Як пясок скрозь пальцы

- 15:42Сацыяльны ракурс

Сэнс маёй работы як педагога-псіхолага я бачу ў аказанні падтрымкі ў развіцці асобы дзіцяці, развіцці яго індывідуальных здольнасцей, самавыяўлення і самапазнання. Адкрыць неабсяжныя гарызонты талентаў, магчымасцей, рэсурсаў, творчасці, крэатыўнасці мне дапамагаюць арт-тэрапеўтычныя тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі.

Арт-тэрапія — гэта спосаб аказання псіхалагічнай падтрымкі праз мастацкую творчасць. Арт-тэрапія — адзін з самых мяккіх і ў той жа час глыбокіх кірункаў маёй работы. Адным з яго метадаў з’яўляецца пясочная арт-тэрапія.

На сучасным этапе гэты метад набыў асаблівую актуальнасць і педагагічную мэтазгоднасць, якая зводзіцца да таго, што арт-тэрапія дазваляе ў схаванай сімвалічнай форме рэканструяваць канфліктную сітуацыю, якая траўміруе, і знайсці сілы для яе вырашэння. Гэты метад з’яўляецца сапраўды ўнікальным, прадукцыйным, незаменным у псіхалагічнай рабоце з дзецьмі.

Арт-тэрапію часта называюць творчасцю, якая вылечвае, таму што яна прыносіць задавальненне, вучыць выяўляць свае перажыванні як мага больш спантанна і адвольна. Яна не мае абмежаванняў і супрацьпаказанняў.

Музыкатэрапія — адзін з напрамкаў арт-тэрапіі, які рэалізоўваецца пры дапамозе музыкі. Музыкатэрапія дапамагае пераадолець унутраныя канфлікты і дасягнуць гармоніі. Колератэрапія — метад псіхалагічнай карэкцыі і падтрымкі пры дапамозе колеру. У рамках традыцыйнай псіхалогіі неаднаразова праводзіліся даследаванні па ўздзеянні колеру на псіхалагічны стан. Колератэрапія выкарыстоўвае даныя гэтых даследаванняў у практычных мэтах для фарміравання гарманічнага стану кожнага падчас заняткаў.

Дзецям бывае вельмі няпроста дзяліцца з дарослымі, ды і адно з адным, сваімі перажываннямі і пачуццямі. Але ўсе свае пачуцці, увесь свой вопыт лёгка, ненадакучліва і натуральна яны могуць пражыць у гульні, выбраўшы пэўны гульнявы матэрыял, працуючы з ім пэўным чынам, разыгрываючы і тым самым зноў і зноў пражываючы пэўныя сітуацыі. Гульня дае дзіцяці ўнікальную магчымасць рэарганізоўваць, пераўтвараць свой вопыт, асабісты свет.

Выяўленчая тэрапія грунтуецца на псіхалогіі творчасці, маляванне аказвае добры развіццёвы і карэкцыйны ўплыў. Яшчэ адзін прыём у творчасці — гэта “Стварэнне сусвету” з пластыліну. Дзеці вучацца ствараць свет, ляпіць яго, быць творцамі праз усведамленне, што ўсё ў гэтым свеце звязана адно з адным, вучацца дарыць адно аднаму сімвалічныя падарункі і прымаць іх з удзячнасцю.

Больш падрабязна хачу расказаць пра работу псіхалагічнай пясочніцы. К.Д.Ушынскі пісаў: “Самая лепшая цацка для дзяцей — кучка пяску”. Першыя кантакты дзяцей адно з адным адбываюцца ў пясочніцы: на пяску будуецца дом, высаджваецца дрэва, ствараецца сям’я. Работа ў пясочніцы арыентавана на эмацыянальны дабрабыт дзіцяці — упэўненасць у сабе, адчуванне абароненасці.

Чым карысны гульні з пяском? Што адбываецца, калі нашы пальцы дакранаюцца да пяску? Праз нервовыя канчаткі ў мозг паступаюць сігналы, якія стымулююць яго работу. Гульні з пяском развіваюць дробную маторыку, паляпшаюць памяць, уяўленне, каардынацыю. Пясок — гэта ўнікальная магчымасць даследаваць свой унутраны свет, адчуць пачуццё свабоды, бяспекі і самавыяўлення. Гэта магчымасць выказаць тое, для чаго цяжка падабраць словы, магчымасць сутыкнуцца з тым, да чаго цяжка звярнуцца непасрэдна, магчымасць убачыць у сабе тое, што звычайна выпадае з-пад свядомага ўспрымання. Акрамя таго, сам матэрыял — пясок — валодае ўнікальнай уласцівасцю: ён запавольвае негатыўныя эмоцыі, якія сыходзяць скрозь пясок, дапамагае рассыпаць на самыя дробныя крупінкі вобраз, што пужае і траўміруе дзіця. Як толькі дзеці бачаць пясок, у іх адразу ж узнікае натуральнае жаданне апусціць у яго рукі, адчуць халадок, прапусціць яго між пальцаў, адчуваючы пры гэтым цяпло сваіх рук. Гульні з пяском — адна з форм натуральнай актыўнасці дзіцяці, але традыцыйна гэты матэрыял выкарыстоўваецца для гульняў у кароткі летні перыяд. Каб пясочная тэрапія вырашала важныя задачы развіцця круглы год, неабходна зрабіць дамашнюю (ці, як яе правільна называюць, псіхалагічную) пясочніцу.

