Як сабраць Беларусь за пяць мінут?

- 11:10Навіны рэгіёнаў

Гэта ведаюць пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага праекта “Ведаю Беларусь”

— Наша моладзь даказвае, што добра ведае не толькі геаграфію, але і гісторыю Беларусі, — адзначыла першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Вераніка Гудкова падчас правядзення абласнога тура рэспубліканскага праекта “Ведаю Беларусь”.

У занальных этапах рэспубліканскага праекта напярэдадні прынялі ўдзел больш за 120 каманд. 18 пераможцаў удзель­нічалі ў абласным адборачным туры. Самых хуткіх і кемлівых вызначылі ў чатырох конкурсных катэгорыях: навучэнцы ўстаноў сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, студэнты і працуючая моладзь.

Лепшыя паказчыкі часу пры зборцы магнітных элементаў спілс-карт — 5 мінут 27 секунд — у каманды “Трывалы чарот” сярэдняй школы № 26 Гомеля. Самыя юныя ўдзельнікі паказалі час амаль удвая меншы, чым іх больш дарослыя калегі.

У фінал таксама выйшлі каманда “СДІК” Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа (9 мінут 47 секунд), каманда “Медыкі” Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (9 мінут 50 секунд) і каманда працуючай моладзі “Тыя самыя” ААТ “БМЗ — кіруючая кампанія холдынга “БМК” (8 мінут 58 секунд). Сярод удзельнікаў каманд-пера­можцаў адбылося першынство ў асабістым заліку. Перамог Віктар Шырохаў са Светлагорска.

Пераможцам абласнога спаборніцтва па хуткаснай зборцы спілс-карт уручылі дыпломы, каштоўныя падарункі і сертыфікаты на ўдзел у рэспубліканскім фінале праекта. Аматары праверылі свае веды ў інтэлектуальнай віктарыне “Ведаю Беларусь” і за правільныя адказы атрымалі памятныя сувеніры ад абкама БРСМ. Лепшыя краязнаўцы будуць прадстаўляць Гомельшчыну ў рэспубліканскім фінале чэмпіянату “Ведаю Беларусь”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.