Як развіваць інжынернае мысленне, ведаюць пераможцы конкурсу метадычных распрацовак

- 10:15Актуально

У Акадэміі адукацыі падвялі вынікі конкурсу “Фарміраванне і развіццё інжынернага мыслення на ўроках і факультатыўных занятках”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Конкурс “Фармі­раванне і развіццё інжынернага мыслення на ўроках і факультатыўных занятках” быў арганізаваны акадэміяй упершыню. Сёння інжынерны напрамак у школах з’яў­ляецца адным з самых папулярных сярод вучняў, і, каб ён развіваўся, неабходна павышаць прафесійную кампе­тэнтнасць педагогаў. Конкурс задумваўся менавіта з гэтай мэтай. Для ўдзелу ў вочным этапе са 178 работ было адабрана 30. Прыемна, што ў нашай педагагічнай супольнасці ёсць тыя, хто заўсёды на перадавой. Матэрыялы пераможцаў будуць размеш­чаны на нашым сайце, — адзначыла прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі адукацыі Інеса Зубрыліна.

Удзельнікамі конкурсу сталі нас­таўнікі, якія працуюць у класах інжынернай накіраванасці. Свае метадычныя распрацоўкі яны абаранялі ў дзвюх намінацыях:

  • “Канспект вучэбных або факультатыўных заняткаў для навучэнцаў 10—11 профільных інжынерных класаў”;
  • “Сцэнарый пазакласнага праф­арыентацыйнага мерапрыемства для навучэнцаў 8—9 класаў”.

Абарона вялася ў форме мікранавучання, прэзентацыі, стэндавага дакладу. Журы звяртала ўвагу на дэманстрацыю мэтавызначэння на сучасных вучэбных занятках, арганізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу на вучэбных занятках, адметнасці распрацоўкі пазакласнага мерапрыемства, якое носіць праф­арыентацыйны характар.

У аўдыторыі акадэміі саб­раліся вельмі творчыя і не­абыякавыя да сваёй дзейнасці педагогі. Напрыклад, Аляксандр Вялічка, настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна, прадстаўляў заняткі факультатыву “Архітэктура і горадабудаўніцтва”. Аляксандр Фёдаравіч мае не толькі багаты педагагічны вопыт, але і будаў­нічы: за жыццё паспеў пабудаваць два дамы. Таму на факультатыўных занятках дзеці не проста вывучаюць архі­тэктурныя тэндэнцыі, а робяць чарцяжы канкрэтных будынкаў. Педагог перакананы, што без навыкаў чарчэння інжынера не падрыхтуеш.

Настаўнік фізікі Урыцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна таксама прыхільнік навучання канкрэтным уменням і навыкам. Аляксандр Лус прадстаўляў заняткі факультатыўнага курса “Інжынерны старт: тармазная сістэма сваімі рукамі”, у межах якога імкнецца развіваць у навучэнцаў тэхналагічнае і крытычнае мысленне праз праекты і прататыпы. Спачатку педагог прапануе выву­чыць гісторыю і прынцыпы работы барабанных тармазоў, а пасля ўжо ствараць 3D-мадэлі па чарцяжах.

Педагогі прапаноўвалі заняткі ў галіне машынабудавання і робататэхнікі, праектавання аб’ектаў транспартнай інфраструктуры, звярталіся да транс­партных камунікацый, аўтамабільных дарог нашай краіны. Гучалі ці­кавыя і практычныя ідэі.

Настаўнікі, якія прадстаў­лялі сцэнарый пазакласнага прафарыентацыйнага мерап­рыемства, таксама паказалі сябе вельмі творчымі і знаходлівымі.

Напрыклад, Іна Кобрынец, настаў­ніца матэматыкі Малоткавіцкай сярэдняй школы імя М.М.Касцечка Пінскага раёна, распрацавала сцэнарый праф­арыентацыйных заняткаў “Адзін дзень у прафесіі: інжынер на прамысловым прадпрыемстве”. Іна Аляксандраўна зрабіла экскурсію адукацыйным мерапрыемствам.

Яе калега Людміла Канавалік, нас­таўніца фізікі гімназіі №1 Дзятлава, прапанавала інтэрактыўную экскурсію “Інжынерны маршрут: ад ідэі да вытворчасці”. Маршрут яна структуравала па прынцыпе інжынернага праектнага цыкла: аналіз — праектаванне — вытворчасць — эксплуатацыя. Навучэнцы праходзяць прапанаваны шлях праз інтэрактыўныя задачы. Сцэнарый распрацаваны з улікам спецыфікі Дзятлаў­скага РЭС.

Вынікі конкурсу сведчаць пра тое, што адукацыйны працэс у профільных класах інжынернай накіраванасці вя­дзецца на высокім узроўні. А перадавы настаўніцкі вопыт па арганізацыі як урокаў, факультатыўных заняткаў, так і прафарыентацыйных мерапрыем­стваў, дастойны ўкаранення па ўсёй краіне.

Пераможцам (уладальнікам дыплома І ступені) у намінацыі “Канспект вучэбных або факультатыўных заняткаў для навучэнцаў 10—11 профільных інжынерных класаў” стаў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 16 Пінска Сяргей Федарына. Сяргей Іванавіч прадэманстраваў канспект заняткаў “Праектаванне і стварэнне кандэнсатара з зададзенымі параметрамі”, падчас якіх у вучняў фарміруюцца сістэмнае мысленне, аналітычныя і крытычныя навыкі, крэатыўнасць і ўменне працаваць у пэўных межах — вучні пачынаюць думаць як інжынеры.

У намінацыі “Канспект (сцэнарый) пазакласнага мерапрыемства, якое носіць прафарыентацыйны характар, для навучэнцаў 8—9 класаў” дыплом І ступені атрымала настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Эла Якубоўская. Эла Міка­лаеўна прадставіла камандны квест “Інжынерны код Жодзіна” — цікавае і пазнавальнае прафарыентацыйнае мерапрыемства, якое дапамагае школьнікам зразумець сутнасць інжынернай дзейнасці ў разрэзе прадпрыемстваў горада.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара