Як са звычайнага вучня вырастае лідар і паспяховы дырэктар школы?

- 11:03Персона

Аб якасцях, якія неабходны сучаснаму дырэктару школы, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» паразважала разам з пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» Паўлам Ястрэмскім.

Незвычайны дырэктар

Сярод самых яркіх успамінаў дзяцінства Павел Генадзьевіч вылучае падарожжы, звязаныя з пастаяннымі пераездамі сям’і па ваенных гарнізонах, людзей у форме, звыклыя гукі на пляцы, бацькоўскія аповеды пра службу, афіцэрскі гонар, мужнасць і гераізм абаронцаў Айчыны. Ён тады марыў служыць у арміі, каб прадоўжыць сямейную традыцыю, а захапленнем на ўсё жыццё стала ваенная гісторыя. Каб стаць неўзабаве настаўнікам і потым дырэктарам школы, нават у думках не трымаў. Больш за тое, слова “дырэктар” выклікала ў яго дастаткова супярэчлівыя асацыяцыі. Перш за ўсё, вышыня пасады здавалася недасягальнай. Уражанні з розных школ, дзе хлопцу давялося вучыцца, склаліся ў перакананне: дырэктар паўстае перад дзецьмі толькі на вялікіх урачыстасцях, у астатні час ён вырашае важныя пытанні ў сваім кабінеце. Лепш звычайнаму вучню туды не трапляць, бо дырэктара ўсе мусяць не проста паважаць, але і баяцца. Аднойчы манументальны шаблон не вытрымаў сутыкнення з жыццём, якое зрабіла чарговы круты паварот. Пачалося ўсё з рашэння бацькоў завяршыць ваенную кар’еру і вяртання сям’і ў родны горад.   

Цікавасць да мінулага Радзімы — адно з праяўленняў патрыятычных пачуццяў, імкненне спазнаць бесперапынную сувязь часоў і пакаленняў.

— І вось, трымаючы маму за руку, я з асцярогай упершыню пераступіў парог кабінета дырэктара сярэдняй школы № 1 Полацка, — расказвае Павел Генадзьевіч. — Са здзіўленнем глядзеў на разгублены матчын твар і вясёлыя іскрынкі ў вачах незнаёмай жанчыны, якая падымалася са свайго месца нам насустрач і раптам абняла маю маці. Аказваецца, адна з іх праз колькі гадоў сустрэла любімую настаўніцу, а другая з радасцю пазнала былую вучаніцу. Пазней я даведаўся, што Яўгенія Канстанцінаўна Муруткова некалі вучыла не толькі маю маці, але і яе сястру з братам, выкладала ў іх рускую мову і літаратуру, была цудоўным прадметнікам. У полацкай школе мяне прываблівала ўсё: заняткі, сябры, педагогі, першае каханне. Вучыўся я добра, хаця не стаў выдатнікам, вызначаўся няпростым характарам і звычкай адстойваць свае меркаванні, імкнуўся да лідарства. З’явілася пэўная цікавасць да настаўніцкай працы: у школе праводзілі выдатныя дні самакіравання, і мне спадабалася быць у ролі педагога. Наша дырэктар, здавалася, валодала сакрэтам, як прысутнічаць адначасова ў некалькіх месцах. Яўгенію Канстанцінаўну часцей можна было ўбачыць побач з педагогамі і навучэнцамі, чым у яе кабінеце. Яна рыхтавала з намі канцэртныя праграмы і выступленні агітбрыгад, удзельнічала ў добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі, сустракала гасцей школы з іншых гарадоў і краін, раніцай стаяла побач з дзяжурнымі настаўнікамі ля цэнтральнага ўвахода і жадала нам добрага дня. Заходзячы ў дырэктарскую прыёмную, кожны ведаў, што атрымае справядлівае рашэнне па любым пытанні ці просьбе аб дапамозе. Нібы капітан карабля, гэтая незвычайная жанчына ўпэўнена вяла школу наперад разам з педагагічным калектывам, дзецьмі і іх бацькамі. Па-мойму, такім і павінен быць кіраўнік.

