Як смаргонскія малышы святкавалі Дзень роднай мовы ў цырульні

Кожны год беларускамоўная група № 12 дзіцячага сада № 8 Смаргоні святкуе Дзень роднай мовы. Звычайна на гэтае свята чытаюць вершы на беларускай мове, паказваюць драматызацыі, запрашаюць у госці беларускамоўных пісьменнікаў. Мы вырашылі парушыць стэрэатыпы і пайсці на экскурсію ў мясцовую цырульню. Таму што беларуская мова жыве не толькі ў вершах і песнях як гістарычная з’ява, яна арганічна акружае нас у штодзённым жыцці.

У цырульню выхаванцы адправіліся не адны, а разам з любімымі лялькамі. Пакуль адной з лялек рабілі прычоску, малышы расказвалі пра асабістыя сродкі гігіены, якімі яны карыстаюцца дома. І, зразумела, на роднай мове. Гэта быў сапраўдны майстар-клас!

У гэты дзень не толькі лялькі вярнуліся ў садок з новымі прычоскамі, але і дзяўчынцы Леры пашчасціла пабыць у крэсле кліента і крыху змяніцца. Падчас сваёй работы майстар цырульні паказала малым прылады працы цырульніка, засяродзіла ўвагу на правілах бяспекі пры іх выкарыстанні дарослымі, з задавальненнем адказала на пытанні дзяцей. Зразумела, што пасля такой экскурсіі пашырыўся не толькі светапогляд дзетак, але і значна слоўнік папоўніўся новымі беларускімі словамі-назвамі. Выхаванцы атрымалі пэўныя веды, станоўчыя эмоцыі, а майстар цырульні — вопыт зносін на беларускай мове. У канцы экскурсіі ў якасці падзякі дзеткі падарылі майстру невялікую самаробную ляльку-траўніцу з мятай унутры.

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальнік дзіцячага сада № 8 Смаргоні.
Фота Таццяны ЗАЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *