Як школьнае захапленне мовай Гётэ прывяло брэсцкага педагога Ганну Яцанюк да мовы Канфуцыя

- 15:20Образование: Беларусь — Китай

З будучай прафесіяй, звязанай з замежнай філалогіяй, дзяўчына вызначылася яшчэ падчас вучобы ў ліцэі Жабінкі дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў алімпіядным руху і настаўніцы нямецкай мовы Святлане Пташнік. Але тады Ганна, праўда, не планавала звязваць жыццё з педагогікай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пасля заканчэння факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна маладую настаўніцу англійскай і нямецкай мовы накіравалі ў невялікую сярэднюю школу № 21 Брэста, якая да гэтага з’яўлялася сельскай. Прафесійнае станаўленне Ганны Аляксандраўны не абышлося без пэўных цяжкасцей, бо ў такой установе ёй давялося адначасова вучыць дзяцей 3—11 класаў, прычым у рознаўзроставых групах. І гэта без уліку дадатковай нагрузкі ў выглядзе класнага кіраўніцтва! Але напружаны рытм работы не спужаў маладога педагога. Адміністрацыя школы і калегі дапамагалі ва ўсім.

Праз два гады Ганне Яцанюк прапанавалі прайсці перападрыхтоўку ў Інстытуце Канфуцыя БДУ на настаўніка кітайскай мовы. Дзяўчына выдатна разумела, што авалодаць мовай будзе складана, але цікаўнасць і прага новых ведаў аказаліся мацнейшымі.

Вывучэнне кітайскай мовы і культуры прывяло Ганну Аляксанд­раўну ў сярэднюю школу № 28 Брэста, у якой дзейнічае кабінет Канфуцыя, адкрыты амаль 8 гадоў назад у рамках дагавора аб супрацоўніцтве з Інстытутам Канфуцыя БДУФК. З таго часу ў вучняў з’явілася ўнікальная магчымасць спасцігаць мову Лі Бо і Ду Фу пад кіраўніцтвам яе носьбітаў — выкладчыкаў-валанцёраў з Паднябеснай.

— Наша школа актыўна супрацоўнічае з Інстытутам Канфуцыя БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзякуючы чаму ўжо тры разы ладзіўся летні лагер па вывучэнні кітайскай мовы, — расказвае Ганна Яцанюк. — На занятках, якія право­дзяць выкладчыкі Інстытута Кан­фуцыя, дзеці знаёмяцца з эвалюцыяй асноўных піктаграм і гіс­торыяй ідэяграм, вучацца гука­перайманню, засвойваюць сімва­лічныя значэнні колераў і асновы каліграфіі. Важнасць такіх летнікаў у тым, што яны дазваля­юць паказаць маўленчыя навыкі носьбі­там мовы і ўдасканаліць іх. А яшчэ школьнікаў чакае багатая культурна-адукацыйная праграма: майстар-класы па тэхніцы традыцыйнага кітайскага макіяжу, вырабе адмысловых масак, бранзалетаў, ліхтароў і вузлоў, а таксама каліграфія і лепка посуду.

Акрамя ўрокаў, Ганна Аляк­сандраўна праводзіць факультатыўныя заняткі і міжшкольны факультатыў па кітайскай мове з вучнямі ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна Брэста. У гэтай рабоце педагогу дапамагаюць выкладчыкі-валанцёры з КНР. Дзякуючы іх метадычнаму суправаджэнню, кітайская мова ў школе ўжо некалькі гадоў выкладаецца як замежная нароўні з англійскай, прычым цікавасць да мовы Канфуцыя з боку дзяцей і бацькоў няўхільна павышаецца.   

— Самае складанае — гэта іерагліфіка, але вучням вельмі падабаецца асвойваць яе, — гаворыць Ганна Яцанюк. — Выкладчыкі-валанцёры дапамагаюць у правільным вымаўленні, падрыхтоўцы да алімпіяд, конкурсаў і розных мерапрыемстваў. Так, кожную вясну мы ладзім свята кітайскай мовы і культуры “Фарбы вясны”, якое адыгрывае важную ролю ў павышэнні матывацыі да іх вывучэння. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць ганаровыя госці з кітайскага боку. Асабліва пакарыла іх казка “Калабок”, пастаўленая летась на сцэне юнымі акцё­рамі-чацвёртакласнікамі. Нікога не пакінулі раўнадушным творчыя нумары: песні, танцы і вершы.

Супрацоўніцтва з Інстытутам Канфуцыя БрДУ імя А.С.Пушкіна даволі плённае: на рахунку школьнікаў больш за 20 дыпломаў, атрыманых летась па выніках алімпіяд і розных конкурсаў.

Сярод пераможцаў — дзесяцікласніца Ксенія Чопка, якую Ганна Аляксандраўна рыхтуе сёння да заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Трэба адзначыць, што брэсц­кая 28-я школа ўвайшла ў лік узорных устаноў адукацыі краіны па вывучэнні кітайскай мовы за 2023 год, а яе выхаванкі Дар’я Самусевіч і Ксенія Чопка, адзначаныя прэміяй Пасольства КНР у Беларусі, з’яўляюцца фіналісткамі сусветнага конкурсу “Мост кітайскай мовы”, які ўяўляе сабой прадстаўнічую міжнародную алімпіяду.

Дзякуючы супрацоўніцтву з Інстытутам Канфуцыя БрДУ імя А.С.Пушкіна, Ганна Яцанюк ра­зам з вучаніцамі Маргарытай Басан, Ксеніяй Чопка і Дар’яй Самусевіч пабывалі ў мінулым годзе ў міжнародным летнім лагеры па вывучэнні кітайскай мовы, арганізаваным у горадзе Хэфэй пры Аньхойскім універсітэце. У правінцыі Аньхой брэстаўчане падняліся на знакамітыя Жоўтыя горы, якія натхнялі не адно пакаленне паэтаў і мастакоў, азнаёміліся са старажытнай кітайскай культурай, яе гісторыяй, жывапісам, архітэктурай, сучаснымі мастацкімі практыкамі.

— Летняя школа ўвасобіла сапраўдны культурны мост паміж Кітаем і іншымі краінамі — мост дружбы і ўзаемаразумення, — заўважае Ганна Яцанюк, якая вельмі спадзяецца, што пройдзе па ім яшчэ не адзін раз.

Маладая настаўніца імкнецца стаць прафесіяналам у любімай справе, таму наведвае моўныя курсы пры Інстытуце Канфуцыя БрДУ імя А.С.Пушкіна, каб пастаянна ўдасканальваць маўленчыя ўменні і навыкі, і плануе атры­маць неўзабаве першую кваліфікацыйную катэгорыю. Магчыма, калі-­небудзь цікаўны і мэтанакіраваны педагог разам з мовамі Гётэ, Шэкспіра і Канфуцыя захоча спасцігнуць і чароўны свет мовы Сервантэса, Бальзака ці Дантэ, каб павесці за сабой у краіну ведаў і дапытлівых чамучак.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Яўгена АДАЕВА