Як прыручыць Google?

Інструкцыя для настаўніка

“Пакаленнем Google” называюць тых, хто нарадзіўся пасля 1993 года і ніколі не жыў у “дасеткавыя” часы. Гэта тыя самыя вучні, што пампуюць гатовыя рэфераты, за хвіліну знаходзяць тэксты кантрольных перакладаў, у адзін клік перакладаюць сачыненні на любую замежную мову.

Калі б хтосьці склаў спіс галоўных ворагаў сучаснага настаўніка, пошукавая сістэма Google заняла б, напэўна, пачэснае першае месца.

Здаецца, жудасная карпарацыя робіць усё, каб пазбавіць вучня матывацыі запамінаць, аналізаваць і думаць увогуле. Ды настаўнікі лічаць так толькі, пакуль самі не зазірнуць у гэты таямнічы анлайн. Карыстальнікі сэрвісаў і прылад Google ведаюць, што яны спрашчаюць работу, дапамагаюць наладзіць кантакт з вучнямі і, галоўнае, адкрываюць прастору для ўласнай творчасці педагога.

83% навучэнцаў школ, каледжаў і ўніверсітэтаў пачынаюць збор інфармацыі з запыту ў пошукавай сістэме  (падлічыла НКА Online Computer Library Center)

Святлана Мікалаеўна КУЗНЯЦОВА, класны кіраўнік, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі сярэдняй школы № 15 Пінска.

Школьнікі аднымі з першых даведваюцца пра ўсе новыя прылады і праграмы, і настаўнікам інфарматыкі трэба пастарацца: не ўсочыш за апошнімі тэхналогіямі — забудзь пра аўтарытэт на ўроку. Таму Святлана Мікалаеўна вядзе курс па Scratch для малодшых школьнікаў, гутарыць са сваімі вучнямі ў Viber і выкарыстоўвае сэрвісы Google ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце.

— У гэтым годзе я выступала на гарадскім педагагічным фестывалі “Адукацыя для будучыні” з майстар-класам пра Googlе-формы, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Паказала, як можна стварыць і выкарыстаць на ўроку інтэрактыўны тэст па матэматыцы. Па змесце ён мала адрознiваецца ад папяровых: ёсць магчымасць зрабіць пытанні адкрытага і закрытага тыпу, з адным і некалькімі варыянтамі адказу. У тэсты можна дабавіць ілюстрацыі (напрыклад, да геаметрычных задач) ці відэа. Кардынальнае адрозненне ад тэста ў сшытку адно — адказы вокамгненна трапляюць на смартфон ці камп’ютар настаўніка ў выглядзе зручнай табліцы. І можна адразу прааналізаваць, дзе дзеці зрабілі больш памылак, і на гэтым жа ўроку вярнуцца да складанага матэрыялу.

Пачынаць знаёмства з усёй сям’ёй сэрвісаў варта менавіта з Google-форм яшчэ і таму, што яны выдатна матывуюць самога настаўніка. Інтэрфейс інтуітыўна зразумелы, і любы можа лёгка зрабіць першы тэст і адразу ўбачыць вынікі сваіх намаганняў на ўроку.

— Карыстацца формамі зручна і класнаму кіраўніку, — падказвае Святлана Мікалаеўна. — Я, напрыклад, калі пачынала працаваць са сваім класам, зрабіла апытанку, каб даведацца, як дзеці карыстаюцца інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі, колькі часу праводзяць анлайн.

Так у класа ўзнік свой чат у Viber: да гэтага месенджара прывыклі большасць вучняў. Цяпер спасылкамі на тэсты настаўніца дзеліцца ў чаце, але можна выбраць і любы іншы сродак — напрыклад, дасылаць іх у сацсеткі ці на электронную пошту.

Святлана Мікалаеўна прызнаецца, што нават адзін гэты сэрвіс эканоміць шмат часу. Цяпер па вечарах можна не правяраць тэсты, а гутарыць з вучнямі ў чаце.

Наталля Паўлаўна КЛІМЕЦ, настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава.

Наталлю Паўлаўну пастаянныя чытачы “Настаўніцкай газеты”, напэўна, памятаюць па праекце “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі”. Настаўніца геаграфіі арганізавала рэспубліканскі конкурс для юных краязнаўцаў, спалучыўшы магчымасці адразу некалькіх сэрвісаў Google: сайтаў, карт, форм, табліц…

— У 2014 годзе ў нас завяршыўся інавацыйны праект “Увядзенне мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для стварэння адукацыйнай прасторы ва ўстанове адукацыі”, а цяпер на базе гімназіі працуе аднайменны рэсурсны цэнтр абласнога ўзроўню, — расказвае Наталля Паўлаўна. — Дзесьці ў 2014-м я і зацікавілася сэрвісамі Google, цікавасць запаліла Святлана Іосіфаўна Кетко — настаўніца інфарматыкі і нязменны завадатар праектаў гімназіі, звязаных з сучаснымі тэхналогіямі.