Прафесійны прыклад

Захапленне гісторыяй з часам толькі мацнела. У старшых класах удзел у краязнаўчым руху, паходы па мясцінах баявой славы яшчэ больш нацэлілі юнака на педагагічную дзейнасць і далі штуршок да даследаванняў. Першым сур’ёзным дасягненнем школьнага перыяду мой суразмоўнік называе работу “На вогненных рубяжах”, якая атрымала дыплом І ступені на V краязнаўчых чытаннях “Спадчына полацкай зямлі” ў 2011 годзе. Пасля гэтага апошнія сумненні ў выбары спецыяльнасці і месца вучобы зніклі: адназначна гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Актыўны, цікаўны студэнт паглыбіўся ў свет гісторыі і археалогіі. З 2 курса ён засяро­дзіўся на даследаваннях Полацкага ўмацаванага раёна, затым паступіў у магістратуру на завочнае аддзяленне і працягнуў працаваць у гэтым кірунку, дапаўняючы сабраныя матэрыялы новымі фактамі. У 2018 годзе абараніў магістарскую работу “Ваенныя злачынствы на тэрыторыі Полацкага раёна і генацыд беларускага народа”. Штораніцы па дарозе ва ўніверсітэт Павел Ястрэмскі мінаў школу № 1 і ўяўляў, як будзе выкладаць гісторыю. Педагагічную практыку будучаму настаўніку пашчасціла праходзіць у роднай школе.

Цікавасць да мінулага Ра­дзімы — адно з праяўленняў патрыятычных пачуццяў, імкненне спазнаць бесперапынную сувязь часоў і пакаленняў, — працягвае малады дырэктар. — Што да майго першага працоўнага месца, то гэта сярэдняя школа № 16 Полацка. Напэўна, кожны з нас, атрымаўшы адукацыю, пачынае рэалізацыю асобасных амбіцый у прафесійным напрамку. У школе спачатку ўсё выглядае простым: ты настаўнік, кіруеш адукацыйным працэсам, і навучэнцы абавязаны табе падпарадкоўвацца, астатняе неяк наладзіцца само сабой. Як жа мы памыляемся, разважаючы такім чынам! Верагодна, нічым не здзіўлю, але да педагагічнага майстэрства я рухаўся праз імкненне зазір­нуць у душу дзіцяці, каб разабрацца ў галоўным: у чым вучань малай­чына, а ў чым яму абавязкова трэба дапамагчы. Расло жаданне эксперыментаваць, удасканальвацца. Класнае кіраўніцт­ва — новы крок, бо неабходна з’яднаць школьнікаў у каманду, наладзіць кантакт з бацькамі, арганізаваць адукацыйную прастору так, каб яна матывавала, развівала і выхоўвала дзяцей. Уражвала, як дырэктар Ірына Аляксееўна Зімніцкая, пяшчотная і далікатная жанчына, можа эфектыўна кіраваць вялікай установай, заўсёды быць у эпіцэнтры школьных падзей, мець сталёвы стрыжань, велізарнае самавалоданне і рашучасць. Сапраўдны ас сваёй справы! Асабістае меркаванне, што мне пашанцавала працаваць у камандзе ўнікальнага дырэктара, пацвердзіла яе перамога на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў адукацыі. Відаць, тады ўпершыню і злавіў сябе на думцы: “Магчыма, я таксама буду здольны павесці за сабой калектыў і дасягнуць значных вышынь”. У самамэту гэта не ператварылася, бо выдатна ра­зумеў, колькіх намаганняў, часу і нерваў каштуе дырэктарства.