Дзеці — частыя госці кабінета педагога-псіхолага, яны прыходзяць на перапынку, каб проста ціхенька пасядзець і пагуляць самастойна, адчуць, як праз пальцы бруіцца пясок, пагуляць з цацкамі ў ролевыя гульні.

У рабоце я выкарыстоўваю многія сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, тэхналогію даследчай дзейнасці: эксперыментаванне з пяском, пошук схаваных прадметаў, назіранне і даследчую работу з пяском. Таксама прымяняю тэхналогію Мантэсоры — работу з раздатачным матэрыялам (шуфлікамі, формачкамі, сітцамі); гульнявую тэхналогію — гульні “Сіноптыкі”, “Заапарк”, “Краіна сяброўства”, “Жывёлы пустыні”, “Пошук вады”, “Загадкавае месца” і інш., пальчыкавыя гульні, фізкультхвілінкі, гульні з прадметамі, гульні на ўвагу і г.д.

У адпаведнасці з “зонай найбліжэйшага развіцця” дзіцяці, у задачы ўваходзіць фарміраванне ў дзяцей наступных навыкаў: самастойнага пошуку і знаходжання неабходнай інфармацыі, аналізу, параўнання, абагульнення, класіфікацыі, разважання па аналогіі, арыентацыі ў навакольным свеце, развіцця розных відаў памяці (механічнай, тактыльнай, слоўна-лагічнай і г.д.), развіцця лагічнага мыслення.

У кабінеце педагога-псіхолага з’явіўся “ніцяны дождж”, які вельмі любяць дзеці. Гэтая тэхніка дапамагае фарміраваць і развіваць у дзяцей успрыманне: тактыльнае, прасторавае, колеравае, рухальную актыўнасць, дробную маторыку праз пляценне, стварэнне крэатыўных узораў, уменне адчуваць дотык нітак да сябе. Дзецям гэта вельмі падабаецца.

Адной з форм работы з пяском з’яўляецца маляванне карцін. Таму ў рабоце з навучэнцамі, бацькамі, педагогамі ў далейшым стаўлю для сябе мэту стварэння спецыяльнага абсталявання для таго, каб усе прадстаўнікі адукацыйнага працэсу маглі паўдзельнічаць у маляванні пясочных карцін на шкле. Жменя пяску ператвараецца ў рамантычны пейзаж, дзіўнага звера ці зорнае неба. Маляванне пяском рэкамендавана для ўсіх узроставых катэгорый як медытатыўная, расслабляючая тэхніка, а таксама спосаб зазямлення негатыўных эмоцый, развіцця сенсорна-маторнай сферы дзяцей, дзе я выкарыстоўваю наступныя практыкаванні: свабодны рух рукой па пяску зверху ўніз, злева направа, правільнае ўзяцце пяску, адкрыванне і закрыванне далонькі, проста перасыпанне пяску праз кулачок.

Пясочная тэрапія адыгрывае важную ролю ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі, якія маюць сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю (СДУГ), вынікам якога з’яўляецца парушэнне сацыяльнай адаптацыі. Гульні з пяском дапамагаюць знімаць у такіх дзяцей негатыўную самаацэнку, неўрозы, дазваляюць наладжваць адносіны з равеснікамі і дарослымі, развіваюць увагу, памяць, дробную маторыку. Менавіта пясок дапамагае знайсці тую прастору, дзе дзіця можа выказаць усе тыя імпульсы і перажыванні, якія зараджаюцца ўнутры, але не могуць выявіцца. А менавіта непраяўленыя эмоцыі з’яўляюцца прычынай псіхасама-тычных захворванняў, прыводзяць да зрываў, неўрозаў, замыкання ў сабе.

Праз работу з сімвалічным матэрыялам (пяском, фарбамі, пластылінам) — адным словам, праз арт-тэхнікі развіваюцца асацыятыўна-вобразнае мысленне, а таксама заблакіраваныя ці слабаразвітыя сістэмы ўспрымання. Арт-тэрапія рэсурсная, таму што знаходзіцца па-за штодзённымі стэрэатыпамі, а значыць, пашырае жыццёвы вопыт, дабаўляе дзецям упэўненасці ў сваіх сілах. Чым лепш дзіця, а пазней і дарослы чалавек, умее выяўляць сябе, тым больш паўнавартаснае яго адчуванне сябе непаўторнай асобай.

Святлана КОДЗЬ,
педагог-псіхолаг 1-й катэгорыі
Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы
Смаргонскага раёна.

Фота аўтара.