Цяпер у гімназіі воблачныя тэхналогіі выкарыстоўваюць у адміністрацыйнай, вучэбнай і выхаваўчай рабоце.
— Пачынаць варта з простага — з Google-дакументаў і табліц, у якіх можна разам з іншымі карыстальнікамі складаць і тут жа абмяркоўваць, напрыклад, расклад заняткаў. Можна паспрабаваць Google-прэзентацыі. Пры іх дапамозе мы рабілі своеасаблівыя візітоўкі з дасягненнямі нашых вучняў, — пералічвае Наталля Паўлаўна. — Сваім вопытам мы гатовы дзяліцца, таму на платформе Blogger (таксама прадукт Google) завялі блог “Інтэрнэт-рэсурсы ў арганізацыі кіравання вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў”, распрацавалі пры дапамозе Google-сайтаў віртуальны метадычны кабінет школы педагагічнага майстэрства, а ў сацыяльнай сетцы Google+ вядзём суполку “Метадычка настаўніка”.

На ўроках геаграфіі не абысціся без яскравых ілюстрацый, а лепш арганізаваць сапраўдную вандроўку, таму настаўніца распрацавала ўжо некалькі ўрокаў-квестаў на аснове Google-сайтаў. Матывацыя і ўвага вучняў на такіх занятках нашмат вышэйшая, таму засвоіць матэрыял атрымліваецца больш хутка і якасна.

— Акрамя гэтага, у нас ёсць сайты настаўнікаў-прадметнікаў: географа і матэматыка — і віртуальны кабінет англійскай мовы, — згадвае Наталля Паўлаўна.

Распрацаваны таксама вучэбна-метадычны комплекс “Аграпілігрым” — гэта праграма аб’яднання па інтарэсах, у якім дзеці знаёмяцца з сусветнай флорай.

На платформе Google-сайтаў працуюць і дзіцячыя праекты “У гасцях у казкі”, “Чытанне з забавай”: школьнікі ствараюць старонкі сваіх каманд, дзе размяшчаюць аўдыяза-пісы казак, свае творы, афішы да ўласных спектакляў па народных казках. А гульня “Беларускія прысмакі” заняла другое месца ў адной з намінацый Рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.by”. Акрамя таго, для ваенна-патрыятычнага выхавання створаны цэлы блок сайтаў “Іх імёнамі названы…”, “Каб памяталі”, “Лёсы ў гімнасцёрках, ці Ішлі дзяўчаты па вайне” з гісторыямі герояў Вялікай Айчыннай вайны.

— Задача такіх сайтаў у тым, каб настаўнікі, якія ўжо сабралі вялікую колькасць цікавага і карыснага матэрыялу, маглі падзяліцца з іншымі і самой інфармацыяй, і сваімі карыснымі распрацоўкамі.

Важна, што работу такіх рэсурсаў падтрымліваюць і школьнікі. У адных праектах яны ўдзельнічаюць больш пасіўна: выконваюць канкрэтныя заданні, як, напрыклад, у рамках праекта “Зберажом Зямлю для нашчадкаў” на аснове Blogger. У іншых — выступаюць паўнапраўнымі аўтарамі, самастойна напаўняюць сайты і блогі, ствараючы свой крэатыўны прадукт. Зараз, падчас летняга лагера, школьнікі самастойна вядуць старонкі ў інтэрнэце: робяць фота і пішуць рэпартажы пра кожны дзень у лагеры.

З кожным з гэтых сайтаў можна пазнаёміцца ў інтэрнэце, а сама Наталля Паўлаўна актыўна праводзіць майстар-класы і ахвотна кансультуе настаўнікаў, якія жадаюць выкарыстоўваць сэрвісы Google.

Наталля Валер’еўна ЧАМАДАНАВА, старшы выкладчык кафедры лагапедыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Калі папярэднія два ўзроўні ўжо засвоены, можна пераходзіць на наступны — стаць сертыфікаваным Google Teacher. У Беларусі такіх настаўнікаў усяго чатыры. Адна з іх — выкладчык БДПУ імя Максіма Танка Наталля Валер’еўна Чамаданава — расказала, як кіруе пакетам акаўнтаў і вучыць будучых лагапедаў карыстацца электроннай поштай.

