школьнікам, таму што лічыць работу ў пачатковых класах надзвычай творчай і рознабаковай. Гэта нядзіўна, бо сама Кацярына — натура творчая: любіць маляваць, танцаваць і не толькі.

Гады вучобы на псіхолага-педагагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна праляцелі незаўважна і цалкам пераканалі ў правільным прафесійным выбары. Па размеркаванні настаўніцу пачатковых класаў накіравалі ў брэсцкую сярэднюю школу № 25, якую яна выбрала сама па шматлікіх станоўчых водгуках у сацыяльных сетках і чаму вельмі рада.

— У калектыве мяне прынялі вельмі цёпла, — гаворыць Кацярына Бражкіна. — Асабліва ўдзячна куратару Таццяне Мышленік за псіхалагічную і метадычную падтрымку, якая дапамагла хутка адаптавацца. Значных цяжкасцей у першы год работы не адчувала, бо ведала, што можна паспадзявацца на вопытных калег. Хутка наладзіла кантакт з дзецьмі і іх бацькамі.

Мінулы навучальны год атрымаўся для маладога педагога яркім, незабыўным і насычаным. Па выніках гарадскога форуму “Педагагічны фэст” Кацярына Бражкіна атрымала дыплом ІІ ступені, а па выніках гарадскога этапу конкурсу “SuperПРОФІ” перамагла ў намінацыі “Адукацыя і навука”. Акрамя таго, дзяўчына стала дэлегатам сёлетняга Рэспубліканскага педагагічнага савета. Такі старт вельмі натхняе і да многага абавязвае.

— Удзел у конкурсах дазволіў ад­чуць упэўненасць ва ўласных сілах, павы­сіць творчае і прафесійнае майстэрства, — заўважае Кацярына Бражкіна, якая не збіраецца спыняцца на дасягнутым і на чымсьці адным. — Хочацца рухацца далей, займацца самаразвіццём і самаўдасканаленнем.

Каб пашырыць кругагляд і паспраба­ваць сябе ў новай ролі, педагог вырашыла завочна атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў галіне дзяржаўнага кіравання ў БрДУ імя А.С.Пушкіна.

У педагагічнай дзейнасці Кацярына Бражкіна аддае перавагу гульнявым формам, якія добра павышаюць цікавасць дзяцей да вучобы, дапамагаюць ім лягчэй засвойваць матэрыял. Не абыходзіць увагай настаўніца і тэхналогію актыўнай ацэнкі. 

Кацярына Бражкіна імкнецца быць сучасным настаўнікам: пазітыўным, камунікабельным, творчым і дружалюбным, якому давяраюць дзеці, нібы сябру. І гэта маладому педагогу паспяхова ўдаецца. А пяцігадовы тэрмін абавязковай адпрацоўкі выпускніцу педагагічнага класа зусім не палохае: гэта выдатная магчымасць набрацца цікавага і карыснага вопыту.

Нягледзячы на загружанасць, Кацярына Бражкіна знаходзіць час і для хобі: малявання, танцаў і картынга. Усё гэта разам з падтрымкай сям’і, маладога чалавека і педкалектыву дазваляе не толькі адчуваць кайф ад любімай работы і жыцця, але і ўпэўнена глядзець у прафесійную будучыню.

Не менш упэўнена глядзіць у яе і настаўнік гісторыі і мастацтва вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Данііл Скабук, чый педстаж складае 9 гадоў. Шлях у прафесію пачынаўся ў яго гэтак жа, як і ў Кацярыны Бражкінай: калі выбіраў далейшы профіль навучання ў школе. Праўда, спачатку гісторыя юнаку не вельмі падабалася, але, дзякуючы заняткам з цёткай, настаўніцай гісторыі Наталляй Мельнічук з брэсцкай сярэдняй школы № 29, сітуацыя змянілася: навука Кліа стала любімай. А ўрокі Алены Кучко з сярэдняй школы № 23 толькі ўмацавалі гэтую любоў і пашырылі веды.

— У такой сітуацыі ў мяне не было выбару, акрамя гістарычнай адукацыі, — усміхаецца Данііл Скабук, выпускнік гістфака БрДУ імя А.С.Пушкіна. — Думак звязаць жыццё з чым-небудзь іншым нават не ўзнікала.

Пашанцавала яму не толькі са школьнымі настаўнікамі, але і з універсітэцкімі выкладчыкамі, з якіх браў прыклад і ў якіх многаму навучыўся: адказна і грунтоўна рыхтавацца да заняткаў, даносіць складаную інфармацыю даступнай мовай, весці ўрокі “без паперкі”, умела спалучаць строгасць і дэмакратызм у зносінах з вучнямі, хутка наладжваць дысцыпліну ў класе… Сярод арыенціраў — навуковы кіраўнік кандыдат гістарычных навук Людміла Харычкава, доктар гістарычных навук Аляксандр Бажкоў і кандыдат філасофскіх навук Людміла Нікіценкава.

— У школе прынялі гасцінна і добразычліва, — успамінае Данііл Скабук. — Ніхто не адмаўляў у дапамозе. Склаліся добрыя адносіны з калегамі профільнай кафедры.

На атрыманай адукацыі мэтанакіраваны настаўнік не спыніўся: у 2017 го­дзе скончыў магістратуру, а сёлета паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэс­публікі Беларусь на спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і права”. Малады педагог не супраць паспытаць смак адміністрацыйнай работы, тым больш што неабходныя задаткі для гэтага ў яго ёсць.

Данііл Скабук актыўна ўдзельнічае ў педагагічных канферэнцыях, друкуецца ў навукова-метадычных выданнях. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2023” ён заняў 2-е месца ў адпаведнай намінацыі.

— Удзел у конкурсе не толькі падарыў незабыўныя ўражанні, але і даў вопыт пуб­лічных выступленняў, работы ў незнаёмых класах, азнаёміў з новымі формамі і метадамі работы, — канстатуе Данііл Скабук.

Таленавітага педагога заўважылі на мясцовай студыі тэлебачання, дзе прапанавалі стаць вядучым тэлепраекта, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Настаўнік падрыхтаваў 10 выпускаў пра вядомыя гістарычныя аб’екты Брэста.

Дзякуючы добрай камунікабельнасці і ўмеламу псіхалагічнаму падыходу, у педагога за гады работы ў школе не здаралася канфліктаў ні з вучнямі, ні з іх бацькамі. І першыя, і другія паважаюць яго як чалавека і прафесіянала сваёй справы.

— Зацікавіць сённяшніх дзяцей гісторыяй, як і многімі іншымі прадметамі, бывае складана, таму імкнуся падаваць матэрыял нясумна і нешаблонна, шырока выкарыстоўваючы ІКТ і інтэрактыўныя метады навучання, — гаворыць Данііл Скабук, які лічыць, што настаўнік павінен быць найперш сучасным, каб адпавядаць запытам часу і сваім выхаванцам.

І гэта маладому педагогу ўдаецца. Вакол яго заўсёды тоўпяцца дзеці, заслужыць любоў і павагу якіх не так і проста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Яўгена АДАЕВА