 У роднай школе

Але жыццё распарадзілася па-свойму. Да педагога з выразным кіраўніцкім патэнцыялам уважліва прыглядаліся, рабілі пэўныя вывады. У студзені 2019 года начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Афанасьеўна Драздова прапанавала яму пасаду дырэктара сярэдняй школы № 1. Рашэнне Павел Ястрэмс­кі прыняў па-ваеннаму, адразу і цвёрда: выхаванне бацькі і дзеда не дазволіла адступіць. Так ён вярнуўся ў родную школу. Кожны крок даваўся нялёгка: новы дырэктар як ніхто іншы ўсведамляў адказнасць за ўстанову адукацыі са стагадовай гісторыяй, у якой заўсёды панаваў дух творчасці, інтэлігентнасці, гуманізму, дзе ў кожным вучні выхоўвалі грама­дзяніна-патрыёта, а галоўнымі педагагічнымі прынцыпамі былі давер, павага і супрацоўніцт­ва. І ўсё ж ён адчуваў у сабе сілы стаць кіраўніком.

Надоўга мне запомнілася першая сустрэча з калектывам, — прызнаецца Павел Ге­на­дзьевіч. — Больш за ўсё баяўся заўважыць насцярожанасць і недавер сваіх педагогаў, а ў маладых настаўнікаў на тварах уба­чыць абыякавую пустэчу. Мяне мучылі сумненні. Раптам сустрэўся позіркамі з настаўніцай, якая ведала мяне з 5 класа. “Смялей! Ідзі наперад! — падбадзёрвалі яе вочы. — У цябе ўсё атрымаецца! Памятай тое, чаму мы цябе навучылі!” Я зразумеў: у мяне сапраўды вераць. Яны, мае родныя настаўнікі, навучылі мяне лю­біць людзей і сумленна працаваць. Як потым мае ўніверсітэцкія выкладчыкі і калегі з сярэдняй школы № 16 дапамаглі стаць на крыло ў прафесіі, за што я ім бязмерна ўдзячны. З таго моманту пачаліся напружаныя, але цікавыя будні маладога дырэктара. Настаўнікі, якія мяне вучылі і выхоўвалі, былі і застаюцца надзейнай апорай у вырашэнні складаных пытанняў. Нашым ініцыятывам даюць зялёнае святло ва ўпраўленні па адукацыі, іх падтрымліваюць на ўзроўні кіраўніцтва раёна і вобласці.  Моладзь жывіць педагагічную каманду свежымі поглядамі і энергіяй, падрастаюць добрыя вучні… Нам многага ўдалося дасягнуць — у тым ліку адкрыць на базе школы медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, рэалізаваць гісторыка-адукацыйны праект “Полацкі рубеж”, прадоўжыць традыцыі пошукавай дзейнасці і міжнароднага супрацоўніцтва.

У жніўні 2022 года мне выпаў вялікі гонар: я стаў прад­стаўніком Віцебскай вобласці ў Моладзевым парламенце пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь другога склікання і выбраны старшынёй камісіі па спорце і турызме. Ніколі не забываю пра тое, што я настаўнік гісторыі і грамадзянін, непарыўна звязаны з грамадска-палітычным жыццём краіны. Раблю ўсё магчымае, каб моладзь не сумнявалася ў сваім гістарычным мінулым: з гэтага нараджаецца любоў да Радзімы і фарміруецца ў далейшым грамадзянская самасвядомасць. А яшчэ — з любові да сям’і, роднай школы і педагогаў, тых, хто адкрыў у табе лепшыя чалавечыя якасці.

***

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Полацка Павел Ястрэмскі прадставіць Віцебшчыну на заключным этапе фестывалю ў намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома сказаў пра яго: “Тут размова не столькі пра ўдалы дэбют, колькі пра моцны кадравы рэзерв. Ён, магчыма, у перспектыве здольны стаць кіраўніком абласнога або рэспубліканскага ўзроўню”. Між тым сам палачанін на пытанне, што больш уплывае на прафесійны рост — талент, мэтанакіраванасць ці шчаслівы збег акалічнасцей, адказвае: “Людзі. Тыя, каго ты з пашанай называеш сваімі настаўнікамі і хто працуе з табой у камандзе”.

Таццяна БОНДАРАВА