— Google Suite (ці, як гаварылі раней, Google Apps) — гэта набор інструментаў, распрацаваны для бізнесу, але доступ да яго бясплатна прадастаўляецца ўстановам адукацыі і некамерцыйным арганізацыям. Нават іх прадстаўнік можа прайсці спецыяльныя курсы.

Наталля Валер’еўна вучылася ў Маскве ў 2012 годзе, падчас першага набору мясцовай Акадэміі Google Teacher. Каб трапіць на заняткі, проста запоўніла анкету і расказала пра свой вопыт у выкарыстанні інструментаў кампаніі. А пасля курсаў выкладчык падала заяўку на ўласны пакет акаўнтаў.

— Я з’яўляюся адміністратарам — гэта значыць магу раздаваць акаўнты, кантраляваць іх доступ да сэрвісаў, бачыць іх актыўнасць, але адказваю за іх дзеянні, — тлумачыць Наталля Валер’еўна. — Штогод я набіраю каля 100 студэнтаў на ўласны аўтарскі курс “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у лагапедычнай рабоце”.

Пры дапамозе сэрвісу Google клас вучняў можна аб’яднаць па групах і ўсю арганізацыйную работу весці анлайн: раздаваць заданні, прызначаць дэдлайны, выстаўляць адзнакі. Яшчэ адзін плюс — бяспека. Уявіце, што ў вас ёсць школьны клас, і вы хочаце, каб дзеці маглі адказваць на вашы пытанні ў Google-формах, але не мелі магчымасці глядзець відэа на Youtube ці перапісвацца з незнаёмымі ў Google+. Некалькі клікаў — і доступ абмежаваны: школьнік можа выкарыстоўваць адны сэрвісы і не ведаць пра існаванне іншых.

— Кожнаму студэнту я выдаю акаўнт і… сутыкаюся з камп’ютарнай недасведчанасцю. Моладзь у інтэрнэце часцей за ўсё проста пасіўна спажывае інфармацыю, таму ведае толькі месенджары і сацыяльныя сеткі.

Праца пачынаецца з самага простага — Google-пошты, але высвятляецца, што некаторыя вучні не разумеюць, як карыстацца звычайнай электроннай скрыняй. Студэнты пішуць увесь ліст у акенца “Тэма” ці замест акаўнтаў, атрыманых ад выкладчыка, карыстаюцца ўласнымі.

— Калі мне прыходзяць лісты ад якой-небудзь “Ірышкі-малышкі”, спачатку смяюся, а пасля доўга тлумачу, што бацькі не будуць давяраць дзіця лагапеду, які напіша ім з такога паштовага адраса.

Пасля студэнты атрымліваюць доступ да Google-сайта, дзе размешчаны вучэбна-метадычны комплекс з заданнямі, якія трэба выканаць перад заняткамі, — Наталля Валер’еўна працуе па схеме перавернутага ўрока.

— Напрыклад, пры дапамозе Google-малюнкаў студэнты робяць наглядныя дапаможнікі па аўтаматызацыі гука “с”, рыхтуюць кансультацыі для бацькоў, памяткі; пры дапамозе Google-табліц — электронныя бібліятэкі… Многія ўпершыню самастойна ствараюць уласны педагагічны прадукт.

На занятках студэнты дзеляцца ўражаннямі, абмяркоўваюць вынікі і ўдасканальваюць свае праекты. Больш за ўсё іх здзіўляе, што сэрвісы аўтаматычна захоўваюць кожны ўведзены сімвал — нават калі камп’ютар выключыцца, праца не будзе згублена; а таксама тое, што свае прадукты можна не толькі паказваць іншым, але і рэдагаваць сумесна з аднагрупнікамі.

— Фінальны крок — уласны блог на Blogger, дзе можна сабраць і прэзентаваць усе свае распрацоўкі. Для іх гэта таксама адкрыццё! — гаворыць Наталля Валер’еўна. — За гэты час мы стварылі каля 500 блогаў. Зразумела, большасць забываюць пра свой блог, атрымаўшы залік. Каля 10% студэнтаў працягваюць працаваць з інструментамі Google і дзяліцца сваім вопытам у блогах.

Выпускнікі часта звяртаюцца за парадамі, і выкладчык ніколі не адмаўляе. Яшчэ ў 2014 годзе яна пачала збіраць зацікаўленых настаўнікаў у аўтарызаванай суполцы GEG Belarus на Google+ і на міжнародным інфармацыйным форуме “Лагапедыя для нас” у Facebook. Тут яны абмяркоўваюць свае праекты, падказваюць адно аднаму рашэнні тэхнічных праблем, у верасні нават плануюць сустрэцца афлайн.

— Новым удзельнікам будзем вельмі рады! — запрашае Наталля Валер’еўна.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіваў герояў.